АПРА́КСІН (Фёдар Мацвеевіч) (1661—10.11.1728),

расійскі ген.-адмірал (1708), адзін са стваральнікаў рас. флоту. З 1682 стольнік Пятра I, у 1693—96 дзвінскі ваявода і губернатар Архангельска. З 1700 гал. начальнік Адміралцейскага прыказа і азоўскі губернатар. У час Паўн. вайны 1700—21 атрымаў на моры шэраг перамог над шведамі. У 1712—23 кіраваў Эстляндыяй, Інгерманландыяй і Карэліяй. З 1718 прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі. У час Перс. паходаў (1722—23) камандаваў Каспійскай флатыліяй, у 1723—26 — Балт. флотам.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІНА́ВА,

самы вялікі востраў архіпелага Рукю, у Японіі. Пл. 1254 км². Берагі моцна парэзаны, акаймаваны каралавымі рыфамі. На ПнУ і ў цэнтр. частцы Акінава нізкагор’і (выш. да 498 м), складзены пераважна са сланцаў, вапнякоў і пясчанікаў. Астатняя тэрыторыя — нізінная раўніна. Клімат трапічны, мусонны, ападкаў 1,3—2 тыс. мм за год, летам і восенню — тайфуны. На месцы вільготных трапічных лясоў зараснікі бамбуку, хмызнякоў, рысавыя палеткі, плантацыі ананасаў, цукр. трыснягу. Гал. горад — Наха. На Акінаве размешчаны амерыканскія ваенныя базы.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́ДА ((Abbado) Клаўдзіо) (н. 26.6.1933, Мілан),

італьянскі дырыжор і піяніст. Скончыў Міланскую кансерваторыю па класах фп. (1953) і кампазіцыі (1955). Выступаў як піяніст. З 1969 дырыжор, муз. і маст. кіраўнік (да 1986) т-ра «Ла Скала», з 1971 адначасова гал. дырыжор Венскага філарманічнага, з 1979 Лонданскага сімфанічнага, з 1989 Берлінскага філарманічнага аркестраў. Кіраўнік створанага ў 1982 філарманічнага аркестра «Ла Скала». З 1986 маст. кіраўнік Венскай дзярж. оперы. Лаўрэат міжнар. конкурсу маладых дырыжораў імя Дз.​Мітропуласа (Нью-Йорк, 1963).

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Юрый Аляксандравіч) (12.6.1893, с. Тамышава Наваспаскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 2.10.1966),

сав. палеантолаг і гістолаг. Акад. АН СССР (1960; чл.-кар. 1953). Скончыў Петраградскі ун-т (1917). Праф. Ленінградскага (1933—41), Маскоўскага (з 1939) ун-таў; адначасова з 1932 у Палеанталагічным ін-це АН СССР (з 1945 дырэктар). Навук. працы па параўнальнай марфалогіі і палеанеўралогіі выкапнёвых пазваночных, нейрагісталогіі сучасных беспазваночных. Рэдактар «Палеонтологического журнала» (1959—66) і гал. рэдактар 15-томнай працы «Асновы палеанталогіі». Ленінская прэмія 1967.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й у Белавежы.

Існаваў у 1966—73 у г. Белавежа (Польшча). Адкрыты 12.3.1966 па ініцыятыве Гал. праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Пл. экспазіцыі 145 м², 950 экспанатаў. Меў 3 аддзелы: с.-г. прылады працы; ганчарства і пляценне; апрацоўка лёну. Спыніў дзейнасць з-за фін. цяжкасцяў і адсутнасці пастаяннага музейнага памяшкання. Экспанаты перададзены ў Акруговы музей у Беластоку, С.-г. музей у Цеханоўцы і Прыродазнаўчы музей у Белавежы. Традыцыі музея працягвае Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры.

В.​Луба.

т. 2, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРСА́Н (Міхаіл Іванавіч) (н. 19.11.1948, с. Старая Задава Чарнавіцкай вобл., Украіна),

дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). Працаваў дырыжорам у розных вайск. падраздзяленнях. З 1978 на Беларусі. З 1980 у аркестры штаба БВА, з 1989 нач. ваенна-арк. службы, маст. кіраўнік і гал. дырыжор Ваеннага аркестра Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Аўтар шматлікіх аранжыровак твораў бел. кампазітараў, у т. л. Я.​Глебава, Э.​Зарыцкага, А.​Захлеўнага, В.​Іванова, І.​Лучанка, Дз.​Смольскага, Э.​Ханка і інш.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБІ́-ХАНЫ́М,

ансамбль архітэктурных помнікаў пач. 15 ст. ў Самаркандзе. Уключае грандыёзную саборную мячэць Цімура, пабудаваную ў 1399—1404. Захаваліся рэшткі манументальнага ўваходу-пештака з мінарэтамі, гал. і бакавых будынкаў, перакрытых купаламі. Мячэць мела двор (78×64 м), абведзены галерэямі з 389 купаламі і аркамі на мармуровых калонах; была багата ўпрыгожана кафляй, разным мармурам, размалёўкай. Насупраць мячэці ўзвышалася медрэсэ Сараі-Мульк-Ханым (захаваўся вуглавы 8-гранны маўзалей, дэкарыраваны кафляй і размалёўкай).

Мячэць Бібі-Ханым у Самаркандзе.

т. 3, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 12.8.1950, в. Вароніна Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1990—94 рэдактар гал. рэдакцыі літ.-драм. праграм Бел. тэлебачання. З 1994 — у час. «Крыніца». Друкуецца з 1967. Першы паэт. зб. «Таемнасць агню» (1984). Яднанне пошуку і адкрыцця характэрна для гэтага і інш. зб-каў Галубовіча («Споведзь бяссоннай душы», 1989, «Таемнасць споведзі», 1993, «Заложнік цемры», 1994).

І.​Д.​Сіпакоў.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВІНЕ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Атлантычнага ак. каля берагоў Экватарыяльнай Афрыкі. Пл. 753 тыс. км². Даўж. да 500 км, шыр. каля 1390 км. Глыб. да 5207 м. Упадаюць рэкі: Нігер, Вольта, Агаве, Конга і інш. Т-ра вады 25—29 °C. Салёнасць 34—35‰. На ПнУ падзяляецца на 2 залівы: Біяфра і Бенін. Шмат а-воў: Біёка, Прынсіпі, Сан-Таме і інш. Прылівы паўсутачныя (да 2,7 м). Гал. парты: Тэма, Акра, Такарады (Гана), Ламе (Тога), Лагас (Нігерыя), Лібрэвіль (Габон).

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЙ ГАРАДСКО́Й ДУ́МЫ БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры з рысамі стылізатарска-эклектычнай плыні. Пабудаваны ў 1880-я г. (арх. Я.​Тарлін). Мураваны 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак падзелены зубчастым поясам (3-і паверх дабудаваны ў 1935). 1-ы глухі масіўны паверх, расчлянёны блендамі, кантрастуе з 2-м і 3-м паверхамі. Гал. фасад вылучаны 2 нізкімі рызалітамі, апрацаваны лапаткамі, быў завершаны паўкруглым франтонам. Фасады аздоблены тонкімі пілястрамі, ліштвамі з франтончыкамі і інш.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельскай гарадской думы будынак.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)