надбудо́ва, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. надбудаваць.

2. Тое, што надбудавана. Прафесар паказаў рукой на будынак. — У гэтай палове сама станцыя, — сказаў ён, — а злева сушыльнае аддзяленне брыкетнага завода. Надбудова тая — элеватар для фрэзернага торфу, з якога мы робім брыкет. Галавач. // Закрытыя памяшканні на верхняй палубе судна, якія цягнуцца ад аднаго борта да другога. Страла ўпала з вышыні. Але на палубнай надбудова нікога не было. Значыць, яна кімсьці была, загадзя прымацавана і старанна нацэлена. Гамолка.

3. Паняцце гістарычнага матэрыялізму — сукупнасць ідэалагічных адносін, поглядаў і ўстаноў пэўнага грамадства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.

1. Паэт. Узняць увысь, увышыню; падняць вышэй навакольнага. Праз дзесяць дзён будынак школы На голым дзікім пустыры З граніту ўзвысяць навасёлы. Астрэйка.

2. Надаць каму‑, чаму‑н. больш высокае грамадскае становішча або значэнне. Узвысіць па службе. // перан. Падняць чый‑н. аўтарытэт. Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй. Навуменка.

3. Павысіць, зрабіць больш моцным (пра голас). — Гаворыш абы-што! — узвысіў голас і Станкевіч. Арабей.

4. Павялічыць, павысіць (цану і пад.). Узвысіць цэны на прамысловыя тавары.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпіль, ‑я, м.

1. Высокая вузкая надбудова ў выглядзе піраміды або конуса, якая завяршае ўвесь комплекс збудавання. Вечарэла. Сонца паволі кацілася за высокія шпілі касцёла. Асіпенка. Вось і прывакзальная плошча, будынак вакзала з бліскучым шпілем, на якім зіхаціць залацістая зорка. Шыловіч. // перан. Спічастая вяршыня чаго‑н. На аблозе — шпілі соснаў, Моцна спіць дзядуля-бор. Лявонны. Міхась зірнуў на дрэва з нізка апушчанымі густа-зялёнымі лапамі, на яго верхавіну, якая вострым шпілем высілася над суседнімі елкамі і ледзь пагойдвалася. Сіўцоў.

2. Спец. Лябёдка з вертыкальным барабанам ці вертыкальны калаўрот на суднах, на які намотваецца канат.

[Ад ням. Spill.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

архі́ў

(лац. archivum, ад гр. archeion = урадавы будынак)

1) установа, дзе захоўваюцца і сістэматызуюцца пісьмовыя помнікі мінулага, старыя дакументы;

2) аддзел установы, дзе захоўваюцца старыя дакументы, скончаныя справы і інш.;

3) збор пісем, рукапісаў, фатаграфій, якія маюць адносіны да дзейнасці якой-н. арганізацыі, установы, асобы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Сві́ран ‘халодны будынак, прызначаны для захоўвання збожжа, мукі і іншых прадуктаў, а таксама рэчаў і пад.’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.), сві́ран, свіро́н, све́ран, сві́рнік, свы́ран, св́ірань, све́рэнь, свірн ‘тс’ (Сл. ПЗБ, ДАБМ), ст.-бел. свирен, свѣрон ‘тс’ (1499). Укр. сві́рон, рус. зах. свирён, сви́рон, пск. сви́рна, польск. усх. świren, świrnia ‘тс’. Запазычанне з літ. svìrna ‘гаспадарчае памяшканне, клець’, svir̃nas ‘тс’; гл. Карскі, Белорусы, 135, Труды, 396–397; Брукнер, 537. Магчымасць польскага пасрэдніцтва для часткі форм (польск. ‑ier‑ < ‑ir‑) ставіцца пад сумненне, параўн. польск. świronek ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 55). Адносна канкурэнцыі назваў клець і свіран гл. падрабязна Анікін, Опыт, 273. Агляд праблематыкі і літ-ры гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтизмы, 22.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«БЕЛАРУ́СКІ ДОМ ДРУ́КУ»,

выдавецтва. Засн. ў Мінску ў 1960 як выд-ва «Звязда», у 1969—91 выд-ва ЦК КПБ, са студз. 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, з лютага 1992 — Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выдае газеты, часопісы, кнігі (у т. л. газ. «Звязда», «Чырвоная змена», «Белорусская нива», «Советская Белоруссия», часопісы «Вожык», «Алеся», «На экранах Беларусі»)/ Пры выд-ве друкарня. У 1995 друкавала больш за 100 назваў газет, 67 часопісаў. Магутнасць друкарні больш за 14 млн. кніг і 11 млн. экз. брашур.

У 1917 «Мінская губернская друкарня» (з 1797) пераўтворана ў друкарню СНК Зах. фронту; з 1918 — 1-я Савецкая, з 1930 — імя Сталіна, з 1960 друкарня выд-ва «Звязда», у 1969—91 — выд-ва ЦК КПБ (далей — па прыналежнасці выдавецтва). У 1927 выдавала 9 газет, 7 часопісаў, каля 70 тыс. экз. падручнікаў і інш. выданняў. У Вял Айч. вайну паліграфісты наладзілі тут выпуск падп. выданняў — перыяд. лістка «Вестник Родины», газ. «Звязда» і інш., дапамагалі ствараць друкарні ў партыз. атрадах. Пасля вайны паліграф. база адноўлена.

Б.​А.​Кутавы.

Будынак «Беларускага дома друку».

т. 2, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІРАЛЦЕ́ЙСТВА,

1) ранейшая назва тэрыторыі порта з верфямі, стапелямі, майстэрнямі, складамі, пад’язнымі шляхамі і інш. для рамонту і забеспячэння ваенных караблёў. У Расіі ў канцы 17 — пач. 19 ст. дзярж. адміралцействы былі ў Варонежы, Санкт-Пецярбургу (Галоўнае адміралцейства), Архангельску, Астрахані, Кранштаце, Севастопалі і Нікалаеве.

2) У Вялікабрытаніі вышэйшы орган кіравання ВМС, які адпавядае марскому мін-ву. Існаваў з 1690 як калегія з часовых членаў адміралцейства замест былога адзінаўладнага кіравання лорда вярхоўнага адмірала. З 1869 адміралцейства ўзначальвае першы лорд адміралцейства, ён жа марскі міністр, якому падначалены савет адміралцейства з вышэйшых марскіх афіцэраў.

3) Будынак у Санкт-Пецярбургу (кампазіцыйны цэнтр, да якога сыходзяцца тры гал. магістралі горада), выдатны твор архітэктуры рускага ампіру. Закладзены ў 1704 паводле задумы Пятра I як карабельная верф. Пазней перабудоўваўся рас. архітэктарамі І.​К.​Корабавым у 1727—38 і А.​Дз.​Захаравым у 1806—23. З 19 ст. тут размяшчаліся цэнтр. ўстановы Марскога мін-ва, пасля 1917 — установы ВМФ.

Да арт. Адміралцейства. Вежа Адміралцейства ў Санкт-Пецярбургу. 1806—23. Архітэктар А.​Дз.​Захараў.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМ’Е́Н (Amiens),

горад на Пн Францыі, адм. ц. дэпартамента Сома і гал. горад гіст. вобласці Пікардыя. Прыстань на р. Сома. 154 тыс. ж. з прыгарадамі (1990). Маш.-буд., металургічная, хім., лёгкая і харч. прам-сць.

У старажытнасці Ам’ен — цэнтр гальскага племені амбіянаў, у сярэднія вякі — аднайм. графства. У 1435—77 у складзе Пікардыі ўваходзіў у Бургундскую дзяржаву. Тут заключаны Ам’енскі мірны дагавор 1802. Каля Ам’ена адбыліся буйныя ваен. аперацыі ў час франка-прускай 1870—71 і 1-й сусв. войнаў (гл. Ам’енская аперацыя 1918). Моцна разбураны ў часы 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры аднаўленні (1944—54, па планах арх. П.​Дзюфо) захавана сярэдневяковае аблічча гіст. цэнтра. Вядомы арх. помнікамі: руіны познаант. сцен, амфітэатра і тэрмаў, гатычны Ам’енскі сабор, цэрквы Сен-Жэрмен (15 ст.), Сен-Ло (16 ст.), Сен-Рэмі (17 ст., рэканструявана ў канцы 19 ст.), Сен-Жак (1838), гадзіннікавая вежа (15—18 ст.), цытадэль (1589), рэнесансавыя атэлі, ратуша (17 ст., перабудавана ў 19 ст.), прэфектура (б. будынак інтэнданцтва, 1761), тэатр (1779—83). Музей Пікардыі (засн. ў 1854).

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУ́ГА,

горад у Расіі, цэнтр Калужскай вобл., на левым беразе р. Ака. Вядома з 1371. 347 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы машынабуд., прыладабуд., хім., дрэваапр., лёгкай і харч. прам-сці; вытв-сць буд.матэрыялаў. Пед. ін-т. Драм. тэатр. Музеі: краязнаўчы, маст., гісторыі касманаўтыкі імя К.​Э.​Цыялкоўскага.

Сярод арх. помнікаў каменны дом Корабавых (1697), цэрквы Пакрова на Рове (1687), Георгія за Верхам (1700—01), Спаса Праабражэння (1709—17) і інш. Паводле рэгулярных планаў 1778 і 1785 узведзены будынкі ў стылі класіцызму: Прысутныя месцы (1780—85, арх. П.​Нікіцін), Троіцкі сабор (1786—1819, арх. І.​Ясныгін), гасціны двор (1785—88, дабудоўваўся ў 1811—21), дамы Залатаровых—Калагрывавай (1805—08), Мяшковых (пач. 19 ст.), Дваранскага сходу (1848—50, арх. П.​Гусеў). Непаўторнасць гораду надаюць драўляныя 1-павярховыя 3-аконныя дамы з карнізамі вял. вынасу і разнымі ліштвамі ў стылі ампір. У К. створаны ансамбль Тэатральнай пл. (1958), узведзены будынак Музея гісторыі касманаўтыкі імя К.​Э.​Цыялкоўскага (1967, арх. Р.​Бархін і інш.).

Літ.:

Фехнер М.В. Калуга. М., 1971.

Калуга.

т. 7, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВІН (Леанід Мендэлевіч) (н. 25.7.1936, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1988). Скончыў БПІ (1960). Працаваў у ін-це «Мінскпраект» (у 1980—97 кіраўнік арх. майстэрні). Работы ў Мінску: інтэрнат трактарнага з-да (1966), павільён Рэсп. выставачнага цэнтра (1968), будынак б. гаркома КПБ (1979; цяпер Мін-ва замежных спраў), станцыі метро «Плошча Леніна» (1984; цяпер «Плошча Незалежнасці») і «Няміга» (1990); праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра (1970—75), Машэрава праспекта, рэканструкцыя і добраўпарадкаванне Траецкага прадмесця (1980—86, усе ў сааўт.). Працуе таксама ў галіне манум. мастацтва: арх.-скульпт. мемар. комплексы Хатынь (Ленінская прэмія 1970), «Прарыў», «Кацюша» і «Праклён фашызму» (усе ў сааўт); помнікі Я.​Купалу і Я.​Коласу ў Мінску (абодва 1972), К.​С.​Заслонаву ў Оршы (1964), падпольшчыкам Асінторфа, Ф.​Конанавай у г. Любань (абодва 1967), М.​Ф.​Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы (1976) і інш. Сярод інш. твораў помнікі воінам-бухарцам у Бухары (1975), «Салдацкае поле» ў г. Валгаград (1976—80, абодва ў сааўт.). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.

Л.М.Левін.

т. 9, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)