ПАРТЫЗА́НСКАЯ ГРУ́ПА ў Вялікую Айчынную вайну,

першапачатковая арганізацыйная і баявая адзінка партыз. сіл, найменшае партыз. падраздзяленне. Стваралася парт. і сав. органамі пераважна на акупіраванай тэрыторыі, фарміравалася і ў сав. тыле. Колькасны склад і ўзбраенне групы залежалі ад характару задач і ўмоў дзейнасці. Паводле прызначэння і спосабу фарміравання адрозніваліся спец., дыверсійныя, разведвальныя і інш. Вясной 1942 у сувязі з масавым прытокам мясц. насельніцтва да партызан, выхаду ў лес падп. груп колькасць П.г. стала хутка павялічвацца, у выніку чаго на іх базе масава ствараліся партыз. атрады: зімой і вясной 1941—42 створана 150 новых атрадаў, за лета 1942 іх колькасць павялічылася на 121 атрад. На тэр. Беларусі дзейнічалі спецгрупы НКДБ БССР: «Арлы» (12.12.1943—12.7.1944, у Ганцавіцкім, Лагішынскім, Лунінецкім р-нах Пінскай вобл., камандзір Дз.​М.​Сакалінскі), «Бура» (17.4—2.7.1944, у Вілейскай вобл., камандзір М.А.Міхайлашаў), «Дружба» (7 вер. — ліст. 1943, у Дзятлаўскім, Шчучынскім р-нах Баранавіцкай, Лоеўскім, Рэчыцкім р-нах Гомельскай абл.; камандзір І.​А.​Жолабаў), «Заходнія» (13.10.1943—13.7.1944, у Жалудоцкім р-не Баранавіцкай, Аўгустоўскім, Ваўкавыскім р-нах Беластоцкай абл., камандзір Ф.​С.​Пілюгін), «Іскра» (28.10.1943—24.7.1944, у Антопальскім, Дзівінскім, Кобрынскім, Маларыцкім р-нах Брэсцкай, Драгічынскім р-не Пінскай абл., камандзір М.​П.​Хахлоў), «Мядзведзева» (2.8.1943 — люты 1944, у Акцябрскім, Глускім, Капаткевіцкім р-нах Палескай вобл., камандзір Р.​І.​Слепаў), «Родныя» (13.4.1943—4.7.1944, у Івянецкім р-не Баранавіцкай, Дзяржынскім, Заслаўскім, Мінскім р-нах Мінскай абл., камандзір Я.​А.​Фокін), «Стойкія» (6.10.1943—18.7.1944, у Ваўкавыскім, Свіслацкім р-нах Беластоцкай вобл., камандзіры І.​Г.​Паваразнюк, К.​А.​Груздзеў); спецгрупы НКДБ СССР: «Бывалыя» (28.3. — май 1942, у Чашніцкім р-не Віцебскай, Барысаўскім, Лагойскім, Смалявіцкім р-нах Мінскай абл., камандзір П.Р.Лапацін), «Волаты» (студз. — 2.7.1944, у Навамышскім, Стаўбцоўскім р-нах Баранавіцкай, Дзяржынскім, Капыльскім, Слуцкім р-нах Мінскай абл., камандзір А.​М.​Шыхаў), «Знішчальнік» [4.8.1943—7.7.1944, у Лідскім, Навагрудскім р-нах Баранавіцкай, Маладзечанскім р-не Вілейскай, Жлобінскім, Рагачоўскім р-нах Гомельскай, Асіповіцкім, Бабруйскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Барысаўскім, Дзяржынскім, Мінскім, Пухавіцкім р-нах Мінскай абл., камандзіры Н.​В.​Карнілаў (загінуў), А.​Н.​Чычэнка].

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 452—453.

А.​Л.​Манаенкаў.

т. 12, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКІ РУХ у вайну 1812, баявыя дзеянні ўзброеных сялян, апалчэнцаў і атрадаў рас. арміі ў тыле напалеонаўскіх войск. Супраціўленне сялян чужынцам пачалося стыхійна як пратэст супраць гвалту, рабаванняў і марадзёрства. Ужо ў ліп. 1812 некат. сяляне Беларусі і Літвы з сем’ямі і маёмасцю ўцякалі ў лясы, дзе частка з іх аб’ядноўвалася ў партыз. атрады і выступала супраць франц. рабаўнікоў і марадзёраў. Больш шырока П.р. разгарнуўся ў канцы лета ў Смаленскай, Калужскай і Маскоўскай губ., дзе дзейнічалі атрады Е.​Чацвертака, Г.​Курына, Самуся (Ф.​Патапава), старасціхі В.​Кожынай і інш. Толькі за 5 тыдняў пасля Барадзінскай бітвы 1812 у сутычках з партызанамі захопнікі страцілі каля 30 тыс. чал. Вял. значэнне П.р. надаваў галоўнакаманд. рас. арміяй М.І.Кутузаў, па ініцыятыве якога ў тыле ворага створаны спец. армейскія партыз. атрады. У вер. 1812 у іх складзе дзейнічала 36 казацкіх, 7 кав. і 5 пях. палкоў, 5 эскадронаў і 3 батальёны. Атрадамі камандавалі генералы і афіцэры Дз.Давыдаў, І.Дорахаў, А.Сяславін, А.Фігнер і інш. Пры садзеянні партызан-сялян яны раптоўна нападалі на акупантаў, знішчалі жывую сілу, парушалі сувязь з тылам, збіралі і перадавалі камандаванню звесткі разведкі. На тэр. Беларусі найб. значны П.р. быў ва ўсх. раёнах. Прыкладам эфектыўнай дзейнасці партызан, якія дапамагалі рас. войску, можа быць атрад сялян в. Жарцы (Полацкі пав.) на чале з М.​Маркавым. Гэта вёска апынулася паміж 2 корпусамі — франц. маршала Н.Ш.Удзіно і рас. ген. П.Х.Вітгенштэйна. Усё дарослае насельніцтва сяла разам з казакамі ўдзельнічала ў 2 бітвах з захопнікамі, разам з дружыннікамі пецярбургскага і наўгародскага апалчэння вызваляла Полацк. 22 чал. з іх былі ўзнагароджаны крыжамі і «Пахвальнымі граматамі». Сяляне некаторых вёсак Барысаўскага, Ігуменскага і інш. пав. нападалі на хлебазапасныя магазіны, рабавалі памешчыкаў, палілі іх маёнткі. П.р. і народнае апалчэнне ў вайне 1812 садзейнічалі разгрому арміі Напалеона, выгнанню яго з Расіі.

Літ.:

Корнейчик Е. Белорусский народ в Отечественной войне 1812 г. Мн., 1962;

Жилин П.А. Гибель наполеоновской армии в России. М., 1968;

Троицкий Н.А. 1812. Великий год России. М., 1988;

Кузьмичев А.П., Аверченков И.А. «Я зашел на дорогу Бонапартьеву». Смоленск, 2000.

Да арт. Партызанскі рух у вайну 1812. Напад сялян на французскіх фуражыраў. Мастак М.​Дамашчанка.
Да арт. Партызанскі рух у вайну 1812. Партызаны. Невядомы мастак пач. 19 ст.

т. 12, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ма́ра, ‑ы, ж.

1. Тое, што створана ўяўленнем, фантазіяй; дзейнасць ўяўлення, фантазіі. Даурскія стэпы!.. Я ўяўляў вас не такімі. Таму тое, што ўбачыў, разышлося з маімі маралі, з маім уяўленнем. Корбан. З рэальнага грунту разважання Лабановіч паволі з’ехаў у павабны край прыгожых мар. Колас.

2. Жаданне, імкненне. Вышэй! Яшчэ вышэй! Няма ў пілота іншай мары. Крапіва. Камандзірава мара памалу збывалася: ужо напалову конны атрад мог хадзіць у даволі далёкія рэйды. Брыль. // Прадмет чыіх‑н. жаданняў, імкненняў. І засталася б у маім жыцці Ты лепшай марай, лепшым спадзяваннем. Макаль.

3. Аб чым‑н. нерэальным, неіснуючым, што не адбылося. Пустыя мары.

4. у знач. вык. Разм. Аб чым‑н. незвычайна прыгожым, жаданым; вышэйшая ацэнка чаго‑н. Не туфлі, а мара.

мара́, ‑ы́, ж.

Абл. Прывід, здань, насланнё. Вось-вось пакажацца звяруга!.. Ды доўга гэта штось патуга — Няма, а быць ужо пара. Цьфу, ты! Што ж гэта за мара? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наблі́зіцца, ‑бліжуся, ‑блізішся, ‑блізіцца; зак.

1. да каго-чаго і без дап. Рухаючыся, перамясціцца на больш блізкую адлегласць у адносінах да каго‑, чаго‑н. Наблізіцца да стала. Наблізіцца да будынка. □ Камендант наблізіўся да Арцёма, расшпіліў кабуру. Бажко. Хутка атрад наблізіўся да.. штаба брыгады. Сіняўскі. Усе прытаіліся і, калі паляўнічыя наблізіліся, хлапчукі пачулі голае Лёні. Ваданосаў. // без дап. Стаць больш блізкім у прасторавых адносінах. Станцыя наблізілася зусім нечакана. Гамолка.

2. Стаць больш блізкім па часу. Пакуль [Дубіцкія] павялі парадак у хаце, наблізіўся вечар. Чарнышэвіч. Праз два дні наблізіліся баі. Грахоўскі. Наблізілася старасць — захацелася адпачынку. Пестрак.

3. Стаць больш чутным. Лёгкія крокі неўзабаве наблізіліся да дзвярэй, у якія выйшла дзяўчына. Мурашка. Трэск галля наблізіўся, і Тоня крыкнула: — Стой! Хто ідзе?.. Шчарбатаў.

4. Стаць блізкім або бліжэй да каго‑, чаго‑н. Наблізіцца да народных мас.

5. Стаць падобным на каго‑, што‑н. Наблізіцца да ідэалу. Наблізіцца да сусветных стандартаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́дзе, прысл.

1. У нейкім, дакладна невядомым месцы; дзесьці. Я чую гул. У высях недзе Ракоча, кружыць самалёт. Колас. — Не магу адразу пазнаць, — сказаў гаспадар, — недзе я вас бачыў. Чорны. Атрад за ноч быў напалову абыдзены з поўначы. Там недзе немцы прарваліся цераз Нёман. Брыль.

2. з інф. Няма месца (дзе можна было б што‑н. зрабіць, размясціцца і пад.). Папрачыналіся напалоханыя людзі, беглі куды папала, крычалі: — Ратуйцеся, немцы ў лесе... Але хавацца было ўжо недзе. Лынькоў.

3. з інф. Неадкуль (што‑н. узяць, атрымаць і пад.). Недзе было ўзяць вады.

4. Невядома куды, кудысьці. Хутка настаўнік недзе выехаў, школа апусцела. Якімовіч.

5. Ужываецца ў выпадках, калі дакладна не вызначаецца час дзеяння. Убачымся недзе на тым тыдні. □ Назаўтра, недзе блізка к абеду, у вёску заявіўся конны разведчык. Пестрак.

6. Разм. Ужываецца пры выказванні няўпэўненасці, меркавання. — Вазьмі, — пхала жанчына Косціку хлеб у руку. — З’ясі па дарозе. Галодны ж недзе. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацярпе́ць, ‑цярплю, ‑цярпіш, ‑цярпіць; ‑цярпім, ‑церпіце; зак.

1. Цярпліва перанесці што‑н., вытрымаць (боль і пад.) некаторы час. — Доктар, зрабіце ўсё, каб я застаўся... жывы. — Паспрабую, толькі давядзецца пацярпець, наркозу ў нас няма. Васілеўская. Тайдо хацеў есці, але прыходзілася пацярпець. Маўр.

2. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: перажыць, перанесці, зведаць тое, што абазначана назоўнікам. Пацярпець паражэнне. Пацярпець аварыю. □ Перадавалі, што нямецкі атрад пацярпеў няўдачу, камандзір цяпер месца не знаходзіць ад злосці, і невядома, чым усё гэта скончыцца. Лынькоў.

3. Панесці, мець страты; атрымаць цялесныя пашкоджанні. Сям-там былі выбіты кулямі вокны, але з людзей ніхто не пацярпеў. Якімовіч. Зона эмтээс .. вельмі пацярпела ад акупацыі. Хадкевіч. // Быць пакараным за што‑н. [Лабановічу] часамі арышт здаваўся прынадным, не пазбаўленым своеасаблівай прыемнасці. Чаму ж і не пацярпець за праўду? Чаму не спрабаваць лёсу «крамольніка»? Колас.

4. каго-што і чаго (звычайна з адмоўем). Дапусціць, змірыцца з кім‑, чым‑н. Не пацярпець несправядлівасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

экспеды́цыя, ‑і, ж.

1. Спец. Адпраўка, рассылка чаго‑н. (карэспандэнцыі, тавару і пад.). Экспедыцыя грузаў. Экспедыцыя карэспандэнцыі.

2. Спец. Установа ці аддзел ва ўстанове, які займаецца адпраўкай, рассылкай чаго‑н. Ганна.. атрымала месца ў экспедыцыі газеты — па перапісцы адрасоў. Гартны.

3. Аддзел канцылярыі якой‑н. дзяржаўнай установы царскай Расіі. Сергіевіч быў прыняты на працу ў Экспедыцыю па нарыхтоўцы дзяржаўных папер. Ліс.

4. Падарожжа, паездка, паход і пад. групы асоб, атрада з навуковымі, даследчымі мэтамі. Палярная экспедыцыя. □ Іншы раз.. [бацька] нават браў з сабою Максіма ў свае этнаграфічныя экспедыцыі. Майхровіч. // Ваенная аперацыя, якая праводзіцца параўнальна невялікімі ўзброенымі сіламі; узброеныя сілы, прызначаныя для такой аперацыі. Карная экспедыцыя. □ За здзек экспедыцыі карнай, За земляў крывавы падзел, За арышт партыйнай друкарні, За кожны ганебны расстрэл, .. Усё маё юнае племя Вялікую помсту нясе. Таўбін.

5. Група, атрад удзельнікаў такога падарожжа, паходу, паездкі і пад. Восенню касмічная экспедыцыя надоўга пакіне Зямлю і адправіцца ў бязмежныя глыбіні Сусвету. Шыцік.

[Лац. expeditio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі (у зубы, у рот і пад.), не даваць выпасці, вырвацца.

Т. кніжку ў руках.

Т. каня за павадок.

2. перан., каго-што. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сабе.

Атрад трымаў абарону.

Печ доўга трымае цяпло.

3. каго-што. Прымушаць знаходзіцца дзе-н., у якім-н. стане супраць волі.

Т. у палоне.

Т. на галодным пайку.

4. каго-што. Мець у сябе, у сваёй уладзе, гаспадарцы; кіраваць кім-, чым-н.

Т. дзве каровы.

Т. уладу ў сваіх руках.

5. што. Надаўшы чаму-н. якое-н. становішча, захоўваць яго некаторы час.

Т. рукі выцягнутымі ўперад.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), што. Служыць апорай чаму-н.; падтрымліваць.

Бэлькі трымаюць столь.

7. што. Захоўваць дзе-н.

Т. грошы ў банку.

8. каго. Здаваць каму-н. за плату памяшканне (разм.).

Т. кватарантаў.

9. Рухацца ў якім-н. напрамку (разм.).

Трымай управа.

10. што. Мець кантакты з кім-, чым-н.

Т. сувязь з кім-н.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Утрымліваць, захоўвацца (пра мароз і пад.).

Лёд трымае.

Мароз трымае ўжо другі тыдзень.

12. што. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, здзяйсняць, выконваць тое, аб чым гаворыць назоўнік.

Т. слова.

Т. экзамен.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Слуга́ ‘чалавек для асабістых паслуг, прыслужнік’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Сцяшк., Жд. 1, 2, Нар. сл.), слу́га ‘пашана, якую выказваюць дзеці ручкай старэйшым’ (Нас.), сюды ж слугава́ць ‘прыслужваць’ (ТСБМ). Укр., рус. слуга́, стараж.-рус. слуга, польск. sługa, чэш., славац. sluha, серб.-харв. слу́га, славен. slúga, балг. слуга́, макед. слуга, ст.-слав. слоуга. Прасл. *sluga. Роднасныя ў балтыйскіх і кельцкіх мовах: літ. slaugýti, slaugaũ ‘падтрымліваць, дапамагаць’, slaugà ‘паслуга; слуга’, ірл. slúag ‘атрад’, teglach (< *tegoslougo‑) ‘дамачадцы’ і інш.; гл. Траўтман, 269; Буга, РФВ, 66, 248 і наст.; Махэк₂, 557; Фасмер, 3, 676 з аглядам літ-ры. З прычыны ізаляванасці слова ў славянскіх мовах і няяснасці словаўтварэння (практычнай адсутнасці суф. ‑г(а)) шэраг этымолагаў (Шахматаў, AfslPh, 33, 92; Файст, WuS, 6, 45, Мікала, РФВ, 48, 273) лічаць слова запазычаннем з кельцкай. Катэгарычна супраць Фасмер (там жа), Лер–Сплавінскі (RS, 18, 6). Слаўскі (SP, 1, 60) следам за Вондракам (Vergl. gr., 1, 400) бачыць тут стары і.-е. суфікс ‑a, які ўтвараў nomina agentis. Што датычыцца кораня слова, то на славянскай глебе яго звязвалі з *slū‑ (гл. слынуць), гл. Міклашыч (308), але наяўнасць групы sl‑ у літоўскай і кельцкай паралелях сведчыць аб немагчымасці гэтай роднасці, гл. Фасмер, там жа. Борысь (560) рэканструюе семантыку і.-е. дыял. (балтаславянскае і кельцкае) *slau̯gā ‘дружына (воінаў)’ > ‘дапамога, паслуга’ > ‘той, хто дапамагае, робіць паслугі’. Бязлай (3, 266–267) узводзіць да і.-е. *slou̯gā ‘дапамога, служба’. Ад слуга ўтвораны дзеяслоў служы́ць ‘працаваць па найме ў сферы разумовай або фізічнай працы, звязанай не з вытворчасцю, а з абслугоўваннем каго-небудзь, чаго-небудзь’, ‘выконваць воінскія абавязкі’, ‘выконваць абавязкі слугі, прыслугі’, ‘выконваць якія-небудзь абавязкі ў адносінах да каго-небудзь; выконваць чыю-небудзь волю’; прасл. *služiti; гл. Борысь, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рыхтава́цца ​1, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. Рабіць усё неабходнае для правядзення, здзяйснення чаго‑н.; прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення чаго‑н. Рыхтавацца ў дарогу. Рыхтавацца да зімы. □ Часці рыхтаваліся да атакі і гуртаваліся ў бярозавым гаі. Шамякін. Масква рыхтуецца да свята. Вясёлы гоман галасоў, Разгорнутыя транспаранты, Гірлянды залатых агнёў... Танк. Мы рыхтаваліся ўцякаць удвух з Жарнаком, і толькі з ім гаварылі аб гэтым сур’ёзна. Брыль. // Вывучаць што‑н., працаваць над чым‑н. з мэтай падрыхтоўкі да якой‑н. дзейнасці. Рыхтавацца да экзаменаў. Рыхтавацца да паступлення ў інстытут. Рыхтавацца да лекцыі. □ За сваё жыццё Святлана правяла ўжо не адну тысячу ўрокаў, і рыхтавацца ёй да іх было лёгка. Шахавец.

2. Быць, знаходзіцца ў стане або працэсе падрыхтоўкі. Рыхтавалася ў лесе база, з якой павінен быў дзейнічаць атрад. Чорны. У гэтым жа палацы рыхтаваўся цяпер пышны банкет у гонар польскай дзяржаўнасці. Колас.

3. Зал. да рыхтаваць.

рыхтава́цца ​2, ‑туецца; незак.

Зал. да рыхтаваць ​2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)