апарат для стварэння магутнага вадзянога струменя і кіравання ім; адзін з сродкаў гідрамеханізацыі. Выкарыстоўваецца для разбурэння і змывання горных парод, грунту, штучных масіваў (зацвярдзелых шлакаў, попелу і інш.).
Найб. пашыраны ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве, пры адкрытай і падземнай распрацоўцы радовішчаў (напр., пры гідраўлічнай здабычы вугалю), пры свідравіннай гідраздабычы. Асн. частка гідраманітора — ствол са зменнай насадкай. Вада падаецца ў гідраманітор з напорнага трубаправода. Адрозніваюць гідраманітор нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (1—5 МПа) і высокага (5—35 МПа) ціску; са стацыянарным і пульсоўным струменем; ручным і дыстанцыйным (праграмаваным) кіраваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬТАПЛАНЁРНЫ СПОРТ,
від авіяц. спорту, падобны да планёрнага; выкананне планіруючых і лунаючых палётаў на прасцейшых лятальных апаратах. Дэльтаплан — просты па канструкцыі лятальны апарат масай да 35 кг. Старт робіцца са схілаў гор ці ўзвышша або з дапамогай буксіроўкі за катэрам ці аўтамабілем. Кіраванне ажыццяўляецца перамяшчэннем цэнтра цяжару спартсмена адносна канструкцыі. Палёты выконваюцца на скорасць або макс. далёкасць. Вопытныя спартсмены ў спрыяльных умовах пераадольваюць адлегласць у некалькі соцень км на выш. да 3 км. Д.с. узнік у ЗША (1973). Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1977. Бел. федэрацыя звышлёгкай авіяцыі зарэгістравана ў 1995. На 1.1.1997 у Беларусі Д.с. займалася 150 чал., з іх 7 майстроў спорту. Як асобны кірунак інтэнсіўна развіваецца мотадэльтапланёрны спорт (дэльталётны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНЫ КАРАБЕ́ЛЬ,
пілатуемы касмічны апарат. Адметная асаблівасць — наяўнасць герметычнай кабіны з сістэмай жыццезабеспячэння касманаўтаў. Адрозніваюць: караблі-спадарожнікі — для палётаў па геацэнтрычных арбітах; міжпланетныя К.к. — для палётаў да інш. нябесных цел; транспартныя — для дастаўкі касманаўтаў і грузаў на борт арбітальных станцый і вяртання іх на зямлю. Бываюць аднаразовага і шматразовага выкарыстання. К.к. мае некалькі адсекаў і забяспечаны рухальнай устаноўкай, сістэмамі навігацыі, кіравання, энергасілкавання, сувязі, аварыйнага выратавання, вяртання на Зямлю і інш. Першы ў свеце К.к., выведзены на арбіту ШСЗ, — «Усход» (12.4.1961; Ю.А.Гагарын). Здзейснены запускі інш. К.к.: y СССР — «Узыход», «Саюз», трансп. «Прагрэс»; у ЗША — «Меркурый», «Джэміні», «Апалон», «Спейс шатл». Іл.гл. да арт.Касманаўтыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛАВА (Фаіна Міхайлаўна) (н. 29.9.1931, г. Зуеўка Кіраўскай вобл., Расія),
бел. матэматык. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рфіз.-матэм.н. (1968), праф. (1972). Скончыла Уральскі дзярж.ун-т (1954, г. Екацярынбург). З 1967 у Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па аптымальным кіраванні, канструктыўных метадах аптымізацыі і іх дастасаванні. Распрацавала матэм.апарат даследавання сістэм са спазненнем на кіруемасць і назіральнасць, прынцып квазімаксімуму для дыскрэтных сістэм, універсальную форму неабходных умоў аптымальнасці для шырокага класа сістэм кіравання, канструктыўную тэорыю экстрэмальных задач, праграмныя сродкі для ЭВМ. Прэмія Савета Міністраў СССР 1986.
Тв.:
Особые оптимальные управления. М., 1973 (разам з Р.Габасавым);
Конструктивные методы оптимизации. Ч. 1—5. Мн., 1984—98 (у сааўт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІРЫ́НТАВЫЯ (Anabantidae),
сямейства рыб атр. акунепадобных. Каля 20 родаў, 40 відаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых водах трапічнай і Паўд. Афрыкі, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у стаячых ці з павольнай плынню вадаёмах з падводнай расліннасцю.
Даўж. да 60 см (гурамі). Маюць надшчэлепны орган з пласціністых вырастаў, укрытых слізістай абалонкай са шматлікімі дробнымі крывяноснымі сасудамі (лабірынтавы апарат, — адсюль назва), з дапамогай якога могуць дыхаць атм. паветрам. Анабасы, або рыбы-паўзуны, могуць доўгі час заставацца без вады, зарываюцца ў мул або перапаўзаюць па сушы ў другі вадаём. Кормяцца воднымі беспазваночнымі. Аб’ект промыслу і развядзення. Многія віды ўтрымліваюць у акварыумах (байцовая рыбка, або пеўнік, гурамі, ляліус, макрапод і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАФО́Н (ад магніт + ...фон),
апарат для магн.гуказапісу на магнітную стужку ці інш. носьбіт і наступнага ўзнаўлення гуку. Бывае адна- і шматдарожкавы, мона- і стэрэафанічны. Існуюць таксама спалучэнні М. з інш. апаратамі (напр.магнітола).
Адрозніваюць прафесійны (напр., для сінхроннага гуказапісу пры кіназдымцы), студыйны для высакаякаснага гуказапісу, паўпрафесійны (напр., для запісу дыспетчарскіх перагавораў), бытавы для аматарскага гуказапісу і спецыяльны (напр., геамагнітафон, дыктафон); стацыянарны і партатыўны; шпульны і касетны і інш. Мае блок сілкавання, стужкапрацяжны механізм, узмацняльнікі запісу і ўзнаўлення сігналаў, магн. галоўкі, з дапамогай якіх гэтыя сігналы перадаюцца на гуканосьбіт і наадварот, і акустычную сістэму. М. без узмацняльніка магутнасці і акустычнай сістэмы наз. магнітафоннай прыстаўкай і прызначаецца для спалучэння з інш. апаратамі. Гл. таксама Відэамагнітафон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЖЫНАЛІ́ЗМ (ад франц. marginal гранічны),
выкарыстанне гранічных велічынь у аналізе эканам. працэсаў. Увесці маржынальны аналіз у эканам. тэорыю спрабавалі ў сярэдзіне 19 ст. А.Курно (Францыя), І.Цюнен, Г.Госен (Германія). Матэматычны апарат у значнай ступені распрацаваны прадстаўнікамі матэматычнай школы (У.Джэванс, Л.Вальрас, В.Парэта). Паводле дактрыны М., эканоміка ўяўляе сабой комплекс індывід. гаспадарак; даследаванне законаў яе развіцця заснавана на аналізе гасп. рашэнняў індывідаў (спажыўца, які імкнецца максімізаваць карыснасць даброт, што знаходзяцца ў яго распараджэнні, і вытворцы, які спрабуе атрымаць максімум прыбытку пры дадзеных рэсурсах або мінімізаваць выдаткі пры дадзеных цэнах і інш.) і іх вынікаў. Асн. катэгорыі М. (гранічныя карыснасць, прадукцыйнасць і інш.) выкарыстоўваюцца ў сучасных тэорыях попыту, цаны, фірмы, рыначнай раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЯ СПЕКТРАСКАПІ́Я,
раздзел ядзернай фізікі, у якім даследуюцца структура высокаўзбуджаных станаў атамных ядраў (нейтронныя рэзанансныя станы) і механізм працякання ядз. рэакцый на павольных нейтронах (састаўное ядро, прамыя працэсы, механізм уваходных станаў).
Тэарэт. асновай Н.с. стала мадэль працякання ядзерных рэакцый з утварэннем доўгажывучага прамежкавага састаўнога ядра (прапанавана Н.Борам). Матэм.апарат мадэлі састаўнога ядра грунтуецца на формуле Брэйта—Вігнера, якая апісвае рэзанансы ў сячэнні ўзаемадзеяння павольных нейтронаў з ат. ядрамі. Метадамі Н.с. вызначаюць поўныя і парцыяльныя сячэнні ўзаемадзеяння нейтронаў з ат. ядрамі. Даследаванні вядуцца на ўзорах з прыроднай сумессю ізатопаў і на раздзеленых узорах. Даныя Н.с. складаюць навук. аснову рэактарабудавання, ядз. энергетыкі, шэрагу дастасаванняў нейтроннай фізікі ў радыебіялогіі, медыцыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІ́ДАВЫЯ, зданевыя,
палачнікі (Phasmoptera, або Phasmida, або Phasmodea),
атрад насякомых. Каля 2,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на раслінах.
Даўж. да 35 см (самыя вял. з насякомых). Самкі буйнейшыя за самцоў. Форма цела палачкападобная (адсюль адна з назваў) або лістападобная (у лістацелаў). Крылаў у большасці відаў няма. Вочы добра развітыя. Ногі хадзільныя. Ротавы апарат грызучы. Расліннаедныя. У развіцці — партэнагенез, ператварэнне няпоўнае. Паводзіны і афарбоўка П. маюць прыстасавальнае значэнне: у нерухомым стане яны падобныя на галінкі, сцёблы, кавалкі кары, лісце. Здольныя доўга знаходзіцца ў стане «васковай гнуткасці» (каталепсія). Уласціва аўтатамія, страчаныя ч. цела лёгка ўзнаўляюцца.
С.Л.Максімава.
Да арт.Прывідавыя. Палачнікі: 1 — гіганцкі інданезійскі; 2 — індыйскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МУТАГЕНЕ́З,
узнікненне мутацый, якія выклікаюцца іанізавальным выпрамяненнем (ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.). Мутагенез адбываецца пры парушэнні структуры генаў (разрывы малекулы ДНК, змена нуклеатыднага саставу), храмасом (паяўленне інверсій, дуплікацый, транслакацый), пры разрыве ніткі ахрамацінавага верацяна дзялення (геномныя мутацыі) і інш. Пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ў тканках узнікаюць таксама свабодныя радыкалы, якія пашкоджваюць ДНК, АТФ, ферменты і інш., парушаюць клетачныя структуры, у т. л.генет.апарат клетак, ферментатыўныя рэакцыі, фізіял. працэсы, што прыводзіць да саматычных мутацый. Павышэнне ўзроўню іанізавальнага выпрамянення ў навакольным асяроддзі выклікае пачашчэнне мутацый у раслін, жывёл і чалавека. Р.м. выкарыстоўваецца ў селекцыі мікраарганізмаў і раслін.