спатка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Ідучы насустрач, па дарозе сустрэць каго‑н. Першы чалавек, якога .. [Грэк] спаткаў, выйшаўшы з «газіка», была Алена Собаль. Паслядовіч. Каля універсітэцкага гарадка .. [Леанід] спаткаў Надзю. Шахавец. Лізавета .. абышла ўвесь пасёлак, не спаткала нідзе ні душы і пакінула гэтае сумнае месца. Чорны. // Убачыць што‑н., што трапляецца на шляху. Мы спадзяваліся на ўдачу: увечары гаспадар расказваў нам, што тут можна спаткаць мноства дзічыны. Гурскі. // Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., атрымаць у адказ чый‑н. погляд. Не зірнуў [Гардзей], а нібы наскрозь працяў чалавека, хаваючы .. ад яго сваю ўважлівасць. Шкробат спаткаў нядобразычлівы позірк. Мележ. // перан. Знайсці каго‑, што‑н.; сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Што ж, я сёння больш у сэрцы, Чым калісьці, сілы маю. Дзе ні будзеш ты на свеце — Я знайду цябе, спаткаю! Гілевіч. // перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Не дужа артысты маглі б пахваліцца такім поспехам, які спаткаў Манга. Маўр. Відаць, Усе як ёсць пазналі Дні ліха, Ростань з цішынёй: У час адзін Бяду спаткалі Паланга, Брэст і Кішынёў. Калачынскі.

2. Выйсці сустрэць, прывітаць каго‑н.; прыняць каго‑н. Ужо аркестр [і]грае на адным узроўні з намі, і мы зусім блізка бачым твары людзей, што сабраліся, каб спаткаць жскурсію пісьменнікаў Савецкага Саюза. Галавач. На хутары .. [Зосю] спаткалі ласкавей, як учора. Чорны. / у перан. ужыв. Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска. Кудраўцаў. // Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, надыход чаго‑н. Спаткаць недаверліва прапанову калегі. Спаткаць артыстаў апладысментамі. □ На гарызонце паказаліся самалёты. Яны хутка набліжаліся. Іх спаткалі буйнакаліберныя кулямёты. Гурскі. [Блакада] падкралася зусім непрыкметна і, здаецца, зусім нечакана, значыць — зусім не тады, калі яе меркавалі спаткаць. Брыль. Калі завітае няшчасце, Прыход яго мужна спаткай. Прануза.

3. Дачакацца пачатку, наступлення, з’яўлення і пад. чаго‑н. Раман ужо па полі, ходзячы за плугам, спаткаў усход сонца. Колас. Выйсці ў поле, дзе нівы шумяць Там, за ракою, Першую зорку ў небе спаткаць Толькі з табою. Русак. Шчыра, з радасцю бязмернай Сёння прымем самалёт: Прылятаюць піянеры, Каб спаткаць тут Новы год. А. Александровіч.

4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Спаткала, спасцігла [Напалеона] адплата У гэтай краіне чужой. Бялевіч. — Ты не плач, больш цябе не спаткае бяда — Будзе маці табе ўся Радзіма... Гілевіч. А тут і спаткала абодвух ваяк Вялікая ростань На некалькі год. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Нябеснае цела, якое па сваёй прыродзе падобна на Сонца і ўяўляецца чалавеку на начным небе ззяючай кропкай. Палярная зорка. Вячэрняя зорка. □ Неба было ўсыпана зоркамі, нібы зернямі залатой пшаніцы. Шамякін. // перан. Шчасце, удача, лёс. Аднак цяпер, пасля таго, што адбылося тут ля рэчкі, я ўжо смела ўспомніў той выпадак і паверыў у сваю зорку. Карпюк.

2. Геаметрычная фігура з востраканцовымі выступамі, раўнамерна размешчанымі па акружнасці; прадмет у форме падобнай фігуры. Пяціканцовая зорка. Намаляваць зорку. □ Калі самалёты заходзілі на трэці круг, Мікодым выразна бачыў чырвоныя зоркі на крылах. Сабаленка. // Воінскі значок у выглядзе пяціканцовай зоркі, які носяць на фуражцы, шапцы і пад. На галаве ў .. [Сяргейкі] быў чырвонаармейскі шлем з вялікай чырвонай зоркай. Хомчанка. // Знак узнагароды, ордэн ці медаль у форме зоркі. У Базыля цэлая торба кніжак і газет розных, на грудзях зорка чырванее... Нікановіч. // Светлая пляма на ілбе ў жывёл. Цяля з зоркай.

3. перан. Пра чалавека вялікага таленту, які праславіўся сваёй дзейнасцю. Янка Купала — зорка першай велічыні не толькі Ў беларускай паэзіі, але і ва ўсім літаратурным свеце. Юрэвіч.

•••

Блукаючыя зоркі — зоркі, якія не маюць пастаяннай арбіты.

Марская зорка — марская беспазваночная жывёліна тыпу ігласкурых.

Зоркі з неба хапаць гл. хапаць.

Нарадзіцца пад шчаслівай зоркай гл. нарадзіцца.

Пуцяводная зорка — пра тое, што вызначае кірунак, развіццё чаго‑н.

Узыходзячая зорка — чалавек, які пачынае набываць вядомасць, славу ў якой‑н. галіне дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пата́йны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і патайны́. Сход. На сходзе, як звычайна, Старшынёй таварыш Модзін; З нейкай думкаю патайнай Сход вачыма ён абводзіць. Купала. Кожную раніцу хлопчык акуратна збіраў свае кніжкі і сшыткі і ішоў на цэлы дзень куды-небудзь у патайнае месца. Там, схаваўшыся ад усіх, ён вучыўся пісаць. Колас. Палонны .. разаслаў шынель на зямлі, дастаў з патайнай кішэнькі самаробны ножычак. С. Александровіч.

патайны́, а́я, ‑о́е.

Прызначаны для якой‑н. тайнай мэты, сакрэтны па сваёй будове, размяшчэнню. У мястэчку камендант задумаў зрабіць сабе ў агародзе бункер з патайным ходам. Карпюк. У патайным куце каморы, Як смерць Кашчэя, пад запоры Мядок быў хітра дзесь запёрты. Колас. [Вырай] дастае з патайной кішэні паліто некалькі пісем, раздае дзяўчатам. Навуменка. // Скрыты, тайны, пра які ніхто не ведае. — Хто ж яго, Сымонка, знае, І не нам судзіць аб тым: Гэта справа — патайная. Колас. Адкуль узяліся яны ў яе, гэтыя вершы... Недзе глыбока ўнутры яе рабілася нейкая патайная работа. Ганька адчувала яе, але ніяк не ўмела растлумачыць. Васілевіч. Вера адчула ў .. [Раміравых] словах патайны сэнс. Яна ж хацела сказаць зусім не тое, пра што думае ён. Асіпенка. // Скрытны, загадкавы. Следам за.. [Алесем і Уладзікам] — у акно і пад дрот — зусім нечакана вылезлі яшчэ дв[ое]. Нібы на злосць, найбольш нецікавыя: вялы ды кіслы Іванюк і пажылы Зданевіч, не проста важна-маўклівы, а нейкі патайны, непрыемна загадкавы чалавек. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце, ‑кладуць; пр. пераклаў, ‑клала; заг. перакладзі; зак.

1. каго-што. Палажыць на другое або ў другое месца. Перакласці кнігі з паліцы ў шафу. □ [Тварыцкі] нагнуўся, .. пераклаў з аплеценага гаршка залатыя манеты ў некалькі хустачак, пазавязваў і параспіхваў па кішэнях. Чорны. Максімаў разгарнуў папку, пераклаў з месца на месца нейкія дакументы. Шахавец.

2. што чым. Укласці прадметы, рэчы і пад., запоўніўшы чым‑н. прамежкі паміж імі. Усё абыдзецца добра, толькі каб цесляры склалі хату як след, вокнамі на поўдзень, добра пераклалі бярвенне мохам. Краўчанка. [Салёнаў:] — Няхай дзеці ядуць на здароўе. Загадайце толькі, каб перабралі яблыкі ды саломкай пераклалі — да вясны хопіць... Даніленка.

3. Злажыць нанава, іначай. Перакласці комін. Перакласці дровы. □ [Барыс:] — А хто майстра прыслаў печ перакласці? Я аб вас клапачуся, як сын. Лупсякоў.

4. перан.; што. Ускласці чые‑н. абавязкі, адказнасць і пад. на другога. Паступова ён [Кіеня] пераклаў на Банжына ўсю падрыхтоўку па мантажу. Шыцік. Цяпер ужо стала так, што Вінцэсю можна было перакласці ўсю работу на братоў. Мікуліч.

5. Перадаць які‑н. тэкст, вусную мову сродкамі другой мовы. Перакласці раман з польскай мовы на беларускую. □ [Пауль] прачытаў гэтыя словы па-руску, пераклаў на нямецкую мову. Шамякін.

6. Выкласці, падаць што‑н. у іншай форме (звычайна пра літаратурны ці музычны твор). Малады драматург, які паклаў у аснову п’есы рэальныя падзеі, не ўсюды змог перакласці гэтыя падзеі на мову вобразаў, зрабіць мастацка закончаны твор. Сабалеўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасве́т, ‑у, М ‑свеце, м.

1. Светлая паласа, пляма, утвораная светлавымі праменямі на чым‑н. неасветленым. Сонца нядаўна схілілася з паўдня, але хавалася ўжо за лесам, і на дзялянку падаў доўгі зубчасты цень, дзе-нідзе разрэзаны сонечнымі прасветамі. Шамякін.

2. Прамежак, свабодная прастора паміж якімі‑н. блізка размешчанымі прадметамі. У прасветах паміж будынкамі відаць было жытнёвае поле. Хадкевіч. Велізарнае шэрае неба мільгае ў прасветах між дрэвамі. Гамолка. // перан. Перапынак паміж справамі, часовая палёгка ў рабоце. Яшчэ гадзіну таму назад .. [Паўлу Пятровічу] здавалася, што ў яго, як і заўсёды, на працягу рабочага дня не будзе прасвету, каб нават падумаць аб чымсьці, не звязаным з яго працай. Прокша.

3. перан. Радасць, шчасце ў звычайна бязрадасным жыцці. — Ай, браце Якаў... — Піліп безнадзейна махнуў рукой. — Няма прасвету... Чарнышэвіч. Пад цяжкім гнётам знемагалі людзі, Чыгуннай глыбай гнёт заціснуў грудзі, І не было прасвету у жыцці. Буйло.

4. Спец. Шырыня аконнага ці дзвярнога праёму. // Адтуліна, шчыліна ў чым‑н. Прасвет вены.

5. Падоўжная палоска на пагонах. Нейкаму сынку, Недзе там на хутары, Сніліся пагоны З прасветам залатым. Броўка. Збіўшыся ў кучку,.. [хлопцы] насцярожана разглядвалі на плячах конніка пагоны: зялёнае поле з чырвоным прасветам, а на ім чатыры зорачкі. Курто.

•••

На прасвет (глядзець, разглядаць і пад.) — супраць святла. На момант .. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.

Не бачыць прасвету гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярэ́браны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да серабра (у 1 знач.), звязаны з апрацоўкай серабра. Сярэбраны промысел. Сярэбраных спраў майстар. // Які мае ў сабе серабро. Сярэбраная руда.

2. Зроблены з серабра, пакрыты серабром. Маці Анатоля неўзабаве прынесла з кухні і паставіла пасярод стала на сярэбраным падносе смажаную качку. Ваданосаў. Хлор выняў з кішэні камізэлькі тоўсты сярэбраны гадзіннік. Гартны. А калі б наліла яму гаспадыня начоўкі цёплай вады, калі б яшчэ паклала туды сярэбраную паўрублёўку, .. то павесялеў бы чалавек ад такога ўжывання і адразу памаладзеў бы. Кулакоўскі. // Вытканы з сярэбраных нітак, вышыты серабром. Мураўскі ўзняў галаву і ўбачыў, што перад ім сядзіць сам пан Здраеўскі. Толькі не ў цывільнай вопратцы, у якой ён запомніў яго, а ў генеральскім мундзіры з сярэбранымі пагонамі на плячах. Машара.

3. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Сярэбраным ланцужком рачулка злучала два аз[я]рцы. Бядуля. // З бліскучым белым адлівам. У глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны З вострымі зубамі, хітры, як купец. Танк. Там на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.

4. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (голас, смех і пад.). Дзяўчына вясёлая, многа і часта пяе прыгожыя .. песні, а голас яе — звонкі, сярэбраны. Каваль. Недзе за хвастамі самалётаў няроўнымі штуршкамі ў вышыню ўзнімаўся жаваранак. На зямлю палілася яго сярэбраная песня. Алешка.

•••

Сярэбраны блішчак гл. блішчак.

Сярэбранае вяселле гл. вяселле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арыфме́тыка. Сучасная форма з 1933 г. (Шакун, Гісторыя, 292) пад рускім уплывам. Ст.-бел. аритметика з 1517 (Гіст. лекс., 125, 213; Гіст. мовы, 1, 146; Хрэст. гіст., 1, 107) (у польскай з 1564). Старабеларускае слова хутчэй з лац. arithmetika ’тс’. Але ўжо ў Бярынды ариѳметика. Гэта форма, адлюстраваная і ў сучаснай рус. арифметика, — запазычанне з грэч. ἀριθμητική ’тс’ праз стараславянскую. На грэч. першакрыніцу беларускага слова ўказвалі Курс суч., 163; Юргелевіч, Курс, 128.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ма́ла, прысл.

1. У невялікай, недастатковай колькасці, ступені; нямнога. Калодзеж быў неглыбокі, і вады ў ім было мала. Колас. Віктар пачаў апавядаць усё зусім спакойна, разважна, нібы справа гэта зусім мала яго і абыходзіла. Зарэцкі. Сёння ў ашчаднай касе нешта было мала людзей, зусім не так, як звычайна. Васілёнак.

2. Недастаткова; менш, чым патрэбна. У пакоі мала святла, толькі пад столлю — маленькая цьмяная лямпачка. Шамякін. Заняты нялёгкай вучобай, Яўген мала звяртаў увагі на сястру. Карпаў. / у знач. вык. з інф. [Даміра:] — Гад. Такіх расстрэльваць мала. Ну і тып. Асіпенка. // Разм. Рэдка, не часта. Мала Днём мы бачымся з табой. Куляшоў.

3. У спалучэнні з займеннікамі і прыслоўямі «хто», «што», «дзе», «калі» азначае: нямногія, нямногае; у нямногіх месцах, рэдка і г. д. Працуючы бондарам, .. [Раман] жыў ля самага лесу і зусім рэдка бываў на вёсцы і мала з кім удаваўся ў гаворку. Кавалёў. А вось і возера-акно, Якога мала дзе пабачыш. Колас.

•••

І гора мала каму — пра абыякавыя, няўважлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; пра адсутнасць хвалявання з чыйго‑н. боку.

Мала кашы еў (з’еў) гл. есці.

Мала таго (у знач. пабочн.) — акрамя таго. [Галаўня:] «Цяпер.. [Сцяпан] абняславіць мяне. Мала таго, яшчэ з работы паляціш...» Гроднеў.

Мала што — што з таго; не мае значэння.

Ні многа ні мала гл. многа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі рэспублікі. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,96 тыс. км². Нас. 1554,6 тыс. чал. (без Мінска, на 1.1.1999). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі (гл. адпаведныя арт.), 20 гарадоў, у т. л. 7 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк, 23 гар. пасёлкі, 307 сельсаветаў, 5248 сельскіх населеных пунктаў.

Прырода. Паверхня вобласці характарызуецца чаргаваннем узгорыста-марэнных узвышшаў з раўніннымі і нізіннымі ўчасткамі. На ПнЗМінскае ўзвышша, дзе знаходзіцца самы высокі пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м) і Ашмянская града, на ПнУ — адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні ПнЗ займае Нарачана-Вілейская нізіна, ПнУВерхнебярэзінская нізіна, усх. ч.Цэнтральнабярэзінская раўніна, паўд.Стаўбцоўская раўніна, Капыльская града і ўскраіна Палескай нізіны. Пераважаюць выш. 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. — 130 м (урэз р. Арэса пры выхадзе за межы вобласці). Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі (гл. Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей), торф (1277 радовішчаў; 1-е месца па запасах на Беларусі), буд. матэрыялы (мел, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна), сапрапелі. Выяўлены Аколаўскае радовішча жалезных рудаў, Любанскае радовішча гаручых сланцаў. Ёсць мінер. воды (Ждановіцкая, Мінская і Нарачанская мінер. крыніцы). Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,2 °C на ПдЗ да -7,5 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,4 °C на Пд да 17,3 °C на Пн. Вегетац. перыяд 186—195 дзён. Гадавая колькасць ападкаў 580—670 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.кастр.). Большая ч. тэр. вобласці адносіцца да бас. р. Дняпро. На ПнУ працякае р. Бярэзіна з прытокамі Сха, Бобр з Можай і Начай, Клява (злева), Гайна з Цной і Усяжай, Пліса, Уша, Уса, Свіслач з Волмай (справа), на Пд — Пціч і Случ з прытокамі (бас. р. Прыпяць). З і ПнЗ вобласці адносяцца да бас. р. Нёман. На З бярэ пачатак Нёман з прытокамі Лоша, Уса, Сула, Уша, Бярэзіна з Іслаччу. На ПнЗ цячэ р. Вілія з прытокамі. Частка вады з Віліі перакідваецца ў р. Свіслач па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Найб. азёры: на ПнЗ — Нарач, Мядзел, Мястра, Свір, на ПнУ — Сялява і Палік. Вадасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае і інш. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (44,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,4%), тарфяна-балотныя (18,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (8%) і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (53,4%) і сугліністыя (35,2%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 27% с.-г. угоддзяў, найб. у Любанскім, Салігорскім і Слуцкім р-нах. Пад лесам 36% тэр. вобласці, найб. (да 49—51%) у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім р-нах. Пераважаюць хвойныя (75,5%) і драбналістыя (22,7%) лясы. Пад лугамі каля 14%, больш за палавіну іх нізінныя. Пад балотамі 14,3% тэрыторыі, амаль усе асушаны. На тэр. вобласці частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны нац. парк Нарачанскі і шэраг іншых асабліва ахаваных прыродных тэрыторый рэсп. значэння: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»; заказнікі: біялагічныя — Рудакова, Некасецкі; гідралагічныя — Прошыцкія Балоты, Чарэмшыца; ландшафтны — Блакітныя Азёры; заалагічныя — Антонава, Лебядзіны; лясны — Прылуцкі; паляўнічы — Налібоцкі (частка); журавіннікі — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, 32 помнікі прыроды рэсп. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 1,67 тыс. км² тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду (найб.тэр. Валожынскага і Бярэзінскага р-наў).

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (88,8%), жывуць таксама рускія (6,9%), палякі (2%), украінцы (1,3%). Гарадскога насельніцтва (без г. Мінска) 52%. Сярэдняя шчыльн. 38,9 чал. на 1 км² (з Мінскам — 82,2 чал. на 1 км²), сельскага — 18,4 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс. чал., 1998): Барысаў (154, Салігорск (102), Маладзечна (99), Слуцк (63), Жодзіна (60). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1991 ён стаў адмоўным), з 1995 адбываецца абсалютнае зніжэнне колькасці насельніцтва.

Гаспадарка. Вядучымі галінамі гасп. комплексу вобласці з’яўляюцца сельская гаспадарка (занята 27,8% працуючых) і прам-сць (занята 26,2%). Прамысловасць мае развітую галіновую структуру і цесныя вытв. сувязі з прамысл. комплексам Мінска. На тэр. вобласці размешчаны філіялы і падраздзяленні буйнейшых мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Прамысл. спецыялізацыю вызначаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (23,2% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі), хім. (28,2%), харч. (21,5%), дрэваапр. (7,5%) і лёгкая прам-сць. Развіта вытв-сць буд. матэрыялаў. За 1991—99 удзельная вага машынабудавання і металаапрацоўкі крыху знізілася, паменшала доля лёгкай прам-сці, павялічылася доля хімічнай. У вобласці вырабляецца (1997, у % да рэсп. вытв-сці): мінер. угнаенняў 83,8, у т. л. калійных 100; грузавых аўтамабіляў 8,4, фотаапаратаў 96,7, металарэзных станкоў 7,3, піяніна 100, бялізнавага трыкатажу 72,6, верхняга трыкатажу 13,5, цукру-пяску 45,8, макаронных вырабаў 64, мяса 20,7, калбасных вырабаў 17,5, масла 17,2. Асн. прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Бел. аўтамабільны з (кар’ерныя самазвалы) і з-ды цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне, «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага электраабсталявання, інструментальны, аўтаагрэгатаў у Барысаве, станкабудаўнічы, сілавых паўправадніковых вентыляў, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, з фотаапаратаў «Зеніт» у Вілейцы. Хім. прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Беларуськалій» у Салігорску, з-дамі хіміка-фармацэўтычным, гумава-тэхн. вырабаў, пластмасавых вырабаў у Барысаве. Асн. прадпрыемствы лясной, дрэваапр., і цэлюлозна-папяровай прам-сці ў Барысаве (дрэваапр., папярова-лесахім. і фанерна-запалкавы камбінаты, ф-ка піяніна і інш.), мэблевыя ф-кі ў Маладзечне, Вілейцы, Слуцку. Вытв-сць буд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі жалезабетонных вырабаў, зборнага жалезабетону, буд. дэталяў, цагельнымі і асфальтавымі, аб’яднаннем па здабычы пяску і гравію. Найб. буйнымі прадпрыемствамі лёгкай прам-сці з’яўляюцца трыкатажныя ф-кі ў Салігорску і Жодзіне, тэкст. аб’яднанне ў Слуцку, швейныя ф-кі ў Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Дзяржынску, філіялы мінскіх абутковых фабрык. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў, 2 шклозаводы, 3 ф-кі маст. вырабаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках. Найб. з іх цукрова-рафінадны камбінат у Слуцку і цукр. камбінат у Гарадзеі. Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, а на ПдЗз пасевамі цукр. буракоў. Пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур. У прыгарадных зонах гарадоў развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. Пад сельгасугоддзямі 1,9 млн. га (47,5% тэр. вобласці), у т. л. пад ворывам 1,3 млн. га (32,5%). Найб. асвоены землі на ПнЗ — у Нясвіжскім, Капыльскім, Слуцкім і Клецкім р-нах пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэрыторыі. Пры ўдзельнай вазе ў сельгасугоддзях краіны 19,2% у вобласці атрымліваюць (1996, у % да вытв-сці ў краіне): збожжа 22,3, бульбы 24,7, агародніны 21,7, ільновалакна 16,3, цукр. буракоў 29,4, мяса 23,4, малака 22,4. На долю раслінаводства прыпадае 42,3% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (іл. табл. 1).

У 1997 сабрана (тыс. т; у дужках — 1990): збожжа 1287 (1483), бульбы 1707 (2807), агародніны 252 (232), ільновалакна 5 (13), цукр. буракоў 352 (440). Жывёлагадоўля дае 57,7% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак яе ўдзельная вага ў параўнанні з 1990 знізілася. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі (гл. табл. 2). Змяншаюцца аб’ёмы прадукцыі рыбнай гаспадаркі на базе азёр і сажалак.

У 1997 атрымана (у дужках 1990): 1149 тыс. т малака (1713 тыс. т), 961 млн. шт. яец (1018 млн. шт), закуплена жывёлы і птушкі ў жывой вазе 120 тыс. т. (356 тыс. т). На пач. 1998 у вобласці 522 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 11,2 тыс. га зямлі. Доля асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 49% у 1990 да 81% у 1996, агародніны з 24% да 73%, малака з 22% да 40%, мяса з 13% да 24%.

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 888 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст, Вільнюс—Мінск—Гомель, Асіповічы—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк, якія звязваюць вобласць з інш. абласцямі рэспублікі, Расіяй, Прыбалтыкай, Украінай, Польшчай. Электрыфікаваны лініі ад Мінска да Масквы і Брэста, Маладзечна і Асіповіч. Гал. чыг. вузел Мінск, меншы па значэнні — Маладзечна. На долю чыг. транспарту прыпадае больш за 90% грузаабароту. Працягласць аўтамаб. шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 13,4 тыс. км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Зах. Еўропа (будуецца).

Л.​В.​Казлоўская.

Табліца 1. Пасяўныя плошчы вобласці (тыс. га)
Гады
1990 1997
Уся пасяўная плошча 1280,5 1326,5
Збожжавыя і зернебабовыя 550,3 558,1
Лён-даўгунец 24,2 12,4
Цукровыя буракі 14,4 14,1
Бульба 155,9 187,6
Агародніна 10,8 20,1
Кармавыя культуры 513 524,9
Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1990 1997
Буйная рагатая жывёла 1522,9 1016,1
у т. л. каровы 549,6 444,5
Свінні 1226,4 866,6
Авечкі і козы 115,3 34,4
Птушка 13 148 11 976
Да арт. Мінская вобласць. Краявід у Клецкім раёне.
Да арт. Мінская вобласць. Акультураная паша ў Вілейскім раёне.

т. 10, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сцяна́, ы́; мн. сце́ны (з ліч. 2, 3, 4 сцяны́), сцен; ж.

1. Вертыкальная частка будынка, якая служыць для падтрымкі перакрыццяў і для падзелу памяшкання на часткі. Каля цёмнай сцяны гумна Аня прыпынілася, прыслухалася. Мележ. За сцяной, у другім пакоі, пані Мар’я вядзе ў пятым класе арыфметыку. Брыль. Прынесла [Волька] тапчан — якраз ён стаў ад сцяны да сцяны. Скрыган. // звычайна мн. (сце́ны, сцен); чаго або якія. Пра які‑н. будынак, памяшканне, установу, дзе што‑н. адбываецца або хто‑н. знаходзіцца. У сценах семінарыі будучы пісьменнік [К. Чорны] захапляецца рускай класікай. Луфераў. За сцяною астрожнай Вязню дорагі, любы Жменька травы мурожнай, Лісцік з бярэзіны, з дуба. Маляўка.

2. Высокая агароджа з каменя, цэглы і пад. Крамлёўская сцяна. □ Іліко і Гіго сядзелі на моле, на каменнай сцяне, што ішла далёка ў мора, адлучала ад яго Паційскую бухту і заканчвалася маяком. Самуйлёнак. А вораг тут, ля гарадской сцяны, І чуцен звон ягоны: Звіняць страмёны, Мячы і дзіды звоняць. Сіпакоў. [Турма] абведзена сцяной мураванай, дротам калючым ублытана. Нікановіч. // толькі мн. (сце́ны, сцен); перан.; чаго або якія. Пра непасрэдную блізкасць, подступы да якога‑н. горада, крэпасці. Мы ў свой горад прыйшлі Ад Масквы і ад Сцен Сталінграда. Танк.

3. чаго або якая. Стромая бакавая паверхня чаго‑н. Жэнька ўпаў на калені, пацалаваў Івана Сумака .. Потым паклаў абодвух забітых пад сцяну акопа. Шамякін. Перасякаем чыгуначныя лініі і ідзём уздоўж прычальнай сцяны. В. Вольскі. Жоўты пясок .. ледзь не роўнай сцяной вісіць над вадой. Бядуля.

4. перан. Тое, што аддзяляе, раздзяляе каго‑, што‑н.; перашкода для чаго‑н. Герой проста губляецца перад сцяной судова-паліцэйскіх рагатак і кручкатворства. Навуменка. [Караневіч:] Душа твая імкнулася да цяпла і ласкі, а натыкалася на халодную сцяну. Крапіва. Угаворы, тлумачэнні нават самога Паўла Антонавіча.. — усё сустракала пакутлівую сцяну маўчання. Васілевіч.

5. перан.; чаго. Цесны рад або суцэльная маса чаго‑н., якія ўтвараюць заслону, перашкоду для чаго‑н. Сцяна лесу. □ Уперадзе, над бліскучай вадою, стаяла белая сцяна туману. Савіцкі. Белы птах .. імчаў па вадзе, пакідаючы за сабою шырокую сцяну пены. Самуйлёнак. За сцяною агню рухаўся ланцуг чырвонаармейцаў. Грахоўскі. // каго. Самкнуты строй людзей. Вакол ваяк стала жывая сцяна народу. Колас. Няспынна, Цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор. Глебка. Жанатыя мужчыны стаялі шчыльнай сцяной і цягнулі басамі. Грамовіч.

•••

Глухая сцяна — суцэльная сцяна без акон і дзвярэй.

Капітальная сцяна — асноўная сцяна, якая служыць апорай для страхі.

Біцца галавой аб сцяну гл. біцца.

Ілбом сцяны не праб’еш гл. прабіць.

(І) сцены вушы маюць — трэба гаварыць асцярожна, таму што могуць падслухаць.

Кітайская сцяна — пра поўную ізаляванасць ад знешніх уплываў (ад назвы старадаўняй сцяны, якая аддзяляла Кітай ад Манголіі).

Лезці на сцяну гл. лезці.

Між чатырох сцен (жыць, сядзець і пад.) — а) не маючы ні з кім зносін, у адзіноце; б) не выходзячы з дому.

Прыперці да сцяны гл. прыперці.

Свае сцены — пра свой дом. Мы перабраліся ў свае сцены, як толькі зляпілі печ. Палтаран.

Ставіць да сцяны гл. ставіць.

Стаць сцяною гл. стаць.

Сцяна да сцяны — у непасрэднай блізкасці, па суседству, паблізу (жыць, знаходзіцца і пад.).

Як за каменнай (мураванай) сцянойпад надзейнай аховай, спакойна (жыць, быць, адчуваць сябе і пад.).

Як у (аб) сцяну (сценку) гарохам — не рэагуе, не звяртае ніякай увагі на што‑н. сказанае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)