ФУНДА́ЦЫЯ (ад лац. fundatio заснаванне),
у ВКЛ ахвяраванне манастырам, храмам і інш. установам зямельных угоддзяў, грошай, каштоўнасцей і інш. Ахвяраванні (фундушы) звычайна рабілі феадалы або дзяржава для заснавання пераважна духоўных устаноў і іх матэрыяльнага забеспячэння. У ВКЛ у 15—пач. 16 ст. вядомы Ф. каталіцкім рэліг. установам. Паводле пастановы 1481 вял. князя літ. Казіміра буд-ва правасл. храмаў на тэр. ВКЛ было забаронена і толькі ў 1507 датавана першая пасля амаль 30-гадовага перапынку грамата аб Ф. на правасл. царкву. Асн. формай Ф. дзяржавы і насельніцтва на цэрквы і касцёлы ў 1-й пал. 16 ст. была дзесяціна — натуральны падатак збожжам. У выніку правядзення валочнай памеры дзесяціна ў дзярж. уладаннях адмянялася, а цэрквы і касцёлы надзяляліся зямлёй (1—2 валокі). Ахвяраванні і завяшчанні асобных феадалаў на карысць царквы былі разнастайныя: зямля з сялянамі, пустаўшчыны, сенажаці, лясы, гар. юрыдыкі, вёскі, маёнткі, грошы, каштоўнасці, рухомая маёмасць і інш.
В.Ф.Голубеў.
т. 16, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАДЫ́КА Юрый Віктаравіч (н. 23.7.1938, Мінск),
бел. фізік, мастацтвазнавец, грамадскі дзеяч. Д-р фіз.-матэм. н. (1978), праф. (1984). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (з 1980 заг. лабараторыі). Навук. працы па газавай дынаміцы нераўнаважных цячэнняў, вывучэнні працэсаў уздзеяння магутных патокаў выпрамянення на металы, па вызначэнні аптычных характарыстык двухфазных струмянёў струменяў* рэагуючага і рэлаксуючага газу. Распрацаваў тэорыю разліку характарыстык факелаў і слядоў балістычных ракет на актыўным участку траекторыі ва ўсіх дыяпазонах аптычнага спектра. Прымаў удзел у стварэнні Музея старажытнабеларускай культуры. Адзін са стваральнікаў грамадска-паліт. аб’яднання Беларускі народны фронт «Адраджэньне».
Тв.:
Действие излучения большой мощности на металлы. М., 1970 (у сааўт);
Музей старажытнабеларускай культуры: Кат. экспазіцыі. Мн., 1983 (у сааўт.);
Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992 (разам з А.Ю.Хадыкам);
A physico-mathematcal model of rocket exhaust plumes (у сааўт.) // International journal of heat and mass transfer. 1997. Vol. 40, №5.
А.І.Болсун.
т. 16, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАХО́Л Мікалай Рыгоравіч (5.1.1948, в. Чырвоная Зорка Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 11.5.1997),
бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1971). Трэнер спарт. т-ва «Працоўныя рэзервы» (1975—80), трэнер-выкладчык Мінскага аблсавета «Дынама» (1980—82), прафес.-тэхн. вучылішчаў (1982—85), дырэктар і інструктар-метадыст спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школ па веславанні (1990—94). Чэмпіён свету і Еўропы на байдарцы-адзіночцы ў эстафеце 4×500 м (1970, Капенгаген) і на дыстанцыі 500 м (1971, Бялград), бронз. прызёр на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м. Чэмпіён свету (1973, Тамерэ, Фінляндыя) на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м, сярэбраны прызёр на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м. Чэмпіён СССР (1971, 1973) на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыі 500 м і на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м; на байдарцы-двойцы ў эстафеце 4×500 м (1973); на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 500 м (1974). Чэмпіён Спартакіяды народаў СССР (1971) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 1000 м.
А.М.Петрыкаў.
т. 16, с. 564
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ДЖА (Hoxha) Энвер (16.10.1908, г. Гіракастра, Албанія — 11.4.1985),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Албаніі. У 1930—36 вучыўся ва ун-тах г. Манпелье (Францыя) і Брусель. З 1941 чл. кампартыі Албаніі (ΚΠΛ; з 1948 Албанская партыя працы, АПП), чл. яе ЦК, з 1943 ген. сакратар КПА. У 1942—45 чл. Прэзідыума, старшыня нац.-вызв. фронту Албаніі (са жн. 1945 — Дэмакр. фронт Албаніі, ДФА). У 1944—54 галоўнакамандуючы нац.-вызв. арміяй (з 1945 алб. Нар. армія), адначасова ў 1944—46 узначальваў Часовы дэмакр. ўрад, у 1944—53 міністр нац. абароны. У 1946—54 старшыня Савета міністраў і міністр замежных спраў (1946—53). У 1948—54 ген. сакратар, з ліп. 1954 1-ы сакратар ЦК АПП. Адмовіўся ўхваліць рашэнні XX і XXII з’ездаў КПСС па крытыцы культу асобы І.В.Сталіна. Ініцыятар разрыву адносін з СССР (1961) і знешнепаліт. пераарыентацыі краіны на Кітай. Аўтар успамінаў.
Тв.:
Рус. пер. — Хрущевцы // Родина. 1990. № 12.
т. 17, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЕРАШКО́ВІЧ Павел Усеваладавіч (н. 25.7.1958, г. Севастопаль, Украіна),
бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1988). Скончыў БДУ (1980). З 1979 працаваў у Бел. музеі нар. архітэктуры і побыту, з 1981 у Мін-ве культуры Беларусі, у 1982—83 у Дзярж. музеі Беларусі, з 1986 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1991 у БДУ (з 2001 заг. кафедры), адначасова ў 1994—95 выкладаў у Хельсінкскім ун-це і ў 1999 ва ун-це імя М.Кюры-Складоўскай у г. Люблін (Польшча). Даследуе этн. гісторыю Беларусі, Цэнтр. і Усх. Еўропы 19 — пач. 20 ст., гісторыю нац. меншасцей Беларусі, тэорыю этнічнасцей і нацыяналізму. Аўтар раздзелаў у кнігах «Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя» (1985), «Палессе: Матэрыяльная культура» (1988), «Грамадскі быт і культура гарадскога насельніцтва Беларусі» (1990), «Падручніка па гісторыі Беларусі» (на ням. мове, 2001), артыкула «Беларусы» ў амер. «Энцыклапедыі сусветнай культуры» (1994) і інш. Аўтар і складальнік зб. дакументаў «Грамадзянскія рухі ў Беларусі, 1986—1991» (1991).
т. 17, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІК (Tieck) Людвіг Іаган (31.5.1773, Берлін — 28.4.1853),
нямецкі пісьменнік; прадстаўнік іенскіх рамантыкаў. Вучыўся ва ун-тах Гале, Эрлангена, Гётынгена (1792—95). У сентыменталісцкім рамане «Гісторыя спадара Уільяма Ловеля» (1795—96) і інш. адчувальныя ўплывы л-ры «Буры і націску», англ. гатычнага рамана. Рамант. перыяд яго творчасці прадстаўлены «Народнымі казкамі, выдадзенымі Петэрам Лебрэхтам» (т. 1—3, 1797), у якіх выступіў як знаўца чалавечай душы, майстар рамант. іроніі. У цэнтры «рамана выхавання» «Вандраванні Франца Штэрнбальда» (1798) праблемы самавызначэння мастака, стасункаў мастацтва і грамадства. У камедыях-казках «Кот у ботах», «Сіняя барада» (абедзве 1797), «Свет навыварат» (1799) і інш. вострая сатыра на феад. парадкі, на рамантызм з яго прэтэнзіяй на пераадоленне высокай паэзіяй грубай прозы жыцця Аўтар зб. «Рамантычныя паэмы» (т. 1—2, 1799—1800), гіст. аповесцей «Мяцеж у Севенах» (1826) і «Малады сталяр» (1836), рамана «Віторыя Акарамбона» (1840) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Странствия Франца Штернбальда. М., 1987.
Літ.:
Берковский Н.Я. Романтизм в Германии. СПб., 2001.
Г.В.Сініла.
т. 17, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫ́ТРУС (Citrus),
род кветкавых раслін сям. рутавых. Каля 15 відаў, большасць — культурныя, палепшаныя многавяковай селекцыяй дзікарослых форм, што цяпер не існуюць. Цэнтр узнікнення роду — Паўд. і Паўд.-Усх. Азія. У дзікім стане захаваліся некалькі відаў, у т. л. Ц. сапраўдны, або кіслы, ці лайм (C. aurantifolia), які расце ў Гімалаях, і танкан (C. tancan) — у лясах в-ва Тайвань. Віды Ц. культывуюць у вільготных тропіках і субтропіках. Вядомы апельсін, грэйпфрут, лімон, мандарын, памяранец, цытрон, бергамот, шэдак і інш. Для атрымання пладоў больш высокай якасці як прышчэпу выкарыстоўваюць трыфаліяту.
Вечназялёныя дрэвы, радзей кусты выш. 4—12 (20) м. Лісце ад яйцападобнага да ланцэтнага, у пазухах — калючкі. Кветкі двухполыя, духмяныя, звычайна ў шчыткападобных суквеццях. Плады (гесперыдыі) сакаўныя, са шчыльнай скуркай, у многіх відаў ядомыя, маюць лімонную к-ту, вітамін С (больш за 60 мг%), карацін, цукры і інш.; спажываюць у свежым і перапрацаваным выглядзе, разам з кветкамі выкарыстоўваюць у эфіраалейнай і харч. прам-сці; драўніна ідзе на дробныя вырабы.
т. 17, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭХАНО́ЎСКІ Цэлясцін Міхайлавіч (1835, в. Горлава Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.1.1906 або 1907),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64, урач. Скончыў Маскоўскі ун-т (1857). У час вучобы ўваходзіў у нелегальную студэнцкую арг-цыю «Огул». З 1857 працаваў урачом у Гродне. З 1861 у складзе Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі, з вясны 1863 паўстанцкі грамадзянскі начальнік г. Гродна: вербаваў людзей у паўстанцкія атрады, набываў абмундзіраванне, распаўсюджваў газеты і пракламацыі. 30.7.1863 арыштаваны, прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена 20 гадамі катаржных работ у Сібіры. Пакаранне адбываў на буд-ве Кругабайкальскага паштовага тракту. У 1866 тэрмін катаргі скарочаны напалову, Ц. пераведзены на Аляксандраўскі вінакурны з-д. У 1868 вызвалены ад катаргі і накіраваны на пасяленне ў Іркуцкую акругу. З 1872 урач Аляксандраўскага з-да, аказваў мед. дапамогу зняволеным. Пасля адбыцця пакарання ў 1883 на радзіму не вярнуўся. Быў чл. т-ва ўрачоў Зах. Сібіры.
Літ.:
Ігнатовіч Ф. Целясцін Цэханоўскі // Праз смугу стагоддзяў. Мм., 1993.
Ф.І.Ігнатовіч.
т. 17, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯЖА́РНАСЦЬ,
фізіялагічны працэс выношвання плода з моманту апладнення да родаў у чалавека і жывародных жывёл. У большасці млекакормячых аплодненыя яйцаклеткі рухаюцца па яйцаводзе ў матку і ўкараняюцца ў яе сценку. На месцы ўкаранення фарміруецца плацэнта. З надыходам Ц. ў самкі спыняюцца палавыя цыклы, адбываюцца значныя змены ў гарманальным балансе, абменных і энергет. працэсах, павялічваецца патрэбнасць у пажыўных рэчывах, вітамінах. Працягласць Ц. ў буйных жывёл, дзіцяняты якіх адразу пасля нараджэння здольныя ісці ўслед за маці, ад 230 (алень, лось) да 660 сут (слон). У драпежнікаў, якія ўскормліваюць слепанароджаных дзіцянят (катоў, сабак, ваўкоў, рысей) ва ўкрыццях, Ц. цягнецца 56—72 сут, у малпаў — 4—9 месяцаў.
Ц. жанчыны цягнецца звычайна 280 сут (9 мес). Аб’ём маткі павялічваецца ў 500, яе маса ў 25 разоў. У час Ц. бывае моташнасць, ірвота, змена смаку і інш.; зніжаецца тонус маткі (для папярэджвання выкідыша). Ускладненні Ц. — пазаматачная цяжарнасць, таксікозы цяжарнасці. Сістэм. нагляд за цяжарнымі жанчынамі ажыццяўляюць жан. кансультацыі.
І.М.Семяненя.
т. 17, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯРЭ́НЦЬЕЎ Валянцін Міхайлавіч (7.4.1907, г. Веліж Смаленскай вобл., Расія — 14.12.1983),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1959), праф. (1962). Скончыў БСГА (1937). З 1945 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (з 1954 заг. аддзела, з 1970 заг. лабараторыі). Навук. працы па абмене рэчываў, росце, развіцці і фарміраванні мех. тканак раслін. Даследаваў уздзеянне воднага і светлавога рэжымаў, мінер. жыўлення на жыццёвыя праяўленні раслін. арганізма на тарфяной глебе і іонаабменных субстратах ва ўмовах штучнага асяроддзя. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.
Тв.:
Аб паветраным і мінеральным жыўленні раслін. Мн., 1953 (разам з Ц.М.Годневым);
Особенности физиологии роста хлебных злаков на торфяной почве. Мн., 1970;
Вырошчванне капусты Хібінскай у працяглай монакультуры на іанітнай глебе (разам з Т.П.Суровай, Л.Л.Кошалевай) // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1970. № 6;
Физиология устойчивости растений к полеганию и методы ее оценки // Физиология растений в помощь селекции. М., 1974.
М.А.Ламан.
т. 17, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)