АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКАЯ КААЛІ́ЦЫЯ,

саюз дзяржаў і народаў, якія змагаліся ў другой сусветнай вайне 1939—45 супраць агрэсіўнага блока гітлераўскай Германіі, Італіі, Японіі і іх сатэлітаў. Аснову кааліцыі складалі вял. дзяржавы — Савецкі Саюз (адыграў вырашальную ролю ў дасягненні перамогі), ЗША, Англія, Францыя, Кітай. У ваен. дзеяннях на баку антыгітлераўскай кааліцыі прымалі ўдзел Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Аўстралія, Бельгія, Бразілія, Індыя, Канада, Філіпіны, Эфіопія і інш. Асобныя дзяржавы дапамагалі антыгітлераўскай кааліцыі пастаўкамі ваен. сыравіны (напр., Мексіка). Былі і такія краіны, што аб’явілі вайну Германіі толькі напярэдадні яе разгрому і не зрабілі якога-небудзь укладу ў перамогу. На момант сканчэння 2-й сусв. вайны антыгітлераўская кааліцыя аб’ядноўвала больш за 50 дзяржаў, прычым вайну Германіі аб’явілі і яе былыя саюзнікі Балгарыя, Венгрыя, Італія і Румынія. Дапамогу антыгітлераўскай кааліцыі аказаў народны Рух Супраціўлення, які разгарнуўся ў многіх акупіраваных краінах. У ліку паўнапраўных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі былі Беларусь і Украіна (будучыя члены — заснавальнікі ААН), а таксама іншыя былыя саюзныя рэспублікі СССР.

Пачатак утварэнню антыгітлераўскай кааліцыі пакладзены заявамі аб узаемнай падтрымцы ўрадаў СССР, ЗША і Англіі пасля нападу фаш. Германіі на СССР, англа-сав. і сав.-амер. перагаворамі летам 1941, падпісаннем 12.7.1941 сав.-англ. пагаднення аб сумесных дзеяннях у вайне супраць Германіі, Маскоўскай нарадай 1941 трох дзяржаў (гл. Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945), а таксама шэрагам інш. пагадненняў паміж саюзнікамі. 1.1.1942 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя 26 дзяржаў (Дэкларацыя Аб’яднаных Нацый), якія знаходзіліся на той час у стане вайны з Германіяй, Італіяй, Японіяй і іх саюзнікамі. У Дэкларацыі гаварылася, што дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі абавязаны выкарыстоўваць свае ваен. і эканам. рэсурсы для барацьбы супраць фаш. дзяржаў і не заключаць з імі сепаратных дагавораў. Пазней дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі падпісалі шэраг дакументаў, сярод якіх найбольшае значэнне маюць пастановы Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый (пра ўсе гл. асобныя арт.) кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Антыгітлераўская кааліцыя ў цэлым вырашыла задачы, што стаялі перад ёю ў 2-й сусв. вайне, і стала асновай для ўтварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛАШ (Miłosz) Чэслаў (н. 30.6.1911, Шацейняй, Літва),

польскі паэт, эсэіст, перакладчык. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1992). Скончыў Віленскую гімназію (1929) і Віленскі ун-т (1934), вывучаў л-ру ў Парыжы (1934—35). Працаваў на польск. радыё ў Вільні і Варшаве. У 1945—51 на дыпламат. рабоце ў ЗША і Францыі, застаўся ў эміграцыі. З 1960 жыве ў ЗША. Праф. славістыкі Каліфарнійскага ун-та ў Берклі (1961—78). Дэбютаваў як паэт у 1930. Піша на польск., англ., франц. мовах. У «Паэме пра застылы час» (1933), зб. «Тры зімы» (1936) прадчуванне катастрофы, здольнай знішчыць прыроду і чалавечую цывілізацыю, у зб. «Выратаванне» (1945) матыў маральнай адказнасці і еднасці паэта з лёсам нацыі. Яго паэзіі ўласцівы інтэлектуальнае багацце, філас. абагульненне, пошук нетрадыц. форм. Спалучэнне сімвалічна-эстэт. бачання свету з канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю, разумовасці з лірызмам, пафасу з іроніяй у паэт. зб-ках «Дзённае святло» (1953), «Горад без імя» (1969), «Дзе ўзыходзіць сонца і дзе садзіцца» (1974), «Неабдымная зямля» (1984), «На беразе ракі» (1994) і інш. Аўтар кн. эсэ «Зняволены розум» (1951—53), «Кантыненты» (1958; уключаны вершы і пераклады), «Радзіма — Еўропа» (1959), «Зямля Ульра» (1977), успамінаў «Год паляўнічага» (1990), паліт. рамана «Здабыццё ўлады» (1953), аповесці «Даліна Ісы» (1955, экранізацыя 1982) і інш. Кн. эсэ «Пошук бацькаўшчыны» (1992) звязана з гісторыяй зямель Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы. Перакладаў на польск. мову англ., франц., ісп. паэзію (зб. «Вершаваная форма», 1986), кнігі Старога і Новага запаветаў, а таксама польск. паэзію на англ. мову. Аўтар «Гісторыі польскай літаратуры» (1969). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі Ю.​Бушлякоў, А.​Мінкін, А.​Разанаў, А.​Хадановіч, Я.​Чыквін. Нобелеўская прэмія 1980.

Тв.:

Бел. пер. — Вершы // Далягляды, 92. Мн., 1992;

Сведчанне паэзіі: Паэты і сям’я людзей;

Лекцыя біялогіі;

Вершы // Крыніца. 1997. № 7.

Літ.:

Gorczyńska R. (Czarniecka E.) Podróżny świata: Rozmowy z Czesławem Miłoszem: Komentarze. Kraków, 1992;

Fiut A Moment wieczny: Poezja Czesława Miłosza. Warszawa, 1993.

С.​Дз.​Малюковіч.

Ч.Мілаш.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З»,

1) серыя сав. (рас.) касм. караблёў (КК) аднаразовага выкарыстання для арбітальных палётаў вакол Зямлі; праграма іх распрацоўкі (з 1962) і запускаў (з 1966). Прызначаліся для вырашэння тэхн. і навук. задач у каляземнай касм. прасторы, дастаўкі экіпажаў (1—3 чал.) на борт арбітальных станцый і вяртання касманаўтаў на Зямлю; былі і беспілотныя мадыфікацыі. У 1967—81 на арбіты выведзены 40 «С.», у т. л. 2 беспілотныя. Маса запраўленага і ўкамплектаванага «С.» да 6,9 т, даўж. 7,2 м, дыяметр 2,7 м.

Аб’ём жылых адсекаў 10,45 м³. Плошча панэлей сонечных батарэй да 14 м². Працягласць аўтаномнага палёту да 30 сут, у складзе арбітальнага комплексу — да 180 сут. На арбіту выводзіцца аднайм. ракетай-носьбітам з касмадрома Байканур.

Складаецца з 3 адсекаў, якія злучаны паміж сабой і аддзяляюцца пры пасадцы: спускальны апарат, дзе знаходзіцца экіпаж у час старту, стыкоўкі, расстыкоўкі і пасадкі; арбітальны (бытавы) адсек са стыковачным агрэгатам; прыборна-агрэгатны адсек з рухальнай устаноўкай. На базе «С.» распрацаваны КК «С. Т» (запускі ў 1979—86) і «С. ТМ» (з 1986) для дастаўкі экіпажаў адпаведна на арбітальныя станцыі «Салют» і «Мір» і вяртання касманаўтаў на Зямлю. «С. ТМ» выкарыстоўваецца як карабель-выратавальнік для Міжнар. касм. станцыі. Запушчаны 15 «С. Т» і 32 «С. ТМ» (2000). На аснове «С.» створаны таксама грузавы трансп. КК «Прагрэс».

2) Сав. (рас.) 3-ступеньчатыя ракеты-носьбіты (РН) для вывядзення на каляземныя арбіты пілатуемых і аўтам. касм. апаратаў. Стартавая маса (разам з КК) ~310 т, макс маса карыснага грузу ~7 т. Пры дапамозе РН «С.» з 1966 выводзіліся ў космас некаторыя ШСЗ серыі «Космас», цяпер выводзяцца КК «С.» і «Прагрэс». Запускаюцца з касмадромаў Байканур і Плясецк. РН «С.» з дадатковай 4-й ступенню, якая выкарыстоўвалася з 1961 для запуску ў космас некаторых касм. апаратаў серый «Венера», «Зонд», «Космас, «Маланка», «Марс», «Месяц», «Прагноз», называлася РН «Маланка».

У.​С.​Ларыёнаў.

Касмічны карабель «Саюз»: 1 — стыковачны агрэгат; 2 — арбітальны адсек; 3 — прыборна-агрэгатны адсек; 4 — спускальны апарат.

т. 14, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛО́,

1) у беларусаў самалоўнае прыстасаванне, дзеянне якога заснавана на зацягванні пятлі вакол лапы, шыі або тулава дзічыны. Выкарыстоўвалася з глыбокай старажытнасці для лоўлі баравых і балотных птушак, дробных і буйных звяроў. У залежнасці ад аб’екта, месца і часу палявання бытавалі ў некалькіх разнавіднасцях (кожнае мела сваё канкрэтнае прызначэнне і назву). Курапатак зімою, калі вял. маразы гналі іх да чалавечага жылля, лавілі на загуменні колам (ляшчынавы абруч, зацягнуты сеткай з тонкага моцнага шнура, да якой прывязвалі некалькі дзесяткаў петляў з конскага воласу). Пружкамі (невялічкае С. з петлямі на шнурку), прывязанымі пад гронкамі рабіны, сілілі рабчыкаў. Для лоўлі дупеляў ужывалі понажы — шматметровыя моцныя шнуры з мноствам валасяных петляў, прывязаных на адлегласці 15—20 см адна ад адной. Понажы падвешвалі на калках у 25—30 см ад зямлі і аблытвалі імі амаль усё такавішча. Шырока распаўсюджаны былі адзінарныя петлі з валасоў, шнуркоў і дроту. Імі лавілі птушак і звяроў. Устанаўлівалі петлі на звярыных пераходах, каля нор і на такавішчах двума спосабамі — «на зашморг» і «на падрыў». У першым выпадку звер сам зацягваў на сабе пятлю, якую прывязвалі да ўбітага ў зямлю калка або да галіны куста ці дрэва. Калі пятлю ставілі «на падрыў», яе прывязвалі да сагнутай і зашчэмленай вершаліны маладога дрэўца. Калі звер трапляў у пятлю, то выслабаняў вершаліну з-пад сучка, яна распрамлялася і падымала здабычу над зямлёю. На Палессі так лавілі вясною качараў, прывабліваючы іх манькутай (падсаднай качкай на драўляным крузе) або чучалам. У наш час лоўля ўсімі відамі С. забаронена і аднесена да браканьерства.

2) Пятля, традыц. рыбалоўная прылада, якой лавілі пераважна невялікіх шчупакоў, што ў летнюю спякоту стаяць каля паверхні вады. Да канца тонкай палкі прымацоўвалі лёску (з конскага воласу), завязаную пятлёй, апускалі яе ў ваду, падводзілі пад шчэлепы шчупака і, зацягнуўшы яе рэзкім рухам, выкідвалі рыбіну на бераг ці ў лодку. Лавілі С. звычайна дзеці і падлеткі. Вядома па ўсёй Беларусі.

І.​М.​Браім, С.​Ф.​Цярохін.

Да арт. Сіло. Сілкі: 1 — пружкі; 2 — понажы; 3 — пятля; 4 — трыгубіца.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКА́РНАЕ РАМЯСТВО́,

выраб рэчаў быт. і маст. прызначэння на такарным станку. Засн. на апрацоўцы разцом загатоўкі з дрэва, косці, металу, каменю і інш., прыведзенай у вярчальны рух. Часта спалучаецца з разьбой, інкрустацыяй, гравіраваннем, паліраваннем, размалёўкай і інш. Здаўна пашырана ў многіх народаў свету. Шырока вядомы хахламское і полхаўска-майданскае (Расія) Т.р. ў спалучэнні з размалёўкай, гуцульскае (Украіна) — з разьбой і інш.

На Беларусі прасцейшыя такарныя станкі ўвайшлі ў практыку з 11—13 ст., тады ж Т.р. вылучылася ў самаст. рамяство. З дрэва і косці тачылі дробныя прадметы (посуд, гузікі, шахматы, тронкі нажоў і інш.), нярэдка аздаблялі гравіраваным арнаментам. Шмат бел. майстроў-токараў у 17 ст. працавалі ў Маскоўскім Крамлі, дзе яны выраблялі драўляныя дэталі мэблі, арх. ўбранства, шахматы, чарніліцы, парахоўніцы са слановай косці. У 19—1-й пал. 20 ст. Т.р. пашырылася ў нар. побыце; у многіх выпадках было дапаўненнем у сталярным, бандарным, стальмашным рамёствах. Т.р. нярэдка займаліся цэлыя вёскі. Тачылі сталовы посуд (міскі, талеркі, ступкі, сальніцы, бочачкі), быт. прадметы (попельніцы, люлькі, падсвечнікі, бязмены), вытв. прылады (калаўроты, верацёны), дэталі мэблі, трансп. сродкаў, арх. аздаблення і інш. Найб. выкарыстоўваўся даўні варыянт такарнага станка, які ўяўляў сабою 2 стойкі з метал. стрыжнямі, паміж якімі гарызантальна заціскалі загатоўку. Вярчальны рух ёй надаваў шнур (рэмень, вяроўка), што ахопліваў загатоўку і адным канцом мацаваўся ўверсе да спружыністага рычага (жэрдкі, заткнутай за бэльку), другім — да дошкі, што ляжала на падлозе. Націскаючы нагой на дошку, прыводзілі ў вярчэнне загатоўку і апрацоўвалі яе разцом. Дробныя вырабы (верацёны, рукаяткі інструментаў) выточвалі на ручным варыянце станка—смыку. У наш час Т.р. (пераважна з дрэва) развіваецца на некат. ф-ках маст. вырабаў, ім займаюцца нар. майстры, якія вырабляюць рэчы быт., сувенірнага, утылітарна-маст. прызначэння.

Літ.:

Сахута Я. Такарныя вырабы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975, №1.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Такарнае рамяство. Такарны станок.
Да арт. Такарнае рамяство. Вырабы з с. Полхаўскі Майдан і с. Круцец Ніжагародскай вобл. Расія. 1970-я г.
Да арт. Такарнае рамяство. Вырабы з размалёўкай. Брэсцкая фабрыка сувеніраў. 1980-я г.

т. 15, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 30.5—12.6.1930 у Мінску. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 286 з дарадчым голасам ад 46 805 чл. і канд. у чл. партыі [разам з вайсковымі арг-цыямі; 39 256 чл. і канд. у чл. КП(б)Б). Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК ВКП(б) (Дз.​З.​Мануільскі), ЦКК ВКП(б) (М.​А.​Трылісер); паліт. справаздача ЦК КП(б)Б (К.​В.​Гей); арганізац. справаздача ЦК КП(б)Б (І.​А.​Васілевіч); справаздача ЦКК КП(б)Б (А.​Я.​Калнін); даклады аб ходзе выканання 5-гадовага плана развіцця прам-сці (К.​Ф.​Бенек); аб калгасным руху і ўздыме сельскай гаспадаркі (М.​М.​Галадзед); аб задачах прафсаюзаў у рэканструкцыйны перыяд (І.​П.​Рыжоў); выбары кіруючых органаў партыі. З’езд прапанаваў ЦК і парт. арг-цыям: працягваць курс на індустрыялізацыю; умацоўваць калгасы і няўхільна павялічваць іх колькасць; выпраўляць памылкі і скрыўленні, дапушчаныя ў калгасным буд-ве; аднавіць разбураную нізавую сетку с.-г. кааперацыі; знайсці дадатковыя крыніцы забеспячэння прац. насельніцтва прадуктамі харчавання і рацыянальна выкарыстоўваць харч. рэсурсы. Умовамі паспяховага выканання намечанага курсу павінны былі стаць «бязлітасная барацьба» супраць правага апартунізму як гал. небяспекі на тым этапе развіцця, «левых» трацкісцкіх перагібаў, прымірэнства, усякіх ваганняў у нац. пытанні. Асаблівы акцэнт з’езд зрабіў на вынікі ідэолага-паліт. кампаніі супраць нацыянал-дэмакратызму і правага ўхілу, якая разгарнулася пасля праверкі ў маі—чэрв. 1929 камісіяй ЦКК ВКП(б) на чале з У.​П.​Затонскім практыкі нац. работы ў БССР. Многія дэлегаты ў сваіх прамовах заяўлялі, што настаў час разглядаць бел. нацыянал-дэмакратызм як гал.небяспеку для партыі. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 112 чл. і 62 канд., ЦКК КП(б)Б з 89 чл., Цэнтр. рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.

Літ.:

XIII з’езд Камуністычнай партыі (6.) Беларусі: Стэнагр. справаздача, 30 мая — 12 чэрвеня 1930 г. Мн., 1931;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 2. 1928—1932. Мн., 1984.

Р.​П.​Платонаў.

т. 15, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЛЬВА́РАК (польск. folwark ад ням. Vorwerk хутар),

від феад. зямельнага ўладання ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай: двор феадала з комплексам будынкаў і ўгоддзяў. Стварэнне Ф. найперш было выклікана значным ростам попыту на збожжа ў краінах Зах. Еўропы ў канцы 15 — пач. 16 ст. Каб скарыстаць спрыяльную сітуацыю і павялічыць вытворчасць таварнага збожжа, урад ВКЛ пачаў рэарганізацыю гаспадаркі, адной з састаўных частак якой стала пашырэнне старых панскіх двароў і стварэнне Ф. Умовы стварэння Ф. вял. кн. Жыгімонт II Аўгуст агаварыў ва «Уставе на валокі» 1557. Паводле гэтага дакумента Ф. уяўляў сабой феад. гаспадарку (панскі двор з жылымі і гасп. пабудовамі, ворныя і інш. ўгоддзі), заснаваную на працы прыгонных сялян і арыентаваную на вытв-сць збожжа на продаж. Велічыні фальварковага і сялянскага ворыва суадносіліся як 1:7. Кожная сялянская сям’я атрымлівала зямельны надзел памерам у валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна вызначаныя павіннасці. Найб. поўнае ўяўленне пра Ф. даюць інвентары — вопісы феад. уладанняў. У 16 ст. Ф. сталі асновай гаспадарання ў зах. і цэнтр. Беларусі (усх. Беларусь у час актыўнага правядзення агр. рэформы была ахоплена Лівонскай вайной 1558—83, і гал. павіннасцю дзярж. сялян тут была даніна для забеспячэння гарнізонаў і войск). У выніку пераводу феад. гаспадаркі на фальваркова-паншчынную сістэму значна вырасла вытв-сць збожжа і ВКЛ стала адным з асн. яго пастаўшчыкоў у Зах. Еўропу. Заняпад фальваркова-паншчыннай сістэмы на Беларусі адбыўся ў сувязі з войнамі сярэдзіны 17—пач. 18 ст., калі ў выніку страты значнай колькасці насельніцтва і цяглай жывёлы не было магчымасці для апрацоўкі значных абшараў панскага ворыва і сяляне пераводзіліся на грашовую рэнту. Новае яе пашырэнне адбылося ў сувязі з правядзеннем Тызенгаўза рэформы. Фальваркова-паншчынная сістэма гаспадарання пачала знікаць у дзярж. уладаннях з правядзеннем агр. рэформы П.​Дз.​Кісялёва ў 1830—50-х г., канчаткова спыніла сваё існаванне пасля сялянскай рэформы 1861. Пасля гэтага тэрмін «Ф.» ужываўся пераважна ў вузкім значэнні гэтага слова як назва паселішча ці сядзібы — панскага двара з пабудовамі.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 16, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́УНА (новалац. fauna ад Фауна),

гістарычна сфарміраваная сукупнасць відаў жывёл, якія жывуць на пэўнай тэр. або жылі на ёй у пэўны перыяд гісторыі Зямлі.

Ф. Зямлі налічвае каля 1,5 млн. відаў. Характарызуецца відавым складам, колькасцю асобін, структурнай арганізаванасцю, тыпалогіяй груповак жывёльнага насельніцтва (напр., балотныя, лясныя жывёлы; драпежнікі, паразіты). У кожнай Ф. вылучаюць жывёл рознага паходжання: аўтахтонаў і імігрантаў розных паводле сістэм. становішча, геагр. паходжання, узросту і экалогіі. Ф. кожнай тэр. складаецца з відаў розных фауністычных комплексаў. Кожны комплекс уключае віды жывёл, якія маюць падобныя арэалы. Ф. пэўнага рэгіёна фарміруецца ў залежнасці ад яго рэльефу, клімату і наяўнасці фізіка-геагр. перашкод (пустыні, горы, шырокія рэкі, балоты і інш.). Тэрмін «Ф.» выкарыстоўваюць у вызначэнні жывёл розных сістэм. катэгорый (напр., Ф. птушак — арнітафауна, рыб — іхтыяфауна, земнаводных і паўзуноў — герпетафауна, млекакормячых — тэрыяфауна, насякомых — энтамафауна), якія аб’яднаны агульнасцю месца пражывання і спосабам жыцця (напр., Ф. глебавая, водная, лясная), маюць пэўнае значэнне для чалавека (напр., Ф. с.-г. шкоднікаў, прамысловая, паляўнічая); адносна сукупнасці жывёл мінулых геал. эпох (напр., міяцэнавая, пліяцэнавая Ф.). Часам Ф. мае назву ад тыповага прадстаўніка (напр., мамантавая Ф.).

На Беларусі Ф. па паходжанні мяшаная: уключае віды, што ўзніклі ў розных цэнтрах у розны час. Сучасныя рысы набыла ў пасляледавіковы перыяд. Характарызуецца адсутнасцю эндэмікаў і перавагай відаў з еўрап.-сіб. тыпам арэалаў. Уваходзіць у склад Ф. лясной зоны (падзоны мяшаных лясоў) падвобласці Палеарктыкі Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці. Аб’ядноўвае больш за 450 відаў пазваночных і больш за 30 тыс. відаў беспазваночных жывёл. Каля 70 відаў і падвідаў млекакормячых вымерла, шмат вымерлых беспазваночных жывёл. З пач. 17 ст. знікла больш за 20 відаў каштоўных жывёл, некат. відам пагражае знікненне, многія з’яўляюцца ахоўнымі (гл. Ахоўныя жывёлы) і занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Вывучае Ф. зоагеаграфія, палеазаалогія, фауністыка.

Літ.:

Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. [Т. 1—3]. М., 1973—79;

Стратиграфические и палеонтологические исследования в Белоруссии. Мн., 1978;

Зедлаг У. Животный мир Земли: Пер. с нем., М. 1975;

Лопатин И.К. Основы зоогеографии Мн., 1980;

Жизнь животных. Т. 1—7. 2 изд. М., 1987—89.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 16, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКІМО́ВІЧ Алесь (Аляксандр Іванавіч; 17.1.1904, в. Чурылава Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 15.1.1979),

бел. пісьменнік; адзін з заснавальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Скончыў БДУ (1930). З 1924 рэдагаваў час. «Беларускі піянер», «Іскры Ільіча», у 1945—48 — «Бярозку». З 1948 працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі, у 1955—60 літкансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1923. Першая кн. — «Вершы» (1925). Пісаў пераважна для дзяцей: зб-кі «Гул бубна» (1925), «Залаты зуб» (1937), «Сябры» (1948), «Я — юны піянер» (1952), «Залатыя рукі» (1975). Аповесці «Перамога» (1930), «Незвычайны мядзведзь» (1934) пра станаўленне характару вясковых хлапчукоў. Праблемы прац. і маральнага выхавання дзяцей у школе і сям’і ў аповесці «Гаворыць Масква» (1951), многіх апавяданнях. Аповесць «Смелыя людзі» (1960) пра гераізм сав. людзей у гады Вял. Айч. вайны. Тэтралогія (аповесці «Адкуль ліха на свеце», 1963; «Канец сервітуту», 1966; «Кастусь Каліноўскі», 1971, — за ўсе Дзярж. прэмія Беларусі 1974; «Цяжкі год», 1975) пра гіст. мінулае Беларусі. Апрацоўваў нар. казкі: зб-кі «Каток — залаты лабок» (1955), «З рога ўсяго многа» (1959), «Андрэй за ўсіх мудрэй» (1975). Пісаў літ. казкі ў вершах і прозе: «Каваль Вярнідуб» (1936), «Казка пра смелага вожыка» (1937), «Браты Лазоўскія» (1965). Аўтар кніг для чытання «Чытанка» (1933, з Е.​Гародкінай), «Роднае слова» (1932), «Слухай—запамінай. Азбука ў вершах і малюнках» (1948), «Звяры нашых лясоў» (1951). Выступаў з артыкуламі па пытаннях тэорыі і практыкі бел. дзіцячай л-ры. На бел. мову пераклаў асобныя творы Х.​Андэрсена, І.​Крылова, Дж.​Лондана, Гі дэ Мапасана, Дз.​Маміна-Сібірака, У.​Маякоўскага, М.​Някрасава, А.​Пушкіна, Л.​Талстога, І.​Тургенева, К.​Чукоўскага, А.​Чэхава, П.​Яршова і інш. Асобныя вершы Я. пакладзены на музыку.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1978—80.

Літ.:

Барсток М.М. Алесь Якімовіч // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд. Мн., 1980;

Разанаў І. Шчодрае сэрца пісьменніка // Якімовіч А. Зб. тв. Мн., 1978. Т. 3.

М.​Р.​Міхайлаў.

Алесь Якімовіч.

т. 18, кн. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРЧА́НІН Ігнат Сымонавіч (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),

бел. літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел. нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АН БССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Пад псеўд. І.​Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.​Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).

Тв.:

[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;

Бел. пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.

Літ.:

Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;

Крывіцкі Л. (Л.​А.​Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;

Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;

Наднёманскія былі. Мн., 1968. С. 72—75.

А.​М.​Пяткевіч.

І.С.Дварчанін.

т. 6, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)