ПЕРАСЯЛЕ́НСТВА,

перамяшчэнне сельскага насельніцтва ў Рас. імперыі ў сярэдзіне 18 — пач. 20 ст. на пастаяннае жыхарства ў маланаселеныя ўскраінныя рэгіёны, выкліканае агр. перанасяленнем і аграрным крызісам; адзін з відаў міграцыі насельніцтва і асн. сродак унутр. каланізацыі. У познім феадалізме адбывалася пераважна стыхійна, без афіц. дазволу ўлад. Значную частку перасяленцаў складалі збеглыя прыгонныя. З сярэдзіны 18 ст. да засялення пустуючых зямель прыцягваліся замежныя каланісты, гал. ч. немцы, балгары, малдаване, грэкі, армяне. З канца 18 ст. ўрад прымаў захады да рэгулявання П. У 1-й пал. 19 ст. П. дзярж. сялян займалася Мін-ва дзярж. маёмасцей, якое перасяліла каля 170 тыс. рэвізскіх душ (400 тыс. чал.). Пасля паўстання 1830—31 на казённыя землі Паўн. Каўказа і Пд Украіны пераселены тысячы аднадворцаў зах. губерняў. Пасля адмены прыгону мабільнасць сялянства павялічылася. Паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы пры захаванні рэшткаў прыгонніцтва (панскія латыфундыі, цераспалосіца, адработкі, выкупныя плацяжы і інш.) вяло да пралетарызацыі і паўперызацыі масы сялян, якія складалі асн. кантынгент губерняў Еўрап. Расіі са слабаразвітой прамысловасцю. З другога боку, захаванне часоваабавязаных адносін у былой панскай вёсцы большасці рэгіёнаў Еўрап. Расіі ў 1860—70-я г. тармазіла П. Зыходзячы з інтарэсаў памешчыкаў, царскі ўрад імкнуўся ўтрымаць сялян на месцы, каб забяспечыць землеўладальнікаў таннай рабочай сілай або кантынгентам арандатараў. На Беларусі і ў Літве гэта палітыка праводзілася асабліва паслядоўна ў сувязі з імкненнем царызму захаваць т.зв. «рускі элемент» — карэннае правасл. насельніцтва. На Беларусі ў 1860—90-я г. і першыя гады 20 ст. мясц. ўлады, як правіла, выступалі супраць П. У такіх умовах сяляне вымушаны былі перасяляцца гал. ч. самавольна. Рост сял. руху, рэв. сітуацыя ў краіне на мяжы 1870—80-х г. прымусілі ўрад прызнаць П. як непазбежную сац. з’яву. 10.7.1881 зацверджаны «Часовыя правілы» аб П., паводле якіх перасяленцаў вызвалялі ад неабходнасці падачы прыёмных прыгавораў сельскай грамады. а нядоімкі падаткаў пераводзілі на новае іх месца жыхарства. Закон ад 13.7.1889 ускладніў выдачу дазволаў на перасяленне. Аднак у сувязі з ростам стыхійнага П. і неабходнасцю каланізацыі рэгіёна Сібірскай чыгункі, што будавалася, 15.4.1896 уведзены закон, які спрашчаў парадак выдачы дазволаў па перасяленне і прадугледжваў ільготны праезд перасяленцаў па чыгунцы. Быў узаконены інстытут хадакоў, створана Перасяленчае ўпраўленне. Усё гэта рэзка павялічыла прыток перасяленцаў у Сібір, на Д. Усход і ў Сярэднюю Азію; у 1883—1905 сюды перасялілася 1,6 млн. чал. Бел. сяляне ў 1860-я г. перасяляліся пераважна на вольныя землі Паўд. Украіны, Кубані, стэпавага Заволжа, Паўд. Урала. Перасяленчы рух паскораны неўраджаямі 1865, 1867, 1868. У 1870-я г. маштабы П. скараціліся. Паводле прыменшаных афіц. звестак у гэты перыяд перасяленцы адыходзілі пераважна з Магілёўскай і Віцебскай губ. — адпаведна да 200 і 50 чал. за год. Паводле перапісу насельніцтва 1897 з 5 зах. губерняў налічвалася 511,2 тыс. перасяленцаў, 89,6% іх перасялілася ў еўрап. рэгіёны.

Беларусь належала да рэгіёнаў, дзе ўзровень П. быў ніжэйшы за сярэднія паказчыкі, што тлумачылася палітыкай асобага стрымлівання перасяленняў. У 1897 перасяленцы з 5 зах. губерняў складалі 6% народанасельніцтва, а па краіне гэты паказчык быў 9,4%. На долю перасяленцаў зах. губерняў прыпадала 7% перасяленцаў па Еўрап. Расіі і 4,3% — па ўсёй імперыі. З пачаткам сталыпінскай аграрнай рэформы перасяленні сталі свабоднымі. Урад заахвочваў П. беззямельных і малазямельных сялян на ўскраіны дзяржавы, спадзеючыся такім чынам згладзіць вастрыню малазямелля ў цэнтры і ўзмацніць землеўладанне кулакоў за кошт надзелаў перасяленцаў. У 1906—14 іх колькасць у Сібіры, на Д. Усходзе і ў Сярэдняй Азіі дасягнула (без зваротных перасяленцаў) 3,3 млн. чал. Усяго з Еўрап. Расіі за 1861—1917 за Урал выехала (без тых, хто вярнуўся) каля 5,3 млн. чал. У 1907—14 з 5 зах. губерняў у Сібір і на Д. Усход перасялілася 335,4 тыс. чал., з іх 240,8 тыс. (71,8%) прыпадала на Магілёўскую і Віцебскую губ. Аднак за 1907—14 у 5 зах. губернях назад вярнулася 36,5 тыс. чал., ці 10,9% перасяленцаў. П. садзейнічала скарачэнню кабальных форм найму і адпрацовак у панскай гаспадарцы на месцах выхаду, паскарэнню яго перабудовы на капіталіст. пачатках, а таксама развіццю капіталізму ў рэгіёнах прыходу, вяло да абвастрэння барацьбы паміж сялянствам і памешчыкамі, вясковай беднатой і сял. буржуазіяй. Пасля Кастр. рэв. 1917 П. саступіла месца дзярж. планаваму асваенню аддаленых і малазямельных рэгіёнаў краіны.

Літ.:

Скляров Л.Ф. Переселение и землеустройство в Сибири в годы столыпинской аграрной реформы. Л., 1962;

Верещагин П.Д. Крестьянские переселения из Белоруссии (вторая половина XIX в.). Мн., 1978;

Сямейных З.М. Міграцыя беларускага сялянства ў гады сталыпінскай аграрнай рэформы (1906—1914 гг.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 4;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​П.​Панюціч.

т. 12, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вальяжны ’няспешны, здаволены’ (КТС): «Дзед ішоў на дзіва вальяжны і прыгожы» (У. Караткевіч). Параўн. рус. вальяжный ’які ідзе няспешна, нетаропка’. Рус. вальяжный ’грузны, тоўсты, непаваротлівы, вельмі важны’. Фасмер (1, 271) услед за Праабражэнскім (1, 63) звязвае з *вальяга < валить. Іншая версія: рус. вальяжный < льячный (Даль, 1, 163; Шанскі, 1, В, 15). Акрамя ўказаных, слова мае шэраг значэнняў: ’масіўны, моцны; разны, прыгожа выраблены’ і звязваецца з дзеясловам вальяжиться ’важнічаць, фанабэрыцца’. Магчыма, бел. слова з’яўляецца русізмам. Варта ўказаць на ўкр. валежний ’важны’ (Грынч., 1, 123), якое Рудніцкі (1, 299) лічыць магчымым вытлумачыць як кантамінацыю ўкр. валечный (< польск. waleczny) і ўкр. важний.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барліна ’барка, вялікая лодка, баржа, вялікі рачны човен’ (БРС, Янк. I, Маслен., КЭС, лаг.), бэрліна (Бесар., 153). Рус. берли́нка ’від рачнога судна на Дняпры і Сожы’, укр. берли́на, берлі́на ’від чаўна, баржы на Днястры’. Паводле Брукнера, 21; Клюге, Seemannsspr., 88; Корбута, PF, 4, 482, ад назвы месца Berlin (як і назва карэты рус. берли́н). З іншага боку, Гараеў, а за ім і Безлай, Novejše, 10–11, вылучаюць іншую версію (Гараеў: сувязь з польск. berło, укр. берло ’палка, жэзл’; Безлай прыводзіць слав. адпаведнасці: славен. brlȁ ’агароджа, частакол у рацэ’ і да т. п.). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 158.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пераста́рак ’састарэлы’, ’старая дзеўка’, ’хлопец, які доўга ходзіць у халасцяках’, пераста́рка ’старая дзеўка’, перэста́рыцца ’не выйсці замуж у пару’ (Шат., Нар. Гом., ТС, ТСБМ), укр. пере́ста́рок, пере́ста́рка, рус. переста́рок, переста́рка ’стары халасцяк, старая дзеўка’, ’жывёла, якая з-за старасці не можа даваць прыплод’. Усходнеславянскае. Утворана ад дзеяслова пераста́рыцца, што ўзыходзіць да прасл. *per‑stariti (sę), параўн. яшчэ ст.-слав. прѣстарѣти ’састарыцца’, серб.-харв. прѐстарети, в.-луж. přestarić, н.-луж. pśestarkaś, польск. przestarzeć (się), славац. prestarnúť ’тс’. У зах. і паўд.-слав. мовах лексеме перастарак адпавядаюць спалучэнні з прыметнікамі ці дзеепрыметнікамі (przestarzały, pśestarjety, přestárlý, prestarnutý, prestár, пре̏стар). Гл. старэць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плуга́ніцца ’плесціся’ (ашм., Сл. рэг. лекс ), ’ісці, стаміўшыся’ (брагін., З нар. сл.). укр. плуга́нитися ’плесціся, павольна ехаць’, рус. бранск., паўд. плюга́ниться ’паволі ісці, ехаць, цягнуцца, плесціся за кім-н/. Бел.-укр.-паўд.-рус. ізалекса, характэрная наяўнасцю суф. -ан- (магчыма, пры ад’ідэацыі прыметніка паганы) у адрозненне ад паўн.-слав. *prugavъ > плюгавец (гл.) з суф. ‑ав‑. Зыходнае слова захавалася ў чэш. мове — plouhati (< прасл. *plug‑a‑ti) ’цягнуцца, ледзь сунуцца, цягнуць ногі па гразі, на мокрай зямлі, пэцкацца граззю’, plonžiti se ’паўзці, ледзь перасоўвацца’, plouživy ’павольны’, pližiti se ’падкрадвацца’, ’паўзці, падпаўзаць’ (Махэк₂, 462). Роднасным з’яўляецца лат. bjugt ’мякчэць і станавіцца слізкім’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыганя́ць, прыгна́ць ’прывесці, даставіць; прымушаць, падахвочваць’ (ТСБМ), прыгыня́ць ’тс’ (Бяльк.). Узыходзіць да прасл. *prigъnati/*prigoniti/*priganʼati, прэфіксальных утварэнняў ад *gъnati/*goniti/*ganʼati; гл. ганя́ць, гнаць. Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі з развіццём і пашырэннем семантыкі: прыго́н, прыго́нка ’дастаўка; прымус прыйсці, з’явіцца; згон’ (Нас., ТСБМ); прыго́н ’пасаг маладой у выглядзе жывога інвентару, статак’ (Федар.), прыгі́н ’дамашнія жывёлы, якіх бацькі далі як пасаг заручоным’ (Сіг.); з архаічнай словаўтваральнай структурай прыганя́ты ’слуга памешчыка, які наглядаў за працай сялян у час прыгону; цівун; аканом’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр.); параўн. маляўніча вобразнае мн. л. перан. прыгыня́тыя ’нязжатыя сцяблы збожжа, якія засталіся ззаду’ (рас., Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́дашча (радоща) ’агульная радасць’ (Нас.). Мяркуецца, што запазычана з украінскай мовы (Сцяцко, Выбр. тв., 1, 237), дзе выступае як pluralia tantum ра́дощі, што ставіць пад сумненне наяўнасць формы адз. л. (параўн. Малдаван, Этимология–1994–1996, 210). Праблематычнай падаецца і суадносная форма адз. л. ст.-слав. радоща, паколькі ў пісьмовых помніках гэтая і падобныя формы на ‑ощи сустракаюцца выключна ў форме мн. л., часцей за ўсё ў Тв. скл. радощами, што выступае ў ролі прыслоўя, якое паслужыла асновай для ўтварэння формы назоўнага і іншых склонаў (Трыпуцька, SR, 10, 81–96). Да *radostь з пашырэннем ‑(j)a (ESJSt, 12, 745). Гл. радасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сек ‘даўняя мера вагі сыпкіх цел ёмістасцю 12 кг’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Нар. сл.). Ст.-бел. секъ (ссекъ) пераважна ў магілёўскіх актах ‘адзінка колькасці мяса’ (Скурат, Меры, 145; Ст.-бел. лексікон), ‘мера сыпкіх цел’: семенʼя лняного секов два (Яблонскіс, 210). Скурат (там жа) лічыць вытворным ад *sěkti ‘сячы’, што сумніўна ў сувязі з вышэй прыведзеным значэннем. Хутчэй за ўсё, балтызм, параўн. літ. síekas ‘мера вагі (зерня) = 6 гарцаў, г. зн. каля 20 л’, лат. síeke ‘тс’, якія далей звязаны з літ. síekti ‘спрабаваць дасягнуць чаго-небудзь’, seikʼti ‘вымяраць мерамі’. Аб апошніх словах гл. Фрэнкель, 781; Мюленбах-Эндзелін, 3, 857.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БО́ХАН (Дарафей Дарафеевіч) (4.2.1878, Мінск — 1942),

рускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе і Канстанцінаўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу. Служыў у арміі, артылерыйскі штабс-капітан. З канца 1890-х г. журналіст у Мінску. Супрацоўнік газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции» (у 1907 яе рэдактар), «Минские ведомости» і інш. У 1907 асуджаны за змяшчэнне ў «Голосе провинции» антыўрадавых матэрыялаў. У 1919 супрацоўнік Наркамасветы БССР. У 1920—30-я г. ў розных рус. арг-цыях у Вільні. Чытаў лекцыі па бел. л-ры. У час Вял. Айч. вайны трапіў у армію Андэрса. Памёр за мяжою. У вершах услаўляў барацьбітоў за волю, падчас рэакцыі выяўляў настроі песімізму. Пісаў гіст. паэмы («Князь Глеб Усяславіч», 1899), паэмы паводле бел. нар. паданняў («Вір», 1898; «Два браты», 1899; «Вадзянік», «Помста шынкара», 1900), апавяданні, нарысы, фельетоны. У рэцэнзіях, публіцыст. і літ.-крытычных артыкулах выступаў супраць натуралізму і дэкадэнцтва, адстойваў рэалізм. Збіраў і апрацоўваў мясц. паданні («Вока Хрыстова: Мінскае паданне», 1898; «Мінскія паданні і легенды», 1901). Пераклаў на рус. мову «Слова пра паход Ігаравы» (пад назваю «Ігар, князь Северскі», 1897), творы польск. паэтаў (зб. «З польскай паэзіі», 1906).

Літ.:

Бас І. Літаратуразнаўчыя эцюды. Мн., 1977;

Яго ж. Справа аб Дарафею Бохану // Маладосць. 1976. № 8;

Зарэмба Л.І. Новыя звесткі пра літаратурную дзейнасць Д.​Д.​Бохана // Веснік БДУ. Сер. 4. 1993. № 3;

Zienkiewicz T. Dorofiej Bochan — tłumacz literatury polskiej na język rosyjski i krytyk // Polsko-wschodniosłowiańskie powiązania kulturowe, literackie i językowe 1. Literatura i kultura. Olsztyn, 1994.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАДЗЁНКА,

аднаразовае газетнае выданне. Часам выдавалася як лістоўка або альманах, без нумарацыі. Першая бел. аднадзёнка «Новіны грозные а жалостливые...» з прычыны нападу Івана IV Грознага на Полацк выд. ў 1563 у Нясвіжскай друкарні. У каталогу 1684 Бадлеанскай (Оксфард) б-кі зафіксавана 7 бел. аднадзёнак 1563, 1571, 1580, 1597, 1602, 1610 і 1617 на бел., лац., ням., англ. і інш. мовах. У 20 ст. аднадзёнкі выдаваліся найчасцей з-за цэнзурнага ўціску. Выходзілі ў Гродне («Колас беларускай нівы», 1913), Мінску («Над Свіслаччу», май 1914, на польск. мове; «Чырвоная варта», 15.4.1921; «Беларусь — Паволжу», 4.10.1921) і інш. Асн. прычына выхаду аднадзёнак ў Зах. Беларусі — канфіскацыя бел. прэсы польскімі ўладамі. Яны прысвячаліся пераважна грамадска-паліт. падзеям і выдаваліся ў Вільні («Беларуская крыніца», 25.12.1921; «Беларуская доля», 23.5.1923; «Абух», 20.8.1924; «Беларускі селянін», 14.8.1925; «Новая маланка», 30.11.1928; «Весткі Таварыства Беларускае школы», 28.2.1929; «Беларуская праўда», 12.5.1931; «За беларускую школу», 16.6.1936; «Голас студэнта», 25.6.1937, і інш.), у Гродне («Выстрал», 8.10.1924; «Стрэха», 12.2.1928; «Пралом», 19.6.1929), у Беластоку («Лясны работнік», студз. 1934). Бел. аднадзёнкі выходзілі ў Дзвінску («Праца», 29.6.1928; «Новы шлях», 29.4.1931), Рызе («Шлях праўды», 24.10.1930), Варшаве («Першы крок», ліп. 1935) і інш.; у пасляваенны час — у Нямеччыне, ЗША, Канадзе.

Зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, Цэнтр. навук б-цы АН Беларусі, Цэнтр. Навук. б-цы АН Літвы, у архівах і б-ках Польшчы і інш. Усяго выйшла больш за 100 аднадзёнак.

Літ.:

Максімовіч Р. (Тумаш В.). «Навіны Грозныя» 1563 году: Да гісторыі зачаткаў беларускіх газетных выданняў // Запісы Бел. ін-та навукі і мастацтва. Мюнхен, 1966. Кн. 4;

Тое ж // Спадчына. 1994. № 3.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)