схлы́нуць, ‑не; зак.
1. Сцячы з сілаю; хлынуўшы, збегчы (пра ваду). Снег .. неяк увачавідкі растаў і схлынуў патокамі ў рэчкі і вадаёмы. Сабаленка. Андрыян Цітавіч думаў аб тым, як неўзабаве канал будзе закончаны і па ім схлынуць спрадвечныя гнілыя воды балота. Марціновіч. // перан. Адначасова пайсці аднекуль (пра вялікую масу людзей). Аляксандр пачапіў мяшэчак на адно плячо, перакінуў вінтоўку і, калі схлынуў натоўп, падаўся к выхаду. Грахоўскі. Як схлынуць турысты, прыеду я ў вёску Хатынь У надвечар чысты — пад неба гарачую стынь. Гаўрусёў. // перан. Хутка, адразу знікнуць, аслабнуць (пра стан, пачуццё). Калі першая ўзрушанасць схлынула, хлопцы сталі распытваць Міколу. Навуменка.
2. Хутка прайсці. Перад дажджом крымская прырода страціла фарбы .. Але схлынуў лівень, выбліснула сонца, і вочы зноў захапляе бясконцая, невымерная, невымоўная сінеча. Лужанін. // перан. Мінуцца, скончыцца. Назаўтра, як толькі схлынула навала тэлефонных званкоў, Васіль Пятровіч сам пайшоў у сектар адводу зямель. Карпаў. Крыху пацішэла, першая хваля гаворкі схлынула, узбуджэнне паступова спала. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэкст, ‑у, М ‑сце, м.
1. Тое, што напісана або надрукавана, напісаныя або сказаныя кім‑н. словы, якія можна ўзлавіць, паўтарыць у тым жа выглядзе. Запісаць тэкст казкі. □ З многіх паправак, зробленых рукой. К. Чорнага на тэксце другога варыянта «Ірынкі», відаць, як шмат працаваў аўтар над гэтай драмай. Кудраўцаў. Выдаючы біблейскія тэксты, доктар лекарскіх і свабодных навук клапаціўся аб пашырэнні і ўдасканаленні асветы. С. Александровіч. Валя дрыжачымі пальцамі выняла з канверта ліст і ўпілася вачыма ў надрукаваны на машынцы тэкст. Карпаў. // Урывак з якога‑н. твора славеснасці, прызначаны звычайна для навучальнай мэты. Чытанне лацінскіх тэкстаў. Пераклад англійскага тэксту.
2. Пісьмовы дакумент, акт і пад. у адрозненне ад заўваг, каментарыяў да яго. // Асноўная частка набору без падрадковых заўваг, спасылак і пад. Набраць тэкст корпусам, а зноскі петытам. Зноска пад тэкстам.
3. Словы, на якія напісана музыка. Раманс Чайкоўскага, тэкст Фета. Тэкст песні.
4. Спец. Шрыфт буйнога памеру (каля 8 мм).
[Ад лац. textum — сувязь, злучэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узнагаро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Плата, дар за якія‑н. заслугі і пад. [Кастусь чытае:] «За галаву атамана вызначаецца ўзнагарода — 15 тысяч марак польскіх». Крапіва. Хлопцы не спяшаліся выходзіць, яны азіраліся па баках, нібы чакаючы ўзнагароды за сваю знаходку. Кавалёў. — Ну, Тром-сын, — кажа цар, — цяпер прасі ў мяне якой хочаш узнагароды. Якімовіч. Першы дзень мая прынёс яе [радасць], нібы ўзнагароду за ўсе неспакойныя турботныя ночы і дні. Мележ.
2. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад., якімі адзначаюцца чые‑н. заслугі. Высокая ўрадавая ўзнагарода. □ Як дачка свайго народа, Многа маючы заслуг, І яна [Кацярына] ўзнагароду прыняла з гарачых рук. Броўка. Я, заўважыўшы .. тры калодачкі ўзнагарод на ягоных грудзях, захацеў абняць хлопца яшчэ раз. Брыль. // перан. Падзяка, аддзяка, адплата. [Пан Ружыцкі:] — Перлы вашых тонкіх слоў — лепшая ўзнагарода для мяне. Бажко.
3. Разм. Тое, што і узнагароджанне (у 1 знач.). На тым жа вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын. Дуброўскі.
•••
Знакі ўзнагароды гл. знак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад упэўніць.
2. у знач. прым. Які цвёрда верыць у што‑н., перакананы ў чым‑н. Сын быў упэўнены, што ёсць адна рэвалюцыйная праўда. Чорны. Клаўся ставы спаць ужо нават упэўнены, што Лапця недзе ў партызанах. Кулакоўскі. // Перакананы ва ўласных сілах, які спадзяецца на сябе. Рос [Быстроў] дужым, вынослівым і ўпэўненым у сабе. Мележ. // Які выражае ўпэўненасць, перакананасць. Васіль Іванавіч стаяў па трыбуне і ўпэўненым голасам расказваў аб дасягненнях жывёлаводаў. Шашкоў. Ва ўсіх па змораных тварах разгубленасць, і толькі ў Чыжыка ўпэўнены погляд. Лупсякоў.
3. у знач. прым. Рашучы, энергічны. Тацяна ўпэўненымі гаспадарчымі рукамі ўпарадкавала небагатыя клумкі Марыны Паўлаўны. Зарэцкі. Не ў пошуках хлеба, зямлі ці заробку, З Прыпяці трапілі людзі сюды, — На заклік Радзімы ўпэўненым крокам Прыйшлі будаваць яны край малады. Жычка. Рухі ў.. [Цімкі] былі ўпэўненыя, эканомныя, стрыжаныя. Карпаў.
•••
Будзь упэўнены — не сумнявайся, не турбуйся, усё будзе так, як трэба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цяпе́р, прысл.
1. Зараз, у гэты момант. — Цяпер [цягнік] паімчыць пад горку.. Ці ўправіліся хаця нашы там? — і ў голасе маладога камандзіра чулася трывога за сваіх, за падрыўнікоў. Лынькоў. — Цяпер улева бярыся, бо там вунь яма, — усміхаецца з берага дзед. Брыль. // На гэты раз. Потым стаў ён нападаць: Гоп аб землю палкай з маху — Людзі ў рогат: «Ха-ха-ха! Ах, каб ты, Хлапец, прапаў: І цяпер вось не папаў». Крапіва. // У час, які ахоплівае нядаўняе мінулае і бліжэйшае будучае; у сучасны момант, які проціпастаўляецца даўнейшым часам. Цяпер паляшук — гаспадар свайго лёсу, смела бярэцца за ператварэнне прыроды, прымушае яе служыць сабе. Краўчанка. І цяпер мне тая музыка, Як жывая, ўспамінаецца. Колас.
2. Ужываецца пры пераходзе да наступнай тэмы гаворкі: далей. [Пніцкі:] — Добра там.. Апанас Сегень кажа, што пра жніво загадзя трэба падбаць. Цяпер пра сябе. Чаму мяне не ўпісалі ў сталярную брыгаду? Чорны.
•••
Не цяпер, дык у чацвер — у бліжэйшым будучым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чацвёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Лічба 4. Напісаць чацвёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 4), якія нумаруюцца лічбай 4.
2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем «добра». Тарас Яцэвіч скончыў у тым годзе сярэднюю школу. Праўда, не зусім удала: з тройкамі і чацвёркамі. Якімовіч. Клава думала цяпер і пра тыя тры балы, якіх яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта «тройка» па пісьму і «чацвёрка» па хіміі. Кавалёў.
3. Ігральная карта, дошчачка даміно з чатырма ачкамі. Чацвёрка пік.
4. Запрэжка ў чатыры кані. Вёз [гаспадар] на .. [кабыле] дровы з лесу, ажно тыц! — едзе пан на чацвёрцы. Бядуля.
5. Колькасць каго‑, чаго‑н. у чатыры адзінкі; чатыры аднародныя прадметы. Чацвёрка самалётаў. □ Потым аблічча яго праяснялася, Аляксандр развясельваўся, падыходзіў да Уладзіка, ці да Сымона, або да Андрэя — гэта была самая знітаваная чацвёрка ў камеры. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Праводзіць па чым‑н. чым‑н., пакідаючы след, лінію. Лупіла [бульбу] на дранікі, спраўна, мерна, цыркала па тарцы. Мележ. // Хутка пралятаючы, зачэпліваць, кранаць што‑н. Ластаўкі вырываліся са сваіх гнёздаў і чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях спакойнай ракі. Грахоўскі. // Рэзка праводзячы па карабку або па чым‑н. цвёрдым, прымушаць гарэць (запалкі). Гамыра чыркае запалку. Колас. Усе маўчалі: хто закусваў, а хто чыркаў запалкаю аб карабок — адразу ж прыкурваў чарговую цыгарэту. Сіпакоў. // Закранаць, драпаць па чым‑н. у час руху. Чыркаючы палачкай па дарозе, ён бадзёра крочыў і праз вялікія рагавыя акуляры аглядаў балота. Дуброўскі.
2. Хутка, спяшаючыся, пісаць што‑н. Я азірнуўся назад, у правы куток, дзе .. нешта цыркала на кавалку паперы Юнона. Мыслівец. Старшыня маўчаў, нешта чыркаў асадкай па паперцы. Галавач.
3. Утвараць характэрныя гукі, спяваць (пра некаторых птушак). Недзе на Доўгіх пад самым месяцам чыркалі, што ўсё адно шасталі трысцём, дзікія качкі. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шар, ‑а; мн. шары, ‑оў; м.
1. У матэматыцы — геаметрычнае цела, якое ўтворана вярчэннем круга вакол свайго дыяметра. Паверхня шара. Плошча шара. Радыус шара.
2. Прадмет, які мае такую форму. Більярдны шар. □ Каляровыя шары Пралятаюць угары, Як за птахам птах у вырай. А. Александровіч.
3. Уст. Прадмет такой формы для галасавання, а таксама сам голас за або супраць. Пытанне аб дапушчэнні Скарыны да экзаменаў было вырашана, па прапанове Мусаці, балатыроўкай шарамі. Алексютовіч. Вежа ўзяў шар першы. Памарудзіў і, схіліўшы сівую галаву, апусціў яго ў белую палову урны. Караткевіч.
•••
Зямны шар — планета Зямля.
Паветраны шар — а) сферычны аэрастат; б) дзіцячая цацка ў выглядзе абалонкі, напоўненай паветрам або газам, лягчэйшым за паветра.
Чорны шар — выбарчы шар, які азначае: «супраць абрання».
Пробны шар — а) (уст.) шар, які выпускаецца для выпрабавання ўмоў палёту; б) пра які‑н. учынак, прыём, пры дапамозе якога імкнуцца высветліць што‑н.
Хоць шаром пакаці гл. пакаціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шо́рсткі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае нягладкую паверхню; шурпаты. Уздоўж плота разасланым палатном ляжаў тратуар: асфальт быў шэры і шорсткі, як каровін язык. Адамчык. Дуб лугавы. Сланечнік з лісцем шорсткім. Пысін. // Не эластычны, не мяккі, агрубелы, жорсткі (пра скуру, а таксама пра часткі цела, пакрытыя такой скурай). Рука ў .. [Балюты] была цёплая, цвёрдая і шорсткая — у дробных белых пісягах. Пташнікаў. // Які мае грубую, калючую паверхню або ворс; колкі навобмацак. А .. [Зося], тручыся шчакою аб шорсткі шынель, усё паўтарала тое ж самае. Карпаў. Дотык.. [дзядзькавай] калючай шорсткай барады я, здаецца, і цяпер адчуваю на сваім твары. Дамашэвіч. // Калючы, цвёрды. Снег не здаваўся такім мяккім, як раней, а шорсткім і грубым. Асіпенка. Цёплы снег увесь у цёмных крапках, Шорсткі, наздраваты і тугі, Ціха асядае. Толькі ў шапках Журацца далёкія стагі. Грахоўскі.
2. перан. Рэзкі, рашучы; з цвёрдым характарам. [Андрэенка] быў энергічны, шпаркі ў рашэннях, часам шорсткі і гарачы, аднак да першага сакратара ставіўся з павагай. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эпапе́я, ‑і, ж.
1. Адзін з жанраў эпасу — вялікая паэма, у якой апісваюцца буйныя гістарычныя падзеі. Эпапеі Гамера. // Вялікі празаічны літаратурны твор, серыя твораў, у якіх адлюстроўваюцца значныя гістарычныя падзеі або падзеі, што прадаўжаюцца значны час. Раман «Сокі цаліны» [Ц. Гартнага] быў задуманы як эпапея жыцця і рэвалюцыйнай барацьбы працоўных мае царскай Расіі. Пшыркоў. Паказу суровай і цяжкай бітвы народаў за сцвярджэнне міру і паўнацэннага чалавечага шчасця на зямлі Ілья Эрэнбург прысвяціў свой новы раман «Дзевяты вал», які з’яўляецца працягам «Буры» і складае другую частку эпапеі аб Айчыннай вайне і лёсе чалавецтва ў пасляваенны час. «Полымя». // Разм. Вуснае апавяданне пра што‑н., звычайна доўгае, насычанае падрабязнасцямі, падзеямі. Пра паншчыну стары пастух апавядаў мне цэлыя эпапеі. Бядуля. І пойдуць цэлыя эпапеі пра гэтага каня, толькі слухай, не перабівае. Кулакоўскі.
2. перан. Шэраг буйных, значных падзей, якія ўтвараюць адзінае цэлае. Эпапея грамадзянскай вайны. Эпапея абароны Севастопаля. □ Саляная эпапея працягвалася ледзь не тры месяцы. Навуменка.
[Грэч. epopoiïa ад épos — слова, апавяданне і poieō — ствараю.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)