1) працэсуальная дзейнасць упаўнаважаных законам органаў ці службовых асоб, якая заключаецца ў даказванні віны асобы, што прыцягваецца да крымін. адказнасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае 3 віды абвінавачвання: дзярж. (падтрымлівае пракурор), грамадскае (падтрымлівае ўпаўнаважаны прадстаўнік грамадскай арг-цыі ці прац. калектыву) і прыватнае (падтрымлівае пацярпелы або яго прадстаўнік — адвакат).
2) Змест абвінаваўчага тэзіса, сфармуляванага ў пастанове аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага, а таксама ў абвінаваўчым заключэнні, выступленні абвінаваўцы ў судзе, у абвінаваўчым прыгаворы суда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́-БАКА́Р (Абакараў) Ахмедхан
(н. 12.12.1931, аул Кубачы, Дагестан),
даргінскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Дагестана (1969). Скончыў Літ.ін-т імя Горкага (1956). Аўтар аповесцяў «Даргінскія дзяўчаты» (1958), «Каралі для маёй Серміназ» (1965), «Сонца ў «Арліным гняздзе» (1975), «Мама, запалі сонца» (1983) і інш.Нац. каларыт у яго творах падкрэсліваюць шматлікія фалькл. элементы (прытчы, легенды, анекдоты). Выступае як драматург, кінадраматург, піша для дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВУА́РЫ (ад франц. avoir маёмасць, набытак),
1) актывы (грашовыя сродкі, вэксалі, чэкі, пераводы, акрэдытывы), за кошт якіх робяцца плацяжы і пагашаюцца абавязацельствы іх уладальнікаў; у вузкім сэнсе — ліквідная частка актываў (грашовыя сродкі банка на бягучых рахунках, дэпазітах, каштоўныя паперы, якія лёгка рэалізуюцца).
2) Сродкі банка ў замежнай валюце, золаце, якія знаходзяцца на яго рахунках у замежных банках. Сукупнасць такіх сродкаў, што належаць якой-н. краіне, называюць яе замежнымі авуарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАГАЧЭ́ННЕ Я́ДЗЕРНАГА ПА́ЛІВА,
штучнае павелічэнне колькасці ізатопа урану 235U, якому ўласціва дзяленне, у сумесі інш.яго ізатопаў. Бывае слабае (да 2%, дае ядзернае паліва для энергет. рэактараў) і высокае (да 92%, для даследчых і трансп. рэактараў гэтага тыпу). Робіцца фіз. метадамі раздзялення ізатопаў у многаступеньчатых апаратах з выкарыстаннем газавай ці тэрмічнай дыфузіі, цэнтрыфугавання і інш. метадаў, якія грунтуюцца на розніцы мас атамаў ізатопаў. Абагачэннем ядзернага паліва наз. таксама павышэнне (простым дабаўленнем) у ядз. паліве колькасці падзельнага ізатопа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬДЭР ((Alder) Курт) (10.7.1902, г. Хожаў, Польшча — 20.6.1958),
нямецкі хімік-арганік. Скончыў Кільскі ун-т (1926). У 1936—40 навук. кіраўнік аддзела канцэрна «І.Г.Фарбэніндустры» ў Леверкузене, з 1940 дырэктар хім. ін-та Кёльнскага ун-та. Адкрыў у 1928 сумесна з О.Дзільсам прынцып і распрацаваў асновы дыенавага сінтэзу, даследаваў яго заканамернасці (правіла Альдэра) і стэрэахім. асаблівасці, выкарыстаў гэту рэакцыю для вывучэння хім. саставу рэчываў прыроднага паходжання (тэрпенаў, эргастэрыну і вітаміну D). Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Дзільсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬТДОРФЕР ((Altdorfer) Альбрэхт) (каля 1480, г. Рэгенсбург, Германія — 12.2.1538),
нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Стаяў на чале дунайскай школы. Адзін з пачынальнікаў пейзажа ў зах.-еўрап. жывапісе. Высокая чалавечнасць вобразаў і напружаны каларыт, уласцівыя яго жывапісу, увасоблены ў алтары св. Фларыяна манастыра ў Санкт-Фларыяне (Аўстрыя, 1518), партрэтах («Партрэт невядомай жанчыны», 1525). У праграмным творы «Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем» (1529) выявілася касм. светаадчуванне мастака. Удасканаліў тэхніку афорта: вынайшаў спосаб траўлення медзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬШЭ́ЎСКІ ((Olszewski) Кароль Станіслаў) (29.1.1846, Бранішаў Тарноўскі, Польшча — 24.3.1915),
польскі фізік і хімік. Чл. Кракаўскай АН (1888). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1872). З 1876 праф. Кракаўскага ун-та. У 1883 разам з З.Ф.Урублеўскім упершыню атрымаў вадкі кісларод, у 1895 — вадкі аргон. Адыябатычным расшырэннем сціснутага і ахалоджанага вадароду дабіўся яго звадкавання. У 1896—1905 спрабаваў атрымаць вадкі гелій і дасягнуў пры гэтым т-ры парадку некалькіх кельвінаў. Даследаваў фіз. ўласцівасці кандэнсаваных газаў (метану, цвёрдага азоту і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАДЗІ́РАВАННЕ,
утварэнне плёнкі вокісу электрахімічным спосабам (электролізам) на паверхні метал, вырабаў. Пры анадзіраванні вырабы, апушчаныя ў электраліт, злучаюць з анодам крыніцы току. Вокісныя плёнкі (таўшчынёй 1—200 мкм) маюць павышаную цвёрдасць, гарача- і зносаўстойлівасць, электраізаляцыйныя ўласцівасці, моцна злучаюцца з металам, з’яўляюцца добрай асновай для лакафарбавых пакрыццяў. Анадзіруюць пераважна алюміній і яго сплавы. Анадзіраванне выкарыстоўваюць у машынабудаванні (для аховы вырабаў ад карозіі), прыладабудаванні (для аховы прылад ад мех. і хім. уздзеянняў і дэкар. ўпрыгажэння), самалётабудаванні і радыёэлектроніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКСАГО́Р (Anaxagoras) з Клазамен
(каля 500—428 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф. Заснаваў у Афінах першую прафес. школу філасофіі. З яго твораў захаваліся асобныя фрагменты. У цэнтры натурфілас. вучэння Анаксагора арыгінальная мадэль фізічнай рэальнасці: усё ў прыродзе складаецца з бясконцай колькасці бясконца падзельных часцінак (гамеамерый). Інертная матэрыя прыводзіцца ў рух розумам (нусам). Пазнанне свету адбываецца з дапамогай чалавечага розуму, які абапіраецца на адчуванні. Шэраг здагадак Анаксагора ў астраноміі і матэматыцы развіты навукай пазнейшага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ЕГІ́ПЕЦКІ ДАГАВО́Р 1936аб дружбе і саюзе.
Падпісаны 26 жн. ў Лондане. Пашыраў самастойнасць Егіпта ва ўнутр. і знешніх справах: скасоўваўся інстытут англ. саветнікаў пры ўрадзе Егіпта, павялічвалася егіп. армія, Англія абавязвалася падтрымаць хадайніцтва Егіпта аб уступленні ў Лігу Нацый, фармальна спынялася акупацыя Егіпта англ. войскамі. Адначасова дагавор захоўваў асн.ваен. пазіцыі англічан (у зоне Суэцкага канала ёй дазвалялася трымаць да 10 тыс. войска). Дэнансаваны Егіптам у 1951. Англія прызнала яго адмену па Англа-егіпецкім пагадненні 1954.