трэль ​1, ‑і, ж.

Пералівістае дрыжачае гучанне, якое ўтвараецца хуткім чаргаваннем двух суседніх тонаў. Нясмелае шчоўканне салаўя перайшло ў звонкую, пераліўчатую трэль. Стаховіч. — А ну, дай рог, — сказаў бацька. Прыклаў новы срэбны рог Алеся да вуснаў, апрабаваў, перабраўшы некалькі гукаў, і раптам, як падарыў халоднаму святлу празрыстую трэль. Караткевіч. // Пералівістыя гукі; частыя гукі. А Пракопаў нос вывеў такія грэлі, якіх не выводзіў яшчэ ні разу. Колас.

[Іт. trillo.]

трэль ​2, ‑і, ж.

Спец. Спецыяльна пракладзеная дарога для тралёўкі драўніны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

Перастаць гараваць, супакоіцца. Сэрца Лёнькі крыху ўцешылася.., бо.. [сабака] з’явіўся ў той момант, калі ён, пакрыўджаны Целякоўскім, збіраўся ў прочкі. Грамовіч. // Знайсці ў кім‑, чым‑н. для сябе ўцеху, задавальненне; абрадавацца. Учытаўся ў тыя байкі я і ўцешыўся вялікім адкрыццём: ага, можна пісаць пра ўсё тое, што акружае цябе. Бялевіч. Вестка аб тым, што прыйшоў новы старшыня з рабочых, з завода, мігам абляцела ўсе камунарскія кватэры і прымусіла занепакоіцца адных і ўцешыцца другіх. Барашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ця́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

Разм.

1. Аднакр. да цяпаць.

2. Хапіць зубамі; урваць (пра сабаку і пад.). Паслухмяны Кудлік ашчэрыў зубы, цяпнуў калючы клубок і ўмомант, як уджалены, адскочыў назад. Рылько. Наша ўвага была скіравана на тое, каб .. сабака ўпотайкі не цяпнуў нас за калошу. Сташэўскі. // Выпіць спіртнога. [Яраш:] — Трэба нам з табой, Кірыла, хоць спірту па мензурцы цяпнуць за Новы год. Шамякін.

3. Стукнуць, ударыць каго‑н. Цяпнуць па галаве.

•••

Цяпнуць гора — перажыць цяжкія нягоды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АКІ́НЧЫЦ (Фабіян Іванавіч) (20.1.1886, в. Акінчыцы, цяпер у межах г. Стоўбцы Мінскай вобл. — 7.3.1943),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). У 1906—17 чл. партыі эсэраў. Пра яго жыццё і дзейнасць у 1917—23 звесткі супярэчлівыя. З 1923 на радзіме. З 1926 уваходзіў у кіруючыя органы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Т-ва бел. школы. У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены на 8 гадоў. Вызвалены датэрмінова ў 1930. З 1933 старшыня, прадстаўнік Бел. дабрачыннага т-ва ў Бел. нац. к-це ў Вільні. У 1933 выдаваў (з У.​Казлоўскім) часопіс бел. нацыянал-сацыялістаў «Новы шлях», пачаў ствараць Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю. З 1939 старшыня Бел. бюро прапаганды пры Мін-ве прапаганды Германіі ў Берліне. У 1940 старшыня Бел. к-та ў Варшаве. З пач. 1941 заг. школы прапагандыстаў пад Берлінам. Застрэлены партызанамі ў час знаходжання ў Мінску.

Я.​Вапа.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЦЭНТРЫ́ЗМ (ад антрапа... + цэнтр),

погляд, паводле якога чалавек ёсць цэнтр і вышэйшая мэта светабудовы. Цесна звязаны з тэлеалогіяй. У ант. філасофіі прынцып антрапацэнтрызму сфармуляваны Пратагорам («Мера ўсіх рэчаў — чалавек»), развіты ў этычным рацыяналізме Сакрата. Рысы антапацэнтрызму назіраюцца ў прадстаўнікоў сярэдневяковай філасофіі (патрыстыка, Аўгусцін, Бернар Клервоскі і інш.). Прынцыпова новы характар антрапацэнтрызму набыў у культуры Адраджэння, калі ўвага мысліцеля акцэнтавалася на прыгажосці і велічы чалавека, яго высокім прызначэнні. Элементы антрапацэнтрызму захоўваліся ў класічнай зах. філасофіі (К.​Гельвецый, Л.​Феербах), былі ўласцівы філосафам рэліг. і ірацыяналісцка-экзістэнцыяналісцкай арыентацыі (Г.​Марсель, А.​Камю і інш.). На Беларусі ідэі антрапацэнтрызму вядомы з 11 ст. — з пашырэннем твораў патрыстычнай л-ры. У грамадскай думцы і культуры Беларусі 15—17 ст. зацвярджаецца гуманістычны антрапацэнтрызм Адраджэння. Бел. мысліцелі-гуманісты (М.​Гусоўскі, Ф.​Скарына, Сімяон Полацкі) адстойвалі высокую годнасць чалавека, грамадскае прызначэнне яго дзейнасці, самакаштоўнасць зямнога жыцця.

Г.​У.​Грушавы.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОЛЬФ ((Wolf) Хуга) (13.3.1860, г. Славенградзец, Славенія — 22.2.1903),

аўстрыйскі кампазітар, муз. крытык; прадстаўнік позняга рамантызму, адзін з буйнейшых майстроў камерна-вак. жанру 19 ст. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1875—77), займаўся самастойна. Выступаў з артыкуламі ў абарону новай музыкі, у прыватнасці Р.Вагнера. Стварыў новы тып песні (усяго каля 300), вызначаў яго як «вершы для голасу і фартэпіяна». Звяртаўся да ням., ісп. і італьян. паэзіі. У некаторых песнях відавочная цікавасць да муз. т-ра. Сярод яго твораў: опера «Карэхідор» (1896), муз. драма «Мануэль Венегас» (1897, незак.), сімф. паэма «Пентэсілея» (1885), «Італьянская серэнада» для сімф. арк. (1892); для голасу з фп.: «Вершы Э.​Мёрыке» (1888), «Вершы І.​В.​Гётэ» (1889), «Іспанская кніга песень» (1890), «Старадаўнія напевы. 6 вершаў Г.​Келера» (1890), «Італьянская кніга песень» (1896), «3 вершы Мікеланджэла» (1897).

Літ.:

Вульфиус П. Гуго Вольф и его «Стихотворения Эйхендорфа». М., 1970;

Коннов В. Песни Гуго Вольфа. М., 1988.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАЎ (Натан Майсеевіч) (1.6.1916, г. Магілёў — 3.3.1978),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1935), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1948). У 1965—78 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Найб. значныя творы прысвечаны падзеям Кастр. рэвалюцыі і барацьбе бел. народа ў гады Вял. Айч. вайны: «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год» (1957), «Беларусь. За ўладу Саветаў» (1967), «Рэйд Каўпака» (1948), «Зямля непакораная» (1974). Стварыў партрэты бел. кампазітараў Я.​Цікоцкага (1949), У.​Кандрусевіча (1975), групавы партрэт фехтавальшчыц («Беларускія «мушкецёры», 1971); лірычныя і індустр. пейзажы «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Гомель. Порт» (1963), «Вясна. Сяброўкі» (1967), «Роздум» (1971), «Зацвіло» (1973), «Венецыя. Дажджлівая раніца» (1974), «Новы горад», «Саната», «Мінчанка» (усе 1977), нацюрморты і інш.

Літ.:

Н.​М.​Воранаў /Аўт. тэксту Р.​Р.​Бадзін. Мн., 1979.

В.​С.​Каваленка.

Н.Воранаў. Вясна. Сяброўкі. 1967.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙНА,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на р. Гайна, на аўтадарозе Лагойск—Ілья. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 50 км ад Мінска, 41 км ад чыг. ст. Смалявічы. 710 ж., 302 двары (1996). Малое швейнае прадпрыемства «Гайна», хлебапякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

Упершыню ўпамінаецца гісторыкам 15 ст. Я.​Длугашам. Пасля 1397, верагодна, кн. Вітаўтам у Гайне (Айне) сярод першых на тэр. ВКЛ заснаваны касцёл. Уваходзіла ў Лагойскае княства. З 1512 дзярж. маёнтак у Віленскім ваяв., пасля 1566 дзярж. мястэчка, цэнтр староства ў Мінскім пав. У 1788 пабудаваны новы касцёл (у 1865 ператвораны ў царкву). З 1793 у Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1796 у Барысаўскім пав. Пасля 1861 цэнтр Гайна-Слабодскай вол. У 1886 — 420 ж., 57 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Лагойскага р-на. У 1970 — 915 ж., 256 двароў.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕЦКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1919, 1921,

нацыянальна-вызв. паўстанні супраць англ. калан. панавання ў Егіпце. Зімой 1918 партыя «Егіпецкая дэлегацыя» (Вафд) сабрала подпісы з патрабаваннямі прадаставіць Егіпту незалежнасць. У адказ 8.3.1919 англічане арыштавалі лідэра партыі С.​Заглулу, што стала штуршком да паўстання. 9 сак. ў Каіры прайшла масавая дэманстрацыя пад лозунгамі поўнай нац. незалежнасці, адмены пратэктарату і вываду англ. войск. Кровапралітныя баі адбыліся ў Каіры, Александрыі, Порт-Саідзе і інш. гарадах, паўстанцы вызвалілі значную ч. тэр., стварылі свае органы ўлады. На кароткі час калан. ўлады страцілі кантроль, але кіраўніцтва Вафд не скарыстала момант для арганізацыі нар. мас, і англ. войскі задушылі паўстанне. У снеж. 1921 пасля спробы Англіі навязаць Егіпту нераўнапраўны саюзны дагавор пачаўся новы ўздым вызв. руху. Арышт лідэраў Вафд стаў сігналам да новага паўстання, якое было задушана ў пач. 1922. У лют. 1922 Вялікабрытанія адмовілася ад пратэктарату над Егіптам і фармальна прызнала яго незалежнасць.

У.​С.​Кошалеў.

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н ПА́ВЕЛ II [Iōannēs Paulus; свецкае Вайтыла; (Wojtyla) Кароль Юзаф; н. 18.5.1920, г. Вадавіцы, Польшча],

папа рымскі з 1978. З 1938 вучыўся ў Ягелонскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну працаваў на кракаўскім хім. з-дзе. У 1946 прыняў сан свяшчэнніка. У 1946—48 вучыўся ў Рыме, Бельгіі і Францыі. З 1958 біскуп, з 1963 арцыбіскуп-мітрапаліт кракаўскі; удзельнічаў у рабоце 2-га Ватыканскага сабора. З 1967 кардынал. Пантыфікат І.П.ІІ вядомы адкрытым дыялогам: пасрэднічае ў міжнар. канфліктах, выступае са зваротамі аб міры, праводзіць супольныя малітвы з прадстаўнікамі інш. канфесій. Пры ім праведзена рэформа кананічнага права (1984), выдадзены новы «Катэхізіс каталіцкай царквы» (1992), рэарганізавана Рымская курыя, ажыццёўлены шматлікія кананізацыі і беатыфікацыі. Аўтар прац па праблемах хрысціянскай філасофіі чалавека («Любоў і адказнасць», 1960; «Асоба і ўчынак», 1969; «Пытанні суб’екта маральнасці», 1991), шматлікіх энцыклік, а таксама вершаў, паэм, п’ес.

Н.​К.​Мазоўка.

Іаан Павел II.

т. 7, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)