падсле́дны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і паддопытны. Падследны насцярожана павярнуў галаву да сведкі. Шамякін. Абое падследных былі затрыманы непасрэдна на месцы замаху і зробленага не адмаўляюць. Мехаў.
падсле́дны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца пад следствам, паддопытны. Падследныя хуліганы. / у знач. наз. падсле́дны, ‑ага, м.; падсле́дная, ‑ай, ж. Напрактыкаваныя дэфензіўшчыкі адразу адчулі, што падследны страціў прытомнасць. Машара. А госць, што ўцёк, ты кажаш, Дык той — ні даць ні ўзяць — А быў упаўнаважан З мяне дазнанне зняць. Ну, ясна ж, ён з падследным За стол не мог сядаць. Зуёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папрапада́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Згубіцца, прапасці — пра ўсё, многае. Папрападалі рэчы.
2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць, перастаць існаваць — пра ўсё, многае. Цяпер, калі зірнуць на.. поле, дык яго і не пазнаць: папрападалі межы, а з імі і вузкія шнуры. Колас. [Ева:] — Гляджу, пагладчэлі мае цяляты,.. і лішаі папрападалі. Палтаран.
3. Загінуць, памерці — пра ўсіх, многіх. [Ткачук:] — Бачым, не пройдзем, папрападаем усе. Быкаў. — Шкода ж, папрападаюць малыя, — не здавалася, вяла гаворку пра сваё маці. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пракармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго-што.
1. Даць ежу, забяспечыць ежай, кормам; здабыць каму‑н. сродкі для існавання. Хіба я магу адна са свайго заработку пракарміць, апрануць і вучыць дзяцей. Васілевіч. [Таня:] — Аднак, што б з табою ні здарылася, твая Вера, твая сям’я галоднымі не будуць, жабраваць не пойдуць. Вера пракорміць і сябе і нават табе дапаможа. Машара. Сена далей ад дарог стагаваць трэба. Немцы па дарогах адступаць будуць, дык са злосці чаго не зробяць. А такі статак пракарміць не жартачкі. Асіпенка.
2. Карміць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прына́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Прыцягваючы ўвагу чым‑н. (звычайна кормам), прымусіць наблізіцца (птушку, рыбу, жывёл).
2. Выклікаць жаданне быць, бываць дзе‑н.; прывабіць. [Ніна:] Дык, можа, і арэшнік пасадзіць, вавёрачак прынадзіць на сосны. Кучар. Вось казу прынадзіў Канюшынкай садзік. Шушкевіч. // Выклікаць сімпатыю да сябе. Марылька аж зазлавала была на мяне. Маўляў, гэта я вінаваты — гэтак хлопчыка прынадзіў, што ён не прызнае яе за маму. Сабаленка. // Прыцягнуць да якой‑н. справы. За доўгі час удалося яму прынадзіць толькі з паўсотні чалавек. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысні́ць, ‑сню, ‑сніш, ‑сніць; зак., каго-што.
Убачыць у сне. — Багаты будзеш, Янка, раз прысніў такі сон. — Калі б гэта была праўда, дык я гатоў яшчэ прысніць яго, — жартаваў Янка. Колас. Жартаўлівы смех дзявочы, Галасы-званочкі... Ці прысніў я, ці то ява?.. Праціраю вочы... Лойка. І чаго толькі мне не ўяўлялася! Неяк раз нават прысніў, быццам Наташа знайшла планшэтку і, замест таго, каб папярэдзіць нас, занесла яе ў сваю школу... Шыловіч. / у вобразным ужыв. Крумкач глюгу звесіў Над згніўшай калодай... Прысніла Палессе Мінулыя годы. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыўда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
Разм.
1. Пачаць рабіць што‑н. вельмі энергічна, інтэнсіўна. Стопчам [лапаць] — дык атопкам Пыл уздымем хмарай, На ўсю вёску ёмка Свіснем ды прыўдарым! Танк. // Стаць мацнейшым (пра дождж, мароз і пад.). За ноч намяло гурбы снегу. Прыўдарыла, сілу сваю разамкнула сіверная зіма. Баранавых. А дождж, як на тое ліха, прыўдарыў мацней. Хомчанка.
2. за кім. Пачаць заляцацца (да жанчыны). — У такую, як Наталля Максімаўна, нельга не закахацца. Прызнаюся.., што, каб ты не апярздзіў мяне, прыўдарыў бы я за ёю... Дудо.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пустапа́сам, прысл.
Разм.
1. Без пастуха. Каровы ходзяць пустапасам.
2. Без дагляду, без нагляду; сам (сама) па сабе (пра дзяцей). — У вайну загінулі абое [бацькі], дык пры цётцы і гадуецца. А ў той сваіх пяцёра... Вось і паспрабуй за ўсімі прыгледзець. Ну і жыве, небарака, пустапасам. Ляўданскі. // Без сям’і, халасцяком. — Ды не цягаліся б вы гэтак доўга пустапасам, — гудзеў за сцяною дзед. — Знайшоў адзін з другім добрую дзеўку і жаніся, чаго ж... Брыль.
3. Без справы, без занятку. Пустапасам труцень жыў, Неяк з пчоламі здружыў... Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскрыча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Разм.
1. Падняць моцны крык. А калі вечарам прыйдуць з работы сын з нявесткай, дык дзеці часамі і раскрычацца, то да маткі, то да бацькі прыстаюць. Колас. — Дзядуля, а чаго .. так раскрычаліся? — спытаў Андрэйка. Ляўданскі.
2. на каго. Пачаць гаварыць павышаным тонам; накінуцца на каго‑н. з крыкам. — Ну, ты, таго, не крыўдуй, што я раскрычаўся так. Галавач. Бацькі нашага тады яшчэ дома не было, ён быў у палоне .., і маці наша раскрычалася на Радчукоў, абзывала іх усякімі брыдкімі словамі... Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак.
1. што. Кусаючы, раздзяліць на часткі. Раскусіць арэх. Раскусіць цукерку. □ Федзя і маці ўзялі па ягадцы ў рот, раскусілі і засмяяліся. Хомчанка. Забалелі ў вавёрачкі зубкі. — Не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі. Вітка.
2. перан.; каго. Разм. Распазнаць, добра ўведаць. — А што да гэтага Капейкі, — сказаў я, спыніўшыся прыкурыць у Гаўруся, — дык я яго з першага вечара раскусіў. Брыль. Косця раскусіў іх [фашыстаў] каварную задуму і адмовіўся прымаць лякарства. Пятніцкі. Ужо і раней раскусіў я ў .. [Рабэйку] шляхцюка, але раней ён быў такі няшчасны... Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распарадзі́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Аддаць загад; загадаць. [Мікітка] зараз жа распарадзіўся паслаць у вёску Міхалку Крупіка. Колас. — Дык збірайся, і каб да вечара выехаў, — распарадзіўся маўклівы і заўсёды стомлены прараб. Б. Стральцоў.
2. Абысціся з кім‑н. або з чым‑н. тым або іншым чынам. Ні весткі, ні паўвесткі стуль. Адна даверлівасць прадбачання салдата. Ды гнаць адкуль, што лёсам Сашкі-брата Інакш, распарадзілася вайна. Чэрня. // Спатрэбіць, скарыстаць што‑н. Тысяча на сяле немалыя грошы. Калі па-гаспадарску, то можна імі разумна распарадзіцца. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)