старажытныя плямёны, якія жылі ў гіст. вобласці Лурэстан (ПдЗ сучаснага Ірана) у 2—1-м тыс. да н.э.Этн. прыналежнасць дакладна невядома. Часткова насялялі дзяржаву Элам. З сярэдзіны 18 ст. да н.э. рабілі набегі на Вавілонію, да пач. 16 ст. заваявалі, у 1518—1157 да н.э. правілі ў ёй (т.зв. касіцкая дынастыя; найб.вядомы помнік архітэктуры гэтага перыяду — храм 15 ст. да н.э. цара Караіндаша ва Уруку).
Апошняга цара касіцкай дынастыі Эліль-надзіна-аху [1159—57 да н.э.] скінуў цар Элама Шутрук-Нахунтэ I, які заваяваў Вавілонію і падпарадкаваў К. У ант. крыніцах у апошні раз К. згадваюцца ў 324 да н.э. пры Аляксандру Македонскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАКО́МБЫ (італьян. catacomba ад позналац. catacumba падземная грабніца),
падземныя памяшканні прыроднага або штучнага паходжання. Выкарыстоўваліся ў старажытнасці пераважна для правядзення рэліг. абрадаў (яўрэямі і раннімі хрысціянамі) і пахаванняў. Вядомы ў Італіі у наваколлі Рыма (лабірынты вузкіх галерэй даўж. каля 900 км з невял. заламі 2—4 ст.), у Неапалі, на в-ве Сіцылія, Егіпце (Александрыя), Венгрыі, Германіі, Паўн. Афрыцы, Кіеве, на Балканах і інш. Звычайна ўпрыгожваліся размалёўкай. Тэрмін «К.» ўжываецца ў адносінах да спецыфічных пахаванняў бронз. веку (гл.Катакомбавая культура) паўд.-рус. стэпаў. К. таксама называюць і пакінутыя б. падземныя каменяломні. Яны выкарыстоўваліся ў час рэв. і ваен. падзей падпольшчыкамі і партызанамі (г. Адэса, Керч на Украіне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІДА́НІ, кітаі,
саюз манголамоўных плямён, якія ў сярэднія вякі качавалі на тэр. Манголіі і Маньчжурыі. Вядомы з 4 ст. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, рэлігія — шаманізм. У 907 К. ўзначаліў Елюй Абаоцзы, які заснаваў імперыю Ляо (916—1125). У 926 К. заваявалі дзяржаву Бахай, пазней пакарылі Паўн. Кітай і дзяржаву чжурчжэняў. Развіваліся горадабудаўніцтва, рамёствы, навука, л-ра, вынайдзены пісьменнасць і кнігадрукаванне (ксілаграфія). У пач. 12 ст. імперыя Ляо разгромлена чжурчжэнямі і ў 1125 спыніла існаванне. Частка К. на чале з Елюй Дашы ў 1124 адкачавала ва ўсх. Туркестан і Сярэднюю Азію, дзе стварыла Каракітаяў дзяржаву.
Літ.:
Е Лун-ли. История государства киданей: Пер. с кит. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЦЯПЁРЫЯ (Crossopterygii),
выкапнёвыя касцістыя рыбы. 5 атрадаў. Вядомы з ранняга дэвону (каля 400 млн.г. назад), росквіту дасягнулі ў сярэднім і познім дэвоне. У сярэднім дэвоне далі пачатак наземным пазваночным. 1 сучасны від — латымерыя. На Беларусі рэшткі К. (луска), па якіх вызначаюць узрост геал. адкладаў, знойдзены ў пясчана-гліністых адкладах сярэдняга і верхняга дэвону (віцебскі, нароўскі, старааскольскі і пашыйска-кынаўскі гарызонты) Аршанскай упадзіны. К. — жыхары марскіх і прэсных вадаёмаў.
Даўж. выкапнёвых форм ад 7 см да 5 м, латымерыі — да 1,8 м, маса да 95 кг. Цела верацёнападобнае, з моцным хвастом, укрыта вял. тоўстымі акруглымі лускамі-шчыткамі Мелі парныя шырокія плаўнікі з шкілетнай воссю, якімі маглі апірацца на дно. Драпежнікі. Яйцажывародныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛО́НЫ, краншнэпы (Numenius),
род птушак сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Вядомы з верхняга эацэну Еўропы і Паўн. Амерыкі. 8 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясах, стэпах, на лугах, балотах. На Беларусі 2 віды: К. вялікі (N. arquata), нар. назвы — кулён вял., бакас вял., і К. сярэдні (N. phaeopus); абодва занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У Чырв. кнізе МСАП К. эскімоскі (N. borealis).
Даўж. да 70 см, маса да I кг. Апярэнне шэрае. Дзюба доўгая (да 18 см), тонкая, загнутая ўніз. Ногі доўгія, пальцы пры аснове злучаныя невял. перапонкай, задні палец добра развіты. Крылы доўгія. Кормяцца беспазваночнымі, часам ягадамі і насеннем. К. вял. плаваюць. Манагамы. Гнёзды на зямлі. Нясуць 4 яйцы. Аб’екты палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНІ́ЦЫ (Martes),
род млекакормячых сям. куніцавых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць пераважна ў лясах, расколінах скал, трапляюцца ў паселішчах. У прыродзе вядомы гібрыд собаля і К. лясной — кідас. На Беларусі 2 віды: К. каменная (M. foina), нар. назва беладушка, і К. лясная (M. martes), нар. назва жаўтадушка.
Даўж. цела да 80 см, хваста да 50 см, маса да 8 кг. Тулава выцягнутае, гібкае. Футра мяккае, пушыстае, у афарбоўцы пераважаюць бурыя і карычневыя адценні. На горле і грудзях звычайна светлая пляма. Селяцца ў дуплах, гнёздах буйных птушак і вавёрак. Актыўныя ўначы. Кормяцца грызунамі, птушкамі, арэхамі, ягадамі, пладамі. Пераважна палігамы. Нараджаюць 1—8 дзіцянят. Аб’ект промыслу і зверагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЬНІК, арніка (Arnica),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — К. горны (A. montana, нар. назвы гарнік, касцян, лясны цітун, баравы гваздзік), занесены ў Чырв. кнігу. Расце курцінамі на палянах, узлесках, балоцістых лугах. Як лек. сродак вядомы з 11 ст. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны К. аблісцелы (A. foliosa) і К. Шамісо (A. chamissonis).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны з апушанымі сцёбламі выш. 20—100 см. Лісце суцэльнае або рэдказубчастае ў прыкаранёвай разетцы. Кветкавыя кошыкі буйныя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Абгортка з зялёных лісцікаў, двухрадковая. Плод — граністая сямянка з чубком з перыстых валаскоў. Меданосныя, лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫМЕ́РЫЯ,
цэлакант (Latimeria chalumnae), рыба атр. цэлакантападобных надатр. кісцяпёрых; адзіны сучасны від. Рэшткі Л.вядомы з дэвонскага перыяду (больш за 380 млн. гадоў назад). Лічылася вымерлай больш за 100 млн. гадоў назад. Пашырана ў Інд.ак. каля берагоў Паўд.-Усх. Афрыкі (Каморскія а-вы). Упершыню злоўлена ў 1938 каля вусця р. Халумна; апісана паўднёваафр. вучоным Дж.Смітам (1939). Жыве каля дна на глыб. да 800 м і больш.
Даўж. больш за 1,8 м, маса да 95 кт. Самкі буйнейшыя за самцоў. Хвост трохлопасцевы, парныя плаўнікі маюць кароткую цэнтр. вось. Луска буйная, масіўная. Маларухомыя, карыстаюцца плаўнікамі для плавання і апоры на грунт. Кормяцца рыбай. Яйцажывародныя.
Літ.:
Смит Дж.Л.Б. Старина Четвероног: Пер. с англ.М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НДЗЬЕЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура энеаліту (4—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі, Усх. Германіі і Зах. Украіны. Назва ад паселішча каля в. Лендзьель недалёка ад г. Печ у Венгрыі. Насельніцтва займалася матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах, размешчаных на высокіх мысах каля рэк, у паўзямлянках з глінянымі печамі і гасп. ямамі. Вядомы майстэрні для вытв-сці крамянёвых прылад працы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы або трупаспаленне. Вырабляліся крамянёвыя, касцяныя і медныя прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні. Характэрны керамічныя амфары, чашы, міскі, келіхі, арнаментаваныя размалёўкай белага ці чорнага колеру, штампамі, разнымі ўзорамі Сустракаюцца гліняныя антрапаморфныя фігуркі і мадэлі жытлаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ННІК (Lunaria),
род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. ажываючы (L. rediviva), занесены ў Чырв. кнігу. Вядомы месцы росту ў Мінскай (Налібоцкая пушча) і Віцебскай абласцях. Расце каля ручаёў і крыніц у густых лісцевых і хвойна-шыракалістых лясах, часам утварае зараснікі. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны Л. аднагадовы (L. annua).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 120 см. Сцябло прамастойнае. Лісце сэрцападобнае, буйназубчастае. Кветкі ліловыя, пахучыя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — плоскі стручок даўж. да 5 см. Пры выспяванні створкі з насеннем аддзяляюцца, на расліне застаюцца белыя, празрыста-плевачныя з перламутравым адлівам бліскучыя перагародкі. Дэкар. расліны.