Візі́р1 ’відашукальнік (у фота- і кінаапараце)’; ’частка прыцэльнага прыстасавання з вузкай шчылінай’; ’прылада для візіравання’ (КТС, БРС). Паходзіць з рус. визир < ням. Visier ’мішэнь’ (Фасмер, 1, 313) < лац. visus ’від, выгляд’.

Візі́р2 ’міністр, высокі саноўнік у Турцыі і іншых мусульманскіх дзяржавах’ (БРС). Паходзіць са ст.-рус. формы визирь < араб.-тур. väzir. Гл. Фасмер, 1, 313.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Насу́па ’пануры, злосны чалавек’ (Марц., Бяльк.), насупава́ты ’няветлівы, змрочны чалавек’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), насупя́чыцца ’нахмурыцца’ (ТС), насу́піцца ’пакрыўдзіцца да слёз’ (Юрч. Сін.), ’нахмурыцца; натапырыцца’ (Сл. ПЗБ, ТС, Пятк. 2), ст.-бел. насупиласѧ кожа на лици (XVI ст., Карскі 2–3, 283), укр. насу́питися ’нахмурыцца’, насу́пуватий ’які мае суровы выгляд’, рус. насу́питься ’нахмурыцца’. Да су́піць ’хмурыць’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мамзэль ’маленькі гаршчок ёмістасцю ў 1 кг’, мамзэлік ’гаршчочак на 2 фунта жыта і меншы’ (Вяр.Крыв., Сл. Брэс.). Няясна. Можна, аднак, дапусціць семантычны перанос паводле падабенства (знешні выгляд, фігура) з рус. мамзель ’гувернантка’, якое з ням. Mamséll ’гувернантка-францужанка’ < франц. mademoiselle ’паненка’ (складаецца з ma ’мая’ і demoiselle < лац. domonicella — памяншальнае да domina ’пані дому’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАН-ДЭР-ВА́АЛЬСА ЎРАЎНЕ́ННЕ,

адно з першых ураўненняў стану рэальнага газу. Прапанаваў Я.Д. ван дэр Ваальс (1873). Улічвае канечнасць аб’ёму малекул і сілы ўзаемадзеяння паміж імі.

Для моля газу аб’ёмам V пры т-ры T і ціску p мае выгляд (p + a / V​2) (V-b) = RT, дзе R — універсальная газавая пастаянная, a і b — эксперыментальныя канстанты для кожнага асобнага газу, абумоўленыя адхіленнем уласцівасцей рэальнага газу ад ідэальнага (a улічвае прыцяжэнне малекул у выніку міжмалекулярнага ўзаемадзеяння, b — адштурхоўванне малекул на блізкіх адлегласцях). Пры вял. V (моцна разрэджаны газ) Ван-дэр-Ваальса ўраўненне пераходзіць ва ўраўненне стану ідэальнага газу (гл. Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне).

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯНЕ́Т (франц. baïonette літар. штык),

1) першапачатковая назва штыка, вынайдзенага ў сярэдзіне 17 ст. ў Францыі. Мае выгляд нажа (пакарочанага кап’я), ручка якога ўстаўляецца ў канал ствала ружжа. У некаторых краінах (напр., Расіі) наз. багінетам (іл. гл. да арт. Штык).

2) Хуткае злучэнне дэталяў, пры якім адну дэталь, што мае прарэз, насаджваюць на інш. дэталь з адпаведным выступам і пакручваюць так, каб выступ стопарыў дэталь. Выкарыстоўваецца для замацавання дэталяў у патронах металарэзных станкоў, аб’ектываў у фотаапаратах і інш.

Да арт. Баянет: а — без запорнага прыстасавання; б — з замком; в — з вінтавым пазам; 1, 2 — злучальныя дэталі; 3 — штыфт; 4 — запорная спружына.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗАВА́Я МА́РКА,

знак для абазначэння мінімальнай вышыні надводнага борта судна пры поўнай яго загрузцы ў розных умовах плавання.

Мае выгляд круга, перасечанага па цэнтры гарыз. лініяй, якая паказвае найб. дапушчальную асадку судна ў марской вадзе (у летні час у зоне ўмеранага клімату), і 6 гарыз. ліній, якія паказваюць гранічнае апусканне яго ў залежнасці ад раёна плавання, пары года, характару вады. Наносіцца на барты судна.

Грузавая марка марскога судна: а — надводны борт па летнюю грузавую марку; лініі асадкі: ТП і П — для прэснай вады ў трапічнай і ўмеранай зонах; Т — трапічная; Л і З — летняя і зімовая ва ўмеранай зоне; ЗПА — зімовая ў Паўн. Атлантыцы.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГО́ЛЬНІК,

ударны музычны інструмент высокага рэгістра класа ідыяфонаў. Мае выгляд раўнабедранага трохвугольніка са стальнога прэнта (дыяметр каля 10 мм), незамкнёнага ў адным з вуглоў. Пры ўдары па вугольніку тонкім стальным цвіком ці палачкай ад малога барабана ўзнікае гук неакрэсленай вышыні, адрывісты або трэмалюючы, звонкі, празрысты, пяшчотнага тэмбру. Вугольнік вядомы з 16 ст., з 18 ст. выкарыстоўваецца ў аркестрах (спачатку ў ваенным, пазней у сімф.). У бел. нар. муз. практыцы пашыраны як рытмічна-каларыстычны інструмент у ансамблях са скрыпкай, гармонікам, цымбаламі, дудкай і бубнам пры выкананні танцаў, вясельных маршаў. Быў найб. вядомы на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, у некаторых раёнах Міншчыны і Гродзеншчыны. Зараз сустракаецца рэдка.

І.​Дз.​Назіна.

Вугольнік.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЖО́ВЫЯ (Colubridae),

сямейства змей, 7—8 падсям., больш за 200 родаў, каля 1700 відаў (больш за 60% сучасных змей). Пашыраны на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Наземныя, рыючыя, дрэвавыя, паўводныя і водныя. Найб. вядомыя: вуж звычайны, мядзянка, полазы, страла-змяя. На Беларусі 2 віды — вуж звычайны і мядзянка, занесеная ў Чырв. кнігу.

Даўж. 10—350 даўж.. Выгляд і афарбоўка разнастайныя. Цела ўкрыта зверху аднароднай гладкай або рабрыстай луской, знізу брушнымі шчыткамі. Зубы шматлікія, у некаторых заднія верхнясківічныя больш буйныя і злучаны з ядавітай залозай. Большасць вужовых яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя. Кормяцца беспазваночнымі і дробнымі пазваночнымі. Здабычу душаць або паядаюць жывой. У Чырв. кнізе МСАП 10 відаў.

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ВАДКАВЫЯ ПУПЫ́ШКІ,

спецыялізаваныя органы вегетац. размнажэння ў некаторых папарацепадобных і кветкавых раслін, якія ападаюць і даюць пачатак новым раслінам. Найчасцей маюць выгляд вельмі маленькіх, але сфарміраваных раслінных арганізмаў ці відазмененых цыбулін. Утвараюцца ў пазухах лістоў (напр., чысцяк, зубніца, некат. віды лілей), на лістах па іх краі (брыяфілум), на жылках (напр., папараць аспленіум жывародны), адцягнутых верхавінках лістоў (т.зв. вандроўная папараць з сям. аспленіевых). У псілоту голага (Psilotum nudum) назву вывадкавых пупышак маюць групы клетак, якія размешчаны на канцах рызоідаў, адпадаюць і таксама даюць пачатак новым раслінам. У слаяўцовых раслін (некаторых водарасцей і пячоначнікаў) — адна- ці шматклетачныя ўтварэнні рознай формы і выгляду, прыстасаваныя для вегетац. размнажэння.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЫ (ад лац. galla чарнільны арэшак),

цэцыдыі, мясцовыя паталагічныя разрастанні (новаўтварэнні) тканак раслін. Маюць выгляд бародавак, нарасцей, шарыкаў (напр., т.зв. «чарнільныя арэшкі» на лістах дуба), складак і інш. Выклікаюцца вірусамі, бактэрыямі, грыбамі, нематодамі, кляшчамі, насякомымі (арэхатворкамі, галіцамі, гесенскай мухай, лістаблошкамі, пільшчыкамі, тлямі і інш.). Вядома больш за 15 тыс. разнавіднасцей галаў. Узнікаюць у выніку мех. раздражнення клетак або ўздзеяння хім. рэчываў (таксінаў). У галах назапашваецца вял. колькасць вады і пажыўных рэчываў, за кошт якіх жывяцца паразіты. Аслабляюць расліну, парушаюць абмен рэчываў, затрымліваюць рост і могуць прывесці да гібелі. Галы на дубе, сумаху, фісташцы багатыя дубільнымі рэчывамі, выкарыстоўваюцца для іх прамысл. атрымання.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)