На Салавецкіх а-вах у Белым м. ў Архангельскай вобл. Расіі. Засн. ў 1429—36 манахамі Германам і Саваціем. З 15—16 ст. меў вял. зямельныя ўладанні па берагах Белага м., вёў развітую сельскую гаспадарку, саляны, рыбалавецкі, зверабойны, жалезны і інш. промыслы. Неаднаразова адбіваў напады шведаў (1571, 1582, 1611), у 1613 манастырскі атрад выцесніў з Карэліі войскі Рэчы Паспалітай і б. прыхільнікаў Ілжэдзмітрыя II. У сувязі з непрызнаннем манахамі царк. рэформы патрыярха Нікана адбылося Салавецкае паўстанне 1668—76. З 1765 стаўрапігіяльны, г.зн. непасрэдна падначалены Сіноду манастыр. У крымскую вайну 1853—56 С.м. летам 18 5 4 вытрымаў абстрэл брыт. эскадры. З 16 ст. выкарыстоўваўся як месца зняволення. Сярод вязняў былі пісьменнікі-публіцысты Максім Грэк і Аўрамій Пал шын, касімаўскі царэвіч Сімяон Бекбулатавіч, дыпламат П.А.Талстой і інш. У 1903 салавецкая турма скасавана, у 1920 адноўлена. У 1923 манастыр скасаваны, у 1923—37 на яго тэр. існавалі Салавецкія лагеры асобага прызначэння, у 1937—39 — Салавецкая турма асобага прызначэння. Сярод вязняў сав. часу бел. пісьменнік Ф.Аляхновіч, рус. філосаф П.А.Фларэнскі, даследчык стараж.рус. л-ры Дз.С.Ліхачоў і інш. У 1942—45 тут размяшчалася Школа юнгаў Паўн. флоту. З 1974 на астравах дзейнічае Салавецкі дзярж.гіст.-арх. і прыродны музей-запаведнік. У 1991 манастыр вернуты царкве.
Тэр. С.м. абкружана магутнымі сценамі (выш. 8—11 м, таўшчыня 4—6 м) з 7 варотамі і 8 вежамі (1584—94, майстар Трыфан), складзенымі пераважна з вял. неапрацаваных камянёў-валуноў. Больш за 100 гадоў пабудовы манастыра былі драўляныя, у 1485 і 1538 знішчаны пажарам. Пры перабудове каменныя храмы захавалі рысы папярэдніх драўляных. Ініцыятар перабудовы ігумен П.Колычаў для ўзвядзення манум. храмаў прывёз у 1552 майстроў Салку і Сталыпу. Будынкі комплексу пастаўлены на адной восі, злучаны крытымі арачнымі пераходамі і абкружаны шматлікімі гасп. і жылымі пабудовамі. Сярод помнікаў: Успенскі сабор (1552—57) з трапезнай (1-стаўповая палата пл. 500 м²), Спаса-Праабражэнскі сабор (1558—66, 3-ярусны, з выразнай пірамідальнасцю асн. аб’ёму і 4 вежападобнымі прыдзеламі па вуглах), царква Дабравешчання (1596—1601), іканапісная палата (1615), вадзяны млын (пач. 17 ст.), званіца (1777), цэрквы Філіпаўская (1797—98, перабудавана ў 19 ст.) і Мікалая (1834), Троіцкі сабор (1856—59). У 1930-я г. комплекс пашкоджаны, цяпер у стане рэстаўрацыі. С.м. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Фруменков Г.Г. Соловецкий монастырь и оборона Беломорья в XVI—XIX вв. Архангельск, 1975;
Скопин В.В. На Соловецких островах. М., 1990;
Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ. М.;
Мн., 1990. Т. 2. С. 28—68;
Архитектурно-художественные памятники Соловецких островов. М., 1980;
Скопин В.В., Щенникова Л.А. Архитектурно-художественный ансамбль Соловецкого монастыря. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́К, Іракская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Іракія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, у Месапатаміі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на ПнЗ з Сірыяй, на З з Іарданіяй, на ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй і нейтральнай зонай, на Пд з Кувейтам, на ПнУ з Іранам, на ПдУ абмываецца Персідскім залівам. Падзяляецца на 18 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 434,9 тыс.км². Нас. 22 219 тыс.чал. (1996). Сталіца — г.Багдад. Афіц. мова — арабская і курдская. Нац. свята — 17 ліп. (Дзень Рэвалюцыі).
Дзяржаўны лад. Паводле часовай канстытуцыі 1968 (са зменамі 1973 і 1974) І. — нар.-дэмакр. рэспубліка, эканам. сістэма якой грунтуецца на сацыяліст. прынцыпах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет рэв. камандавання (9 чал., выбіраюцца сярод членаў іракскага кіраўніцтва Партыі араб.сацыяліст. адраджэння). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца Саветам рэв. камандавання сярод яго членаў), які адначасова з’яўляецца старшынёй Савета і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту (250 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады), у склад якога ўваходзіць Курдскі канстытуцыйны савет (50 чал., выбіраюцца ў Курдскім аўт. раёне). Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам, на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большая ч.тэр. краіны занята Месапатамскай нізінай, складзенай з рачных наносаў рэк Тыгр і Еўфрат. Паўд.ч. яе забалочаная. Нізіна нахілена з ПнЗ на ПдУ. На Пн і ПнУ — ускраіны Арм. і Іранскага нагор’яў з хрыбтамі выш. да 3—3,5 тыс.м.Найб. вышыні знаходзяцца каля іракска-тур. граніцы (Усх. Таўр) і на ПнУ (Курдыстанскія горы). Зах.ч. займае плато Сірыйскай пустыні з сярэднімі выш. 300—400 м. Карысныя выкапні: нафта (каля 20 млрд т), прыродны газ (каля 3 трыльёнаў м³), каменны вугаль, каменная соль, жал. і медная руды, фасфарыты, бітум, сера, буд. матэрыялы. Асн. радовішчы нафты і прыроднага газу на Пн каля Кіркука і Масула, на Пд каля Басры. Клімат паўн.ч. міжземнаморскі, паўд. — сухі, трапічны. У межах раўнін сярэдняя т-растудз. ад 7 °C на Пн да 11 °C на Пд, чэрв. ад 32 °C на Пн да 34 °C на Пд. Ападкаў ад 500 мм на Пн (у гарах да 1500 мм) да 50—100 мм за год на Пд. Тэрыторыю І. сярэднім і ніжнім цячэннем перасякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія на Пд зліваюцца і ўтвараюць р. Шат-эль-Араб. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і для суднаходства. У Ніжняй Месапатаміі поймавыя азёры. У пустынных раёнах часовыя вадатокі (вадзі). Расліннасць стэпавая і паўпустынная, на ПдЗ пустынная, у гарах калючыя хмызнякі і рэдкія дрэвы фісташкі, смакоўніцы і інш. Па берагах рэк галерэйныя лясы, насаджэнні фінікавых пальмаў. Лясы займаюць 2% тэрыторыі. Жывёльны свет: газель, дзікі асёл, паласатая гіена, шакал, леапард і інш. Каля 20 запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Жывуць арабы (75%), курды (больш за 20%, пераважна на Пн), туркмены, асірыйцы, іранцы (персы), армяне і інш. Курды і ч. арабаў захоўваюць племянны падзел. У краіне больш за 100 качавых, паўкачавых і аселых плямён. Амаль усе вернікі мусульмане (96%). Сярод іх 60% шыіты, 40% суніты. Сярэдняя шчыльн. 51,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 300 чал. на 1 км²) заселены цэнтр.ч. Месапатаміі, берагі Тыгра і Еўфрата, перадгор’і. У гарадах жыве каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., з прыгарадамі, 1996): Багдад — 4336, Эрбіль — 1743, Масул — 879. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 30%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. На тэр. сучаснага І., якая ў асноўным супадае з Месапатаміяй, існавалі стараж. цывілізацыі; буйнейшыя з іх — Шумер, Асірыя, Вавілонія. З сярэдзіны 6 ст. да н.э.тэр. І. ўваходзіла ў Ахеменідаў дзяржаву, з 4 ст. да н.э. — у дзяржаву Аляксандра Македонскага, потым — у дзяржаву Селеўкідаў, Парфянскае царства У 630-я г. Месапатамія заваявана арабамі і ў 661 увайшла ў склад Амеядаў халіфата. Б.ч. насельніцтва паступова прыняла іслам і араб. мову. Пры Абасідах (750—1258) засн. новая сталіца халіфата Багдад, які стаў паліт. і культ. цэнтрам усяго мусульм. свету. У 1055 Багдад, пазней і ўся Месапатамія заваяваны сельджукамі (гл.Сельджукская дзяржава), у 2-й пал. 13 ст. — манголамі. У канцы 14 — пач. 15 ст.тэр. І. ўвайшла ў склад імперыі Цімура, пасля распаду якой яна стала арэнай барацьбы паміж асобнымі правадырамі манг.-цюрк. родаў, а потым паміж Сефевідамі (гл.Сефевідаў дзяржава) і туркамі. З 17 ст. і да канца 1-й сусв. вайны тэр. І. ўваходзіла ў Асманскую імперыю. З канца 16 ст. І. таксама — аб’ект экспансіі еўрап. дзяржаў, асабліва Англіі, у апошняй чвэрці 19 ст. і Германіі. У 1917—18 брыт.войскі акупіравалі б.ч. Месапатаміі, Багдад і багаты нафтай Масульскі вілает. У крас. 1920 Вялікабрытанія атрымала мандат Лігі нацый на кіраванне дзяржавай І., створанай ёю з трох вілаетаў б. Асманскай імперыі (Басрскага, Багдадскага, Масульскага). Гэта выклікала нац.-вызв. паўстанне, якое летам 1920 ахапіла ўсю краіну. Пасля задушэння паўстання ў кастр. 1920 створаны «нац. ўрад» І., які залежаў ад Вялікабрытаніі. У жн. 1921 краіна абвешчана канстытуцыйнай манархіяй на чале з эмірам Фейсалам I з дынастыі Хашымітаў. У 1922 Вялікабрытанія заключыла з І. т. зв. саюзны дагавор, што замацоўваў у ёй англ. панаванне; падпісаны ў 1930 англа-іракскі дагавор захоўваў паліт., эканам. і ваен. пазіцыі Вялікабрытаніі (гл.Англа-іракскія дагаворы і пагадненні 1922, 1926, 1930, 1948, 1955). У 1932 І. абвешчаны незалежным і прыняты ў Лігу нацый. У 1930-я г. і ў час 2-й сусв. вайны ў краіне адбыўся шэраг паўстанняў курдаў, якія вялі барацьбу за аўтаномію, і дзярж пераваротаў. У пач. 1930-х г. значны ўплыў у краіне мелі камуністы (створаны прафсаюзы, пашырыўся забастовачны рух), у 1934 засн. Іракская камуніст. партыя (ІКП). У пач. 2-й сусв. вайны І. разарваў дыпламат. адносіны з Германіяй. Аднак складаная ўнутр. сітуацыя і антыбрыт. скіраванасць іракскага грамадства спрыялі ўзмацненню прагерм. настрояў. У крас. 1941 адбыўся антыбрыт. дзярж. пераварот Р.А. аль-Гайлані, пасля ліквідацыі якога (май 1941) І. акупіравалі брыт.войскі; у 1943 І. аб’явіў вайну дзяржавам фаш. блоку. І. — адзін з заснавальнікаў Лігі араб. дзяржаў (1945). Яго войскі ўдзельнічалі ў араба-ізраільскай вайне 1948—49 (у выніку з краіны эмігрыравала каля 130 тыс. яўрэяў). У 1948—58 урад ліквідаваў ІКП (у 1949 пакараны смерцю 4 яе кіраўнікі), правёў адм. і эканам. рэформы, перадаў канцэсіі на здабычу нафты ЗША і Вялікабрытаніі. У 1955 І. заключыў з Турцыяй дагавор, які стаў асновай Багдадскага пакта (гл.Арганізацыя цэнтральнага дагавора).
У выніку ваен. перавароту 14.7.1958 (гл.Іракская рэвалюцыя 1958) скінута манархія, І. абвешчаны рэспублікай, прынята часовая канстытуцыя, якая гарантавала роўныя правы ўсім грамадзянам і аўтаномію курдам. Урад ген. А.К.Касема праводзіў палітыку т. зв. пазітыўнага нейтралітэту (у 1959 І. выйшаў з Багдадскага пакта, ліквідаваны замежныя ваен. базы, выведзены брыт.войскі), аднавіў дыпламат. адносіны з СССР. Ва ўнутр. палітыцы Касем карыстаўся дыктатарскімі метадамі, апіраючыся на падтрымку камуністаў. У 1961 успыхнула новае паўстанне курдаў, якія не атрымалі абяцанай аўтаноміі. Прэтэнзіі І. на Тэр. Кувейта выклікалі асуджэнне інш араб. краін. Ваен. пераварот 1963 адбыўся пад лозунгамі антыкамунізму і араб. адзінства; да ўлады прыйшло крайняе правае крыло Партыі арабскага сацыялістычнага адраджэння (БААС). Пачаліся масавыя рэпрэсіі і тэрор, адноўлены ваен. дзеянні супраць курдаў. У выніку дзярж. перавароту 18.11.1963 уладу захапіла ваен. групоўка, якую падтрымлівалі памяркоўныя колы БААС. У 1965 І. разарваў дыпламат. адносіны з ФРГ (пасля прызнання ёю Ізраіля), пасля ізраільска-араб. вайны 1967 — з ЗША і Вялікабрытаніяй (да 1968), налажыў эмбарга на пастаўкі нафты ў гэтыя краіны. 17.7.1968 кіраўнікі партыі БААС ажыццявілі дзярж. пераварот, ген. С.А.Х. аль-Бакр стаў прэзідэнтам і ўзначаліў Савет рэв. камандавання, да якога перайшла ўся ўлада. Аль-Бакр падтрымаў курс на сацыяліст. арыентацыю і цесныя сувязі з СССР. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны замежныя нафтавыя кампаніі, у 1974 курды атрымалі абмежаваную аўтаномію. У 1979 пераемнікам аль-Бакра стаў С.Хусейн. У выніку супярэчнасцей у Савеце рэв. камандавання ч. яго членаў абвінавачана ў спробе дзярж. замаху і пакарана смерцю, рэпрэсіраваны камуністы, палепшыліся адносіны з зах. краінамі (І. разам з інш.араб. краінамі асудзіў інтэрвенцыю СССР у Афганістане). У чэрв. 1980 адбыліся першыя ўсеагульныя выбары (права голасу атрымалі і жанчыны), выбраны парламент — Нац. сход. Пагаршэнне адносін з Іранам прывяло ў вер. 1980 да ірана-іракскай вайны 1980—88, якая нанесла вял.эканам. страты абодвум бакам. Фін. дапамога Саудаўскай Аравіі, Кувейта і Аб’яднаных Араб. Эміратаў дала І. магчымасць аднавіць ваен. патэнцыял. Канфлікт з Іранам паспрыяў паляпшэнню іракска-егіп. адносін (Егіпет пастаўляў зброю для арміі І.), а таксама аднаўленню ў 1984 дыпламат. адносін з ЗША, больш цеснаму супрацоўніцтву з Францыяй (пастаўкі зброі для І.). У жн. 1988 заключана перамір’е з Іранам. У 1990 І. прад’явіў Кувейту непрымальныя фін. і тэр. патрабаванні, і ў жн. 1990 яго войскі акупіравалі Кувейт. Савет Бяспекі ААН асудзіў акт агрэсіі, патрабаваў вываду войск І. з Кувейта. У ліст. 1990 Савет Бяспекі ААН ухваліў рашэнне аб выкарыстанні ваен. сілы супраць І. У студз. 1991 войскі антыіракскай кааліцыі пачалі ваен. дзеянні, якія скончыліся капітуляцыяй І. і прызнаннем ім рэзалюцыі Савета Бяспекі ад 3.4.1991 аб умовах перамір’я. У маі 1992 іракскія курды абвясцілі аб стварэнні сваёй аўт. дзяржавы, але ўрад І. не прызнаў яе і пачаў фактычную эканам. блакаду Курдыстана. Нявырашанасць курдскай праблемы і эканам. крызіс, выкліканы міжнар. санкцыямі, ускладнілі ўнутрыпаліт. сітуацыю ў краіне. І. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты, Араб. лігі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя араб.сацыяліст. адраджэння (БААС) — правячая, Дэмакр. партыя Курдыстана, Патрыят. саюз Курдыстана, Іракская камуніст. партыя (на нелегальным становішчы); Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Аснова эканомікі — здабыча нафты. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) за апошнія гады значна паменшаў (у 1995 да 41,1 млрд.дол.) і складае каля 1,8 тыс. долараў на 1 чал. ў год. Доля ў ВУП нафтаздабыўной і нафтаперапр. прам-сці каля 67%, апрацоўчай прам-сці каля 7, сельскай гаспадаркі каля 6%. Пасля 1958 праведзены агр. рэформы, нацыяналізаваны банкі, страхавыя т-вы, буйныя прамысл. і гандл. прадпрыемствы, створаны дзярж. сектар, у т. л. Іракская нафтавая кампанія. Больш за 75% прамысл. прадукцыі ствараецца ў дзярж. сектары. Эканам. сітуацыя ў краіне пасля агрэсіі супраць Кувейта застаецца складанай. Рашэннямі Савета Бяспекі ААН устаноўлены рэжым санкцый, забаронены экспарт усіх відаў сыравіны, у т. л. нафты і гатовых вырабаў, продаж або перадача ўзбраенняў і ваен. тэхнікі. Гал. галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Максімальны ўзровень здабычы дасягнуты ў 1979—175 млн.т, у 1996—29,6 млн.т. Буйныя нафтапромыслы знаходзяцца на Пн у раёне Кіркука (Джамбур, Бай-Хасан і інш.) і Масула (Айн-Зала, Каяра, Бутма і інш.). Працуюць нафтаперапр. з-ды ў Кіркуку і Эль-Хадыце. Цяжкая нафта з радовішчаў каля Масула перапрацоўваецца на нафтаперапр. з-дзе ў Каяры пераважна на змазачныя маслы. На Пд нафту здабываюць у Эз-Зубайры і Эр-Румайле. Разам з нафтай здабываюць серу і прыродны гаручы газ. У Басры прадпрыемствы па звадкаванні газу. Вядзецца здабыча фасфатаў, мармуру, солі, кварцу. Энергетыка засн. на выкарыстанні нафты і газу. Вытв-сць электраэнергіі 25,7 млрд.кВт∙гадз (1996). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы. Адноснае развіццё атрымала вытв-сцьтэкст. і швейная (Багдад, Масул, Сулейманія, Кербела), гарбарна-абутковая (Багдад, Эрбіль, Масул, Кіркук, Басра, Эль-Кут), буд. матэрыялаў (Сулейманія, Масул, Эль-Куфа, Ум-Каср). Шмат прадпрыемстваў харч. прам-сці (млыны, цукр. з-ды, ф-кі кансервавыя і па апрацоўцы фінікаў). Ёсць прадпрыемствы цэм., шкляной, металаапр., аўтазборачнай, хім., эл.-тэхн., фармацэўтычнай, папяровай прам-сці. За апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваецца ваен.прам-сць. Развіта саматужная вытв-сць абутку, дываноў, ювелірных вырабаў, посуду, цыновак і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі краіны ствараецца ў Багдадзе, Басры, Масуле.
Для развіцця сельскай гаспадаркі прыдатна каля 12 млн.га зямель, пад ворыва выкарыстоўваецца каля 8 млн.га, у т. л. 2,5 млн.га арашаецца. Земляробства развіта пераважна ў Ніжняй Месапатаміі і ў перадгор’ях; у паўд. і цэнтр. раёнах яно выключна арашальнае, у паўн. раёнах — багарнае. Раслінаводства экстэнсіўнага характару. Збожжавыя (гадавы збор каля 2 млн.т) займаюць 90% пасяўной плошчы. Вырошчваюць азімую пшаніцу, сачавіцу, ячмень (на Пн), рыс (на Пд). З тэхн. культур гал. бавоўнік і тытунь. І. займае 1-е месца ў свеце па вырошчванні фінікаў (каля 30 млн. дрэў, гадавы ўраджай каля 200—300 тыс.т). Развіта садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Жывёлагадоўля пераважна качавая. Як пашы выкарыстоўваюцца каля 35 млн.га ў пустынных, паўпустынных і горных раёнах. У 1996 было (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 2,5, авечак і коз — 15. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў, вярблюдаў. Рыбалоўства ў рэках, каналах, азёрах і Персідскім заліве. Асн. від транспарту — аўтамабільны (каля 70% усіх перавозак). Даўж. чыгунак 3 тыс.км, аўтадарог — больш за 45 тыс.км, з іх больш за 20 тыс. з цвёрдым пакрыццём. Тыгр, Еўфрат, Шат-эль-Араб і некат. арашальныя каналы выкарыстоўваюцца для дробнатанажнага суднаходства. Гал. марскія парты Басра, Ум-Каср і Фао (экспарт нафты). Агульны танаж танкернага флоту 2,1 млн. т. Дзейнічаюць нафтаправоды даўж. 4,2 тыс.км, нафтапрадуктаправоды 0,7 тыс.км і газаправоды даўж. 2,6 тыс.км. Знешнеэканам. сувязі краіны з-за санкцый Савета Бяспекі ААН абмежаваныя. У даваен. час (да 1979) нафтавы сектар даваў 95% экспарту. Даходы ад экспарту нафты складалі штогод 21—26 млрд.дол., у 1994 імпарт — 1,9 млрд.дол., экспарт — 0,45 млрд. долараў. Гандаль пераважна з ЗША, Германіяй, Бразіліяй, Іарданіяй (транзітны). У 1996 экспарт нафты склаў толькі 5% ад узроўню 1979. І. экспартуе таксама фінікі, скуры, шэрсць; імпартуе харч. і прамысл. тавары. Знешні доўг больш за 50 млрд. долараў. Грашовая адзінка — іракскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1997) каля 1 млн.чал., у т. л. 450 тыс.узбр. рэзервістаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап.войскі налічваюць 350 тыс.чал. асабовага складу, маюць на ўзбраенні каля 2,7 тыс. танкаў, каля 3 тыс. бронеаўтамабіляў, больш як 2 тыс. гармат і мінамётаў, рэактыўную і зенітную артылерыю, ракетныя ўстаноўкі і інш. У ВПС 35 тыс.чал., больш як 300 баявых і трансп. самалётаў, каля 240 вучэбных самалётаў, 400 верталётаў. У ВМС каля 2,5 тыс.чал., 9 баявых караблёў і 7 катэраў.
Літаратура. Першыя літ. помнікі на тэр. І. створаны ў 3-м тыс. да н.э, на вавілонскім дыялекце. Самы вядомы твор вавілона-асірыйскай л-ры (гл. ў арт.Вавілона-асірыйская культура) — эпічная песня пра Гільгамеша. Багатая сярэдневяковая араб.л-ранайб. развіццё атрымала ў Багдадзе — цэнтры араб. культуры (гл.Арабская культура). Больш за 300-гадовае ўладаранне Асманскай імперыі прывяло да заняпаду краіны, яе культуры. Росквіт уласна іракскай л-ры прыпадае на 19 ст., перыяд т. зв.літ. ўздыму (ан-нахда аль-адабія). У 1854 А.Б. аль-Омары стварыў дыван «Рэшткі добрага», панегірычныя вершы, у т. л. папулярныя «Касыды плашча». У вершах А.Г. аль-Ахраса гучаў заклік да міласэрнасці. Асаблівую напружанасць пачуццяў набыла яго паэзія ў вершах, звернутых да паэта-бунтара М.А.Г. аль-Джаміля. Яго хамрыят (вершы пра віно) нагадваў вершы Абу Нуваса (8—9 ст.). Значнае месца ў тагачаснай л-ры належала паэту, празаіку і філосафу А.С. аль-Алюсі, аўтару твораў «Дзіўнае і дзівоснае ўдалечыні ад радзімы і забавы душы ў вандроўцы, знаходжанні на чужыне і пры вяртанні», «Ап’яненне універсальнымі ведамі пры падарожжы ў Стамбул» і інш.Асв. і літ. дзейнасць у той час вялі А.Н. аль-Ансары, аль-Омары, І. ат-Табатабаі, Дж. аш-Шаркі. Адлюстраванне тэмы тэхн. прагрэсу ў канцы 19 — пач. 20 ст. нарадзіла новую форму — баркіят — верш тэлегр. стылю, які нагадваў шараду(М. аль-Казвіні). Паэта А.М. аль-Казымі на Араб. Усходзе называлі «паэтам арабаў». Да класічнай іракскай школы канца 19 ст. належыць творчасць Дж.С. аз-Захаві. М. ар-Русафі ў вял. главе свайго «Дывана» (1910) адлюстраваў шэраг драм. момантаў з сярэдневяковай гісторыі І. «Вершаваныя апавяданні» ар-Русафі і аз-Захаві — першыя творы л-ры І. з дакладна выяўленай сюжэтнай лініяй, што сталі перадумовай стварэння апавяданняў і аповесцей. Сярод сучасных літаратараў І. вылучаюцца: А.Зу-н-Нун («Справа Маджыда Рахіма», «Доктар Ібрахім»), аль-Джахіз («Кніга пра скупых»), Абу-ль-Фараджаль-Ісфахані, А.М. ар-Рубаі («Каралеўства дзеда»), А.Муніф («На ўсход ад Міжземнамор’я»), Б. аль-Хатыб («Самія з Александрыі»), С.Джамал («Ён вярнуўся», «Прэзідэнт», «Тры гваздзікі», «Падманутыя надзеі», «Чорныя ружы»), Г.Т.Фарман («Пяць галасоў») і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найбольш стараж. помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да канца 8-га тыс. да н.э. (раскопкі паселішчаў у даліне Сінджара, помнікі археал. культур Урука, Джэмдэт-Насра, Эль-Абейда). У 4—1-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Шумера, Акада, Асірыі, Вавілоніі (гл.Вавілона-асірыйская культура). Захаваліся помнікі эліністычнага мастацтва, Парфянскага царства, дзяржавы Сасанідаў.
Вял. роля належыць І. ў фарміраванні араб. культуры. У 630-я г. тут заснаваны гарады Эль-Куфа, Басра, у пач. 8 ст. — Васіт. Захаваліся руіны помніка раннесярэдневяковага араб. дойлідства — Ухайдыра. У 762 пачаў будавацца Мадынат ас-Салам (сучасны Багдад). Да архітэктуры перыяду халіфата Абасідаў адносяцца пабудовы Самары (грандыёзныя палацавыя і культавыя ансамблі, умацаваныя мурамі і вежамі, у т. л. палац Джаусак, спіралепадобны мінарэт аль-Мальвія). Мастацтва прадстаўлена фрагментамі сценапісу і размалёўкі па дрэве, арнаментальнымі стукавымі рэльефамі і разнымі драўлянымі панэлямі. У Багдадзе і на Пн І. развівалася кніжная мініяцюра. У 10—11 ст.манум.буд-ва заняпала. Архітэктура 12—1-й пал. 13 ст. вылучалася дакладнымі аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі, скляпеністымі памяшканнямі, высокімі парталамі, купаламі на тромпах; у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорысты цагляны мур, разную тэракоту, часам рэльефы. Былі пашыраны васьмерыковыя маўзалеі з высокімі канічнымі ячэістымі купаламі (т.зв. маўзалей Зубайды ў Багдадзе). У 12—13 ст. дасягнула росквіту т. зв. багдадская школа мініяцюры, якой уласцівы лаканічныя ілюстрацыі да навук. трактатаў («Фармакалогія» Дыяскарыда, рукапісаў Кітаб аль-дырыяк і інш.). Мініяцюры паўн. І. вылучаліся ўрачыстай параднасцю («Кніга песняў»), У 2-й пал. 13—15 ст.буд-ва амаль не вялося. Архітэктуры 16—17 ст. уласцівы ўплывы сефевідскага Ірана: вял. купальныя маўзалеі-мячэці (у Багдадзе, Кербеле, Неджэфе) з яркім паліхромным дэкорам. Для нар. жылля характэрна планіроўка з унутр. дваром, лоджыямі і калонным айванам, вокны і балконы з узорыстымі драўлянымі кратамі. У дэкар.-прыкладным мастацтве важнае месца займала кераміка з рэльефным дэкорам, які змяшчаў выявы людзей і жывёл (8—14 ст.), глазураваная з размалёўкай люстрам (9 ст.), паліхромнай падглазурнай размалёўкай. Былі пашыраны маст. вырабы з металу — пасудзіны ў выглядзе птушак або звяроў (8—9 ст.), аздобленыя чаканкай, гравіроўкай, сярэбранай інкрустацыяй (13 ст.), а таксама ткацтва (залататканыя, шаўковыя і льняныя тканіны). Сярэдневяковыя маст. традыцыі захаваліся да 20 ст. Сучасная архітэктура імкнецца падпарадкаваць міжнар. стандарты мясц. кліматычным умовам, выкарыстоўваць элементы традыц. планіроўкі і дэкору. У пач. 20 ст. зарадзіўся алейны жывапіс (А.К. ар-Расам, М.С.Закі і інш.), развіваліся скульптура і графіка. Пасля 1958 пашырыліся прапагандысцкія формы манум. мастацтва (манумент «Рэвалюцыя 14 ліпеня» Дж.Саліма, 1959—60, і інш.), у станковым мастацтве — сац.-быт. партрэт і тэматычная карціна, выкарыстанне мясц.маст. традыцый і вопыту сусв. мастацтва (Ф.Хасан, Х. ад-Дурубі, М.Ахмед). На тэр. І. на працягу стагоддзяў развіваецца маст. культура курдаў. Музеі: Іракскі (засн. ў 1923), араб. старажытнасцей (1937), этнаграфічны (1941), сучаснага мастацтва (1963), палаца Абасідаў (1935) — усе ў Багдадзе, Масульскі (1951), Вавілонскі (засн. ў 1949 на руінах Стараж. Вавілона).
Герб і сцяг Ірака.Да арт.Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Танцоўшчыцы. Фрагмент размалёўкі палаца Джаусак у Самары. 9 ст.Да арт.Ірак. Глінянае вядро з размалёўкай люстрам.Да арт.Ірак. Залаты збанок. 2-я пал. 10 ст.Да арт.Ірак. Тытульны ліст рукапісу Кітаб аль-дырыяк. Масул. 1199.Да арт.Ірак. Мячэць Мутавакіля ў Самары з мінарэтам аль-Мальвія. Сярэдзіна 9 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сі́ла, -ы, мн. -ы, сіл, ж.
1. Здольнасць жывых істот напружаннем мышц рабіць фізічныя рухі, дзеянні; фізічная энергія або маральная магчымасць чалавека, жывёліны актыўна дзейнічаць.
Мець немалую сілу.
Страціць сілу.
Набрацца сіл.
Прымяніць сілу (фізічнае ўздзеянне).
2.спец. Велічыня, якая з’яўляецца мерай механічнага ўзаемадзеяння цел; энергія, якая ўздзейнічае на матэрыю, цела, а таксама ступень інтэнсіўнасці, напружанасці гэтай энергіі.
С. зямнога прыцяжэння.
С. цяжару.
С. электрычнага току.
3. звычайна мн. Матэрыяльная аснова як крыніца энергіі, дзейнасці.
Сілы прыроды.
4.чаго. Здольнасць праяўлення якой-н. дзейнасці, стану, якая адрозніваецца пэўнай ступенню напружанасці, накіраванасці.
С. характару.
С. духу.
5. Улада, магутнасць, уплыў.
Магутная і непераможная с. барацьбітоў за мір.
6. Сутнасць, сэнс (разм.).
Уся с. ў тым, што чалавек гэты — майстар сваёй справы.
7. Значэнне, дзейнасць, правамоцтва.
Закон уступае ў сілу з 1 студзеня.
С. закона.
8.мн. Грамадская група, наогул людзі, якія вызначаюцца якімі-н. характэрнымі прыкметамі або накіраванасцю ў сваёй дзейнасці.
Дэмакратычныя сілы міру.
Лепшыя філарманічныя сілы.
Творчыя сілы інтэлігенцыі.
9.мн. Тое, што і войскі.
Сухапутныя сілы.
Узброеныя сілы краіны.
10. Т мн.сі́ламі. Пры дапамозе, з удзелам каго-н.
Сіламі аднавяскоўцаў адрамантавалі дарогу.
11.каго-чаго. Велізарная колькасць, мноства (разм.).
Гэты чалавек мае сілу дабра ўсякага.
◊
Ад сілы (разм.) — самае большае.
З сілай — з вялікім уздымам, пачуццём (гаварыць, спяваць і пад.).
З усёй сілы або на ўсю (поўную) сілу або з усіх сіл — з найбольшым напружаннем; што ёсць моцы.
(Не) па сілекаму або (не) пад сілукаму — пра адпаведнасць (неадпаведнасць) магчымасцей каго-н. рабіць што-н.
(Не) у сілах — (не) магчы зрабіць што-н.
Нячыстая сіла (разм.) — чорт, д’ябал.
Па меры сіл — адпаведна з сіламі, з магчымасцямі.
У сіле (разм.) —
1) у стане фізічнага і духоўнага росквіту;
2) у разгары, у росквіце.
Усімі сіламі — прыкладваючы ўсё старанне, намаганні.
Цераз сілу — звыш магчымасцей, жадання.
|| прым.сілавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
БАРА́НАВІЧЫ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі ў Брэсцкай вобл., цэнтр раёна. Размешчаны на Баранавіцкай раўніне, у міжрэччы Шчары і яе прытока Мышанкі. За 206 км ад Брэста. Вузел чыгунак (напрамкі на Брэст, Ваўкавыск, Ліду, Мінск, Слуцк, Лунінец) і аўтадарог. 172,9 тыс.ж. (1995).
Узнікненне Баранавічаў звязана з буд-вам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Пачатак гораду дала чыг. ст. Баранавічы (назва ад вёскі ў Навагрудскім пав.), здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871. Вакол яе ўзнік пасёлак, які ў сярэдзіне 1880-х г. налічваў каля 1,5 тыс. жыхароў, 120 дамоў. У маі 1884 пасёлку нададзены статус мястэчка пад назвай Развадова (ад прозвішча ўладальніцы мясц. маёнтка Развадоўскай). У снеж. 1884 пачаў дзейнічаць участак чыг. Вільня—Лунінец—Пінск, новая станцыя Баранавічы Палескай чыгункі стала другім цэнтрам фарміравання горада. Пасёлак, што пачаў фарміравацца вакол станцыі, атрымаў назву Новыя Баранавічы. У 1890-я г. пасёлкі зліліся і ўтварылі Баранавічы. Паводле перапісу 1897 у Баранавічах 8718 ж., 834 будынкі, 4 прадпрыемствы, двухкласныя школы чыг. і дабрачыннага т-ва. У рэв. 1905—07 адбылося Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў 1905. У 1912 у Баранавічах каля 30 тыс.ж. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі 3 цагельныя, маслабойны, 2 лесапільныя, чыгуналіцейны з-ды, 3 ф-кі млынавых жорнаў. У пач. 1-й сусв. вайны ў Баранавічаз размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага рус. арміяй. З вер. 1915 да 5.1.1919 акупіраваны герм. войскамі. У ваколіцах Баранавічаў праходзіла лінія фронту. У чэрв.—ліп. 1916 рус.войскі правялі Баранавіцкую аперацыю 1916. 5.1.1919 устаноўлена сав. ўлада. З 6.2.1919 горад, цэнтр Баранавіцкага пав. Мінскай губ. У сак. 1919 — ліп. 1920 і з вер. 1920 акупіраваны польск. войскамі. У 1921 — 39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, са снеж. 1939 цэнтр Баранавіцкай вобласці, каля 27 тыс.ж. Дзейнічалі Баранавіцкі абласны драматычны тэатр, Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 27.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў ваколіцах і горадзе 127,5 тыс.чал., дзейнічалі Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя і Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. З 1954 у Брэсцкай вобл., цэнтр Навамышскага, з 1957 Баранавіцкага раёнаў. У 1959 — 58,1 тыс.ж., у 1970 — 101,5 тыс.ж.
Прадпрыемствы: Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне і вытв.дрэваапр. аб’яднанне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Баранавіцкі завод гандлёвага машынабудавання, Баранавіцкі завод станкапрылад, з-ды санэлектразагатовак, доследна-механічны, жалезабетонных вырабаў (2); фабрыкі трыкатажная, швейная, абутковая, мэблевая, маст. вырабаў, цацак; камбінаты мясакансервавы, харч. прадуктаў, малочны, жалезабетонных канструкцый, Баранавіцкі камбінат сянажных вежаў. Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці, тэхналагічны тэхнікум, муз., мед. і пед. вучылішчы. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і падпольшчыкаў, сав. ваеннапалонных і ахвяраў фашызму. Помнікі: Вызвалення, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу. Помнік архітэктуры — Баранавіцкі Пакроўскі сабор. Мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКІЯ,
старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛТрайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш.Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял.кн. Вітаўта. Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ (Henry),
імя многіх каралёў Англіі ў 11—16 ст.
Генрых I (1068, г. Селбі, Вялікабрытанія — 1.12.1135), малодшы сын караля Вільгельма І Заваёўніка, кароль [у 1100—35].
Генрых II Плантагенет (5.3.1133, г. Ле-Ман, Францыя — 6.7.1189), кароль [у 1154—89], першы з дынастыі Плантагенетаў. Яму належалі і шматлікія ўладанні ў Францыі. Каралём стаў пасля доўгай феад. смуты (1135—53). У барацьбе за ўмацаванне цэнтралізаванай феад. дзяржавы апіраўся на рыцарства, гарады, вярхі вольнага сялянства, усталяваў мір у дзяржаве і дамогся роспуску баронскіх наёмных атрадаў. Пры ім закладзены асновы англ.суд.-адм. сістэмы, пачалося заваяванне Ірландыі.
Генрых III (1.10.1207, г. Уінчэстэр, Вялікабрытанія — 16.11.1272), кароль [у 1216—72]. Сын Іаана Беззямельнага з дынастыі Плантагенетаў. Спробы Генрыха III кіраваць краінай, апіраючыся на замежных феадалаў-авантурыстаў і рым. курыю, выклікалі незадаволенасць баронаў, якіх падтрымалі гараджане, дробнае рыцарства, заможнае сялянства. Гэта процістаянне прывяло да грамадз. вайны (1263—67), у ходзе якой Сімон дэ Манфор у 1264 разбіў каралеўскія войскі і ўзяў Генрыха III у палон. Пасля разгрому апазіцыі і гібелі Манфора Генрых III у 1266 адноўлены ў правах. Пры ім у Англіі ўпершыню скліканы парламент.
Генрых IV (крас. 1366?, замак Болінгброк, Вялікабрытанія — 20.3.1413), кароль [у 1399—1413], заснавальнік дынастыі Ланкастэраў. Стаў каралём у выніку мяцяжу магнатаў Паўн. Англіі супраць Рычарда II. Значна пашырыў правы парламента.
Генрых V (16.9.1387, г. Монмут, Вялікабрытанія — 31.8.1422), кароль [у 1413—22]. Сын Генрыха IV з дынастыі Ланкастэраў. Імкнуўся прымірыцца з феад. знаццю. Аднавіў Стогадовую вайну 1337—1453, разграміў французаў пры Азенкуры, захапіў Пн Францыі з Парыжам, прызнаны нашчадкам франц. караля Карла VI і рэгентам Францыі.
Генрых VI (6.12.1421, г. Віндзар, Вялікабрытанія — 21.5.1471), кароль [у 1422—61 і 1470—71]. Сын Генрыха V з дынастыі Ланкастэраў. У 1461, у ходзе Пунсовай і Белай руж вайны, скінуты каралём Эдуардам IV Йоркам. Пасля часовай рэстаўрацыі (3.10.1470—11.4.1471) другі раз скінуты з трона і забіты ў Таўэры.
Генрых VII (28.1.1457, г. Пембрук, Вялікабрытанія — 21. 4.1509), кароль [у 1485—1509]. Заснавальнік дынастыі Цюдараў. Уступіў на трон як кандыдат Ланкастэраў пасля перамогі над Рычардам III у бітве пры Босварце (22.8.1485), якой скончылася вайна Пунсовай і Белай руж. Правёў шэраг мерапрыемстваў па абмежаванні магутнасці феад. знаці. У інтарэсах буржуазіі, што нараджалася, спрыяў развіццю суднаходства і знешняга гандлю. У час яго праўлення закладзены асновы англ. абсалютызму.
Генрых VIII (28.6.1491, г. Грынвіч, Вялікабрытанія — 28.1.1547), кароль [у 1509—47]. З дынастыі Цюдараў, адзін з яркіх прадстаўнікоў англ. абсалютызму. У час праўлення Генрыха VIII у Англіі праведзена рэфармацыя, якую ён разглядаў як важны сродак умацавання абсалютызму і казны. Штуршком да яе правядзення паслужыла выступленне папы рымскага супраць скасавання шлюбу Генрыха VIII з Кацярынай Арагонскай і ўступлення ў шлюб з Ганнай Болейн. Пасля разрыву з папам узначаліў англіканскую царкву. У 1536 і 1539 выдаў акты пра секулярызацыю манастырскіх зямель, якія пераходзілі да новага дваранства і буржуазіі, а таксама жорсткія законы супраць сялян, сагнаных з зямель у выніку агароджванняў. У той жа час абмяжоўваў агароджванні, спрабуючы затармазіць развіццё капіталіст. адносін у вёсцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІ РАЁН,
на З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 43,6 тыс.чал. (1997), гарадскога 32,3%.
Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Камянец; г.Высокае, 234 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Агародніцкі, Белавежскі, Відамлянскі, Войскі, Воўчынскі, Вярховіцкі, Дзмітравіцкі, Каленкавіцкі, Камянюцкі, Навіцкавіцкі, Пелішчанскі, Раснянскі, Ратайчыцкі, Рэчыцкі.
Раён размешчаны ў межах Прыбугскай раўніны. Паверхня плоска-хвалістая з агульным нахілам з Пн на Пд. Пераважаюць выш. 140—170 м. Найвыш. пункт 198 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Войская). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -4,6 °C. ліп. 18,4 °C. Ападкаў 535 мм за год. Вегетац. перыяд 203 сут. Найбольшая р.Зах. Буг (на мяжы з Польшчай) з прытокамі Лясная (утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная), Пульва; прыток Правай Лясной — р. Белая. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (49,4%). дзярнова-падзолістыя забалочаныя (19,6%), тарфяна-балотныя (13,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (13,6%). Пад лесам 27,9% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя лясы. Найб. лясістасць на ПнУ. Балоты займаюць 1,1% тэрыторыі. На Пн частка нац. парку Белавежская пушча.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 110,6 тыс.га, з іх асушаных 22,7 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 23 калгасы, 2 саўгасы. міжгас па вытв-сці кармоў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, буракі. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыр, кансервы мясныя і з агародніны), дрэваапр. (піламатэрыялы) і буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Брэст—Высокае—Беласток (Польшча), аўтадарогі Высокае—Пружаны, Камянец—Жабінка, Брэст—Камянюкі. У раёне 18 сярэдніх, 10 базавых, 7 пач. школ, вышэйшае прафес. вучылішча, 2 школы-інтэрнаты, 29 дашкольных устаноў, 37 клубаў, 50 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 25 фельч.-ак. пунктаў, 2 санаторыі. Помнікі архітэктуры: Крыжаўзвіжанская царква (канец 19 ст.) у в. Амелянец; Ануфрыеўская царква (1840) у в. Баршчэва; Мікалаеўская царква (1933) і царква (пач. 20 ст.) у в. Вярховічы; царква Раства Багародзіцы (1751—75) у в. Войская; Троіцкі касцёл (1733) у в. Воўчын; Петрапаўлаўская царква (канец 18 ст.) у в. Гарадзішча; сядзіба (сярэдзіна 19 ст.) у в. Грымяча; Спаса-Праабражэнская царква (1786) у в. Дзмітравічы; царква Іаана Хрысціцеля (19 ст.) у в. Лісоўчыцы; царква (19 ст.) у в. Мікалаева; касцёл (18 ст., перабудаваны ў 19 ст.) у в. Новая Расна; Успенская царква (19 ст.) у в. Паніквы; Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Пашукі; касцёл Сэрца Ісуса (пач. 20 ст.) у в. Пелішча; хата (1880) у в. Ражкоўка; Міхайлаўская царква (1816) у в. Такары; Праабражэнская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Трасцяніца. Музеі: філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея «Камянецкая вежа», прыроды Белавежскай пушчы ў в.Камянюкі. Выдаецца газ. «Навіны Камянеччыны».
Пачалася 7.7.1937 у адказ на ўварванне яп. войск з мэтай захопу тэр. Кітая. Вайне папярэднічала акупацыя Японіяй у 1931—36 Маньчжурыі і шэрагу раёнаў Паўн. Кітая. Яп. мілітарысты імкнуліся ператварыць Кітай у залежную ад іх дзяржаву і разлічвалі на хуткую яго капітуляцыю. Аднак Нац.кіт. ўрад на чале з Чан Кайшы адхіліў патрабаванні Японіі, зрабіў стаўку на зацягванне вайны і звярнуўся па дапамогу да інш. дзяржаў. У жн.-вер. 1937 аформіўся саюз паміж гаміньданам і Камуністычнай партыяй Кітая (КПК), узбр. сілы якой былі ператвораны ў 8-ю і Новую 4-ю арміі ў складзе нац.узбр. сіл краіны. Значная перавага ва ўзбраенні і тэхніцы дазволіла яп. арміі захапіць Пекін і Цяньцзінь (ліп. 1937), Шанхай (ліст. 1937), сталіцу Кітая г. Нанкін (снеж. 1937), гарады Гуанчжоў і Ухань (кастр. 1938). Адчувальную дапамогу Кітаю зброяй і ваен. тэхнікай аказаў СССР. Супраць яп. войск змагаліся сав. лётчыкі-добраахвотнікі, у т. л. беларусы А.С.Благавешчанскі, С.І.Грыцавец і інш.; ва ўзбр. сілах Кітая працавала больш за 3500 сав.ваен. спецыялістаў. Не здолеўшы дамагчыся капітуляцыі Кітая, яп. ўрад у ліст. 1938 спыніў наступальныя дзеянні і засяродзіў увагу на «асваенні» захопленых раёнаў. У сак. 1940 з мясц. калабарацыяністаў японцы стварылі ў Нанкіне т.зв.Цэнтр.нац. ўрад Кітая на чале з Ван Цзінвэем. У гэты час у тыле яп. войск актыўныя дзеянні разгарнулі 8-я і Новая 4-я арміі. Яны занялі шэраг вызваленых раёнаў, якія да 1941 ахоплівалі тэр. з насельніцтвам каля 100 млн.чал., правялі шэраг ваен. аперацый супраць яп. войск, у т. л. «бітву ста палкоў». У адказ яп.войскі перайшлі ў наступленне на вызваленыя раёны і скарацілі іх плошчу ўдвая. Пасля нападзення ў снеж. 1941 Японіі на ЗША урад Кітая 9.12.1941 афіцыйна абвясціў вайну Японіі. Ён атрымліваў ваен. дапамогу ад ЗША і Вялікабрытаніі, але арміі Нац. ўрада і КПК вялі сябе пасіўна. Пасля паражэнняў Японіі на Ціхім акіяне, яп. армія, імкнучыся ператварыць Кітай у надзвычайную базу для вядзення працяглай вайны, аднавіла ў сак. 1944 актыўныя наступальныя дзеянні. Да 1945 яна захапіла вял. тэрыторыі ў Паўд. Кітаі і стварыла сухапутны калідор аж да Індакітая. 9.8.1945 паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945СССР уступіў у вайну з Японіяй. У ходзе Маньчжурскай аперацыі 1945 быў вызвалены Паўн.-Усх. Кітай і ліквідавана Квантунская армія. 9.9.1945 прадстаўнікі Нац.кіт. ўрада і Японіі падпісалі ў Нанкіне акт пра капітуляцыю яп. войск.
Літ.:
Сапожников Б.Г. Китайский фронт во второй мировой войне. М., 1971;
По дорогам Китая, 1937—1945: Воспоминания. М., 1989;
Да арт.Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—15. Воіны кітайскай арміі ў час бою за г. Чандэ. Лістапад 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЁТР IАляксеевіч
(9.6.1672, Масква — 8.2.1725),
расійскі цар з 1682, імператар з 1721. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча ад шлюбу з Н.К.Нарышкінай, бацька царэвіча Аляксея Пятровіча і імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Абвешчаны царом пасля смерці брата Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682), але ў выніку інспірыраванага інспіраванага сваякамі першай жонкі Аляксея Міхайлавіча М.І.Міласлаўскай паўстання стральцоў (май 1682) разам з ім абвешчаны царом брат Іван (Іван V, а рэгенткай пры іх — старэйшая сястра царэўна Соф’я Аляксееўна. Пасля няўдалай спробы Соф’і ўчыніць пераварот (1689) і смерці Івана V (1696) П. I стаў правіць аднаасобна. Вызначаўся розумам, энергіяй, жорсткасцю і дэспатызмам. У 1697—98 у складзе Вялікага пасольства быў у Рызе, Кёнігсбергу, Лондане, Вене, Галандыі, вывучаў караблебудаўніцтва, артыл. справу і інш. Жорстка пакараў удзельнікаў стралецкага паўстання 1698, расфарміраваў стралецкія палкі. Абапіраючыся на прыхільнікаў новаўвядзенняў (А.Д.Меншыкаў, Б.П.Шарамецеў, Ф.М.Апраксін і інш.), вёў актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. Правёў сац.-эканам., паліт., ваен. рэформы ў інтарэсах дваран, купецтва, буржуазіі. У 1699 створана Бурмістарская палата — цэнтр.фін. ўстанова і адначасова выбарны орган самакіравання гар. насельніцтва; у 1708 краіна падзелена на губерні, у 1719 — на правінцыі; у 1711 ліквідавана Баярская дума, створаны правячы Сенат; у 1717—21 прыказы заменены калегіямі, у 1722 Табель аб рангах упарадкаваў праходжанне службы ў арміі і ўрадавым апараце; пачалося стварэнне пракуратуры; у 1721 Расія абвешчана імперыяй. Паводле закону 1722 імператар сам прызначаў сабе пераемніка. Узмацніўся прыгон, памесці з сялянамі абвешчаны спадчыннай уласнасцю (1714), уведзены падушны падатак (1724). П. I жорстка распраўляўся з удзельнікамі нар. паўстанняў (Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 і інш.) і праціўнікамі рэформ з ліку знаці, у т. л. свайго сына Аляксея за ўдзел у змове аддаў вярх. суду, які асудзіў царэвіча на смяротнае пакаранне. Пры П. I развіваліся прам-сць і гандаль. Пабудаваныя на казённыя грошы металургічныя, зброевыя, суконныя і інш. мануфактуры перадаваліся прамыслоўцам. У 1696 закладзены асновы рас. флоту, пазней створаны Балтыйскі ваен. флот. З 1699 на аснове рэкруцкай сістэмы стваралася рэгулярная армія. Для падрыхтоўкі афіцэраў засн.спец. школы, у 1715 — Марская акадэмія. Уведзены новы каляндар (1700), засн. першая рас. газета «Ведомости» (1702), уведзены грамадз. шрыфт (1710), адкрыты арыфм. школы для дзяцей дваран (1714), засн. Пецярбургская АН (1724). У час праўлення П. I Расія заваявала выхад да Балт. мора, далучыла зах. і паўд. ўзбярэжжы Каспійскага м. П. I. узначальваў рас.войскі ў Азоўскіх паходах 1695—96 і Пруцкім паходзе 1711 супраць туркаў, у многіх бітвах Паўночнай вайны 1700—21 са шведамі, у час якой быў на тэр. Беларусі ў Полацку, Гродне (1705), Оршы, Мінску (1706), каля в.Лясная на Магілёўшчыне (1708). Ён удзельнічаў у найважнейшых дыпламат. перагаворах, у падрыхтоўцы Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Літ.:
Павленко Н.И. Петр Великий. М., 1990;
Тарасаў К. Пятроўскія мясціны // ЛіМ. 1990. 14 верас.;
Масси Р.К. Петр Великий: Пер. с англ.Т. 1—3. Смоленск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРЫГА́ЙЛА (у праваслаўі Леў, у каталіцтве Баляслаў; каля 1370—10.2.1452),
вялікі князь ВКЛ у 1430—32. Сын вял.кн.Альгерда і яго 2-й жонкі, цвярской князёўны Юльяны, малодшы брат вял.кн.Ягайлы. У лют. 1386 перад каранацыяй Ягайлы польскаю каронаю ў Кракаве быў у складзе дэлегацыі ВКЛ і з праваслаўя перайшоў у каталіцтва. Атрымаў ад Ягайлы ва ўдзел Віцебскае княства. У 1393 Вітаўт пазбавіў С. віцебскага пасада. У 1396 С. накіраваўся па дапамогу да крыжакоў у Лівонію і з лівонскімі атрадамі заняў Віцебск. Вітаўт аблажыў і ўзяў горад, паланёнага С. адправілі ў Польшчу да Ягайлы. У складзе войска ВКЛ С. ўдзельнічаў у бітве на Ворскле 1399. У 1400 атрымаў княжанне ў Падоллі, прынёс прысягу Вітаўту. Аднак у 1402 уцёк у Прусію, каб з дапамогай крыжакоў узысці на велікакняжацкі трон у Вільні; удзельнічаў у паходах крыжакоў на Літву. Пасля прымірэння з Вітаўтам у 1407 атрымаў Северскае княства (сталіца Бранск). У 1408 разам з групай князёў і баяр ад’ехаў да вял. маскоўскага кн. Васіля I. У 1409 вярнуўся ў ВКЛ, вёў перагаворы з крыжакамі аб звяржэнні Вітаўта. Восенню 1409 схоплены слугамі Вітаўта і пасаджаны ў крэпасць Камянец. У сак. 1418 С. ўцёк у Венгрыю, пасля памірыўся з Ягайлам і Вітаўтам. У 1419 атрымаў ад апошняга ва ўдзел Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Бранск. З гэтага часу ўдзельнічаў у паходах Вітаўта, вял.паліт. актыўнасці не праяўляў, аднак здабыў вял. аўтарытэт у правасл. баяр ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта па дамоўленасці з Ягайлам на з’ездзе паноў і баяр ВКЛ у 1430 большасцю галасоў быў абраны вял. князем ВКЛ. Адразу адбыўся канфлікт паміж польскімі панамі і С., польскія войскі ўступілі ў Падолле і захапілі памежныя замкі. У 1431 С. заключыў саюз з Тэўтонскім ордэнам, Вял. Ноўгарадам і чэшскімі табарытамі з мэтай дасягнення поўнай незалежнасці ВКЛ ад польскага караля, ваенныя дзеянні працягваліся. Каб пашырыць сваю апору ў ВКЛ, С. даваў дзярж. пасады пераважна бел.правасл. баярам, што выклікала незадавальненне літ. баярства. 1.9.1431 было падпісана перамір’е з Польшчай на 2 гады, у выніку якога С. быў прызнаны Польшчай вял. князем і ўладаром усіх зямель ВКЛ. Вясной 1432 у адказ на спробы польскіх феадалаў навязаць ВКЛ новую унію С. фактычна разарваў саюзныя адносіны з Польшчай і пацвердзіў саюз з Тэўтонскім ордэнам. У ноч на 1.9.1432 адбыўся дзярж. пераварот, змоўшчыкі спрабавалі забіць вял. князя ў Ашмянах, але папярэджаны С. ўцёк у Полацк. Вял. князем у Вільні быў абраны Жыгімонт Кейстутавіч. Паміж С. і новым вял. князем пачалася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой С. пацярпеў паражэнне. Кароль Польшчы Уладзіслаў III (пляменнік С.) выдзеліў яму невял. княства ў Пакуцці (на Пд Галіччыны). У 1440 вял. князь Казімір IV Ягелончык аддаў С. Валынскае княства, дзе С. панаваў да сваёй смерці.
Літ.:
Грыцкевіч А. Свідрыгайла Леў // Скрыжалі «Спадчыны». Мн., 1996. Вып. 2.