Бады́ль ’сцябло расліны’ (Сцяшк., Мат. Гродз., 1960), бады́лле ’сцяблы, сцяблы і лісце гуркоў’ (БРС; ДАБМ, 863), бадыллё (Сцяшк., Сцяшк. МГ, Бяльк.). Укр. бади́лля, баді́лля, бадило́ ’сцябло, сцяблы раслін’, рус. дыял. бады́ль ’сухое сцябло’, боды́ль, буды́ль. У аснове ляжыць *badylь (утварэнне суф. *‑ylь ад *badati ’калоць’, ітэратыўнай формы да *bosti *bodǫ). Параўн. яшчэ рус. бабылёк ’расліна Galeopsis tetrahit’ (іншая яе назва колю́тик), польск. badyl, badel ’сцяблы раслін’, серб.-харв. бадиљ і (з іншым суфіксам) ба̑даљ, род. скл. бадља ’калючая расліна’ (іначай сјекавац) і г. д. Брукнер, 10; Слаўскі, 1, 25; параўн. Фасмер, 1, 104; БЕР, 1, 62. Гл. таксама Трубачоў, Проспект, 40–41 (дзе праформа *bodylь з вакалізмам «о» не пераконвае).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бальза́м (параўн. ст.-бел. балсам; Булыка, Запазыч.). Рус. бальза́м, укр. бальза́м. Новае запазычанне з зах.-еўрап. моў: ням. Balsam (< лац. balsamum < грэч. βάλσαμον, а гэта з семіцкіх моў, гл. Клюге, 47). Гук ‑з‑ сведчыць толькі аб зах. мовах як непасрэднай крыніцы ўсх.-слав. слоў. Фасмер, 1, 119. Не пераконваюць меркаванні: Шанскі, 1, Б, 28 (супраць Фасмера; за грэч. крыніцу); Трубачоў, Дополн., 1, 119 (указвае на ст.-рус. валсамъ < грэч., але гэта не адносіцца непасрэдна да формы бальза́м). Гл. яшчэ MESz, 1, 234–235 (там і іншая літ-pa); Гютль–Ворт, For. Words, 61. Форма бальса́м (Нас.), мабыць, адлюстроўвае напісанне слова ў еўрапейскіх мовах (параўн. Брукнер, 12).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барада́. Рус., укр. борода́, польск. broda, каш. barda, broda, чэш. brada, ст.-слав. брада, балг. брада́, серб.-харв. бра́да, в.-луж., н.-луж. broda. Прасл. borda, і.-е. *bhardhā ’тс’ (вядомае толькі ў частцы і.-е. моў): прус. bordus, лат. bā̀rda, bârzda, літ. barzdà (з іншай суфіксацыяй), лац. barba, ст.-в.-ням. bart і г. д. Лічыцца ўтварэннем ад *bhar‑ ’быць вострым, рэзаць’. Бернекер, 72–73; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 196; Брукнер, 40–41; Слаўскі, 1, 43; Траўтман, 27; Махэк₂, 62. Не абгрунтаваны версіі пра запазычанне слав. слова з герм. моў (так Педарсан, IF, 5, 72). БЕР, 1, 72, выстаўляе і.-е. праформу *bhor‑dhā (ад *bher‑dh‑ рэзаць, калоць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баро́цца ’борацца’. Рус. боро́ться, укр. боро́тися, ст.-польск. (дыял.) bróć się, в.-луж. wobróćso, н.-луж. wobrojś ’абараняцца’, ст.-слав. брати борѭ, балг. бо́ря се. Параўн. далей серб.-харв. бо̀рити се, славац. boriť sa ’змагацца’. Прасл. borti, borʼǫ () ’тс’. Параўн. літ. bárti ’лаяць, сварыцца’, лат. bar̃t (да балта-слав. формы гл. Траўтман, 27), ст.-ісл. beria ’біць’, beriask ’змагацца’, ст.-в.-ням. berjan ’біць’, лац. ferīre ’біць, сячы, калоць’. І.‑е. *bher‑: *bhor‑ ’біць, калоць, змагацца і да т. п.’ Бернекер, 76; Праабражэнскі, 1, 38; Фасмер, 1, 197; Брукнер, 36; БЕР, 1, 69. Сюды і бел. баро́цца ’бадацца’ (Сцяц., Клім., Інстр. III, Арх. Бяльк., слонім.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бары́ла1 ’бачонак, невялікая бочка; вялікая, шырокая бочка’, таксама барылачка, бары́лца, барэлочка, бары́лка, барэ́лка, барэ́лко (Касп., Нас., Гарэц., Бяльк., Інстр. III, Др.-Падб., Дзмітр., Шн., Бесар., КЭС, лаг., Булг., Федар., 4, Сцяц., Сцяшк. МГ, Арх. Бяльк. слонім.). Рус. дыял. бари́ло і г. д. (< укр. або бел.), укр. бари́ло (з XVI ст.) і г. д. Запазычанне з польск. baryła < італ. barile. Гл. Міклашыч, 7; Бернекер, 44; Фасмер, 1, 126–127; Брукнер, 17; Слаўскі, 1, 28; Кюнэ, Poln., 43. Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 37.

Бары́ла2 ’здаровы мажны мужчына; таўсцяк; тоўсты, нехлямяжы чалавек’ (Касп., Нас., Гарэц., Сцяшк. МГ). Метафарычнае ўжыванне слова бары́ла ’бачонак’ (гл.). Параўн. укр. барилькува́тий ’тоўсты, брухаты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Басалы́га ’басяк’ (Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. рус. дыял. басалы́га ’ветраны, легкадумны чалавек, балаболка і г. д.’ Можна меркаваць пра сувязь з басала́й (гл.); тады «экспрэсіўны» суфікс ‑ыга? Але параўн. і польск. basałyk ’пуга; басяк’; basałyga ’тс’. Форму basałyga (экспрэсіўную!) Брукнер (17) лічыць вытворнай ад basałyk. Выходзіць, не выключаецца магчымасць і сувязі з ст.-бел. басалык ’пуга’, рус. басалы́к, укр. басалик (з XVII ст.), польск. basałyk, запазычанымі з цюрк. моў. Фасмер, ZfslPh, 16, 68; Фасмер (1, 130) тлумачыць іх з тур., тат. bašakly. Але ёсць і тур. форма basalik, basilik! Невядома, якую ролю пры запазычанні іграла тут польск. мова (Булыка, Запазыч., 38: праз польск. basałyk).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бе́лы. Рус. бе́лый, укр. бі́лий, польск. biały, чэш. bílý, ст.-слав. бѣлъ, балг. бял, серб.-харв. бе̏о, бе̑ли і г. д. Прасл. bělъ ’белы’. Роднасныя і.-е. формы: ст.-інд. bhālam ’бляск’, bhāti свеціць, ззяе’, літ. báltas ’белы’ і інш. І.‑е. корань *bhā‑ ’свяціць, ззяць’. Бернекер, 55; Праабражэнскі, 1, 59–60; Фасмер, 1, 149; Траўтман, 29; Брукнер, 24; Слаўскі, 1, 31. Да стылістычнай семантыкі слав. bělъ ’белы’ гл. Мастрэлі, RicS, 2, 92–100. Як экспрэсіўнае ўтварэнне са складанай суфіксацыяй сюды адносіцца белехкаце́ць ’бялецца’ (Сцяц.) < *běl‑exъ‑k‑ot‑ěti (або *běl‑exъ‑k‑ъt‑ěti). Далей сюды адносіцца бельё, белё, бяллё ’бялізна’ (гл. бялі́зна).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бляды́ ’бледны’ (БРС, Шат.), бляды ’тс’ (Яўс.; без націску). Укр. бліди́й, рус. дыял. бледо́й (звычайна бле́дный), польск. blady, чэш. bledý, ст.-слав. блѣдъ, балг. бле́ден, серб.-харв. бле̑д і г. д. Прасл. blědъ і, магчыма, blědьnъ. І.‑е. форма, мабыць, *bhlǝid‑os. Параўн. ст.-англ. blât ’бледны’, ням. blaß ’тс’, ст.-в.-ням. bleiʒa ’бледнасць’ і г. д. Гл. Бернекер, 60; Траўтман, 34; Праабражэнскі, 1, 31; Фасмер, 1, 173; Слаўскі, 1, 34; Брукнер, 28; Шанскі, 1, Б, 136–137; Рудніцкі, 147; БЕР, 1, 54–55. Гл. яшчэ бледны. Параўн. яшчэ ст.-бел. блядый (< польск. blady, гл. Булыка, Запазыч.). Можна думаць, што бля́ды ’бледны’ (Нас.) таксама паланізм (націск!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мотлах, мо́тлух, мо́тлох, мотлахі ’вытраскі, атрэп’е, анучы, акраўкі’, ’пыл, прах’, ’дробная бульба’ (Нас., Грыг., Гарэц., Растарг., ТС; кобр., Нар. лекс.), у мотлах ’на кавалкі’ (усх.-маг., КЭС), ст.-бел. мо́тлохъ ’натоўп, зброд’ (XVI ст.) — апошняе Булыка лічыць запазычаным са ст.-польск. (Лекс. запазыч., 37). Укр. мо́тлох, рус. бран., кур. мотлах, польск. motłoch, motłota. Брукнер (345) звязвае польск. лексему з mietlica ’пустазелле’, у чым Махэк₂ (561) сумняваецца пры разглядзе чэш. smotlacha ’пустазелле’, зах.-славац. šmatluha, валаш. smotlaka ’нячыстае зерне’. Мяркулава (Этимология–1974, 71–74) узводзіць іх да прасл. telkti ’таўчы’ і прызнае наяўнасць экспрэсіўнага прэфікса mo‑ (з варыянтамі ma‑, me‑, mu‑). ЕСУМ (3, 522) звязвае з motati, metati.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жарт, жартаваць. Рус. пск., смал., урал. жарт, укр. жарт, польск. żart, серб.-луж. žort, чэш. žert, славац. žart ’жарт’. Ст.-бел. (XVI ст.) жартъ ’кашчунства’, ’жарт’. Паводле Булыкі (Запазыч., 113), ст.-бел. < польск. < чэш. < ням. Scherz ’жарт’. Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 2, 146) указваюць с.-в.-ням. scherz ’жарт’. Аднак яшчэ Брукнер (662) выказваў сумненні наконт апошняга ‑t. Махэк₂ (726) прапануе лічыць ст.-чэш. слова запазычаным са ст.-в.-ням. serten ’брахаць, падманваць’. На такое значэнне магло б указваць і тое, што Зізаній супастаўляе кощунъствуюжарътую (да таго ж у дзеяслоўнай форме). Укр. з польск., рус. з бел. На ням. першакрыніцу ўказвае Гіст. лекс., 116.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)