спецыялізаваная галіна прамысловасці па выпуску маторнага і кацельна-пячнога паліва, змазачных і электраізаляцыйных матэрыялаў, растваральнікаў, матэрыялаў для дарожнага пакрыцця, нафтахім. сыравіны і інш.
Упершыню нафтаперапрацоўка ў прамысл. маштабе ажыццёўлена ў Расіі на з-дзе, пабудаваным у 1745 на р. Ухта. Першы нафтаперагонны з-д з кубамі перыядычнага дзеяння пабудаваны прыгоннымі сялянамі братамі Дубінінымі паблізу г. Маздок. З-д для перагонкі бакінскай нафты дзейнічаў у 1837—39. У 1869 у Баку дзейнічалі 23 нафтаперагонныя з-ды, а ў 1873—80—80 з-даў, здольных даваць 16 350 т газы ў год. У дарэв. Расіі ў выніку слабага развіцця аўтамабільнай і авіяц. прам-сці попыт на бензін цалкам задавальняўся бензінам прамой перагонкі. Распрацоўка новых тэхналогій перапрацоўкі нафты з мэтай атрымання больш каштоўных прадуктаў пачаўся пазней і дасягнуў высокіх паказчыкаў у гады Сав. улады. У 1840-я г. нафтаперагонныя з-ды ўзніклі ў Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі. У наш час сусв. лідэрамі ў галіне Н.п. з’яўляюцца ЗША, Вялікабрытанія, Расія, Францыя, ФРГ, Японія, краіны Блізкага і Сярэдняга Усходу.
На Беларусі фарміраванне Н.п. пачалося з уводам у эксплуатацыю ў 1963 Полацкага нафтаперапрацоўчага з-да (Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан»), З 1975 прадукцыю дае Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Асн. прадукцыя гэтых з-даў: бензін, дызельнае паліва, газа, мазут, змазачныя маслы, бітумы і інш. Нафта для перапрацоўкі паступае на гэтыя з-ды па адгалінаваннях магістральнага нафтаправода «Дружба». У 1998 Н.п. Беларусі ажыццявіла першасную перапрацоўку 11 539 тыс.т нафты, у выніку атрымана (тыс.т); бензіну — 2018, дызельнага паліва — 3318, топачнага мазуту — 4453 і інш. матэрыялаў. Гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць, Нафтаперапрацоўка.
Да арт.Нафтаперапрацоўчая прамысловасць. Нафтаперапрацоўчы комплекс у г. Наваполацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ КЛУ́БЫ І РУ́ХІў СССР.
Існавалі ў 2-й пал. 1980-х г. — 1991 ва ўмовах радыкальнага рэфармавання краіны ў час перабудовы і сталі асновай будучай шматпарт. сістэмы. Першыя незалежныя ад улады самадзейныя групы ўзніклі восенню 1986. Яны не мелі афіц. статуса і ствараліся на аснове шырокага кола мэтаў і інтарэсаў (напр., нац.-культ.аб’яднанне«Талака» ў Мінску). Са студз. 1987 пасля спынення крымін. праследавання па паліт. матывах самадзейны рух імкліва палітызаваўся. У дыскусійных клубах «Перабудова» (Масква), «Дэмакр. перабудова» (Ленінград), «Сучаснік», «Світанак», «Тутэйшыя» (усе на Беларусі), Клубе сац. ініцыятыў, Федэрацыі сацыяліст. грамадскіх клубаў, ва Усесаюзным сац.-паліт. клубе «Абшчына» фарміраваліся групы будучых паліт. лідэраў, ішоў пошук новых ідэалаг. падыходаў. Масавай формай грамадска-паліт. руху сталі Нар. франты, першыя з якіх (Нар. фронт Эстоніі і літ.«Саюдзіс») узніклі вясной 1988. У чэрв. 1989 у Вільнюсе адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту«Адраджэньне». Да восені 1989 нар. франты створаны ва ўсіх сав. рэспубліках. На працягу 1987—89 аформіўся рас. нац.-патрыят. рух, каля вытокаў якога былі Аб’яднаны савет Расіі, Саюз духоўнага адраджэння Айчыны, Правасл. манархічны ордэн-саюз. З мэтай каардынацыі дзеянняў і абароны ад «антыперабудовачных сіл» у 1987—88 заснаваны Ліга рас. кааператараў і прадпрымальнікаў, Асацыяцыя сумесных прадпрыемстваў, першыя паліт. арг-цыі — Партыя свабоды працы, Усерас. саюз «Абнаўленне», рух «Прадпрымальнікі за новую Расію». Масавы экалагічны рух прайшоў шлях ад выключна прафес. клубаў, фондаў і цэнтраў да палітызаваных «Сац.-эканам. саюза», «Руху за стварэнне Партыі «зялёных». Такім чынам у 2-й пал. 1980-х г. адбываўся працэс зараджэння протапартый на базе шматлікіх клубаў і рухаў. 1.1.1991 набыў сілу закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», які заканадаўча замацаваў існаванне ў краіне шматпарт. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭН-ВЮ́РТЭМБЕРГ (Baden Wurttemberg),
зямля (адм. адзінка) на ПдЗФРГ. Пл. 35,7 тыс.км². 10,2 млн.чал. (1994). Адм. ц. — г.Штутгарт. Большая частка тэр. занята сярэднягор’ямі (Шварцвальд, выш. да 1493 м, часткова Одэнвальд), плато (Швабскі Альб); на Пн моцна ўзгорыстае ўзвышша; на З частка Верхнярэйнскай нізіны. Асн. рэкі Рэйн (на мяжы з Францыяй і Швейцарыяй) і Некар. Азёры Бодэнскае і Унтэр-Зе. Эканоміка мае ярка выражаны індустр. характар. Здабыча каменнай і калійнай соляў, жал., поліметал. і уранавых рудаў, нафты і газу, плавіковага шпату. ГЭС на горных рэках, АЭС у Обрыггайме. Развіты машынабудаванне, асабліва аўтамабільнае (Штутгарт, Мангейм), вытв-сць эл.-тэхн. вырабаў, станкоў і вагонаў, авіяракетная, электронная, хім.прам-сць, перапрацоўка нафты. Прадпрыемствы алюмініевай, тэкст., паліграф. прам-сці. У сельскай мясцовасці, асабліва ў Шварцвальдзе развіта рамесная вытв-сць ювелірных вырабаў, муз. інструментаў і інш. У пасевах пераважаюць збожжавыя, вырошчваюць цукр. буракі, бульбу, тытунь, хмель, кармавыя культуры. Развіта малочная жывёлагадоўля, асабліва на Пд і вакол вял. гарадоў. У далінах Рэйна і Некара, на ўзбярэжжы Бодэнскага воз. вінаробства. Праз Бадэн-Вюртэмберг праходзяць важныя трансеўрапейскія трубаправоды і шляхі зносін. Суднаходства па Рэйне, Некары і Бодэнскім возеры. Рачныя парты Мангейм, Гайльбран, Карлсруэ, Штутгарт. Гал.чыг. вузел і авіяпорт Штутгарт. Бальнеалагічныя курорты Бадэн-Бадэн, Бадэнвайлер і інш.
Спроба аб’яднаць у 1918—19 землі Бадэн, Вюртэмберг і прускую адм. акругу Гогенцолерн была няўдалая. У 1945—47 амер. і франц.акупац. ўлады штучна стварылі на гэтай тэрыторыі землі Вюртэмберг-Бадэн, Вюртэмберг-Гогенцолерн, якія ў 1949 сталі землямі ФРГ. У 1951 федэральны ўрад правёў рэферэндум, па выніках якога (у 2 землях 69,7% «за», у Бадэне 62,2% «супраць») у 1952 выбраны ландтаг і створаны агульны ўрад; аб’яднаная федэральная зямля атрымала назву Бадэн-Вюртэмберг. З 1953 дзейнічае канстытуцыя Бадэн-Вюртэмберга. У бадэнскай частцы рашэнне 1951 пра аб’яднанне канчаткова зацвердзіў рэферэндум 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУТКО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна лёгкай прамысловасці, якая вырабляе абутак са скуры і інш. матэрыялаў. У прамысл. развітых краінах працэс механізацыі абутковай вытв-сці пачаўся ў 1850-я г. з выкарыстаннем швейных і інш.спец. машын для механізаванага вырабу абутку.
Сусветная вытв-сць скуранога абутку складае 9,7 млрд. пар штогод, з іх 12% (1,05 млрд.) у краінах ЕЭС. Вядучыя фірмы на сусв. рынку: «Кларк» (Вялікабрытанія), «Баця Інтэрнэшанал» (Канада), «Адзідас», «Саламандэр» і «Пума» (Германія). Абутковая прамысловасць Беларусі пачала фарміравацца ў пач. 20 ст. з дробных шавецкіх майстэрняў. Механічная ф-ка «Арол» у Мінску выпускала 800 пар абутку за суткі (1913), дзейнічалі таксама 2 ф-кі рус.-амер. і рус.-бельг.акц. т-ваў і абутковыя майстэрні ў Віцебску. У 1921 абутковая прамысловасць выпускала каля 14 тыс. пар абутку за год. У 1920—30-я г. пачалі дзейнічаць абутковыя ф-кі «Праца» ў Гомелі, «Прагрэс» у Віцебску, механізаваная ф-ка імя Калініна і ф-ка імя Тэльмана ў Мінску і інш. Да пач.Вял.Айч. вайны дзейнічала 12 высокамеханізаваных фабрык, якія выраблялі 9,8 млн. пар абутку (1940). У Вял.Айч. вайну ўсе прадпрыемствы разбураны. У 1952 абутковая прамысловасць дасягнула даваен. ўзроўню вытв-сці. Макс.вытв-сць скуранога абутку на Беларусі дасягнута ў 1988 (46,9 млн. пар). У 1993 выпуск абутку скараціўся да 13,3 млн. пар. Самыя буйныя прадпрыемствы абутковай прамысловасці ўваходзяць у дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прам-сці «Беллегпрам» (Мінскае абутковае адкрытае акц.т-ва «Прамень», акц.т-ва «Гроднаабутак», акц.т-ва Віцебская абутковая ф-ка «Чырвоны Кастрычнік», Лідская абутковая ф-ка, Гомельскае вытв. абутковае аб’яднанне «Праца», Бабруйская абутковая ф-ка, акц.т-ва «Баранавіцкая абутковая ф-ка» і інш.). Створаны сумесныя абутковыя прадпрыемствы з Германіяй: у Віцебску — «Белвест» (1988), у Мінску — «Отыка»(1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫГАВІЧЫ́,
адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр. на У да Дняпра, на Пн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; на Пд мяжа пераходзіла за Прыпяць, на З — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, на Пн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны пражскай культуры. На Пн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл.Балты). На тэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.
Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт.аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст. землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст. на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх. зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л 2-і,
міжнароднае аб’яднаннесацыяліст. і рабочых партый у 1889—1914. Засн. ў Парыжы пры ўдзеле Ф.Энгельса, які да самай смерці (1895) з’яўляўся яго ідэйным кіраўніком. Пастаянны выканаўча-інфарм. орган (з 1900) — Міжнароднае сацыялістычнае бюро. Асн. пытанні міжнар. рабочага руху разглядаліся на кангрэсах: Парыжскім (1889), Брусельскім (1891), Цюрыхскім (1893), Лонданскім (1896), Парыжскім (1900), Амстэрдамскім (1904), Штутгарцкім (1907), Капенгагенскім (1910) і Базельскім (1912). У канцы 1912 І. 2-і аб’ядноўваў 27 сацыяліст і рабочых партый з 23 краін. На 1-м Парыжскім кангрэсе (1889) прыняты рашэнні аб штогадовым святкаванні дня міжнар. салідарнасці працоўных 1 мая, метадах і сродках барацьбы рабочага класа, неабходнасці выкарыстоўваць парламент у інтарэсах рабочых. Канечнай мэтай міжнар. рабочага руху быў абвешчаны сацыялізм, яго бліжэйшымі задачамі — увядзенне 8-гадзіннага рабочага дня, належнай аховы працы і ажыццяўленне інш.сац.-эканам. правоў рабочых. На Брусельскім, Цюрыхскім і Лонданскім кангрэсах прымаліся рашэнні аб негатыўным стаўленні рабочага класа да вайны і каланіялізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. кіраўніцтва буйнейшых сацыяліст. партый І. 2-га паступова адыходзіла ад рэв. ідэалогіі марксізму, лічачы неабходным для канкрэтных інтарэсаў працоўных ісці на супрацоўніцтва з буржуазіяй (гл.Апартунізм). Супраць гэтай тэндэнцыі вялі барацьбу рас. бальшавікі на чале з У.І.Леніным. У сувязі з нарастаннем пагрозы сусв. вайны Штутгарцкі, Капенгагенскі і Базельскі кангрэсы асудзілі імперыял. войны, выкрывалі мілітарызм, выступалі супраць ваен. пагрозы. Аднак у пач. 1-й сусв. вайны кіраўніцтва еўрап.сацыяліст. партый (у Германіі, Францыі і інш.) падтрымала свае ўрады — прагаласавала ў парламентах за выдзяленне ваен. крэдытаў. Гэта азначала адыход ад прынцыпу інтэрнацыяналізму на пазіцыі сацыял-патрыятызму («сацыял-шавінізм»), І. 2-і пацярпеў ідэйны крах і фактычна распаўся ў 1914. Спробай аднавіць І. 2-і была дзейнасць Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала (1923—40). Яго пераемнікам з’яўляецца Сацыялістычны інтэрнацыянал, заснаваны ў 1951.
Літ.:
Кривогуз И.М. «Сознательный рабочий никогда не отречется»: (К истории Второго Интернационала 1889—1914 гг.). М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНВЕРГЕ́НЦЫЯ (ад лац. convergo набліжаюся, сыходжуся),
у біялогіі — набыццё падабенства далёкімі па паходжанні арганізмамі ў выніку прыстасавання іх да аднолькавых умоў існавання. Найчасцей закранае асобныя органы і абумоўлена падабенствам іх функцый, радзей ахоплівае ўвесь арганізм. Напр., канвергентнымі з’яўляюцца форма цела ў акул і тунцоў (рыб) і кітападобных (млекакормячых), форма цела ў скакальных млекакормячых, мікраскапічная будова хіцінавых утварэнняў насякомых і касцей вышэйшых жывёл. Падабенства прыкмет, якое з’явілася ў выніку К., наз.аналогіяй у адрозненне ад гамалогіі — падабенства, заснаванага на паходжанні розных груп ад агульнага продка шляхам дывергенцыі. Канвергентна могуць развівацца цэлыя біяцэнозы, што ўключаюць рады канвергентных відаў. У фізіялогіі — сыходжанне многіх нерв. імпульсаў да аднаго і таго ж нейрона (устаўнога ці эферэнтнага); стварае гал. перадумовы для інтэгратыўнай дзейнасці нерв. сістэмы. У этнаграфіі — незалежнае ўзнікненне аднолькавых, падобных з’яў (рыс, форм) у матэрыяльнай і духоўнай культуры, мове, самасвядомасці, сац. структуры і інш. этнасац. прыкметах розных народаў. этн. і этнагр. груп. Узнікае на глебе аднолькавых сац.-эканам., паліт., прыродна-геагр., этнагенетычных і інш. фактараў ці выпадкова. Напр., у эпоху ранняга сярэдневякоўя на землях Беларусі. Украіны і Расіі склаліся аднолькавыя формы і з’явы жыццядзейнасці (земляробства, жывёлагадоўлі, жылля, промыслаў і рамёстваў), абумоўленыя падобнымі прыродна-геагр. ўмовамі. У мовазнаўстве — збліжэнне або аб’яднанне некалькіх моўных сістэм у адну. Найб. пашыраны тып К. — стварэнне адзінай літ. мовы на аснове аб’яднання мясц. дыялектаў з перавагай рыс аднаго дыялекту. Сустракаюцца і інш. тыпы К., якія адбываюцца ў выніку кантактавання моў: кайнэ, піджыны, крэольскія мовы. Да К. адносяць і збліжэнне моў у выніку ўплыву агульнага для іх субстрату. Яна ахоплівае асобныя элементы моўнай сістэмы (фаналагічную сістэму, лексіку) або мову ў цэлым. К. і процілеглая ёй дывергенцыя — узаемазвязаныя моўныя працэсы.
І.У.Чаквін (у этнаграфіі), А.Г.Лукашанец (у мовазнаўстве).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЗІ́НСКІ (Васіль Васілевіч) (16.12.1866, Масква — 13.12.1944),
расійскі жывапісец, тэарэтык авангардызму, адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1886—92), у Мюнхене ў школе А.Ашбе (1897—98) і АМ (1900). Працаваў у Германіі (1896—1914; 1921—33, з 1922 праф. «Баўгауза»), у Расіі (1914—21): выкладаў у Дзярж.маст. вольных майстэрнях і ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях, з 1919 заг. маск. Музея жывапіснай культуры, у 1920 арганізаваў Ін-тмаст. культуры; з 1933 у Францыі. Стваральнік маст. груп «Новае аб’яднанне мастакоў Мюнхена» (1909, з А.Яўленскім), «Сіні коннік» (1911, з Ф.Маркам), «Сіняя чацвёрка» (1924). Імкнуўся да «універсальнай духоўнасці», інтэграцыі розных культур, развіваў ідэі сімвалізму ў кірунку «чыстай формы» і беспрадметнасці. Творчасць фарміравалася пад уздзеяннем экспрэсіянізму, мадэрну, музыкі Р.Вагнера. У ранні перыяд працаваў у духу фавізму; пад уплывам этнаграфіі, іканапісу і рус.нар. мастацтва рабіў «візантыйскія» і фальклорна-лубачныя акварэлі. З 1910-х г. ствараў імпрэсіі, імправізацыі («Імправізацыя № 2»), кампазіцыі ў абстрактным кірунку, шукаў узаемасувязь паміж колерам і муз. гукам. У 1920-я г. пад уплывам супрэматызму рабіў геаметрызаваныя кампазіцыі («Шматкаляровае кола», 1921; «Жоўтае — чырвонае — сіняе», 1925; «Цяжкія колы», «Квадрат», абодва 1927). У франц. перыяд імкнуўся да сімвалізму, пераўтварэння фігур у ідэаграмы («Трыццаць», 1937), геам. формы спалучаў з арганічнай абстракцыяй («Тры рознакаляровыя фігуры», 1942). Працаваў у графіцы (альбомы «Вершы без слоў», 1904; «Дрэварыты», 1909, і інш.), зрабіў дэкарацыі і касцюмы да сюіты М.Мусаргскага «Карцінкі з выстаўкі» (1928, Германія). Аўтар кніг «Сугучча» і «Позірк назад» (1913), «Кропка і лінія на плоскасці» (1926; усе на ням. мове), «Прыступкі» (1918, на рус. мове). Іл.гл. таксама да арт.Абстрактнае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ВЯЛІКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая ў канцы 15 ст. стала ядром Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Цэнтр — г.Масква. Утварылася каля сярэдзіны 14 ст. ў выніку росту Маскоўскага княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. вылучылася як удзел Уладзіміра-Суздальскага княства. У час княжання Данілы Аляксандравіча [1276—1303] Маскоўскае княства стала незалежным, да яго былі далучаны Каломна (1301), Пераяслаўль-Залескі (1302) і Мажайск (1303). Асновы паліт. і эканам. магутнасці Масквы заклаў кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40], які дамогся ад хана Залатой Арды права збору тат. даніны з зямель паўн.-ўсх. Русі. Па яго ініцыятыве цэнтр агульнарус. правасл. мітраполіі ў 1326 перанесены ў Маскву. Паслядоўная палітыка Івана Каліты і яго пераемнікаў па пашырэнні тэр. М.в.к. шляхам скупкі і захопу зямель, дынастычных шлюбаў і г.д. абумовіла ператварэнне Масквы ў гал.паліт., эканам. і рэліг. цэнтр паўн.-ўсх. Русі. Вял.кн.Дзмітрый Іванавіч Данскі [1359—89] замацаваў за Масквой вял. Уладзімірскае княжанне, за якое яна з пач. 14 ст. вяла барацьбу з Цвярскім, а ў 1350—60-я г. і з Суздальска-Ніжагародскім княствамі. Яго перамога над войскам Залатой Арды ў Кулікоўскай бітве 1380 спрыяла замацаванню вядучай ролі М.в.к. паўн.-ўсх. Русі. З 14 ст. М.в.к. вяло барацьбу за ўплыў на сумежныя рус. землі з ВКЛ, якое да сярэдзіны 15 ст. мела перавагу. Пры вял.кн.Васілю II Васілевічу Цёмным [1425—62] у выніку працяглай феад. вайны была падаўлена апазіцыя ўдзельных князёў. Вял.кн. Іван III [1462—1505], які скінуў манг.-тат. няволю (1480), далучыў да М.в.к. Наўгародскую феадальную рэспубліку (1478), у асн. завяршыў аб’яднанне вакол Масквы інш.рус. зямель і адваяваў значныя тэрыторыі ў ВКЛ, першы пачаў называць сябе вял. князем і «государём всяе Руси».
Літ.:
Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960;
Алексеев Ю.Г. Под знаменем Москвы: Борьба за единство Руси, М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ КАМПА́НІЯ,
кампанія (акц.т-ва, карпарацыя, аб’яднанне прадпрымальнікаў), дзейнасць якой аказвае прыярытэтны ўплыў на развіццё нац. эканомікі. Паводле віду дзейнасці адрозніваюць Н.к.: вытворчыя (перапрацоўваюць сыравіну і матэрыялы ў гатовую прадукцыю з мэтай яе рэалізацыі; могуць быць шматгаліновымі — спалучаць выпуск прадукцыі розных галін; гандлёвыя (ажыццяўляюць гандл. дзейнасць); транспартныя (аказваюць трансп. паслугі); будаўнічыя (займаюцца пераважна буд-вам); фінансавыя (спецыялізуюцца на крэдытаванні пэўных галін або прадпрыемстваў, правядзенні фін. аперацый); інвестыцыйныя (спецыялізуюцца на прыцягненні часова свабодных грашовых сродкаў дробных і сярэдніх інвестараў праз выпуск уласных каштоўных папер і размяшчэнні мабілізаваных сродкаў у каштоўныя паперы інш.юрыд. асоб для атрымання прыбытку); страхавыя (ажыццяўляюць разнастайную страхавую дзейнасць); лізінгавыя (купляюць абсталяванне і здаюць яго ў арэнду); кансалтынгавыя (прадастаўляюць паслугі па даследаванні стану рынку, распрацоўцы і ажыццяўленні маркетынгавых праграм, выкарыстанні новых метадаў менеджменту, эканам. абгрунтаванні інвестыцыйных і інавацыйных праектаў, пошуку партнёраў і інш.; у айч. практыцы — таксама па рэгістрацыі фірм; могуць спецыялізавацца па функцыянальных, рэгіянальных і інш. прыкметах); інжынірынгавыя (аказваюць паслугі па арганізацыі канкрэтнай вытв-сці, выбары і асваенні абсталявання, прыцягваюць інш. пастаўшчыкоў абсталявання і падрадныя фірмы, дапамагаюць выкарыстоўваць інавацыйныя метады і перадавы замежны вопыт) і інш. Паводле спосабаў стварэння Н.к. могуць быць асацыіраваныя (маюць долю ўдзельніцтва і істотна ўплываюць на фін. палітыку) і аднаасобныя (пакет акцый належыць адной асобе). Кампанія, у склад актываў якой уваходзяць кантрольныя пакеты акцый інш. кампаній, наз.холдынгавая; кампанія, якая не можа свабодна прадаваць свае акцыі іншаземцам, — кампанія з абмежаванымі акцыямі. Ад Н.к. адрозніваюць транснацыянальныя кампаніі, што ажыццяўляюць асн. частку сваіх аперацый па-за межамі краіны, у некалькіх краінах. У наш час існуюць шматнацыянальныя кампаніі і карпарацыі з айч. арыентацыяй. На развіццё Н.к. уплываюць працэсы глабалізацыі, рост адкрытасці эканомікі, якія мяняюць іх ролю і месца ў эканам. сістэме, уцягваюць у інтэграцыйныя працэсы.