ПАНІКУЛІ́Т (ад лац. panniculus кавалачак тканкі, акравак + ...іт),

цэлюліт, запаленне падскурнай тлушчавай клятчаткі. Бывае на месцах ін’екцый масленых раствораў і траўмаў, выклікаецца інфекц. хваробамі (напр., брушны тыф), інтаксікацыямі і інш. фактарамі. Пры П. ў падскурнай тлушчавай клятчатцы развіваюцца вузлы, адбываецца атрафія тлушчавай тканкі ў зоне вузла. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУТО́Н у геалогіі,

самастойны вялікі інтрузіўны масіў магматычных парод у верхніх слаях зямной кары. Утвараецца пры застыванні магмы, якая пранікае з ніжніх частак зямной кары або з мантыі. Паводле памераў, формы і залягання ў зямной кары адрозніваюць баталіты, лакаліты, дайкі, лапаліты, пластавыя жылы і інш. Гл. таксама Інтрузія.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЗІ́ДЫУМ СУДА́,

калегіяльны орган, які, як правіла, ажыццяўляе функцыі нагляду судовага. На Беларусі існуе ў Вярхоўным судзе, абласных і Мінскім гар. судах. Парадак стварэння П.с., яго склад і паўнамоцтвы рэгламентуюцца Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995. Пры разглядзе спраў у П.с. абавязковы ўдзел пракурора.

т. 13, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,

від мясц. ацяплення, пры якім памяшканне абаграваецца ўстаноўленымі ў ім абагравальнымі печамі. Найб. старажытны і просты від ацяплення. Цяпло ад згарання паліва ўспрымаецца масівам печы і перадаецца памяшканню. Ахалоджаныя дымавыя газы праз комін выдаляюцца ў атмасферу. П.а. выкарыстоўваюць пераважна ў малапавярховых дамах пасялковага і сельскага тыпу.

т. 13, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗ’ЯДНА́ЛЬНІК,

электратэхнічнае прыстасаванне для раз’яднання і пераключэння асобных участкаў эл. ланцугоў пры адсутнасці ў іх току. Робіцца ў выглядзе рухомага і нерухомага кантактаў, замацаваных на ізалятарах. Стварае бачны разрыў эл. ланцуга і выкарыстоўваецца ў размеркавальных устройствах і на ЛЭП для стварэння бяспекі прафілактычных і рамонтных работ на адключаных участках.

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́БЕРТ БРУС, Роберт I Брус (Robert Bruce; 11.7.1274—7.6.1329),

кароль Шатландыі [1306—29]. Узначаліў барацьбу шатл. народа за незалежнасць ад Англіі. У 1314 у бітве пры Банакберне разграміў англ. армію, у 1322 адбіў новае ўварванне англічан у Шатландыю і заключыў перамір’е з Англіяй. У 1328 дамогся ад Англіі прызнання незалежнасці Шатландыі.

т. 13, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЬМО́НТЫ, Двор Альгердаўшчына,

былы маёнтак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Вядомы з 1748 як уладанне Гільзенаў, пры іх атрымалі сваю назву (ад франц. belmont прыгожая гара). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Бяльмонтах створаны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў 2-павярховы мураваны палац (меў 33 пакоі), вял. круглую парадную залу, дамашнюю капліцу. У 1768 пабудаваны філіяльны касцёл Ісуса Хрыста. У 19 ст. пры Манузі і Плятэрах Бяльмонты сталі буйным цэнтрам культ. жыцця Браслаўшчыны. Тут прайшло дзяцінства мастака Я.Траяноўскага, у Бяльмонтах бывалі Н.Орда, дзекабрысты М.​С.​Лунін, А.​В.​Поджыа і інш.; існавалі багатыя музейная калекцыя і бібліятэка (у 1-ю сусв. вайну вывезена ў Петраград), парафіяльная школа (у 1804 было 30 вучняў), з 1857 дзейнічаў бровар. У 1-ю сусв. вайну палац Плятэраў разбураны. З 1976 Бяльмонты ўвайшлі ў склад в. Ахрэмаўцы.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 3, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С, забалочванне,

прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.

На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.

Да арт. Балотаўтваральны працэс. Утварэнне балота на месцы вадаёма: А — адкрытая водная прастора; Б — прыбярэжна-водная расліннасць; В — асаковае нізіннае балота; Г — хваёвы лес на сфагнавым балоце.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫМІЗА́ЦЫЯ (ад лац. optimus найлепшы),

1) працэс выбару найлепшага варыянта з некалькіх магчымых.

2) Прывядзенне пэўнай сістэмы ў найлепшы (аптымальны) стан.

3) У тэхніцы — працэс паляпшэння характарыстык тэхн. сістэмы, канструкцыі, тэхнал. працэсу праз пошук параметраў, пры якіх дасягаецца найб. (ці найменшае) значэнне крытэрыю аптымальнасці. Калі крытэрыяў некалькі, аптымізацыя будзе многакрытэрыяльнай.

У працэсе праектавання тыповай з’яўляецца сітуацыя нявызначанасці, калі ёсць мноства магчымых варыянтаў тэхн. рашэння. Аптымізацыя знімае гэтую нявызначанасць звужэннем дапушчальных рашэнняў і выбарам найлепшага (аптымальнага). Для ажыццяўлення аптымізацыі тэхн. задач з дапамогай метадаў аперацый даследаванняў фармулюецца як матэм. задача аптымізацыі, якая ўключае крытэрый аптымальнасці, матэм. мадэль аб’екта, а таксама абмежаванні на магчымыя значэнні параметраў. Аптымізацыя — неад’емная частка працэсу праектавання тэхн. сістэм, дасягаецца пры аўтаматызацыі праектавання на аснове камп’ютэрных сістэм і інфарм. тэхналогій. Вынік аптымізацыі — канкрэтная аптымальная сістэма.

Літ.:

Батищев Д.И. Методы оптимального проектирования. М., 1984.

А.​Ф.​Апейка.

т. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНАТЭРАПІ́Я,

лячэнне прэпаратамі, атрыманымі з залоз унутранай сакрэцыі або інш. органаў і тканак жывёл. Часцей мае замяшчальны характар — уводзяцца рэчывы, якіх не хапае ў арганізме хворага і якія выпрацоўваюцца або назапашваюцца ў адпаведных органах. Да арганатэрапіі належыць і перасадка органаў (касцявы мозг, ныркі, печань, сэрца), калі яны не выконваюць сваіх функцый (гл. Трансплантацыя). Да арганапрэпаратаў адносяцца прэпараты гіпофіза (пітуітрын, пралактын, АКТГ), шчытападобнай залозы (тырэаідзін), парашчытападобных залозаў (паратгармон), падстраўнікавай залозы (інсулін, ліпакаін), кары паднырачнікаў (картызон), вілачкавай залозы (тымазін), жаночых (фалікулін, сінестрол, прагестэрон) і мужчынскіх (метыландрастэндыёл) палавых органаў. Прэпараты ўводзяцца ўнутрымышачна або ўнутрывенна. Выцяжка з селязёнкі (спленін) стымулюе імунітэт. Пры нізкай страўнікавай сакрэцыі ў хворых на гастрыт, пры язвавай хваробе як замяшчальны выкарыстоўваюць страўнікавы сок сабак, свіней (натуральны сок, сугаст). У гематалагічнай практыцы выкарыстоўваецца натуральная кроў, плазма крыві, суспензія эрытрацытаў, трамбацытаў. Яны выконваюць замяшчальную функцыю і стымулююць імунітэт.

Л.​Р.​Кажарская.

т. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)