Све́тка (свѣтка) ‘сведка’ (Нас., Шымк. Собр.), сьве́тка ‘тс’, мн. л. светкі ‘тс’ (Бяльк.; петрык., Яшк. Мясц.): немашака светак (Сержп. Казкі), све́тка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свя́тка ‘тс’ (Скарбы), ст.-бел. свѣтки ‘сведкі’ (1450 г.), светок ‘сведка’ (XVI ст.). Апошняе, згодна з Карскім (1, 275), пад уплывам формы мн. л. свѣтки, ад яго, відаць, і свѣтчити, свѣтчу (1487 г.), што адлюстроўваюць аглушэнне д (Карскі, 1, 274; 2–3, 261), гл. сведчыць. Адсюль запазычана і літ. sviẽtkas ‘сведка’ (Буга, Rinkt., 2, 495), форма з ‑я‑ пад уплывам польск. świadek ‘сведка’. Сюды ж дыял. све́тчыць (свѣтчиць) ‘пацвярджаць; дапамагаць; даносіць’ (Нас.). Станкевіч (Язык, 643) бачыць тут корань ‑вет‑ (*‑vět‑), гл. веціць, адно са значэнняў якога было ‘гаварыць, абвяшчаць’, што, магчыма, паўплывала на першасную форму. Гл. сведка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЖАМЫСЛА́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 18—19 ст. Створана ў в. Жамыслаўль (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.) на левым беразе р. Гаўя. Яе фарміраванне пачалося з 2-й пал. 18 ст. З 1805 уласнасць роду Умястоўскіх. У 1828 К.​Умястоўскі па баках набытага 1-павярховага драўлянага сядзібнага дома (у стылі барока) паставіў 2 мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму (захаваўся адзін), лядоўню, аранжарэю і манеж. Яго жонка дабудавала палац (да 1877), які існуе і цяпер. У канцы 19 ст. ўладальнік У.​Умястоўскі аддаў сядзібу пад навук. базу Віленскаму ун-ту. У час. 1-й сусв. вайны (1914) у сядзібе немцы стварылі курорт. Захаваліся палац, гасп. будынкі, вінакурня (1885), парк. Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і 2 сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтр. алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай Маці Божай (1883). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай рэзідэнцыяй 18 ст. Лазенкі, верагодна, паводле праекта арх. Л.​Марконі. Т-падобны ў плане 2-павярховы будынак строга сім. кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры гал. фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі, у цэнтры дваровага — 4-калонны порцік з трохвугольным франтонам і трыгліфным фрызам. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр. У адной з залаў захавалася кафляная печ 18 ст. Уцалелі мураваныя склеп, стайня, млын, свіран (пач. 19 ст.). Парк пейзажнага тыпу (пл. каля 7 га) высаджаны ў 1883, падзелены ракой на 2 часткі: рэгулярна-парадную вакол палаца і пейзажную на зарэчным баку. Растуць ліпа звычайная, кедр сібірскі, бяроза далекарлійская і інш.

А.​М.​Кулагін.

Жамыслаўская сядзіба. З малюнка Н.​Орды.

т. 6, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бе́раг, ‑а, М ‑разе; мн. берагі, ‑оў; м.

1. Край, палоса зямлі каля вадаёма. Круты бераг. □ Рэшткі туману цяпер ужо рассеяліся, і добра быў відзён супрацьлеглы бераг: нізкі, пойменны, ён увесь хаваўся ў вадзе і купаў у струменях распукнуты лазняк. Ракітны. Вада ў Нёмане, нават і каля берага, на мелізне, не ідзе, здаецца, а бяжыць, і каламута сыходзіць хутка. Брыль. // Край якой‑н. паверхні, масіву лесу і пад. Міхал Тварыцкі ішоў берагам лесу, куды вяла дарога. Чорны. [Луг] упіраўся адным берагам у раку. Чарнышэвіч.

2. Суша (у процілегласць вадзе). Высадзіцца на бераг.

3. Край тканіны або вырабаў з яе. Хустка з чырвонымі берагамі. □ Другі мяшок з жытам завязвае ў свірне стары Верамейчык. Рукі, якімі ён збірае ў роўныя складкі бераг мяшка, трасуцца. Крапіва.

4. Верхні край якой‑н. пасудзіны. Наліць шклянку роўна з берагамі.

5. перан. Жаданая мэта, да якой імкнуцца. Хачу няспынна йсці Да светлае Камуны, Да новых блізкіх нам Прыгожых берагоў. Хведаровіч.

•••

Апынуцца (быць) на розных берагах гл. апынуцца.

Быць на сваім беразе гл. быць.

Выйсці з берагоў гл. выйсці.

Малочныя рэкі з кісельнымі берагамі гл. рака.

Прыстаць (прыбіцца) да берага гл. прыстаць.

Увайсці ў свае берагі гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палаві́на, ‑ы, ж.

1. Адна з дзвюх роўных частак чаго‑н. Калона падзялілася на дзве палавіны і рушыла ў фальварак. Колас. Да палавіны [сасны] піла ішла лёгка, а далей стала заядаць. Якімовіч. [Маша:] — Добра табе, Вася, разважаць, калі ў цябе ўсё сена ў стагах ужо. А ў нас яшчэ палавіна — у пакосах. Шамякін. Налёт збіў немцаў з усякага панталыку, тым больш, што партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў.

2. Сярэдзіна якой‑н. адлегласці, прамежку часу і пад. Мне стала маркотна і сцішна. На палавіне мае дарогі .. стаяў цёмны лес. Колас. У другой палавіне [сакавіка] месяца дзень з ноччу мераецца даўжынёй — дзеляць суткі папалам. «Звязда». // Момант, які адпавядае сярэдзіне якой‑н. гадзіны. Палавіна восьмай вечара.

3. Рухомая прымацаваная частка якога‑н. парнага прадмета. Палавіна варот. □ Шырока раскінуты дзвюма палавінамі чамадан з жоўтай скуры стаяў на лаве. Чорны.

4. Асобная частка жылога памяшкання. Дом быў з дзвюх палавін. Двое асобных дзвярэй з ганкамі ў двор. Арабей. Хата, як большасць хат у нашых больш-менш багатых вёсках, мела дзве палавіны: «заднюю», у якой ледзь не палову займала руская печ, і «пярэднюю» — светлую. Шамякін.

5. (звычайна са словамі «мая», «твая» і г. д.). Пра жонку ці мужа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разабра́цца, разбяруся, разбярэшся, разбярэцца; разбяромся, разберацеся; заг. разбярыся; зак.

1. Разм. Раскласці, прывесці ў парадак свае рэчы (пасля пераезду і пад.) — Можаш ісці, Харчанка, — кажа маёр салдату. — А мне, мабыць, гаспадыня паможа тут разабрацца. Скрыган.

2. Унікнуўшы ў падрабязнасці, зразумець сутнасць чаго‑н., уясніць для сябе што‑н. Разабрацца ў абстаноўцы. Разабрацца ў чарцяжах. □ Адразу ж .. [Лабановіч] не мог разабрацца ў сваім учынку і ў пачуццях. Колас. // Адрозніць, вызначыць, зразумець што‑н. Сашка дык і не разабраўся спачатку: нешта зверху шаснула, куры ў двары закрычалі што было сілы і сыпанулі, як гарох, ва ўсе бакі. Даніленка. [Андрэй] не мог добра разабрацца, чый гэта двор, з якога выйшла дзяўчына, бо ўсё было тут па-новаму. Дуброўскі.

3. Разгледзеўшы падрабязна, вырашыць усе пытанні, супярэчнасці. [Пракаповіч:] — Вы свае прэтэнзіі перадавайце мне ці прападу. Мы разбяромся. А з рабочымі няма чаплаяцца. Радкевіч. — Пане Каролю, — сказала цвёрда, з прыціскам [пані Мар’я], — .. Гэта мой клас, і я сама разбяруся... Брыль.

4. Разм. Управіцца, справіцца з кім‑, чым‑н. Няма з ім зладу, і таму Заўсёды клікалі Хаму, Каб той З Кузьмой Як-небудзь разабраўся. Корбан.

5. Знайсці сваё месца (у страі). — Разабрацца па ротах! — загадаў камандзір. — Адыходзім на сваю базу. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАРАЛЁЎ (Сяргей Паўлавіч) (12.1.1907, г. Жытомір, Украіна — 14.1.1966),

савецкі вучоны і канструктар у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. 1953). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1961). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1930) і адначасова Маскоўскую школу лётчыкаў. З 1927 працаваў у авіяц. прам-сці. Адзін з арганізатараў, з 1932 нач. Групы вывучэння рэактыўнага руху, дзе ствараліся першыя сав. вадкасныя ракеты і праводзіліся іх выпрабаванні. З 1933 нам. дырэктара Рэактыўнага НДІ, з 1934 кіраўнік аддзела ракетных лятальных апаратаў. У 1942—46 нам. гал. канструктара па рэактыўных устаноўках для баявых самалётаў. Канструктар першых сав. шматступеньчатых балістычных ракет і ракетна-касм. сістэм, з дапамогай якіх запушчаны першы ў свеце ШСЗ, аўтам. міжпланетныя станцыі «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд». Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны і запушчаны арбітальныя касм. караблі «Усход» і «Узыход», ажыццёўлены першы ў свеце касм. палёт чалавека (12.4.1961, Ю.​А.​Гагарын) і выхад чалавека ў космас (18.3.1965, А.​А.​Лявонаў), вывад на арбіту спадарожнікаў рознага прызначэння ( «Электрон», «Маланка-1», «Космас», «Зонд» і інш.). Рэпрэсіраваны ў 1938—44; знаходзіўся ў зняволенні на Калыме (1938-40); потым працаваў у КБ у Маскве (1940—42) і Казані (1942—44). Ленінская прэмія 1957. Імем К. названа буйное ўтварэнне (таласоід) на адваротным баку Месяца.

Тв.:

Творческое наследие академика С.П. Королева: Избр. тр. и док. М., 1980.

Літ.:

Голованов Я К. Королев: Хроника. Кн. 1. М., 1973. Яго ж. Королев: Факты и мифы. М., 1994.

С.П.Каралёў.

т. 8, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́ЦКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя вырабы гасп. і дэкар. прызначэння з г.п. Івянец (Валожынскі р-н Мінскай вобл). Промысел вядомы з 16 ст. Выраблялі кухонны і сталовы посуд (тэракотавы, чорназадымлены, глазураваны) шырокага асартыменту, тэракотавую і паліваную кафлю з рэльефнымі расліннымі, зааморфнымі і геральдычнымі выявамі. Асаблівага развіцця І.к. дасягнула ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі працавалі майстэрні па вытв-сці посуду і кафлі, значна пашырыўся асартымент вырабаў (цукарніцы, чайнікі, маслёнкі, вазы, попельніцы, падсвечнікі і інш.). Выраблялі пераважна посуд, глазураваны празрыстай палівай, пад якую наносілі ангобную размалёўку карычневага ці белага колеру ў выглядзе прамых і хвалістых паяскоў, хваёвых лапак інш. геам. і раслінных матываў. У майстэрнях П.​Лотыша, К.​Дамброўскага, братоў Собаляў выраблялі глазураваную манахромную (жоўтую, карычневую, белую, зялёную) кафлю з рэльефнымі матывамі раслін, кветак, адвольных кампазіцый у стылі мадэрн, а таксама карнізы для печаў, цацкі і інш. У 1960 на базе арцелі імя Дзяржынскага была створана ф-ка маст. керамікі і вышыўкі (з 1979 з маст керамікі). Посуд мяккіх круглаватых форм, аздоблены гладкімі і расчасанымі хвалістымі палосамі ангобнага дэкору (фляндроўкай), фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, бараноў, зуброў, утылітарна-дэкар. вырабы, дробная пластыка карысталіся шырокай папулярнасцю, экспанаваліся на айч. замежных выстаўках, экспартаваліся ў многія краіны. І.к. 1980—90-х г. — штампаваныя і літыя вырабы гасп. і дэкар.-маст прызначэння.

Літ.:

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 6 Мн., 1994;

Сахута Я. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987;

Яго ж. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахта.

Івянецкая кераміка. Пач. 20 ст.

т. 7, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НКАЎСКАЯ БІ́ТВА 1660.

Адбылася каля в. Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.​Я.​Сапегам і С.​Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.​А.​Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.​Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс. чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.​Г.​Палубінскага і С.​Кміціча (6 тыс. чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас. пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс. чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАГА ТЭА́ТРА БУДЫНАК.

Існаваў у Мінску на Высокім рынку (цяпер пл. Свабоды) у 18 ст. — 1980-я г. Пабудаваны ў канцы 18 ст. ў стылі класіцызму як жылы дом. Спачатку 2-павярховы мураваны будынак, меў сім. кампазіцыю з рызалітам і франтонам у цэнтры гал. фасада, з высокім вальмавым дахам. Дом належаў Я.​Байкову (набыў у 1815—18), некат. час у доме была карчма, у 1825 перабудаваны пад т-р. У 1835 у час пажару значна пашкоджаны, потым адноўлены. Гэта быў 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам. Сіметрычны па кампазіцыі гал. фасад з цэнтр. рызалітам падзелены карнізным поясам на 2 ярусы (ніжні апрацаваны рустам).

Рызаліт з шырокай праязной аркай аформлены 6-калонным порцікам, завершаным франтонам з лучковым акном у тымпане. На 1-м паверсе знаходзіліся карчма і крамы, на 2-м — 3-ярусная 2-светлавая тэатр. зала, на 3-м — службовыя тэатр. памяшканні і жылыя пакоі. У будынку адбываліся тэатр. паказы (рэгулярныя з 1825). У 1852 на сцэне т-ра адбылася прэм’ера 1-й нац. оперы «Ідылія» («Сялянка») С.​Манюшкі і К.​Кжыжаноўскага на лібрэта В.​Дуніна-Марцінкевіча. Пасля пажару 1884 будынак перабудаваны. У 1895 у ім размяшчаўся Паўн. банк. У 1920—30-я г. дабудаваны 4-ы паверх. Пасля Вял. Айч. вайны ў будынку размяшчаліся банк, муз. вучылішча. У 1984 разбураны. Захаваліся падмуркі і падвальныя памяшканні.

У.​М.​Дзянісаў.

Мінскага тэатра будынак. Галоўны фасад (чарцёж). Рэканструкцыя.

т. 10, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РСКІ БОЙ 1812.

Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.​Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс. чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.​Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.​В.​Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.​Е.​Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.​Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 10, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)