Лу́нка1, лу́нька ’ямка, невялікае паглыбленне’ (ТСБМ; лёзн., Яшк.), ’вада пасля дажджу на дарозе, лужына’ (там жа), ’палонка’ (Гарэц., Нас., Дразд., Др.-Падб., Нік., Оч.; брасл., докш., Сл. ПЗБ; віц., Маш.; лёзн., Касп.). У выніку распадабнення лм > лн з лумка > луміна (гл.). Сюды ж і слаўг. лу́нка ’града’ (Мат. Гом.), параўн. рус. ярасл. луне́ние ’прыставанне ямак для пасадкі гароху і інш.’, урал. луна́ть ’рабіць лункі (ямкі) для пасадкі агародніны’. Крукоўскі (Уплыў, 38) мяркуе аб запазычанні бел. лексемы з рус. мовы. Няма падстаў.

Лу́нка2 ’драўляная каробка для вымярэння збожжа ≈ 1 пуда’ (гродз., Нар. сл.). Відавочна, з лукно (гл.) у выніку перастаноўкі ‑кн‑ > ‑нк‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́шчыць ’ачышчаць ад шалупін, якой-небудзь абалонкі’, ’узорваць цаліну, аблог’, ’разгрызаючы, ачышчаць ад шалупін і есці’, ’расколваць, біць’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Шат., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Ян.; КЭС, лаг.), лушчэць ’шастаць, шалясцець (аб саяне)’ (Ант.), лушчы́ць ’шамацець паперай’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. лу́щити, рус. лу́щить, польск. łuszczyć, н.-луж. łušćiś, в.-луж. łušćić, чэш. luštiti, славац. lúštiť, славен. luščíti, серб.-харв. љу́штити, љушти̏т, luštiti, lušćiti, макед. луштам, лушʼтам, балг. лу́щя, лу́штя, лу́ште̂м, люштʼъ. Прасл. luščiti ’лушчыць’, ’знімаць верхняе покрыва’ ўтворана ад luska > луска (гл.), як ласкалашчыць (Слаўскі, 5, 367–370; Фасмер, 2, 538; Бязлай, 2, 257; БЕР, 3, 533–534 з л-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляту́н ’лётчык, пілот’ (Бяльк., б.-каш., Мат. Гом.) (рус. лету́н, чэш. letoun ’лятаючае насякомае’, ’кажан’, ’самалёт’, славац. letún ’тс’). Новае ўтварэнне — семантычны перанос з ляту́н ’той, хто лётае, хутка ходзіць, бегае’ (ТСБМ). Да лётаць (гл.). Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 134–135), Сцяцко (Афікс. наз., 68). Зусім новае ў бел. мове ’той, хто часта мяняе месца працы’ — з рус. лету́н ’тс’, якое (іран.) ’селянін, які не хацеў жыць у сваёй вёсцы, а шукаў дзесьці дадатковыя заробкі’. Крукоўскі (Уплыў, 151) разглядае гэта як сэнсавую кальку. Сюды ж: ляту́н ’дробны лешч, Abramis brama L.’, ’гусцяра, Blicca bjoerkna L.’ (Інстр. II), а таксама ляту́ха ’тая, што шпарка ходзіць, бегае’ (міёр., З нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́чба ’знак для абазначэння ліку’, ’сума, лік, колькасць’ (Нас., Мядзв., Др.-Падб., Грыг., Бяльк., Шат., ТСБМ, ТС), ’падлік’ (Ян.), лічба ’лічэнне’ (Гарэц.). Укр. лічба, личбапольск. мовы), рус. личба (Даль), смал. личба ’колькасць’, польск. liczba, н.-луж. licba, в.-луж. ličba, чэш. ličba (у Юнгмана — з польск. мовы), славац. licba, ličba. Трубачоў (Эт. сл., 15, 83–85) уключае дадзеныя з паўд.-слав. тэрыторыі: серб.-харв. лижба, лиџба ’аўкцыён’, ligʼba (з XIII ст.) < ličiti, балг. личба, лижба ’прыкмета’, лиджба ’прадвесце’, лижбъ ’нешта значнае’ і выводзіць прасл. ličьba, утворанае ад ličiti () > лічыць (гл.). Аб суфіксе ‑ьba (-ба) гл. Слаўскі (SP, 1, 61–62) і Сцяцко (Афікс. наз., 33).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэль ’вуаль, вэлюм у маладой’ (Малчанава, Мат. культ., 167). Гэтага слова няма ні ў польск., ні ў рус., ні ва ўкр. мовах, і ў зах.-еўрап. мовах не знаходзіцца нічога, што б магло быць крыніцай бел. слова. Таму можна меркаваць, што яно ўтворана на беларускай глебе: відавочна, гэта скарачэнне або слова вэ́люм або ж вэ́лян (можа, не без уплыву ідэнтычнай па семантыцы лексемы вуа́ль). Толькі выпадкова бел. слова супадае з серб.-харв. ве̏о (род. ве̏ла) і славен. vel ’пакрывала, вуаль’ (паўдн.-слав. лексемы ўзяты з іт. velo < лац. vēlum), таму што аб запазычанні бел. мовай з серб.-харв., славен. або іт. не можа быць размовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Газні́к газні̑ца ’газоўка’ (БРС), газні́ца (Шат., Бяльк., Касп., Др.-Падб., Яруш., Гарэц., Інстр. I), газу́лька (Шат.). Утварэнне ад газа (гл.), але дэталі гісторыі гэтых слоў пакуль што не зусім ясныя. Можна меркаваць, што гісторыя іх узнікнення і пашырэння на ўсх.-слав. тэрыторыі досыць складаная. Аб гэтым сведчыць тое, што падобныя словы ёсць ва ўкр. мове. Так у Грынчанкі з розных месц Украіны адзначаецца: газни́к, газни́ця, га́сни́к, га́сни́ця ’газоўка’. Вельмі цікавым з’яўляецца і тое, што падобных слоў няма ў польск. гаворках (гл. у Карловіча), але ў рус. ёсць га́сник, га́сни́ца ’газоўка’ (гл. СРНГ, 6, 151–152), га́зник ’тс’ (там жа, 94), як і гас > газ ’газа’ (там жа, 93–94, 150).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гана́плечка ’кароткая кашуля са складкамі каля каўняра’ (Шат.), ганапле́чка ’мужчынская кашуля са складкамі каля каўняра’ (Жд. 1). Гэта — складанае слова. Другая яго частка да плячо, а аб першай (гана‑) можна меркаваць толькі параўноўваючы лексему гана́пле́чка з другой, паходжанне якой зусім празрыстае. Гл. у Бялькевіча: галаплёка (гылаплёка) ’падбіўка ў верхняй кашулі або сукенцы’, галаплёчка (гылаплёчка) ’кашуля з галаплёкай, падбіўкай’. Этымалогія гэтых апошніх слоў вельмі простая: *golo‑pleka, *golo‑plečьka да *golъ ’голы’ і *plek‑ ’плячо’. Што датычыцца ганаплечкі, то гэта слова ўзнікла пры дысіміляцыі плаўных лл > нл. Адносна *plek‑ параўн. утварэнне з гэтай асновай у рус. мове: подоплека унутраны сэнс’ (спачатку падбіўка сялянскай кашулі’; гл. Фасмер, 3, 299).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Глі́ца ’вясенні вецер’ (БРС, Гарэц., Байк. і Некр.). Не вельмі яснае слова. Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), гэта лексема, магчыма, з’яўляецца праславянскім лексічным дыялектызмам бел. мовы. Паходжанне яго лічыцца няясным. Але можна паспрабаваць аб’яднаць слова глі́ца ’вясенні вецер’ з бел. словам іглі́ца ’хвоя, адна хваінка’, укр. гли́ця ’хвоя, адна хваінка; драўляная іголка і да т. п.’ (Грынч.), польск. iglica, ст.-польск. glica (гл. Слаўскі, 1, 443–444). Тады глі́ца, магчыма, паходзіць з іглі́ца. Паршапачаткова глі́ца як назва ветру магла быць метафарай (’штосьці калючае, як ігла’). У такім выпадку няма патрэбы гаварыць аб спецыфічна беларускім лексічным дыялектызме праславянскага характару, таму што такая метафарызацыя можа здарыцца ў любы час.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даказа́ць ’даказаць, давесці’, ’дагаварыць’. З аналагічнымі значэннямі гэты дзеяслоў адзначаецца і ў іншых слав. мовах. Параўн. рус. доказа́ть ’даказаць, давесці’, дыял. доказа́ть ’дагаварыць, паведаміць аб чым-н.; вытлумачыць і г. д.’, укр. доказа́ти ’дагаварыць, папракнуць, абвінаваціць і да т. п.’, чэш. dokázati ’даказаць, пацвердзіць, дабіцца; дагаварыць; выканаць, зрабіць і г. д.’, славац. dokázať ’даказаць, выканаць, зрабіць’, балг. дока́жа ’дагаварыць; даказаць’, макед. докаже ’даказаць; дагаварыць’, серб.-харв. дока́зати ’растлумачыць; данесці, выдаць; пераканаць і г. д.’ Лічыцца прасл. утварэннем: *dokazati (з прэфіксам *do‑ ад дзеяслова *kazati ’даказваць, гаварыць’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 57–58; Фасмер, 2, 159; Брукнер, 223; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 156.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

До́сціп ’досціп’ (БРС, Байк. і Некр.), дасці́пнасць ’дасціпнасць’ (БРС). Паводле Кюнэ (Poln., 50), запазычанне з польск. dowcip, dowcipność ’тс’ (Кюнэ, там жа, як аргумент прыводзіць той факт, што гэтыя словы вядомы толькі заходнім славянам; параўн. і чэш. důvtip). Аб польск. словах гл. падрабязна Слаўскі, 1, 158. Няясным, аднак, застаецца фармальны бок запазычання. Бел. формы тыпу до́сціп, дасці́пны і г. д. маглі б зыходзіць да польск. форм тыпу dowścipny, але апошнія засведчаны толькі з тэрыторыі Беларусі (Litwy; гл. Слаўскі, там жа.). Ужо ў ст.-бел. мове засведчаны ўсе вядомыя сёння формы: довтипъ, довтепъ, довтыпъ, довстипъ, довципъ, довтипный, довтипность (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 98–99).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)