БАЛО́ТНІКАЎ Іван Ісаевіч (? — 1608),
кіраўнік Балотнікава паўстання 1606—07 у Расіі. З халопаў, у маладосці ўцёк да казакоў. Быў у тат. палоне, рабом на тур. галерах. Вызваліўшыся з няволі, апынуўся ў Венецыі. Вярнуўшыся ў Расію, назваўся ваяводам царэвіча Дзмітрыя Іванавіча і ўзначаліў паход на Маскву, маючы на мэце скінуць з прастола В.І.Шуйскага і аднавіць уладу «цара Дзмітрыя». Дзякуючы таленту палкаводца і храбрасці нанёс шэраг паражэнняў царскім войскам. Пасля здачы Тулы царскім войскам (10.10.1607) захоплены і сасланы ў Каргапаль, дзе яму выкалалі вочы і ўтапілі.
т. 2, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮР Мікалай Восіпавіч (17.12.1807, С.-Пецярбург — 28.5.1839),
рускі акцёр. Выхаванец Пецярбургскага тэатр. вучылішча (1816—29). У 1829 прыняты ў Пецярбургскі т-р. Спачатку выконваў невял. ролі ў трагедыях, меладрамах. операх (партыі барытона). З 1831 выступаў пераважна ў вадэвілях. Жывасць і прастата ігры. прыгожы голас, уменне танцаваць і свабодна трымацца на сцэне прынеслі яму асаблівы поспех у ролях «свецкіх ветрагонаў» і «камічных старых»: Фрэйтаг, Макар Губкін («Дзяўчына-гусар», «Студэнт, артыст, харыст і аферыст» Ф.Коні), Жавіяль («Страпчы пад сталом» Дз.Ленскага) і інш. Першы выканаўца ролі Хлестакова («Рэвізор» М.Гогаля).
т. 6, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДУ́КТАР (позналац. conductor ад лац. conduco перавожу, збіраю) у тэхніцы, 1) прыстасаванне для накіроўвання металарэзнага інструменту і надання яму правільнай прасторавай арыентацыі адносна вырабу, што апрацоўваецца. Забяспечвае дакладнае ўзаемнае размяшчэнне, напр., групы апрацаваных адтулін без папярэдняй разметкі. Апрацоўка па К. дазваляе ажыццявіць узаемазамяняльнасць дэталей, вузлоў і агрэгатаў машыны.
2) Мантажнае прыстасаванне для часовага замацавання і выверкі зборных і зварных канструкцый, напр., секцый і блокаў корпуса судна, вагона.
3) Калона злучаных паміж сабой абсадных труб, якая надае зададзены напрамак буравой свідравіне. Акрамя таго, К. перакрывае верхнія няўстойлівыя пароды і ваданосныя гарызонты.
т. 7, с. 580
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬНАЯ ПАЛА́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы орган фін.-эканам. кантролю ў краіне ў 1992—96. Утваралася Вярх. Саветам, дзейнічала пад яго кіраўніцтвам і была падсправаздачная яму. Ажыццяўляла кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Вярх. Савета, якія рэгулявалі адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны. Старшыню палаты выбіраў Вярх. Савет тэрмінам на 5 гадоў. Функцыі, паўнамоцтвы, склад і структура К.п.Р.Б. вызначаліся Законам «Аб кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь» ад 13.3.1992. Скасавана паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.12.1996. Яе функцыі ўскладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.
т. 8, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЕ́ЛЬ Апанас, бел. пісьменнік сярэдзіны 19 ст. Паводле некаторых звестак, пісаў вершы і апавяданні на магілёўскіх гаворках. Яму прыпісваюць аўтарства твора-брашуры «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» (выдадзена ананімна ў 1861). У форме гутаркі з урадавых пазіцый тонам сял. добразычліўца аўтар імкнуўся растлумачыць значэнне царскай рэформы як сродку вызвалення ад прыгону, заклікаў сялян прыхільна ставіцца да яе. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, у творы адлюстраваны рэальныя рысы той гіст. эпохі, незадаволенасць сялян грабежніцкай рэформай. У творы шмат прыкладаў са стараж. гісторыі, мова жывая, насычаная фразеалагізмамі.
Г.В.Кісялёў.
т. 8, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОМІВАЯЖО́Р (франц. commis voyageur),
раз’язны прадстаўнік (агент) гандл. фірмы, збытавы пасрэднік, які прапануе пакупнікам тавары па ўзорах, каталогах і да т.п., што знаходзяцца пры ім. Мае права атрымліваць за тавары плату і ўстанаўліваць па ёй тэрміны. Узоры тавараў, якія знаходзяцца пры ім, падлягаюць, як правіла, мытнаму абкладанню пры ўвозе ў дадзеную краіну. У некаторых выпадках мытныя пошліны вяртаюцца яму пры зваротным вывазе ўзораў з краіны. К., у адрозненне ад агента, камісіянера або дылера, не можа быць самастойнай юрыд. асобай і не падлягае гандл. рэгістрацыі.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЙВ (Liiv) Юхан (30.4.1864, воласць Алатсківі, цяпер Тартускага пав., Эстонія — 1.12.1913),
эстонскі пісьменнік; папярэднік крытычнага рэалізму ў эст. л-ры. Друкаваўся з 1885. Папулярнасць яму прынеслі зб. «Дзесяць апавяданняў», аповесць «Зязюля з Кякімяэ» (абодва 1893). Празаічныя творы «Паветка» (1894), «Дачка чараўніка» (1895) і інш. скіраваны супраць сац. несправядлівасці, класавага размежавання сялянства. Аўтар зб. «Вершы» (1909), кн. мініяцюр «З глыбінь жыцця» (1910), адметных спалучэннем элементаў рамантызму і рэалізму, маст. вобразнасцю. На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў А.Грачанікаў.
Тв.:
Рус. пер. — Стихотворения. М., 1962;
Повести и рассказы. Таллин. 1976.
т. 9, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЭ́Я,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі чараўніца, дачка калхідскага цара Ээта, унучка бога Геліяса. Пакахаўшы правадыра арганаўтаў Ясона, дапамагла яму здабыць залатое руно і разам з каханым уцякла ў Грэцыю, забіўшы пры гэтым свайго малога брата. Калі Ясон задумаў ажаніцца з дачкой карынфскага цара, М. з рэўнасці загубіла саперніцу, забіла двух сваіх малых сыноў ад Ясона і знікла на крылатай калясніцы, якую прыслаў Геліяс. Вобраз М. знайшоў адлюстраванне ў л-ры (Эўрыпід, Сенека, П.Карнель і інш.), жывапісе (пампеянскія размалёўкі, Э.Дэлакруа і інш.), музыцы (Л.Керубіні і інш.).
т. 10, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯНЬКІ́»,
бел. нар. гульня. На прамавугольнай пляцоўцы каля кожнай бакавой лініі чэрцяць кругі — «ямы», дыяметрам 1—1,5 м. З гульцоў выбіраюць 2 «рыбакоў», астатнія (іх можа быць 15—40 чал.) — «рыбы». «Рыбакі», узяўшыся за рукі, ловяць «рыб», якія могуць выратоўвацца ў «ямах». Аднак знаходзіцца ў «яме» можа толькі адна «рыба», калі туды забяжыць другая, тады тая, што там знаходзілася, павінна пакінуць «яму». Злоўленыя «рыбы» дапамагаюць «рыбакам». Гульня заканчваецца, калі «рыбакі» пераловяць усіх «рыб». Пераможцамі становяцца 5 «рыб», якія выратаваліся ў «ямах», іх называюць «М.».
Я.Р.Вількін.
т. 11, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАДВО́РСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1648—1817 у в. Новы Двор (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. Р.М.Валадковічам, які адпісаў яму 2 часткі свайго маёнтка Новы Двор і падначаліў Грозаўскаму манастыру. У сярэдзіне 18 ст. заняты уніятамі, пазней вернуты праваслаўным і прыпісаны да Пінскага Богаяўленскага манастыра. Будынкі былі драўляныя, не зберагліся. Ў манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, намаляваны, паводле легенды, у 13 ст. кіеўскім мітрапалітам Пятром. У 19 ст. абраз перавезены ў Суражыцкі манастыр Чарнігаўскай епархіі.
А.А.Ярашэвіч.
т. 11, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)