зады́млены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад задыміць ​1.

2. у знач. прым. Пацямнелы ад дыму, сажы. Казалі, у лагчыне калісьці красавалася вёска, — цяпер на тым месцы не было нават задымленых печышчаў. Мележ. Задымленая маленькая кузня нагадвала тыя часы, калі [Міхал] з Тэафілам працавалі ўдваіх вечарамі ў гулкім кавальскім цэху. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

Разм. Ісці напрасткі, прама. Хтосьці збочыў з дарогі, нацянькі прастуе да .. [Васіля]. Мележ. [Дзік] паволі праставаў на тоўстую старадрэвіну, што пры густым хвойніку перагарадзіла прасеку. Сачанка. І мы подбегам прастуем цераз лужок туды, дзе цямнеюць прыбярэжныя кусты. С. Александровіч. Басанож прастуеш да студні — жарства шурпатая коле ступні. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прату́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Прайсці тупаючы. У суседнім пакоі пратупалі мяккія матчыны панто[ф]лі. Галавач. // Прайсці. Па насыпу блізка пратупаў абходчык, потым вярнуўся. Мележ. Я салдат Айчыны. Сотні вёрст пратупаў пехатой. Прыходзька.

2. Тупаючы, прахадзіць некаторы час. [Кравец] абуў на ногі лямцавыя туфлі, .. пратупаў па пакоі аж да самага вечара. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытума́нены, ‑ая, ‑ае.

Злёгку зацягнуты смугой, туманам. Сіняя града з чорнай істужкай лесу ўздымалася за лагчынай у далёкай, прытуманенай смугою далечы. Мележ. // перан. Цьмяны, замарочаны, няясны ад чаго‑н. У вачах дзяўчыны свяціліся прытуманеныя трывогай іскаркі радасці. Кулакоўскі. [Сотнікаў] прытуманеным позіркам упёрся ў спіны пярэдніх, чакаючы, што неўзабаве зноў рушаць наперад. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пу́га, ‑і, ДМ пузе, ж.

Прымацаваны да палкі кавалак вяроўкі або сырамяці, якім паганяюць жывёлу. Сымон сеў на перадок, махнуў пугай, і Пярэстая амаль з месца пайшла трухам. Чарнышэвіч. Ездавы пярэдняй павозкі размахваў пугаю і крычаў штосьці на каняку. Мележ.

•••

Як пугаю па вадзе — без пэўнага выніку, без знаку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рамі́знік, ‑а, м.

1. Фурман наёмнага экіпажа. З завулка выехаў, наганяючы .. [Ліду з Буднікам], рамізнік. Галавач. У Сарэнта для тых, хто хацеў экзотыкі, на цэнтральнай плошчы, побач з раскошнымі кафэ, з багатымі сучаснымі аўтамабілямі дзяжураць рамізнікі з экіпажамі... Мележ.

2. Экіпаж з фурманам. [Зося:] — Два агенты гестапа везлі мяне на рамізніку па горадзе. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́спач, ‑ы, ж.

Стан, пачуццё крайняй безнадзейнасці, упадку духу, выкліканы якім‑н. няшчасцем, непрыемнасцю і пад. Ніколі не трэба кідацца ў роспач, а цярпліва і настойліва дамагацца свайго. Асіпенка. [Пятро:] — Рыба сплыла... Увесь улоў. Вось я і крычу ад роспачы! Ваданосаў. — Трэцяя брыгада нашу жняярку забрала! — з роспаччу крыкнула Вольга. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спазне́нне, ‑я, н.

Парушэнне тэрміну выканання, здзяйснення чаго‑н., больш позняя яўка каго‑н.; выкананне чаго‑н. у больш позні час. Лабановіч увайшоў у клас з некаторым спазненнем, мяркуючы, што, можа, яшчэ прыйдуць вучні. Колас. [Васю] вось і пра веснавую сяўбу трэба дбаць, каб, хоць і са спазненнем, управіцца з ёю. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стра́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад страціць.

2. у знач. прым. Згублены; патрачаны. Смерць і агонь глыбока раняць душу чалавека, але яшчэ глыбей — страчаная вера. Пташнікаў. Страчаныя пазіцыі былі адваяваны. Мележ. / у знач. наз. стра́чанае, ‑ага, н. Сёння страчанае не вернеш, Не сустрэць яго, Не знайсці. І. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сярпо́к, ‑пка, м.

Памянш.-ласк. да серп. [Сільчанка:] — Не ўсё ж лета, Ніна, мы будзем .. сядзець. Трэба будзе ўзяцца і за касу і за сярпок. Мележ. На дварэ сцямнела. Сярпок месяца заблішчаў на небе, весела заміргалі зоркі. Чарнышэвіч.

•••

Сярпкі Гіпакрата — крывалінейная фігура, абмежаваная дугамі дзвюх акружнасцей, апісаных на трох баках прамавугольнага трохвугольніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)