ПАЛО́ (Мікалай Пятровіч) (н. 5.8.1922, г. Ачынск Краснаярскага краю, Расія),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт.Беларусі (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т (1948). Працаваў у т-рах Расіі. З 1963 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Творчасці ўласціва глыбокая распрацоўка вобразаў. Сярод лепшых роляў: Гастрыт («Вечар» А.Дударава), Сорын («Чайка» А.Чэхава), Карандышаў, Дадаеў, Латохін («Беспасажніца», «Лес», «Прыгажун мужчына» А.Астроўскага), Яравы («Любоў Яравая» К.Транёва), Арыстарх («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Марцьянаў («Сумленне» паводле Д.Паўлавай), Парогін («Адыходзіў стары ад старой» С.Злотнікава), Паскуаліна («Каляды ў хаце сіньёра Куп’ела» Э. дэ Філіпа). Аўтар п’есы «Легенда пра песню няспетую» (з І.Паповым, паст. ў Гомельскім т-ры, 1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯКО́Ў (Мікалай Цярэнцьевіч) (н. 1.5.1936, в. Рабяткі Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1962). Аўтар станковай і манум. скульптуры, партрэтаў: дзярж. дзеяча Беларусі С.В.Прытыцкага (1965), Герояў Сав. Саюза Т.М.Барамзіной (1964, 1975), Б.С.Акрэсціна (1965), В.І.Цемчука (1984), двойчы Героя Сав. Саюза П.Я.Галавачова (1985), В.І.Чапаева (1980), бел. паэтаў Я.Купалы (1959, 1969), П.Труса (1968), рус. паэта А.Блока (1967), кампазіцыі «Раніца» (1964) і інш.; помнікаў Герою Сав. Саюза М.Ф.Сільніцкаму (1964, арх. В.Занковіч) у в.Платы Віцебскага р-на, піянеру-герою М.Казею (1965) у г.Быхаў Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
віды дзікіх звяроў і птушак, якія здабываюцца паляўнічымі ў спартыўных, аматарскіх і прамысловых мэтах; аб’екты палявання. На Беларусі 22 віды П.ж. (млекакормячых); лось, алень высакародны, казуля, дзік, зайцы бяляк і русак, бабёр, вавёрка, андатра, палёўка вадзяная, воўк, ліс, янотападобны сабака, куніцы лясная і каменная, тхор, норкі еўрапейская і амерыканская, выдра, гарнастай, ласка, крот; 31 від паляўнічых птушак (у залежнасці ад экалагічных умоў пражывання адрозніваюць балотную, баравую, вадаплаўную, палявую); глушэц, цецярук, рабчык, курапатка шэрая, крыжанка, гусь шэрая, таксама гусі белалобая, гуменнік і піскулька, чыркі траскунок і свістунок, чэрнеці чубатая і чырвонагаловая, лысуха, драч, турухтан вялікі і інш. Здабыча П.ж. рэгулюецца адпаведнымі заканад. і нарматыўнымі актамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НІН (Віктар Яўгенавіч) (н. 10.11.1930, г. Сяміпалацінск, Казахстан),
расійскі фізік і механік. Акад.Рас.АН (1987, чл.-кар. 1981). Замежны чл.Нац.АНБеларусі (2000). Скончыў Томскі ун-т (1952). З 1955 у Сібірскім фіз.-тэхн. ін-це (з 1969 заг. аддзела), з 1979 у Сібірскім аддз.Рас.АН: у Ін-це оптыкі атмасферы (нам. дырэктара), з 1983 у Ін-це фізікі трываласці і матэрыялазнаўства (з 1984 дырэктар). Навук. працы па механіцы дэфармуемага цвёрдага цела, фізіцы трываласці і пластычнасці, стварэнні новых высокатрывалых канстр. матэрыялаў.
Тв.:
Теория фаз в сплавах. Новосибирск, 1984 (у сааўт.);
Структурные уровни пластической деформации и разрушения. Новосибирск, 1990 (у сааўт.);
Новые материалы и технологии. Новосибирск, 1993 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́Ў (Міхаіл Фёдаравіч) (21.11.1901, в. Аўчыннікава Пскоўскай вобл., Расія — 8.5.1979),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейт.танк. войск (1945). Скончыў Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі (1938), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Сталінградскім, Паўд., Бранскім, Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах: нам. камандуючага арміяй, камандзір 1-га гвардз.танк. корпуса. Удзельнік Гомельска-Рэчыцкай, Калінкавіцка-Мазырскай, Бел., Нараўлянскай, Усх.-Прускай аперацый, вызвалення Бабруйска, Мінска. Да 1967 у Сав. Арміі. Чл.ЦККПБ у 1956—59. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1951—59. Ганаровы грамадзянін г. Калінкавічы і Мар’іна Горка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛАВО́К, таўкачык (Amanitopsis),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. мухаморавых. Некалькі відаў, якія адрозніваюцца колерам шапкі. Пашыраны ў Зах. Еўропе, Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі 3 віды і 1 разнавіднасць. Трапляюцца ў светлых лясах, на ўзлесках, на глебе сярод травы з чэрв. па вер. П.: беласнежны (A. nivalis), жоўта-карычневы (A. fulva), шэры (A. vaginata).
Пладовае цела — шапка на ножцы дыяметрам 3—9 см з гафрыраваным краем, у маладога грыба — званочкападобная, потым плоская, ад белай да карычневай, з рэшткамі агульнага пакрывала. Пласцінкі свабодныя, белыя, шырокія. Ножка даўж. 7—20 см, белая, полая, каля асновы з шырокай тоўстай вольвай (похвай). Споравы парашок белы. Ядомыя. Мікарызаўтваральнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАПРО́СТУ»
(«Poprostu»),
двухтыднёвая літ.-грамадская газета прагрэс. польскай інтэлігенцыі студэнцкая лявіца «Фронт», што была пад уплывам КПЗБ. Выдавалася з 5.8.1935 да 20.3.1936 у Вільні на польск. мове. Выкрывала фашызм, выступала за стварэнне адзінага антыфаш. нар. фронту, у абарону палітвязняў, патрабавала амністыі для іх. Інфармавала пра дзейнасць нар. франтоў у Францыі, Іспаніі, забастоўкі на прадпрыемствах Ліды, Вільні, інш. гарадоў Зах.Беларусі. З №7 ад 5.11.1935 друкавала «Беларускую калонку» пад назвай «Беларусы пра сябе» (рэдактар М.Танк). У газеце друкаваліся польск. і бел. пісьменнікі і публіцысты Г.Дэмбінскі, С.Ендрыхоўскі, Е.Путрамант, В.Васілеўская, К.Петрусевіч, М.Танк, М.Васілёк і інш. Выйшла 16 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРСАДА́НАЎ (Георгій Арцёмавіч) (10.9.1911, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 15.10.1989),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1937). З 1959 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект», у 1962—73 нач. Упраўлення па справах буд-ва і архітэктуры Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: генпланы гарадоў Мінск (1946), Слуцк Мінскай вобл. (1937—40, 1947), Рэчыца Гомельскай вобл. (1937—39, 1951), Магілёў (1947—50, 1961), Салігорск Мінскай вобл. (1958, 1971, апошнія 4 у сааўт.), карэкціроўка генплана Мінска (1959). Аўтар праектаў жылых раёнаў аўтамабільнага, падшыпнікавага з-даў, камвольнага камбіната (1945—55), мікрараёна па вул. Валгаградскай (1956, усе ў сааўт.) у Мінску; курортнай зоны воз. Нарач (1966, 1974—75).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНІКІ, кавалеры (Papilionidae),
сямейства дзённых матылёў атр. лускакрылых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей; асабліва шматлікія і разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна на травяністых раслінах, трапляюцца на кустах і дрэвах. На Беларусі 4 віды: апалон, махаон, падалірый і апалон чорны, або мнемазіна; усе занесены ў Чырв. кнігу.
Крылы ў размаху да 25 см, шырокія; заднія з выемкай на баку, у многіх відаў заканчваюцца падоўжаным вырастам. Афарбоўка крылаў яркая, разнастайная. Вусікі булавападобныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені масіўныя, стракатыя, кукалкі зялёныя ці бурыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСПЕ́ЛАЎ (Рыгор Яўхімавіч) (н. 11.9.1916, г. Бежацк Цвярской вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне энергетыкі. Д-ртэхн.н. (1962), праф. (1963). Засл. дз. нав. і тэхн.Беларусі (1977). Скончыў Сярэднеазіяцкі індустр.ін-т (1940). З 1963 у БПА (у 1963—90 заг. кафедры). Навук. працы па перадачы электраэнергіі і рэжымах работы электраэнергет. сістэм і сетак. Абгрунтаваў магчымасць электраперадачы пераменнага току ў рэжыме чвэрці хвалі.
Тв.:
Электрические системы: Режимы работы электрических систем и сетей. М., 1975 (разам з В.А.Венікавым, Л.А.Жукавым);
Потери мощности и энергии в электрических сетях. М., 1981 (разам з М.М.Сычом);
Компенсирующие и регулирующие устройства в электрических системах. Л., 1983 (разам з М.М.Сычом, В.Ц.Федзіным).