ПАРФІРЫ́НЫ,

прыродныя арганічныя пігменты раслін, жывёл і чалавека; вытворныя парфіну (структуры з 4 пірольных кольцаў). Большасць П. у прыродзе — комплексы з металамі. Важнае біял. значэнне мае Fe-комплекс П. (у складзе гемаглабінаў, шэрагу ферментаў) і Mg-комплекс П. (хларафіл і яго аналагі). П. выяўлены таксама ў выдзяленнях жывёл, шалупайках яек і апярэнні птушак, ракавінах малюскаў, нафце і інш. Біясінтэз П. у клетках ажыццяўляецца з гліцыну і бурштынавай кіслаты. Парушэнні абмену П. (у т. л. прыроджаныя) прыводзяць да захворванняў чалавека (напр., да парфірыі скуры).

т. 12, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫЯ АРКНЕ́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Orkney Islands),

група астравоў на ПдЗ Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 4 буйных (Каранейшэн, Лоры, Поўэл, Сігні) і каля 40 дробных а-воў. Пл. 621 км². Выш. да 1266 м. Складзены ў асн. з моцна метамарфізаваных асадкавых парод. Б.ч. ўкрыта снегам і лёдам. Расліннасць — пераважна імхі і лішайнікі. Лежбішчы цюленяў, калоніі марскіх птушак. Адкрыты ў 1821 англ. і амер. прамыслоўцамі Дж.​Поўэлам і Н.​Палмерам і названы арх. Поўэла. На астравах англ. і аргенцінская навук. станцыі.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛЁТНЫЯ ПТУ́ШКІ,

птушкі, якія штогод робяць пералёты ад месцаў гнездавання на зімоўкі (у вырай) і назад. Для іх характэрны: высокі ўзровень метабалізму, здольнасць да хуткага перамяшчэння ў паветры, арыентацыя ў прасторы, назапашванне пажыўных рэчываў і тлушчу, строгая цыклічнасць размнажэння і лінькі, хуткая перабудова фізіял. функцый і іх сінхранізацыя з сезоннымі зменамі асяроддзя. На Беларусі 162 віды П.п., большасць з іх — лясныя і вадаплаўныя, у т. л. буслы, дразды, івалгі, качкі, крачкі, кулікі, ластаўкі, мухалоўкі, чайкі, шпакі. Гл. таксама Пералёты птушак.

т. 12, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВІ́ЗАРНЫЯ О́РГАНЫ (ад ням. provisorisch папярэдні, часовы ад лац. provideo прадбачу, загадзя клапачуся),

органы зародкаў і лічынак шматклетачных жывёл, якія знікаюць у працэсе іх далейшага развіцця (напр., брушныя канечнасці і жабры лічынак у насякомых, сасуды жаўточнага мяшка зародкаў рыб, паўзуноў, птушак і інш.). Адна з форм цэнагенезу ці эмбрыяадаптацыі. П.о. забяспечваюць важнейшыя функцыі арганізма да сфарміравання дэфінітыўных органаў, характэрных дарослым асобінам. У сучасных арганізмаў П.о. дазваляюць меркаваць пра арганізацыю іх продкаў, што істотна для ўзнаўлення працэсу эвалюцыі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМА́ЧЫК (Іван Іванавіч) (24.7.1951, в. Валавель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1998). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1974). З 1974 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі. Навук. працы па пытаннях дыягностыкі, прафілактыкі і мерах барацьбы з туберкулёзам с.-г. жывёлы і птушак.

Тв.:

Микробактериоз свиней. Мн., 1988 (разам з А.​А.​Саланенкам);

Праяўленне алергічных рэакцый у жывёлы ў залежнасці ад кратнасці ўвядзення туберкуліну і тэрмінаў уліку рэакцый // Весці Акадэміі агр. навук Беларусі. 1994. №1.

т. 13, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ПІЯ (Ruppia),

род кветкавых раслін сям. рупіевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. Растуць на мелкаводдзі марскіх узбярэжжаў і ўнутр. салёных ці саланаватых вадаёмаў. Найб. вядомыя Р.: марская (R. maritima) і вусіканосная (R. cirrhosa).

Шматгадовыя травы з тонкімі паўзучымі карэнішчамі, поўнасцю, акрамя суквеццяў, апушчаныя ў ваду. Лісце чаргаванае або супраціўнае, вузкалінейнае, часам ніткападобнае. Кветкі дробныя, двухполыя, без калякветніка, у 2-кветкавым коласе. Плод з 4—6 касцянкападобных доляў. Корм вадаплаўных птушак.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

расшчабята́цца, ‑бячуся, ‑бечашся, ‑бечацца; зак.

1. Пачаць моцна і многа шчабятаць (пра птушак). Сарокі расшчабяталіся. □ Галя думае: мабыць, будзе дождж, бо чаго б так расшчабяталася гэтая птушка. Сабаленка.

2. перан. Пачаць многа, ахвотна гаварыць, расказваць. Дзяўчаты расшчабяталіся і павялі гутарку аб розных здарэннях, якія бачылі на працягу дня. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сакало́к 1, ‑лка, м.

1. Назва некаторых невялікіх птушак сямейства сакаліных.

2. Тое, што і саколік (у 2 знач.). Маці ў слёзы: — А мой сынок, а мой сакалок, як жа ты нас, старых, пакінеш? Якімовіч.

сакало́к 2, ‑лка, м.

Спец. Выступ на пярэднім канцы грудной косці ў жывёл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хітру́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рузе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Вельмі хітры чалавек. Заўважыўшы ў поцемках людзей, хітруга гэты адразу ж накіраваўся проста на іх. Дуброўскі. / Пра жывёл, птушак. — От хітругі, пранюхалі, што кукурузу будзем тут сеяць, — скардзіцца на гракоў Тася. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́тнік, ‑у, м.

Зараснікі чароту; сцёблы чароту. Хвалі дабягаюць да берага, і тады глуха шамаціць сухі чаротнік. С. Александровіч. У гэтым кутку мелася ўсё, што трэба чалавеку: і лясныя плады, і стэпавыя зёлкі, і рыба ў вадзе, і лугавая жывёла, і, нарэшце, шмат птушак, якія капашыліся ў чаротніку. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)