ве́сціся, вядзецца; пр. вёўся, вялася, вялося; заг. вядзіся; незак.
1. Адбывацца, ажыццяўляць, праводзіцца. Вядзецца барацьба за высокую якасць прадукцыі. Вядзецца шырокае жыллёвае будаўніцтва. □ Страляніна была моцная і інтэнсіўная. Здавалася, што яна вядзецца недзе зусім непадалёку. М. Ткачоў. Пачынаючы з гэтага дня, работы на канале вяліся ўжо штодзённа. Краўчанка. // Прадаўжацца, працягвацца. Жанчына ўздыхала І шаптала: «Вам як знаёмаму па шчырасці скажу...» Хаця знаёмства ў іх не так даўно вялося, Адразу тут каля акна і пачалося. Корбан. Вось так гамонка ў іх вялася У зручны выпадак не раз. Колас.
2. Жыць; пладзіцца, размнажацца. Калісьці зубры вяліся па ўсёй Еўропе. В. Вольскі. Пад стрэхамі ляпіліся ластаўкі, вераб’і, у дуплах вяліся шпакі. Чарнышэвіч. // Гадавацца, даваць прыплод. [Мацвей:] — У мяне свінні, на яго ліха, не вядуцца: падгладзіш крыху, то возьме і прыхварэе. Лобан.
3. Быць, мецца ў наяўнасці. Бацька гаспадарыў, дык і хлеб вёўся. Якімовіч. Кавалачак сала ў нас яшчэ вядзецца, а скончыцца — перабудзем дзён колькі на хлебе. Пальчэўскі.
4. безас. Быць звычаем, падтрымлівацца. Нас знаёміла Зося і ўсіх нас вяла, Як пры [сустрэчах] вялося, у дом да стала. Куляшоў. Як звычайна вядзецца ў такіх разах, першымі з’яўляліся меней значныя асобы. Колас.
5. Зал. да весці (у 1, 2, 4 і 6 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыць, крыю, крыеш, крые; заг. крый; незак., што.
1. Рабіць над чым‑н. страху, дах, верх. Крыць павець. Крыць хату. Крыць машыну брызентам. // Разм. Рабіць (страху, дах і пад.). Будаўнікі канчалі крыць дахі баракаў. Броўка.
2. Разм. Прыкрываць, атуляць. Зноў вас пабачыў, бярозы старыя, ваша ўтульнасць ізноў мяне крые. Дубоўка. Неба з захаду цямнее. Крые даль смугою. Колас.
3. без дап. Разм. Ужываецца замест некаторых дзеясловаў для абазначэння дзеяння, якое выконваецца з асаблівай сілай, імклівасцю. Бераг — вось ён, зусім побач... Жвавей, матрос. Крый сажонкамі! Адпачываць будзеш пасля. «Беларусь».
4. У картачнай гульні — біць карту партнёра вышэйшай картай. Крыць валета дамай.
5. Разм. Заўзята крытыкаваць, лаяць каго‑, што‑н. Самакрытыка ў модзе — Недахопы стануць крыць. Глебка.
•••
Бог крыў гл. бог.
Крый бог (божа) — а) выражэнне перасцярогі, папярэджання не рабіць чаго‑н. Крый божа Звязаць вам З гэтым хлопцам лёс! Корбан; б) вырашэнне нежадання, недапушчальнасці чаго‑н. Калі сын з сям’ёю перабраўся ў сваю хату, дзед зрабіў брамку з замком, каб дзеці — крый божа — не залезлі ў садок. С. Александровіч.
Крыць матам каго — груба лаяць.
Няма чым крыць — няма чаго сказаць у адказ, у апраўданне.
Няхай бог крые гл. бог.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нядо́бры, ‑ая, ‑ае.
1. Які непрыязна, варожа адносіцца да ўсіх; злосны. [Лясніцкі:] — Значыцца, сям’я ў цябе надзейная? За старога адказаў Прыборны: — Як бачыш... Жонка толькі ў яго злая. Нядобрая баба, неразумная. Шамякін. // Які выражае непрыязнасць, недружалюбнасць. Нядобрая ўсмешка. □ Лундзін насцярожваецца, у вачах яго загараюцца нядобрыя агеньчыкі. Палтаран. // Заснаваны на непрыязнасць непрыхільнасці. Нядобрыя намеры.
2. Які нясе ў сабе або прарочыць няўдачу, няшчасце, бяду. Нядобрыя весці. □ Чаму ж нядобры час прынёс Мне доўгае расстанне з Вамі? Багдановіч. Прылёг... А пушча прыглушана вые, З гушчару вее трывогай нядобрай. Панчанка. / у знач. наз. нядо́брае, ‑ага, н. [Нічыпар:] Чуе маё сэрца — нядобрае здарыцца ў гэтую ноч... Кучар. // Змрочны, цяжкі. Раніцаю ўсё для Карніцкага здавалася нейкім нядобрым сном. Паслядовіч.
3. Які няславіць, ганьбіць каго‑н.; дрэнны, заганны ў маральным плане. [Гаспадар:] — Я за табой, Ларывон Якаўлевіч, даўно заўважаю адну нядобрую якасць: падхалімнічаеш ты, брат, часам. Шамякін.
4. Варты дрэннай ацэнкі; не такі, якім павінен быць. Нядобры тавар. □ [Салдат:] — Нядобрае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Караткевіч.
5. Благі, непрыемны. Зірнуўшы на прэзідыум, Пракоп запыніўся на старшыні: ясна было відаць, што прамова Ганчара нядобрае зрабіла на яго ўражанне. Колас.
•••
Глядзець нядобрым вокам гл. глядзець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Частка тонкага ствала або галіны, ачышчаная ад парасткаў. Выразаць палку. □ Неўзабаве вёскаю, пасярод вуліцы, ішоў чалавек — у лапцях, шарачковых портках і старым суконным палітоне. На плячы, на сукаватай палцы, торбачка з хлебам. Крапіва. Двое другіх калгаснікаў насыпалі сечку ў цабэркі.., нанізвалі цабэркі на доўгую тоўстую палку і неслі каровам. Колас. // Аб такім адпаведна апрацаваным прадмеце, які ўжываецца як апора пры хадзьбе або для іншых мэт. Клопікаў апранаўся ў лепшы свой пінжак, насоўваў на галаву стары, [пазелянелы] ад старасці і часу кацялок і, абапіраючыся на такую ж старую палку-крывулю,.. важна выходзіў на вуліцу. Лынькоў. Зіна палезла на палкі, вырвалася на [лыжах] наперад. Шыцік. // звычайна мн. (па́лкі, ‑лак); перан. Пра палачныя ўдары, пабоі. Свату першая чарка і першая палка. Прыказка. // перан. Пра гвалт, прымус. Вам з нараджэння невядома Нядоля палкі і ярма. Глебка.
•••
З-пад палкі — быць вымушаным, пад прымусам (рабіць, выконваць што‑н.).
Не кіем дык палкай; ці кіем ці палкай гл. кій.
Палка з двума канцамі — пра тое, што можа скончыцца і добра і дрэнна.
Перагнуць палку гл. перагнуць.
Устаўляць (ставіць) палкі ў колы гл. устаўляць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., каго-што і з дадан. сказам.
1. Успрыняць слыхам. Калі прачнуўся Міколка, то пачуў у горадзе страляніну. Лынькоў. Пачуў мужык званок і думае: «Ці не пагоня гэта?» Якімовіч. Перад самым світаннем [Вера] заснула так моцна, што не пачула, калі Аксіння Адамаўна паднялася і пайшла на кашару. Асіпенка.
2. і пра каго-што. Атрымаць звесткі пра каго‑, што‑н.; даведацца. — Можа болей і не ўбачу, Не пачую, дзе ты. Колас. У той вечар .. [Сымон Чуйна] ведаў, што нездарма прыйшоў сюды: ён пачуў выразна пра свайго Рыгора. Чорны. [Бэсман:] Адкуль жа вам імя яго вядома? [Таццяна:] Імя? я першы раз ад вас пачула. Глебка.
3. Разм. Адчуць, успрыняць органамі пачуццяў. Дунаеў адразу зразумеў, што не звера пачула аўчарка. Шыловіч. Гена пачуў пах яе валасоў, пах касынкі ці плашча, — так пахнуць не то трава, не то мыла. Арабей. Потым, калі [Ганна] села на сноп, пачула, як шчыміць уколатая аб пожню нага каля кветачкі. Мележ.
4. Разм. Зразумець, усвядоміць. Тут нават бацька не стрымаўся І нечакана засмяяўся! Алесь пачуў — мінула ліха. Колас. [Яўхім] і так даволі цацкаўся з .. [Ганнай], хопіць далікацтва — трэба, нарэшце, узяцца рашуча, каб пачула, з кім жартуе. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пільнава́цца, ‑ну́юся, ‑ну́ешся, ‑ну́ецца; незак.
1. Знаходзіцца паблізу чаго‑н., не адыходзіцца. Коні ішлі паціху, а мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. Чарнышэвіч. Ужо вось з тыдзень, як пан Богут Свайго пільнуецца двара І толькі выйдзе на дарогу, Калі надарыцца пара. Колас.
2. Хадзіць следам за кім‑н., не выпускаць з поля зроку; трымацца каго‑н. Дарэмна .. [Лісавета] старалася не хадзіць адна з вячорак або з вечарынак і заўсёды пільнавалася Алены Сташэвічавай. Чарнышэвіч. Вера ўжо раней, як толькі яе разлучылі з Нінай, вырашыла пільнавацца гэтай жанчыны. Мікуліч.
3. Удзяляць увагу чаму‑н. [Ціток:] — [Кандрат] толькі п’е ды ў карты гуляе, а гаспадаркі не пільнуецца. Лобан.
4. Прытрымлівацца чаго‑н., кіравацца чым‑н. — Мы больш за вас на свеце пражылі і ніякіх гэтых правілаў надта не пільнаваліся. Кулакоўскі. [Мірон:] — Як партызанам, так і падпольшчыкам трэба асабліва пільнавацца дысцыпліны, і не звычайнай дысцыпліны, а жалезнай. Лынькоў.
5. Асцерагацца, быць уважлівым. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока гаспадару. Лынькоў. — Хіба ж бо гэта канечне трэба было яму пад тое дрэва лезці? Каб пільнаваўся, дык і не папаў бы, во што я вам скажу. Галавач.
6. Зал. да пільнаваць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыбы́так, ‑тку, м.
1. Сума, на якую даход перавышае выдаткі; грашовы даход. Чысты прыбытак. Валавы прыбытак. // Спец. Даход капіталістаў, крыніцай якога з’яўляецца прыбавачная вартасць. Максімальны прыбытак. Прыбыткі манаполій. // Спец. Даход дзяржаўных прадпрыемстваў у сацыялістычным грамадстве, які атрымліваецца ў выніку павышэння прадукцыйнасці працы. Прыбытак дзяржаўных прадпрыемстваў. Адлічэнне прыбыткаў.
2. Даход, які атрымліваецца ад якога‑н. роду заняткаў, дзейнасці і пад. Пан Кудзілоўскі лічыў, хата сады даюць больш прыбытку, чым збожжа, і збожжа зусім не сеяў. Хомчанка. — Але хіба кіраўніцтва завода не ведае без вашых табліц і лічбаў на некалькіх старонках, што пераабсталяванне цэха дало б вялікія прыбыткі заводу? Арабей. Выдавецкая справа ў той час не толькі не прынесла беларускаму першадрукару прыбыткаў, а патрабавала шмат выдаткаў. С. Александровіч.
3. Разм. Карысць, выгада. [Міхал:] — А што за шчасце тут, спытаем? Які прыбытак мы тут маем? Колас.
4. Разм. Пра з’яўленне патомства (у сям’і, гаспадарцы і пад.). Жадаем яшчэ вам Прыбытку ў хаце, Ні мала, ні многа — Штогод па дзіцяці. Русак. Рамізнік сядзіць на козлах і ўсміхаецца, гледзячы, як я нясу на руках дзіця. — З прыбыткам вас, — кажа ён. Сабаленка. Конюху дзядзьку Мікалаю не было каму ў тую часіну пахваліцца і свежай навіной і жаданым прыбыткам на сваёй канюшні. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пту́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Пакрытая пухам і пер’ем жывёліна класа пазваночных, якая мае дзве канечнасці, крылы і дзюбу. Вадаплаўныя птушкі. Хатнія птушкі. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. / у знач. зб. Ездзілі ў Мінск караваны з ільном, збожжам, .. птушкай. Бядуля.
2. перан. Разм. іран. Пра чалавека, з пункту гледжання яго грамадскага значэння, становішча. Гэтая схільнасць упаўнаважанага — не дзіва, бо чалавек ён старонкі і па-сапраўднаму не ведае, што гэта за птушка наш Лепятун. Кулакоўскі. — Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.
3. Разм. Паметка на палях тэксту або ў тэксце ў выглядзе дзвюх рысак, якія сходзяцца ўнізе вострым вуглом. Зарыпела пяро: «Тут у вас не выходзіць...» «Тут вам трэба «падумаць ...» «Тут крыху змякчыць...» «Тут вось «птушку» паставім, разважыць не шкодзіць...» Дзяргай.
•••
Вольная птушка — пра чалавека, які жыве незалежна, свабодна.
Птушка высокага палёту (звычайна іран.) — пра чалавека, які займае высокае становішча ў грамадстве.
Ранняя птушка — пра таго, хто рана ўстае, з’яўляецца рана дзе‑н.
Стрэляная птушка — пра бывалага, вопытнага ў якой‑н. справе чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбі́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разбіць.
2. у знач. прым. Расколаны на кускі або з адбітым краем. Разбітыя дзверы заставілі шафаю. Чорны. Праз два разбітыя акны і адкрытым насцеж дзверы гуляў вецер. Лынькоў. // перан. Разбураны, загублены. Разбітае жыццё. Разбітыя мары. □ Надзеі! Цяжка жыць з разбітымі надзеямі... Галавач.
3. у знач. прым. Пашкоджаны ўдарам. Трымаючыся за разбітую шчаку і распухлы нос, бокам высунуўся Слімак. Лынькоў.
4. у знач. прым. Які пацярпеў паражэнне, пераможаны. У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч.
5. у знач. прым. Знясілены, змучаны. Часам ноччу змораная, фізічна разбітая, .. [Таццяна] незаўважна засынала каля калыскі. Шамякін. Была трэцяя гадзіна ночы, калі Мікалай, стомлены і разбіты, дабраўся на кватэру. Дамашэвіч.
6. у знач. прым. Сапсаваны, пашкоджаны яздой, носкай і пад. [Іван] у сваіх картовых штанах, старых, разбітых чаравіках выглядае няўклюдным і вахлакаватым. Кудравец. Тут жа, выштурханая на бераг мноствам бурных прыбояў, парахнее, петрае на сонцы разбітая лодка. Брыль. І вось .. [Данік] імчыць па разбітай лясной дарозе... Краўчанка. // Надтрэснуты, расстроены (пра голас, музычны інструмент). — Каго Вам трэба? — голас быў жаласлівы, разбіты. Бядуля.
•••
Разбітае (старое) карыта гл. карыта.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спадзява́цца, ‑дзяю́ся, ‑дзяе́шся, ‑дзяе́цца; ‑дзяёмся, ‑дзеяце́ся; незак.
1. на што, з інф., без дап., са злучн. «што». Мець надзею, спадзяванне, разлічваць на што‑н. Ішоў [Папас] вуліцаю ля кааператыва, спадзяваўся напаткаць каго [са] знаёмых. Галавач. Ілка ўсё яшчэ на нешта спадзяецца і сядзіць на месцы. Лупсякоў. А я ўсё спадзяваўся І верыў... Эх, надзеі! Калачынскі. // чаго, са злучн. «што». Чакаць чаго‑н. Апошнія словы балюча кальнулі Сцёпку, хоць гэтага ён і спадзяваўся ад бацькі. Колас. Што дасі заўтра, доля зманлівая, Спадзяюся пацехі я мала. Купала. — Гм, — паморшчылася пані, — гм, я не спадзявалася, што ты кепска выхаваны. Бажко. / 1 ас. адз. цяпер. спадзяю́ся, у знач. пабочн. [Доктар:] — А тое, што я тут вам гаварыў, спадзяюся, застанецца між намі. Машара. [Ганя:] — Без маёй прысутнасці вы, спадзяюся, усё высветліце і разберацеся... Грамовіч.
2. на каго-што. Мець упэўненасць у кім‑, чым‑н.; мець спадзяванні на каго‑н. А сябры чакаюць, спадзяюцца на яго — Янку Корвуна. П. Ткачоў. Значыць, .. [Рабы] хітруе і не вельмі спадзяецца на мяне. Якімовіч. На .. [Бумажкова] спадзяваліся як на чалавека, які ў рашучы момант дасць верную параду. Чорны.
•••
Спадзявацца на манну нябесную — разлічваць на выпадковую ўдачу, на што‑н. дармавое.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)