Імша́рнік, імша́р ’махавік’ (стол., Жыв. сл., 189; Нар. лексіка, 125). Утворана ад імшара (гл.) з суф. ‑нік ці ад *імшарны суф. ‑ік. Назва паводле месца росту; параўн. махавік, рус. болотовик і да т. п.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВА́НІН (Васіль Васілевіч) (13.1.1898, г. Тамбоў, Расія — 12.5.1951),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1949). Скончыў драм. студыю ў Тамбове (1920). Працаваў у т-рах Тамбова, Петраграда. У 1924—49 вядучы акцёр Т-ра імя МГСПС (з 1938 імя Массавета). У 1944—51 кіраўнік акцёрскай майстэрні Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі, праф. (з 1949). З 1950 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя А.​Пушкіна. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. Сярод роляў: Чапаеў (аднайм. п’еса паводле аповесці Дз.​Фурманава), Фаюнін («Нашэсце» Л.​Лявонава), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна; і рэжысёр). З 1927 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1949.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РКАНЫ ((Várkonyi) Зольтан) (13.5.1912, Будапешт — 1979),

венгерскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. Венгрыі (1962). Скончыў Тэатр. акадэмію (1934, Будапешт). На сцэне з 1935. З 1962 кіраўнік т-ра «Вігсінхаз» (Будапешт). Сярод роляў: Гамлет (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра), Сірано дэ Бержэрак (аднайм. п’еса Э.​Растана), Дофін («Святая Іаанна» Б.​Шоу) і пастановак: «Месяц зайшоў» паводле Дж.​Э.​Стэйнбека, «Дымнае неба» І.​Дарваша. З 1934 здымаўся ў кіно, з 1951 працаваў і як кінарэжысёр: «Фота Хабера» (1963), «Сыны чалавека з каменным сэрцам» (1965), «Венгерскі набоб» і «Золтан Карпаці» (1966), «Чорныя алмазы» (1976). Здымаўся ў большасці пастаўленых ім фільмаў. Прэмія імя Л.​Кошута 1953, 1956.

т. 4, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЗА́ЛІЙ ((Vesalius) Андрэас) (31.12.1514, Брусель — 15.10.1564),

натураліст эпохі Адраджэння, заснавальнік навук. анатоміі. Скончыў Лувенскі ун-т (Фландрыя). Вывучаў медыцыну ў Манпелье (Францыя), Парыжы. Д-р хірургіі (1537). З 1539 праф. у Падуанскім ун-це. Адзін з першых пачаў вывучаць чалавечы арганізм ускрыццём, апублікаваў «Шэсць анатамічных табліц» (1538). Удакладніў і дапоўніў анатамічную тэрміналогію. У працы «Пра будову чалавечага цела» (кн. 1—7, 1543) абвергнуў вучэнне К.Галена (панавала на працягу 14 ст.) пра сістэму руху крыві ў арганізме, што стала асновай для адкрыцця кровазвароту У.Гарвеем. Праследаваўся царквой, паводле прысуду інквізіцыі ў 1564 зрабіў паломніцтва ў Палесціну, на зваротным шляху пасля караблекрушэння памёр.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЫЯ́Н ((Burian) Эміль Францішак) (11.6.1904, г. Пльзень, Чэхія — 9.8.1959),

чэшскі рэжысёр, драматург. Нар. арт. Чэхаславакіі (1954). Скончыў Пражскую кансерваторыю (1927). Аўтар 8 опер і 4 балетаў, сімф. і камерна-інстр. твораў, музыкі да спектакляў, кінафільмаў. З 1929 выступаў як рэжысёр драм. т-ра. Заснаваў у Празе т-р «Д-34», дзе ставіў вострапаліт. спектаклі. Яго пастаноўкі адметныя разнастайнасцю жанраў, пошукамі новых выразных сродкаў, спалучэннем слова, музыкі і пластыкі. Аўтар і пастаноўшчык п’ес «Вайна» (1935), «Народная сюіта» (1938), заснаваных на нар. фальклоры. У 1941—45 у канцлагеры. Пасля вызвалення паставіў спектаклі «Швейк» паводле Я.​Гашака, «Опера жабракоў» Б.​Брэхта, «На дне» М.​Горкага і інш.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЫКІ́»,

валуны, помнік прыроды на Беларусі. 2 блокі чырвонага буйназярністага граніту за 4 км на Пн ад в. Іканы Барысаўскага р-на Мінскай вобл., на З ад дарогі Зембін—Бягомль. Даўж. паўн. блока 3 м, шыр. 1,8 м, паўд. — адпаведна 2,5 м і 1,4 м, выш. да 2,1 м, агульны абвод 14,3 м. Аб’ём 17 м³, маса каля 50 т. Прынесены са Скандынавіі каля 200 тыс. гадоў назад. На паверхні «быкоў» расце 21 від лішайнікаў і 8 відаў імхоў, сярод якіх ёсць рэдкія. Назва «быкоў» звязана з легендай, паводле якой Бог ператварыў у камяні быкоў і аратага, што працаваў на Вялікдзень.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВАЕ́ННЫЯ СЯБРЫ́», Таварыства ваенных сяброў,

тайная арг-цыя ў Літоўскім асобным корпусе (Беластоцкая вобл.) у 1825. Узначальвалі мясц. шляхціц, б. філамат М.​І.​Рукевіч і афіцэры Літ. піянернага батальёна К.​Г.​Ігельстром і А.​Л.​Вягелін. Налічвала 45 членаў, падзялялася на 3 ступені. Мэтаю т-ва абвяшчаліся «вольнасць», «асвета сябе і іншых, узаемная дапамога і дабро агульнае». Паводле паліт. ідэалаў «Ваенныя сябры» блізкія да дзекабрыстаў. Верагодна, мелі кантакты з Паўн. і Паўд. т-вамі дзекабрыстаў і з Польскім патрыятычным т-вам. У снеж. 1825 беспаспяхова спрабавалі ўзняць паўстанне ў войску. Удзельнікі арыштаваны і прыгавораны да розных тэрмінаў катаргі і турэмнага зняволення.

т. 3, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІ́Л, Ахілес,

у грэчаскай міфалогіі герой Траянскай вайны, адзін з гал. персанажаў «Іліяды». Паводле падання, маці Ахіла, марская багіня Фетыда, каб зрабіць сына бессмяротным, пакупала яго ў свяшчэнных водах р. Стыкс. Толькі пятка, за якую яна трымала дзіця, засталася паражальная. Загінуў Ахіл ад стралы Парыса, што трапіла ў пятку (адсюль выраз «ахілесава пята»). Ахіл — улюбёны герой стараж.-грэч. мастакоў і паэтаў, яму прысвечаны шматлікія малюнкі на ант. вазах, пампейскія фрэскі, рэльефы рым. саркафагаў. Міф пра Ахіла стаў сюжэтам твораў жывапісцаў А. ван Дэйка, П.​П.​Рубенса, Дж.​Б.​Цьепала, Н.​Пусэна, А.​Іванава.

Да арт. Ахіл. Прыям просіць у Ахілеса цела Гектара. Мастак А.​А.​Іванаў. 1824.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́РСКІ МУЖЧЫ́НСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 17 — пач. 20 ст. каля в. Ахора (цяпер Чэрыкаўскі р-н Магілёўскай вобл.) на беразе р. Сож. Паводле падання, заснаваны як праваслаўны пустэльнікам ці будаўніком Аркадзем. Першы ігумен вядомы з 1669. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 знішчаны шведамі, пазней адбудаваны. Прывілеем караля Аўгуста II 1720 пацверджана прыналежнасць манастыра да правасл. царквы і захавана яго зямельная ўласнасць. У 1842 прыпісаны да Магілёўскага Богаяўленскага манастыра, з 1870 самастойны. Меў 2 драўляныя храмы: Праабражэння (1711) з разьбяным 3-ярусным іканастасам і шанаваным абразом Маці Божай і Успення (1843). У 1918 манастыр закрыты. Будынкі не захаваліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 2, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЎНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ І АКВАТО́РЫІ,

участкі сушы і воднай прасторы, для якіх ва ўстаноўленым парадку адпаведным заканадаўствам або міжнар. пагадненнямі вызначаны спец. рэжым выкарыстання — забаронены або рэгламентаваны ўсе ці некат. віды гасп. дзейнасці. Вылучаюцца, каб захаваць экалагічную раўнавагу, зберагчы прыродныя рэсурсы (зямельныя, жывёльныя, раслінныя ці інш.), тыповыя, унікальныя і цікавыя прыродныя ці штучна створаныя аб’екты, што маюць асаблівую навук., культ.-эстэт., гіст., рэкрэацыйную і інш. каштоўнасць. На Беларусі да іх адносяцца асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, таксама ахоўныя палосы запаведнікаў і некат. заказнікаў, лясы (водаахоўныя, асабліваахоўныя, курортныя, сан.-гігіенічныя і інш.). Паводле прызначэння падзяляюцца на запаведна-эталонныя, аб’ектаахоўныя, рэсурсаахоўныя, асяроддзеўтваральныя (асяроддзеахоўныя), рэкрэацыйныя.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)