мінімальнае мастацтва, кірунак авангардызму. Узнік у 1960-я г. ў ЗША пад уплывам ідэй гештальтпсіхалогіі. Тэрмін «М.-а.» увёў у 1965 крытык Р.Вольхейм. Творы вызначаюцца звядзеннем трохмерных маст. форм да прасцейшых геам. аб’ёмаў буйных памераў, якія выконваюцца на заводах паводле эскіза мастака (вял. пластмасавыя ці метал. скрынкі, конусы, кубы, рашэцістыя структуры, роўна афарбаваныя прамавугольныя планшэты, лісты бляхі і інш.). Агляд вял. аб’екта з розных пунктаў абумоўлівае непарыўную зменлівасць ракурсаў, асвятлення, перспектыўных скарачэнняў і інш., у выніку геам. вобразы візуальна губляюць сваю ўстойлівую форму і ствараецца супярэчнасць паміж успрыняццем твора і рэальным пачуццёвым вопытам гледача. Падкрэсленая канструктыўнасць форм прызначана адвяргаць суб’ектыўныя асацыяцыі з канкрэтнымі рэчамі і вобразамі і ствараць вобраз арганізаванага, фармальна дакладнага свету, канструкцыю свядомасці, увасобленай у матэрыяле. Сярод прадстаўнікоў М.-а.: К.Андрэ, Р.Бладэн, Д.Джад, С.Ле Віт, Р.Морыс, Ф.Стэла, Д.Флейвін, Д.Юд і інш.
расійскі акцёр. Нар.арг. Расіі (1981). Скончыў тэатр. студыю пры Калінінскім абл.драм. т-ры (1950). З 1949 у Калінінскім, Омскім т-рах, з 1961 у Маскоўскім т-ры сатыры. Камедыйны акцёр. Яго мастацтва іранічнай характарыстыкі персанажа, эмац. выразнасць, тэмперамент, дакладны адбор выразных сродкаў выявіліся ў ролях: Скаромны («Таблетка пад язык» А.Макаёнка), Астап Бендэр («Дванаццаць крэслаў» паводле І.Ільфа і Я.Пятрова), Скапэн («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Пічэм («Трохграшовая опера» Б.Брэхта), Стары («Шчаслівая падзея» С.Мрожака), Хлынаў («Гарачае сэрца» А.Астроўскага), Тузенбах («Тры сястры» А.Чэхава), Сяргей («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Калабушкін («Самазабойца» М.Эрдмана), Карлсан («Малыш і Карлсан, які жыве на даху» паводле А.Ліндгрэн) і інш. Здымаецца ў кіно: «Белае сонца пустыні» (1970), «Канец начнога злодзея», «Уласнасць рэспублікі» (абодва 1972), «Добра сядзім!» (1986), «Вярбоўшчык» (1991), «Бедная Саша» (1997) і інш. Выступае і як рэжысёр. Дзярж. прэмія Расіі 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАДАЎСКІ ЗВОН,
помнік ліцця мастацкага, эпіграфікі, палеаграфіі Беларусі. Адліты ў 1583 з медзі Марцінам Гофманам у Коўне (зараз г. Каўнас, Літва) для царквы в. Моладава (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.; адсюль назва) паводле загаду ўладальніка маёнтка дзярж. і ваен. дзеяча 16 ст. Сімяона Войны ў памяць аб бацьках. Выш. 62 см, найб. дыяметр 70 см, таўшчыня ліцця 7 см. Дэкарыраваны рэльефным арнаментам рэнесансавага характару: выявы міфалагічных істот (крылатыя коні, ільвы, алені і інш.) у медальёнах, утвораных непарыўнай звілістай сцяблінай. У сярэдняй частцы звона змешчаны тэкст, згрупаваны ў 4 калонкі па 13 радкоў у кожнай: фундатарскі надпіс і панегірык Войну Маціевічу Грычыну і яго сям’і. Тэкст выразаны ад рукі на тагачаснай бел. мове лац. літарамі. Пад адной калонкай — выява герба роду Войнаў. Па ніжнім краі звона — надпіс з датай адліўкі і імем майстра. Вернуты ў Свята-Вазнясенскую царкву в. Моладава.
Літ.:
Вецер Э.І., Хадыка Ю.В. Звон у Моладаве // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ХВЕР (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 5.12.1931, г. Ананьеў Адэскай вобл., Украіна),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Муж Л.М.Мягковай. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1959). З 1959 на шклозаводзе «Нёман» (у 1966—73 гал. мастак). Працуе ў галіне маст. шкла. Творам уласцівы эксперыментаванне з тэхналогіяй шкла, высокая культура формаўтварэння, вобразны дэкаратывізм, гарманічныя і лаканічныя прыёмы дэкарыравання. Аўтар ваз «Зубры» (1960), «Юнацтва» (1966), «Вогнішчы» (1972), блюд «Біцюг» (1960), «Шкловыдзімальшчык» (1963), пластоў «Гутнікі» (1982), «Лікі» (1990), кампазіцый «Гарадзішча» (1971), «Віхор», «Сіла зямная» (абедзве 1979), «Восеньская сюіта» (1980), «Вызваленне» (1984), «Памяці настаўніка» (1988), «Мір таму, хто ўваходзіць», «Пакутныя», «Пад каўпаком» (усе 1989), «Іншапланецяне» (1990), «Тэатр», «Пераадоленне» (абодва 1992), «Егіпецкі матыў» (1993), «Натоўп» (1995), «Чудзікі» (1999), бутляў «Гута» (1971), «Волаты» (1975), «Лікі» (1992), скульптур «Дуэт» (1992), «Ефрасіння» (1993), «Муза» (1996); набору «Белавежская пушча» (1967) і інш. Залаты медаль на выстаўцы шкла і фарфору ў г. Ябланец (Чэхія, 1979), сярэбраны медаль АМСССР (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́НА ((Nono) Луіджы) (29.1.1924, г. Венецыя, Італія — 8.5.1990),
італьянскі кампазітар; адзін з прадстаўнікоў муз.авангарду. Скончыў Падуанскі ун-т (1946). Вучыўся ў кансерваторыі ў Венецыі ў Ф.Маліп’ёра і інш. Шырока выкарыстоўваў серыйную тэхніку. сродкі алеаторыкі, сенорыкі, электроннай музыкі і інш. Многія яго творы антыімперыяліст., антыфаш. накіраванасці: «Эпітафія Ф.Гарсіі Лорку» (1953), «Польскі дзённік 1958» для арк. (1959), кантаты «Перарваная песня» (1956), «На мосце Хірасімы. Песні жыцця і кахання» (1962); «Помні, што табе зрабілі ў Асвенціме» для сапрана, дзіцячага хору і магнітафона (1987). Зінш. твораў: оперы «Нецярпімасць 1960» на тэксты Б.Брэхта, П.Элюара, У.Маякоўскага, Ж.П.Сартра (паст. 1961), «Пад шалёным сонцам кахання» (паст. 1975), «Праметэй» (паст. 1984), балет «Чырвоны плашч» (паст. 1954); творы для салістаў, хору і арк.; «Хары Дыдоны» для 32 спевакоў і ўдарных інструментаў; творы для арк.; інстр. ансамблі, у т. л. «Паліфоніка-Манодыя-Рытміка» (1951), электронная музыка і інш. Аўтар кніг і артыкулаў па музыцы.
польскае ўзбр.нац.-вызв. паўстанне на зах.ч. польскіх зямель, якія знаходзіліся пад уладай Германіі. Пачалося 27.12.1918 у Познані. У паўстанні, якое ўзначальваў Камісарыят Вярхоўнай нар. рады, удзельнічалі ўзброенае насельніцтва і польскія войскі. У першы дзень паўстання захоплены цэнтр горада, у наступныя дні — яго найважн. аб’екты, у т. л. аэрадром; да сярэдзіны студз. 1919 вызвалена амаль уся Велікапольшча (за выключэннем вузкіх прыгранічных тэрыторый). З 16.1.1919 польскія войскі ўзначальваў Ю.Доўбар-Мусніцкі, які рэарганізаваў армію, стварыўшы 4 баявыя групоўкі. У сярэдзіне студз. 1919 пачалося наступленне ням. войск. 16.2.1919 падпісана перамір’е ў г. Трыр. Уздоўж граніц вызваленых паўстанцамі тэр. праведзена часовая дэмаркацыйная лінія. Аднак Германія не выконвала ўмоў перамір’я, напружанае становішча на граніцы не зняў і Версальскі мірны дагавор 1919. Поспех паўстання забяспечыў уз’яднанне з Польскай дзяржавай ч. Пазнаншчыны, але Памор’е паводле Камп’ёнскага перамір’я 1918 заставалася ў Германіі.
Літ.:
Czubiński A. Powstanie wielkopolskie 1918—1919. Poznań, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІКІЯ́НЕ (грэч. Paulikianoi, ад імя апостала Паўла),
удзельнікі буйнога ератычнага руху ў Візантыйскай імперыі. Засн. ў 1-й пал. 7 ст. ў Зах. Арменіі армянінам Канстанцінам (пазней прыняў імя Сільван). На рэліг.-філас. дактрыну П. моцна паўплывалі маніхейства і маздакізм (гл.Маздакіцкі рух). Для веравучэння П. (канчаткова аформлена ў пач. 9 ст. ерасіярхам Сергіем-Ціхікам) характэрны дуалізм, вера ў бога дабра (анёл і сын якога — Ісус Хрыстос) і бога зла — Сатанііла. Адмаўлялі культ Маці Божай, прарокаў, святых, неабходнасць царквы і духавенства; з Бібліі прызнавалі толькі Новы Запавет (без пасланняў апостала Пятра). У сярэдзіне 9 ст. П. пад кіраўніцтвам Карвеаса і Хрысахіра стварылі на У Візантыйскай імперыі сваю дзяржаву з цэнтрам у г. Тэфрыка, адкуль рабілі напады ў інш. раёны імперыі. У 872 візант. войскі разбілі П. каля Вафірыяка, а ў 878 захапілі Тэфрыку. Многія П. прымусова пераселены на Балканскі п-аў, дзе моцна паўплывалі на фарміраванне вучэння багамілаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫ́ЧНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
раздзел механікі, які вывучае пластычнае дэфармаванне (пластычнасць) цел. Займаецца пабудовай матэм. мадэляў пластычных цел, метадамі вызначэння напружанняў механічных і дэфармацый у пластычна дэфармаваных целах пад уздзеяннем нагрузак, т-р і інш. Выкарыстоўваецца пры разліку канструкцый, збудаванняў, машын, тэхнал. працэсаў апрацоўкі металаў ціскам (коўкі, штампоўкі і інш.), шэрагу прыродных працэсаў (напр., гораўтварэння, дрэйфу кантынентаў).
П.т. разглядае целы, якія не падпарадкоўваюцца законам пругкасці (гл.Пругкасці тэорыя) з пачатку прыкладання знешніх уздзеянняў (пластычнае цела) або з некаторай стадыі нагружэння (пругка-пластычнае цела). Зыходныя даныя атрымліваюць эксперыментальна пры выпрабаваннях узораў на расцяжэнне-сцісканне. Найб. развітыя тэорыі: пластычнага цячэння (устанаўлівае сувязь паміж тэнзарам напружанняў і тэнзарам прырашчэнняў пластычнай дэфармацыі), ідэальнай пластычнасці, пругкапластычных працэсаў, дэфармацыйныя тэорыі пластычнасці.
Літ.:
Соколовский В.В. Теория пластичности. 3 изд. М., 1969;
Ивлев Д.Д., Быковцев Г.И. Теория упрочняющегося пластического тела. М., 1971;
Ильюшин А.А. Пластичность: Основы общей мат. теории. М., 1963;
Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975.
чэшская пісьменніца. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1953). Дэбютавала зб.аўтабіягр.апавяд. «Пад крыламі» (1917). У зб. «Апавяданні з гарадскога саду» (1920) і рамане «Пацыентка доктара Гегла» (1931) маральна-этычныя праблемы. Уражанні ад паездкі ў СССР у кн. рэпартажаў-нарысаў «Погляд на новую зямлю» (1932). У трылогіі «Людзі на раздарожжы» (1937), «Гульня з агнём» (1948), «Жыццё супраць смерці» (1952) адлюстравана жыццё краіны ў 1920—40-я г. Аўтар паэт. зб-каў «Песеннік» (1939), «Мацярынскія вершы» (1940), «Прызнанне ў каханні» (1949), «Мільёны галубак» (1950), аповесцей «Прадчуванне» (1942), «Сястра Алена» (1958), ліра-эпічнай паэмы «Пані Кюры» (1957), апавяданняў, нарысаў, рэпартажаў. Яе творам уласцівы публіцыстычнасць, паглыблены псіхалагізм, лірызм, гумар. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі К.Паўтаржыцкі, У.Юрэвіч. Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1937, 1948, 1951, 1953, 1955.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Чэшскія і славацкія апавяданні. Мн., 1958;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—5. М., 1960—61.
Літ.:
Бернштейн И.А. Творческий путь Марии Пуймановой. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЕ́НСКА-БО́РШАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура славянскіх плямён 8—10 ст., распаўсюджаная ў басейнах рэк Дзясна, Сейм, Сула, Псёл, Ворскла. Назва ад паселішчаў каля г. Рамны (Сумская вобл., Украіна) і с. Боршава (Варонежская вобл., Расія). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам, бортніцтвам, рамесніцтвам; жыло на гарадзішчах і селішчах у чатырохвугольных аднакамерных паўзямлянках слупавой і зрубнай канструкцый з глінабітнымі печамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ляпных гаршках пад курганнымі насыпамі (сустракаюцца і бескурганныя пахаванні). Кераміка ляпная, арнаментаваная грабеньчатым штампам, насечкамі, наколамі. Знойдзены земляробчыя прылады працы, сякеры, косы, нажы; упрыгожанні — бронзавыя і сярэбраныя бранзалеты, шыйныя грыўні, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, пацеркі. Помнікі канца 1-га тыс.н.э., падобныя да помнікаў Р.-Б.к., сустракаюцца на Пд і ПдУ Беларусі: Мазырскае гарадзішча Кімбараўка, матэрыялы гарадзішча і селішча Чаплін, селішчы Калочын і Насовічы, селішча і курганны могільнік Ходасавічы, курганны могільнік Вароніна, частка матэрыялаў гарадзішчаў Чачэрск і Гомель. Частка даследчыкаў лічыць, што Р.-Б.к. паходзіць ад пражскай культуры, а бел. помнікі звязаны з летапіснымі радзімічамі.