пляцёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Што‑н. сплеценае ўдоўж з двух, трох і больш пасмаў, кавалкаў і пад. У кожнае гаспадыні наплецена больш чым па дзесятку пляцёнак цыбулі. Палтаран. Пасярод вёскі чалавек спыніўся. Узмахнуў абапал грудзей пугавішчам — і змяёй узвілася ўгору пляцёнка, жаласна прысвіснула, рассякаючы паветра, і, зламаўшыся маланкай, пляснула аглушальным стрэлам. Хадановіч. — Чаго ты стаіш, як вартавы? — сказала.. [Міхаліна], закідаючы пляцёнку валасоў назад. — Чаму ты не танцуеш? Грамовіч.

2. Плеценая кашолка. Усе гэтыя рэчы я акуратна ўпакаваў у дарожную пляцёнку і ў поўдзень сеў на цягнік. Лупсякоў. І, урэшце, з гушчыні лесу на ягадную паляну пры дарозе выйшла маладзіца з пляцёнкай за плячыма і прывязаным да хвартуха збанком. Пестрак.

3. Падоўжаная вітая белая булка. Апрача зусім непатрэбных бохана пытляванага хлеба і пляцёнкі .. [Міхал] купіў Лёдзі пірожнае. Карпаў.

4. Асобы выраб тканіны; ткацкі рысунак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суко́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сукна, з’яўляецца сукном. Суконная пража. Суконныя тканіны. □ [Баба:] — А я корціку аснавала шэсць губак... аснова парцяная, а ўток суконны будзе... Нікановіч. // Пашыты з сукна. [Тэкля] была апранута ў чыстую доўгую спадніцу і дабротны суконны сак. Краўчанка. Наперад выйшаў Пракоп у саматканым суконным фрэнчы. Грахоўскі.

2. Які служыць для вырабу сукна або гандлю сукном. Суконная фабрыка. Суконная мануфактура.

3. Які займаецца вырабам сукна або гандлем сукном. Сачыла рупліва бяльмо цыферблата. — Ці добра спіцца суконным магнатам. Панчанка.

4. перан. Невыразны; грубы. Суконная мова. □ Але гэта, відаць, часта бывае з усімі, хто бярэцца за пяро: у галаве носіш тое, што можа ўсхваляваць, запаліць чытача, а як сядзеш пісаць, дык з-пад пяра выходзяць нейкія вялыя, суконныя словы і думкі. Сабаленка. — Ото ж, якая дробязь, — Адказ я пачуў суконны. — Дасць вам даведку робат — Намеснік мой электронны. Макаль.

•••

Суконнае рыла гл. рыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.

1. Выпадкова сустрэцца, надарыцца. Трапіўся б, скажам, на дарозе воўк (а іх тут багата зімою цягаецца), — Федзя адразу раскроіў бы яму чэрап і прыцягнуў у сяло. Ваданосаў. Але адступаць ужо было позна, і Пракоп .. рушыў да першай чалавечай постаці, што найбліжэй трапілася яму ў гэты час. Колас. // Дастацца. Абрыкосы, праўда, трапіліся пабітыя, з чорнымі бакамі. Дык мая суседка нафарбаванымі пальчыкамі старанна выбрала іх і шпурнула за акно. Грамовіч. Нявестка трапілася жанчына ўладная і... багатая на дзеці. Шамякін.

2. безас. з інф. Выпасці на чыю‑н. долю; прыйсціся. Трапілася пачуць рэдкае слова. □ Адным разам Рыгору трапілася адзін на адзін пагутарыць з Гэляй. Гартны.

•••

Трапілася чарвяку на вяку — пра вельмі рэдкую ўдачу, шчаслівы выпадак.

Трапіцца на вочы каму — выпадкова звярнуць на сябе ўвагу каго‑н.

Трапіцца пад руку — выпадкова апынуцца каля каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хму́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Пахмурны, воблачны (пра неба, пагоду, пару года, частку сутак). Дзень па-асенняму хмурны, таму пад шатамі елак амаль вячэрні паўзмрок, і немагчыма разгледзець зубравы вочы: што ў іх? Шамякін. Была хмурная, гразкая восень. Скрыган. Потым узышоў месяц. Ён паволі падымаўся па хмурным небе. Асіпенка. // Такі, дзе змрочна. Прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы снегу, зазеляніць жоўтыя паплавы, у бярэ хмурныя лясы. Гартны.

2. перан. Сумны, пануры (пра чалавека). [Элінора] зразумела, чаму Сузан вельмі часта ўставаў з-за хатняга стала хмурны, нездаволены. Лынькоў. Паглядзела дачка, стала хмурная: Знаць, не прыйдзе ён [любы] гэткай бураю. Панчанка. Архіпцоў сядзеў моўчкі, схіліўшы галаву, нейкі хмурны ці, можа, разгублены. Кухараў. — Ты нейкая хмурная сёння? — адразу заўважыў.. [Антось] жончын настрой. Васілевіч. // Які выражае суровасць, панурасць, заклапочанасць. Выйшаў на ганак.. хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма. Мележ. Слёзы ў мяне праступаюць з-пад хмурных павек. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Адразу, адным прыёмам зрабіць што‑н. Каб не давялося потым наракаць на сябе, яна [Юля] тут жа шухнула ў печ з вядра — вуголлі зашыпелі. Гроднеў. // Нечакана, раптоўна паваліцца. Стаяць нязручна, умошчваюся прысесці і чуць не шухнуў вобземлю. С. Александровіч.

2. Хутка абваліцца, асыпацца, спаўзці, з’ехаць куды‑н. Зямля шухнула ў дзірку і ледзь не засыпала мяне. Сачанка. Раптам зверху на яго [Петрыка] шухнула салаш. Гілевіч.

3. Надысці, настаць, прыйсці (пра якую‑н. з’яву, надзею). Пасля свята раптоўна шухнула адліга. Савіцкі.

4. Выехаць, выбыць адкуль‑н. [Галасок:] — Ды яно так і будзе, як Вербец кажа: з сваёю брыгадаю яны заробяць. Горад будуецца. І я прашу вас, таварыш старшыня, прыміце меры, бо ўслед за імі і ўся мая брыгада шухне. Савіцкі.

5. Рэзка, нечакана, з сілай падзьмуць, павеяць. Шухне [вецер], Аж самлееш, на нагах ты, Водар мяты і сасновых смол. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гняздо́, ‑а́; мн. гнёзды (з ліч. 2, 3, 4 гнязды́), гнёзд і ‑аў; н.

1. Жыллё, зробленае птушкамі з галінак, гліны, пер’я і інш. на перыяд нясення яец і выседжвання птушанят. Ластаўчына гняздо. Буслава гняздо. Не разбурай птушыных гнёздаў. □ Усякая птушка сваё гняздо бараніць. Прыказка. Ляцяць, як і летась, у вырай З наседжаных гнёзд жураўлі. Астрэйка. // Пра жыллё звяроў, насякомых. Вавёрчына гняздо. Чмялінае гняздо. // перан. Месца жыхарства сям’і, бацькоўскі дом. Дзеці выраслі і вылецелі з бацькоўскага гнязда. Корбан. — Вунь наша і гняздо відно, — перарывае маўчанне чалавек, — бач, дзе мы аселіся. Скрыган. // перан. Прытулак, тайнае прыстанішча (звычайна шкодных для грамадства людзей). Контррэвалюцыйнае гняздо. □ У даўнія часы, калі Туніс быў непрыступным пірацкім гняздом, сюды прывозілі палонных з захопленых у моры караблёў. В. Вольскі.

2. Група якіх‑н. аднародных прадметаў, размешчаных разам. Будынкі ў мікрараёне размешчаны гнёздамі. // Група слоў аднаго кораня. Гняздо слоў з коранем «стол».

3. Адтуліна, паглыбленне, у якія што‑н. змяшчаецца, устаўляецца. Попельніца ўманціравана ў стол, для графіна з вадой адпаведна зроблена надзейнае гняздо. М. Стральцоў. [Санька] паставіў дошку рубам у спецыяльнае гняздо і асцярожна пачаў націскаць на зензубель. Ваданосаў. // Акоп, паглыбленне ў акопе для байца з кулямётам або іншай зброяй. Кулямётнае гняздо. □ Агонь артылерыйскіх гнёздаў заціх. Грамовіч.

4. Месца высеву двух або некалькіх зярнят, а таксама ўсходы гэтых зярнят. Гаруноў разгортваў сцёблы, гняздо за гняздом, пералічваў, вырываў горшыя, пакідаючы па адной-дзве расліны ў гняздзе. Дуброўскі.

•••

Асінае гняздо — пра зборышча людзей, шкодных для грамадства, пра іх жыллё, месца знаходжання.

Звіць (сабе) гняздо гл. звіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

галасі́ць, ‑лашу, ‑лосіш, ‑лосіць; незак.

1. Голасна плакаць, прыгаворваючы (пры выражэнні гора, крыўды і пад.). Раманіха, схапіўшыся рукамі за галаву, галасіла: — А сын ты мой... А што ж з табой зрабілі. Чарнышэвіч. [Сястра].. павісла мне на грудзі і галосіць: «Казічак, братка!». Васілевіч.

2. што і без дап. Уст. Выконваць абрадавыя песні-плачы (звычайна ў час пахавальнага ці вясельнага абрадаў). Галасіць на магіле.

3. Абл. Голасна крычаць, аднастайна выкрыкваць што‑н. — Тхор! Тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе. Колас.

4. перан. Ствараць гукі, падобныя на галашэнне. Галасіла ў сотню труб Над чарапічным дахам замець. Танк.

•••

Голасам галасіць — гучна, з енкам і выкрыкамі плакаць (ад болю, вялікага гора і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аднаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.

1. Вярнуць да ранейшага стану, выгляду што‑н. пашкоджанае, парушанае, заняпалае; адрадзіць; узнавіць. Аднавіць разбураную гаспадарку. Аднавіць завод. Аднавіць камсамольскую арганізацыю. Аднавіць пашкоджаны тэкст. □ Зарастуць травой магілы; Мы адновім нашы сілы, Адбудуем край. Бядуля.

2. перан. Прыпомніць, нанава ўявіць што‑н. забытае; узнавіць. Спачатку.. [Стафанковіч] не ўспомніў таго моманту гісторыі гэтага фрэнча, калі ён знік з яго кватэры. Але пакрысе, момант за момантам, памяць яго аднавіла ў сабе гэтую справу. Чорны.

3. Вярнуць каму‑н. ранейшае службовае ці прававое становішча. На праўленні Станіслава Лінкевіча аднавілі ў правах члена арцелі «Светлы шлях». Дуброўскі.

4. Пачаць зноў перарванае дзеянне, адносіны. Аднавіць знаёмства.

5. Выдзеліць з хімічных злучэнняў кісларод і далучыць вадарод.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акуну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Апусціцца ў ваду на некаторы (звычайна кароткі) час. Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. Шамякін. Калі мы самі ўрэшце адважыліся акунуцца, адразу зразумелі, чаму так мала плыўцоў на гэтым гарачым беразе. Лынькоў. // перан. Быць ахопленым чым‑н.; апусціцца ў што‑н. Праваднік уключыў электрыку, і купэ акунулася ў бледна-зялёнае святло. Васілевіч. Мы выйшлі з сада на сенажатную дарогу і акунуліся ў сінія, шаўковыя туманы. Пестрак.

2. перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Восенню 1904 года Алаіза Пашкевіч пераехала ў Вільню, каб у губернскім горадзе акунуцца ў рэвалюцыйныя справы. С. Александровіч.

•••

Акунуцца з галавой у што — поўнасцю аддацца якой‑н. рабоце, дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́дацца, ‑дасца; ‑дадуцца; зак.

1. Утварыць выступ, выступіць за мяжу чаго‑н. Прыбудова выдалася на панадворак. □ Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.

2. Вылучыцца са звычайнага раду чым‑н., выпасці; здарыцца. Дзень, як на дзіва, выдаўся цёплы і прыгожы. Чорны. // Удацца. Каша выдалася на дзіва смешная. Быкаў. Калі ж ураджай не выдасца, дык і [жніўная] песня нейкая самотная. Сабаленка. // Аказацца на самой справе; трапіцца. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Маўр.

3. Знайсціся; выпасці (пра вольны час). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка.

4. Разм. Надрукаваць сваю кнігу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)