тамагра́фія

(ад гр. tomos = частка, слой + -графія)

метад рэнтгенаграфіі, заснаваны на атрыманні ценявога адлюстравання асобных пластоў даследуемага аб’екта пры дапамозе тамографа.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цыклагра́фія

(ад цыкла- + -графія)

метад вывучэння рухаў чалавека шляхам фатаграфавання запаленых лямпачак, умацаваных на рухомых частках цела; у выніку атрымліваецца хронафатаграма.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аналіты́чны

(гр. analytikos)

1) заснаваны на прымяненні аналізу (напр. а. метад даследавання);

2) здольны рабіць аналіз (напр. а. розум);

3) які служыць для аналізу (напр. а-ыя вагі).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

метадало́гія

(ад гр. methodos = метад + logos = навука)

1) вучэнне аб навуковым метадзе пазнання;

2) сукупнасць прыёмаў, якія прымяняюцца ў асобных навуках і практычнай дзейнасці (напр. м. мовазнаўчага даследавання).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Спо́саб ‘прыём, метад’, ‘парадак, характар, манера, склад’, ‘рэальныя ўмовы, сродак, магчымасць ажыццяўлення чаго-небудзь’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Федар. 4), ‘матэрыяльны дастатак, сродкі’ (Варл.), ‘неабходнае для жыцця’ (Сержп. Прымхі), ‘доля’: дзеўка без спосабу (пра векавуху) (Сержп.). Укр спо́сі́б, рус. спо́соб, польск. sposób, чэш. způsob, славац. spôsob, серб.-харв. спосо̀ба. Параўн. пасоба ‘дапамога’ (Нас.), рус. посо́бие, якія з выразу *ро sobě (гл. сябе); Міклашыч, 331–332; Фасмер, 3, 738. Якабсон (гл. у Фасмера, там жа) усходнеславянскія словы лічыць запазычаннем праз польскую з ст.-чэш. zpósob. Аналагічна Кохман, Stosunki, 126. Сяткоўскі (гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 334) чэшскі ўплыў бачыць толькі ў развіцці абстрактных значэнняў. Борысь (570) рэканструюе паўн.-прасл. *sъposobъ як аддзеяслоўны дэрыват ад *sъposobiti < *posobiti < *ро sobě, параўн. спасобіць ‘падрыхтоўваць, запасаць’ (Нас.), ст.-бел. способяти ‘падрыхтаваць, сабраць’ (Ст.-бел. лексікон).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АРЦЫМО́ВІЧ (Леў Андрэевіч) (25.2.1909, Масква — 1.3.1973),

сав. фізік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. з 1946), праф. (1947). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў БДУ (1928). З 1930 у фізіка-тэхн. ін-це, з 1944 у Ін-це атамнай энергіі, з 1957 акад.-сакратар Аддз. агульнай фізікі і астраноміі АН СССР. Навук. працы ў галіне атамнай і ядз. фізікі, электроннай оптыкі, фізікі плазмы. Даказаў выкананне закону захавання імпульсу пры анігіляцыі электрона і пазітрона, распрацаваў эл.-магн. метад раздзялення ізатопаў, упершыню атрымаў тэрмаядз. рэакцыю ва ўстойлівай квазістацыянарнай плазме (у сааўт.). Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1953, 1971.

Тв.:

Избр. труды. М., 1978.

Літ.:

Академик Л.​А.​Арцимович: (Сб. статей). М., 1975.

Л.А.Арцымовіч.

т. 1, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНАЯ АЧЫ́СТКА сцёкавых водаў,

метад ачысткі быт. і прамысл. сцёкавых водаў, заснаваны на выкарыстанні здольнасці арганізмаў (пераважна бактэрый) разбураць (мінералізаваць) забруджвальнікі арган. паходжання. Ажыццяўляецца на ачышчальных збудаваннях самастойна ці ў комплексе з мех., фіз.-хім. і інш. метадамі. Аэробная (з удзелам кіслароду паветра) мінералізацыя адбываецца на палях фільтрацыі, палях арашэння, у біялагічных сажалках, каналах, біяфільтрах, аэратэнках. Анаэробная (без прысутнасці кіслароду) — у двух’ярусных адстойніках і метантэнках. Ступень ачысткі сцёкавых водаў пры выкарыстанні метадаў біялагічнай ачысткі дасягае 98% (арган. рэчываў у вадзе практычна няма, вада не гніе, колькасць шкодных мікраарганізмаў зніжаецца). Для разбурэння і дэтаксікацыі «незгнівальных» сінт. рэчываў выкарыстоўваюць спец. штамы мікраарганізмаў, якія атрымліваюць у выніку штучнага мутагенезу.

Літ.:

Очистка производственных сточных вод. 2 изд. М., 1985.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАБ’ЁЎ (Уладзімір Пятровіч) (27.6.1876, Адэса — 31.10.1937),

савецкі анатам; адзін з заснавальнікаў функцыян. анатоміі, стэрэамарфалогіі. Акад. АН Украіны (1934). Скончыў Харкаўскі ун-т (1903). З 1917 працаваў у ім (з 1921 мед. ін-т), адначасова з 1921 навук. кіраўнік Укр. ін-та эксперым. медыцыны. Склаў карту вегетатыўных нерв. вузлоў і спляценняў унутр. органаў «Атлас анатоміі чалавека» (т. 1—5, 1938—42). Вызначыў новыя законы структурнай арганізацыі нерв. сістэмы, значэнне пагранічнай макра-мікраскапічанай вобласці бачання і распрацаваў методыку яе даследавання, развіў вучэнне пра цэласнасць арганізма і ўздзеянні функцыі і працы на марфагенез. Разам з Б.​І.​Збарскім распрацаваў эфектыўны метад бальзаміравання і бальзаміраваў цела У.​І.​Леніна (1924). Прэмія імя Леніна 1927.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЕРН ((Webern) Антон Фрыдрых Вільгельм фон) (3.12.1883, Вена — 15.9.1945),

аўстрыйскі кампазітар і дырыжор; адзін з прадстаўнікоў новай венскай школы. Вучыўся ў Венскім ун-це (1902—06), у А.Шонберга (1904—08). Творчасць кампазітара фарміравалася пад уплывам эстэтыкі экспрэсіянізму. Манера яго муз. пісьма вызначаецца гранічным лаканізмам і эканомнасцю гукавых сродкаў, якія ствараюць уражанне «бесцялеснасці», ірэальнасці вобразаў. Метад дадэкафоніі, распрацаваны Шонбергам, Веберн развіў у строгую сістэму. Адзін з найб. відных прадстаўнікоў серыйнай тэхнікі і пуантылізму ў музыцы 20 ст.

Тв.:

3 кантаты (1935, 1939, 1943), сімфонія (1928), канцэрт для 9 інструментаў сола (1934), стр. квартэт (1938), хары і сольныя вак. творы на вершы паэтаў, кананічныя і нар. рэліг. тэксты.

Літ.:

A. Webern. Bd. 1. München, 1983.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНАЯ КУЛЬТУ́РА,

спосаб вырошчвання раслін на водных растворах пажыўных рэчываў. Упершыню прапанаваў англ. вучоны Дж.​Вудвард (1699). Дэталёвая распрацоўка пачалася з сярэдзіны 19 ст. У Расіі водную культуру выкарыстаў К.​А.​Ціміразеў (1872). Асяроддзе — раствор пажыўных сумесей на дыстыляванай вадзе. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях жыўлення, росту і развіцця раслін, а таксама ў вытв. умовах (гл. Гідрапоніка). У воднай культуры рэгулююцца аб’ём, састаў, канцэнтрацыя, асматычны ціск, рэакцыя і інш. ўласцівасці пажыўнага раствору. Метад воднай культуры даў магчымасць устанавіць элементы, неабходныя для жыўлення і развіцця раслін, высветліць ролю мікраэлементаў у жыцці раслін. Ва ўмовах воднай культуры добра развіваюцца ўсе с.-г. расліны. Асобныя даследчыкі пашыраюць паняцце воднай культуры на прамысл. аквакультуру.

т. 4, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)