ма́сленіца 1, ‑ы, ж.

Пасудзіна, падобная на місачку з накрыўкай, у якой падаюць масла на стол.

ма́сленіца 2, ‑ы, ж.

1. Свята провадаў зімы ў старажытных славян і іншых народаў, аднесенае хрысціянскай царквой на нядзелю перад т. зв. «вялікім постам». Была масленіца. Непадалёк, на сажалцы, хлопцы і дзяўчаты круцілі карусель. Асіпенка.

2. перан. Разм. Аб добрым, прывольным жыцці. Не жыццё, а масленіца. □ А з учарашняга дня дык у Венькі зусім масленіца: бацькі паехалі на поўдзень адпачываць, а яго пакінулі на бабулю. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

матлашы́ць, ‑лашу, ‑лошыш, ‑лошыць; незак., каго-што.

Разм.

1. Рваць на шматкі, кавалкі. Сабакі матлошаць зайца.

2. Прыводзіць у бязладны стан. Матлашыць вецер Пракопаву бараду і псуе работу яму: засыпае сцежку белымі струменьчыкамі дробнага, пухкага, як мука, снегу. Колас.

3. Біць, дубасіць, нішчыць. Бывала, даўней, як завядзецца бойка — усё сяло калоціцца. Пабяруць калы і пачнуць матлашыць адзін аднаго. Колас. [Юзік:] — І калі мы раз наступілі на .. [урангелеўцаў] ды, закрычаўшы ўра, пачалі матлашыць іх штыкамі ды прыкладамі, дык яны кінуліся наўцёкі, а некаторыя здаліся. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Збірацца ажыццявіць якое‑н. дзеянне; намервацца. Як толькі я мерыўся ісці, Усцім заступаў мне дарогу, затрымліваў, пытаючыся пра розныя рэчы. Сабаленка. Ліс поўз на жываце, выцягнуўшы галаву, нібы мерыўся раптоўна скочыць на свайго праціўніка. Ваданосаў. // Разм. Імкнуцца заняць якое‑н. становішча, пасаду; меціць. — Вось твой Васіль дык маладзец, — І ў далоні пляснула, — Ён, кажуць, мерыцца ў зяці Да старшыні, да Яснага? Ставер. Падмятальнік стаяў у натоўпе ля хлопца, што мерыўся быць за старшыню сходу. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыбкі́,

У выразе: на дыбкі — а) на заднія ногі (стаць, падняцца і пад.). Конь, пужаючыся незразумелай яму мітусні і музыкі, шарахаўся ў натоўп, станавіўся на дыбкі. Васілевіч. Здаравенны дварняк, бразгаючы ланцугом, падняўся на дыбкі, злосна забрахаў. Хомчанка; б) прама ўверх, дыбам. Зямля скаланулася. Гэта Таня ўзарвала шнурам міну. Паравоз стаў на дыбкі і паляцеў пад адхон. Новікаў; в) перан. рэзка запратэставаць, выказаць нязгоду. [Каб] Сяргей перапрасіў, дык усё і абышлося б, але той стаў на дыбкі і пачаў адмаўляць сваю віну. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нажы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

1. Быць набытым, купленым. Вопыт з гадамі нажывецца. □ [Маці:] — Людзі жывуць [і на дзвюх дзесяцінах.] — А гэта — што папродаем увесь свой абыходак — дык яно, жывучы, нажывецца зноў... Чорны.

2. Атрымаць прыбытак, абагаціцца. Сенатар куплены, ліхвяр, банкір Нажыцца хочуць на крыві і смерці. Зарыцкі.

3. Разм. Пражыць нейкі час; доўга, многа пажыць. [Марына:] — Хопіць, нажылася я з табой. Нікому не пажадала б такога шчасця. Шахавец. — От і жыццё: якіх дваццаць гадоў жанчыне, не нажылася, а ўжо ўдава, сын — сірата, — самотна закончыла маці. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паваява́ць, ‑ваюю, ‑ваюеш, ‑ваюе; зак.

1. Ваяваць некаторы час. Паваяваць некалькі месяцаў. □ Калі [Фёдар] паправіўся — трапіў яшчэ далей — на Далёкі Усход, дзе паспеў паваяваць яшчэ і з японцамі. Кірэенка.

2. перан. Разм. Пазмагацца за каго‑, што‑н. Усё-такі я некалі кахаў .. [Іру] і мо нават трошкі вінаваты, што яна стала такою. Не хапіла рашучасці паваяваць за чалавека. Сабаленка. // Разм. Пасварыцца, паспрачацца некаторы час. — Браточку, паедзем, бо калі я тут з сваёй бабай яшчэ паваюю, дык і пад бярозу будзе пара!.. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павысыпа́цца 1, ‑аецца; зак.

Высыпацца адкуль‑н. — пра ўсё, многае. Павысыпалася зерне з каласоў. □ Хлопчык павіс уніз галавой. Арэхі з яго кішэняў павысыпаліся на зямлю. Сіняўскі. // Разбіўшыся, выпасці ў многіх месцах, усюды. Выбухамі паадчыняла вокны, павысыпалася шкло, і было відаць, што кватэры пустыя. Арабей.

павысыпа́цца 2, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Выспацца — пра ўсіх, многіх. Дзяўчаты, што жывуць у дамку, скіданым з аполкаў на краю палянкі, дык не тое што павысыпаюцца, нават прыемных сноў не дасняць, калі яны каторым набрыдуць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., што.

1. Зрабіць больш чыстым; прывесці ў парадак. Гулка забубнілі па зямлі раптоўныя ліўні; яны то аціхалі, то наляталі зноў і ўсё абмылі, усё падчысцілі, сагналі мутнымі пераваламі з двароў і палеткаў бруд, трэскі, салому. Лужанін. Падчысціць бы.. [рэчы], падрамантаваць, дык і пайшлі б у ход. Кулакоўскі.

2. Сцерці, саскрэбці (напісанае, надрукаванае).

3. Разм. Усё дачыста, без астатку забраць, з’есці і пад. [Маці:] — А ў каморцы і мышам ужо няма чаго есці — надоечы я ўсё да апошняй крупінкі падчысціла. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́ранка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм.

1. Запраўленая паранай бульбай ці мукой і завараная кіпнем сечка або мякіна на корм жывёле. [Гаспадар:] — Трэба карове паранкі ў апошні раз зрабіць,.. дык я мякіну бяру... Галавач. Гарэла газнічка, трашчаў за печчу цвыркун, пахла паранкаю і падгарэлаю бульбай. Грахоўскі.

2. Параная бульба ў лушпінах. Бацька мой служыў калісьці У пана за парабка. Век галодны, рад быў лыжцы Саладухі з паранкай. Гілевіч. Увайшлі [Галя і Васіль] у цёмныя сенцы — запахла бульбай-паранкай, нечым кіслым, але прыемным. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасве́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. што, аб чым і з дадан. сказам. Сцвердзіць, пацвердзіць, засведчыць што‑н. Малання .. таксама пасведчыла, што свята сёння. Колас. Ёсць старыя прычыны для новай размовы, Зоры гэта пасведчаць нам лепей, чым словы. Куляшоў. Не сохі і не ветракі пасведчылі аб сіле — мы спадарожніка з рукі, як голуба, пусцілі. Вялюгін.

2. Выступіць у ролі сведкі. Дык мяне ж вёска ведае, чый я і калі радзіўся... [Настуля] можа пасведчыць, — гаварыў хлапец, не разумеючы і сам, што казаць далей... Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)