аддзел ніжэйшых раслін. 5 класаў: вальвоксавыя, кан’югаты, сіфонавыя водарасці, пратакокавыя (Protococcophyceae), улотрыксавыя (Ulotrichophyceae). Каля 400 родаў, да 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах і ў морах; трапляюцца ў вадаёмах, глебе, на скалах і сценах, кары дрэў, поўсці млекакормячых. У якасці эндасімбіёнтаў жывуць у клетках прасцейшых, губак, гідраў (зоахларэла). Планктонныя і бентасныя арганізмы, ёсць эпіфіты на раслінах і жывёлах, сімбіёнты з інш. арганізмамі (напр., лішайнікі). На Беларусі 140 родаў, каля 650 відаў. Найб. пашыраныя роды: аацысціс, анкістрадэсмус, вальвокс, гідрадыкцыён, дэсмідыум, зігнема, кладофара, кластэрыум, лагерхеймія, мужоцыя, пандарына, спірагіра, сцэнедэсмус, тэтраэдран, улотрыкс, хламідамонас, хларэла, цэластрум, эўдарына і інш. У складзе планктону выклікаюць «цвіценне» вады. Некат. (напр., ульва) ядомыя. Актыўныя фотасінтэтыкі і ўдзельнікі самаачышчэння вады. аб’екты даследаванняў як крыніцы харч. біямасы ў замкнёных экалагічных сістэмах (напр., хларэла і сцэнедэсмус).
Адна-, шматклетачныя, каланіяльныя, цэнабіяльныя арганізмы рознай марфал. структуры цела (акрамя амебоіднай), памерам ад 1 мкм да дзесяткаў сантыметраў. Колер зялёны (хларафіл пераважае над жоўтымі пігментамі — карацінамі і ксантафіламі), рэдка бясколерныя арганізмы. Клеткі з цэлюлознай, цэлюлозна-пекцінавай ці пекцінавай абалонкай, адна- або шмат’ядравыя. Хларапластаў 1 ці некалькі, восевыя ці пасценныя, рознай формы. Запасныя рэчывы — крухмал і зрэдку алей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (заа-, апланаспорамі або акінетамі), полавае (іза-, гетэра-, гола-, аагамія і кан’югацыя). У рухомых З.в. ёсць вочка, 2—4 і больш жгуцікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНАЦЫЯНА́Л МО́ЛАДЗІ (КІМ),
міжнароднае аб’яднанне камуніст. маладзёжных арг-цый у 1919—43. Быў секцыяй Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). Засн. на 1-м устаноўчым кангрэсе ў Берліне па ініцыятыве Камінтэрна прадстаўнікамі левых маладзёжных арг-цый 13 краін (Расіі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Італіі, Іспаніі, Чэхаславакіі), якія раней уваходзілі пераважна ў Сацыялістычны інтэрнацыянал моладзі. Сярод іх былі прадстаўнікі камсамольскіх арг-цый Літвы і Беларусі. На апошнім, 6-м кангрэсе КІМ (1935) аб’ядноўваў 56 асобных арг-цый (секцый) з 52 краін (3773 тыс.чл., у т. л. 3500 тыс.чл.ВЛКСМ). Бел.камуніст. моладзь прадстаўлялі секцыі ВЛКСМ, а ў 1924—38 і Камуністычнага саюза моладзі Польшчы, у склад якога ўваходзіў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Меў на мэце аб’яднаць моладзь для барацьбы за эканам., паліт. і культ. правы моладзі, выхаванне яе ў духу марксізму-ленінізму, супраць пагрозы сусв. вайны і інш. З 1935 пал уплывам рашэнняў 7-га кангрэса Камінтэрна праводзіў тактыку яднання рабочай моладзі ў адзіным антыфаш. фронце, што дазволіла склікаць міжнар. кангрэсы моладзі ў Жэневе (1936) і ЗША (1938), далучыць да руху за мір каля 40 млн. маладых людзей розных краін. Вышэйшы орган — кангрэс (акрамя 1-га, усе адбыліся ў Маскве ў 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т (знаходзіўся ў Маскве), які выбіраў прэзідыум і сакратарыят. У сувязі з роспускам Камінтэрна Выканком КІМ прыняў рашэнне аб самароспуску.
Літ.:
Привалов В.В. Коммунистический интернационал молодежи: Страницы истории. 2 изд М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́СТА (Brassica),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Найважнейшыя віды К. вырошчваюць ва ўсім свеце (культывуюць з ранняга неаліту). На Беларусі 6 відаў: К. агародная (B. oleracea), бручка, гарчыца, рапс, рэпа, свірэпіца.
К. агародная вызначаецца незвычайнай марфал. зменлівасцю, мае мноства разнавіднасцей і форм. Найб. вядомыя ў культуры: К. белакачанная — лісце качана буйное, простае, лірападобнае або суцэльнае, светла- або інтэнсіўна-зялёнае з фіялетавым адценнем. У лісцях К. чырвонакачаннай ёсць пігмент антацыян. Савойская К. мае рыхлы качан з пухіравата-маршчакаватага лісця. Брусельская К. ўтварае сцябло выш. да 1 м, у пазухах лісця развіваюцца дробныя качанчыкі. Лісцевая К. мае тоўстае сцябло да 1,5 мвыш. з буйным мясістым лірападобным або суцэльным лісцем. У кальрабі клубнепадобна патоўшчанае сцябло (сцеблаплод); лісце чаранковае, перыста-лопасцевае або лірападобнае. Пекінская К. мае разетку буйнога (да 60 смдаўж.) лісця, сабранага ў рыхлы качан. Цвятная К. ўтварае цыліндрычнае сцябло выш. да 70 см, на якім шматлікія зрослыя кветаносныя парасткі. Усе К. — святлалюбныя і холадаўстойлівыя. Верагодны зыходны від — К. дзікая (B. sylvestris). Амаль усе К. (акрамя цвятной і пекінскай) — двухгадовыя расліны. У 1-ы год фарміруюць вегетатыўныя органы (качан, разетку лісця, сцеблаплод), на 2-і — цвітуць і даюць насенне. Агароднінная, кармавая і алейная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНАЕ СУІСНАВА́ННЕ,
тып узаемаадносін паміж дзяржавамі, які прадугледжвае ўзаемную адмову ад выкарыстання сілы і пагрозы сілай, недатыкальнасць дзярж. межаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы, павагу да правоў і асн. свабод чалавека, раўнапраўе і правы народаў выбіраць шлях свайго развіцця, супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на аснове ўзаемнай выгады, добрасумленнае выкананне абавязацельстваў па міжнар. праве. З’яўляецца формай суіснавання дзяржаў у пераходныя гіст. перыяды, калі ў некат. краінах адбываецца змена сац.-паліт. ладу грамадства. Паліт. сутнасць М.с. характарызуе паліт. кампраміс, у адпаведнасці з якім ажыццяўляюцца міждзярж. падыходы да міжнар. праблем (напр., агульная зацікаўленасць у развіцці эканам. і гандл. сувязей, паліт. кантактаў, абмежаванні гонкі ўзбраенняў, неабходнасць абароны ад агульнага ворага і г.д.) Гал. сэнс палітыкі М.с. — пошук і ўсталяванне балансу сумесных жыццёвых інтарэсаў дзяржаў. Бандунгская канферэнцыя 1955 абвясціла 5 прынцыпаў М.с. (хіндзі «панча шыла») як аснову Праграмы мірнага супрацоўніцтва дзяржаў Азіі і Афрыкі незалежна ад сац., эканам. і паліт. ладу. Аднак захоўваюцца асн.гіст. прычыны неабходнасці М.с. — імкненне народаў і дзяржаў да сцвярджэння свайго права на сац., цывілізацыйную і культ. своеасаблівасць. Існуе таксама пункт погляду, паводле якога М.с. разглядаецца як асаблівая форма класавай барацьбы пралетарыяту ў міжнар. адносінах, што вяліся шляхам мірнага спаборніцтва ў эканоміцы, палітыцы і інш. сферах грамадства, акрамя ідэалогіі, дзе кампрамісы і супрацоўніцтва паміж антаганістычнымі сістэмамі выключаліся. Міжнар.-прававы падмурак М.с. ў сучасных умовах складаюць Статут ААН, Дэкларацыя 1970 аб прынцыпах міжнар. права, Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе 1975 і інш.
Аб’ядноўвала ч. інтэлігенцыі, якая вагалася паміж ліберальна-дэмакр. поглядамі канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі (кадэтаў) і ўмерана-сацыяліст. поглядамі правага крыла сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Вылучыліся з правага крыла эсэраў. Лідэры: М.Ф.Аненскі, В.А.Мякоцін, А.В.Пешахонаў, У.Г.Багараз, В.І.Сямеўскі і інш.Афіц. орган — час. «Народно-социалистическое обозрение» (1906—07). У праграме Н.с. (1906) абвяшчалася, што ўся ўлада павінна належаць прац. народу. Выступалі за нацыяналізацыю зямлі, акрамясял. надзелаў і зямель, на якіх вялася «прац. гаспадарка». Пераход да сацыялізму ўяўлялі сабе як «паслядоўнае абмежаванне ўлады буйнога капіталу захадамі дзярж. кантролю з прыцягненнем рабочых да кіравання дзярж. прадпрыемствамі». Былі за «адзіную непадзельную» Расію з прадастаўленнем аўтаноміі нац. меншасцям. Пасля разгону 2-й Дзярж. думы (16.6.1907), у якой Н.с. падтрымлівалі трудавікоў, Н.с. фактычна спынілі дзейнасць. Аднавілі яе пасля Лют. рэвалюцыі. На сваім 1-м з’ездзе (ліп. 1917) аб’ядналіся з трудавікамі ў Прац. народна-сацыяліст. партыю (ПНСП), прынялі праграму і выбралі ЦК. Выдавалі газ. «Народнае слова». ПНСП (каля 10 тыс.чал. восенню 1917) адлюстроўвала інтарэсы заможных сялян, падтрымлівала часовы ўрад, у які ад яе ўвайшлі Пешахонаў і А.С.Зарудны. На Беларусі нешматлікія групы Н.с. існавалі ў Мінску, Віцебску, Магілёве. Да Н.с. належаў Я.С.Канчар — адзін з арганізатараў Усебеларускага з’езда 1917. Н.с. адмоўна сустрэлі Кастр. рэвалюцыю 1917, на выбарах ва Устаноўчы сход (студз. 1918) атрымалі 0,8% галасоў. У 1918 ПНСП спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМІ́ДА,
манументальнае збудаванне, якое мае геам. форму піраміды (часам ступеньчатую або вежападобную). У сваёй класічнай форме П. склаліся ў 3—2-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце як пахавальні фараонаў (грабніцы). Іх налічваецца каля 100 разнастайных па памерах і функцыях у рознай ступені захаванасці. Самыя вял. П. пабудаваны ў Гізе для фараонаў IV дынастыі: Хеопса (выш. 146,6 м), Хефрэна (выш. 143,5 м), Мікерына (выш. 66,5 м). Паводле Герадота, П. Хеопса будавалі 100 тыс.чал. на працягу 20 гадоў (з’яўляецца адным з 7 дзівосаў свету). Кожная П., акрамя наземнай ч. з калідорамі і рытуальнымі камерамі, мае падземную ч. з сістэмай лабірынтаў, шахтаў і інш. Функцыі П. канчаткова не высветлены. Яны выраслі з мегалітычнай традыцыі першабытнасці і ўключаюць у сябе сінтэз розных ідэйных, рытуальных, мемар. мэт. Асн.буд. матэрыял — каменныя блокі, часам цэгла і разнастайнае запаўненне ўнутр. частак. У Шумеры, Вавілоне і Асірыі ступеньчатыя збудаванні пірамідальнага тыпу — зікураты — выкарыстоўвалі ў якасці асновы для храма ці інш. месца пакланення багам (напр., Вавілонская вежа). У 1-м тыс. да н.э. ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы будавалі насыпныя храмы ў выглядзе ўсечаных П. (Тыкаль, Гватэмала; Чычэн-Іца, Мексіка). У стараж.-рым. і новаеўрап. мастацтве матыў П. часта выкарыстоўвалі ў збудаваннях мемар. тыпу. Іл.гл. таксама да арт.Егіпет Старажытны.
Літ.:
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Михаловский К. Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.
Я.Ф.Шунейка.
Піраміда Хеопса ў Гізе (Егіпет).Піраміда з храма № 1 у Тыкалі (Гватэмала).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІЭФІ́РЫ,
сінтэтычныя палімеры, якія ў асн. ланцугу макрамалекулы маюць простую эфірную C—O—C (простыя П.) ці складанаэфірную —C(O)O— групу (складаныя П.).
Паводле прыроды вуглевадароднага фрагмента асн. ланцуга падзяляюць на аліфатычныя і араматычныя. Простыя П. атрымліваюць катыённай полімерызацыяй цыклічных аксідаў ці полікандэнсацыяй, складаныя — поліэтэрыфікацыяй (полікандэнсацыя, якая прыводзіць да ўтварэння ў макрамалекуле складанаэфірных сувязей) дыкарбонавых кіслот ці іх вытворных (дыэфіраў, дыхлорангідрыдаў) з гліколямі або паліоламі. Простыя П. — цвёрдыя крышт. ці шклопадобныя рэчывы. Аліфатычныя маюць нізкія т-ры плаўлення (ад 40 да 180 °C). найб. тэрмаўстойлівыя поліэтылен- і поліпрапіленаксіды раскладаюцца пры t > 300 °C. Раствараюцца ў вадзе (акрамяполіфармальдэгіду; за выключэннем поліэтыленаксіду растваральнасць П. памяншаецца з павелічэннем іх малекулярнай масы), хлараваных і араматычных вуглевадародах, эфірах, кетонах; гідралізуюцца к-тамі. Араматычныя не раствараюцца ў вадзе, устойлівыя ў растворах шчолачаў і кіслот; тэрмаўстойлівыя (раскладаюцца пры т-ры 350—400 °C). Найб. шырока выкарыстоўваюць поліфармальдэгід, поліэтылен- і поліпрапіленаксіды, пентапласт, полівінілацэталі. Складаныя П. — высокавязкія вадкасці ці цвёрдыя аморфныя або крышт. рэчывы. шчыльн. 900—1500 кг/м³, мал. м. (0,5—500) 103 (для аліфатычных меншая за 50 тыс.). Звычайна не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў арган растваральніках. Найб. тэрмаўстойлівыя — поліарылаты (складаныя П. двухатамных фенолаў і дыкарбонавых кіслот) раскладаюцца пры т-ры вышэй за 300 °C. Уступаюць у рэакцыі, характэрныя для складаных эфіраў. Найб. пашыраны алкідныя смолы, поліэтылентэрэфталат, поліарылаты (у т. л.полікарбанаты), П. малеінавай і фумаравай кіслот (гл.Поліэфірныя смалы) і поліэфірурэтаны (гл.Поліурэтаны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Трызе́лле (try ziéljé) ‘нейкая лекавая расліна’: stau̯ Jesienko try ziélje kapáci (бераст., Федар. 5), тро́йзелле ‘трава лекавая’ (Нар. Гом.), trojzièlje ‘тс’ (клец., лях., Федар. 5), troch‑ziélje ‘тс’, trujziéle ‘тс’ (лях., Федар. 5), трузе́лле ‘тс’ (БНТ, Песні Беласточчыны). Параўн. укр.тризі́лля, троєзі́лля, тройзі́л, тройзі́лля ‘дзяцеліна, Trifolium pratense L.’, труйзі́лля ‘атрутная расліна, атрута’, рус.трое зелье (троѥ зелье усыпающее, да зелье бѣлое а третье черное), польск.trójziele ‘зелле заморскае, якое лечыць ад кожнай немачы адным дотыкам’, trujziele, trutziele ‘атрутная расліна’. Сюды ж, магчыма, чэш.trejzel, trýzel, славен.trizel, харв.trizal ‘жаўтушнік, Erysimum L.’. Відавочна, што пачатак слова ўключае тры (гл.), якое акрамя асноўнага значэння, звязанага з будовай расліны (параўн. укр.трійка ‘дзяцеліна, Trifolium pratense L.’, гл. ЕСУМ, 5, 643), мае пэўную магічную складовую частку, што дае падставы гаварыць пра асобную семантыку траічнасці (Тапароў, Этимология–1977, 3–20). Фанетычная варыянтнасць try‑/tru‑ (Варбат, Исслед., 446) сведчыць пра другасную сувязь з truti (гл. труць), што ўласціва і другой частцы слова (Махэк₂, 655), гл. зелле. Гл. таксама Цыхун, Зб. Абрэмбскай-Яблонскай, 53.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
А́РКТЫКА,
паўночная палярная вобласць Зямлі, якая ўключае паўн. ўскраіны Еўразіі і Паўн. Амерыкі (акрамяпаўд. часткі Грэнландыі і п-ва Лабрадор), амаль увесь Паўн. Ледавіты акіян з астравамі (акрамяУсх. і Паўд. Нарвежскага мора) і прылеглыя часткі Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Паўд. мяжа на сушы суадносіцца з паўд. мяжой зоны тундры (ізатэрма 10 °C самага цёплага месяца — ліп. ці жніўня). Пл. 27 млн.км² (часам мяжой Арктыкі лічаць лінію Паўн. палярнага круга, тады пл. Арктыкі 21 млн.км²). У Паўн. Амерыцы найб. плошчы займаюць невысокія (выш. 400—700 м) узгоркавыя пласкагор’і (Арктычнае плато і інш.). Самыя высокія горы на У Грэнландыі (3700 м, г. Гунб’ёрн), Бафінавай Зямлі і в-ве Элсміра. У рэльефе сушы Еўразіі пераважаюць раўніны. Месцамі ўчасткі гор (горы Быранга на п-ве Таймыр). Многія астравы ўкрыты ледавікамі; пл. ледавікоў Арктыкі 2 млн.км². Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, лігніт, каменная соль, руды каляровых металаў. У мацерыковай ч. многа рэк, якія замярзаюць на 8—10 месяцаў, невял. азёры (воз. Таймыр). У Паўн. Ледавітым ак. вылучаюць шэльф (глыб. 200—300 м), заняты ўскраіннымі морамі (Бафіна, Бофарта, Чукоцкім, Усх.-Сібірскім, Лапцевых, Карскім, Баранцавым, Грэнландскім) і а-вамі мацерыковага паходжання (Канадскі Арктычны Архіпелаг, Новасібірскія а-вы, Паўн. Зямля, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, архіпелаг Шпіцберген і інш.), і дно — глыбакаводную частку, абмежаваную з Пд краем шэльфа Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пл. каля 5,3 млн.км², найб.глыб. 5527 м (упадзіна Літке). Падводныя хр. Ламаносава, Гакеля і Мендзялеева падзяляюць дно на падводныя катлавіны Канадскую, Макарава, Амундсена, Нансена і інш. Працяглая палярная ноч, нізкія значэнні радыяц. балансу (пры адмоўных сярэдніх т-рах студз. ад -30 да -34 °C, ліп. каля 0 °C), фарміраванне Арктычнага антыцыклону, інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць спрыяюць існаванню дрэйфуючага ледавіковага покрыва шматгадовых (пакавых) ільдоў. Ледавітасць марскіх акваторый Арктыкі каля 11 млн.км² зімой і каля 8 млн.км² летам. Цыркуляцыя водаў і льдоў вызначаецца водаабменам з Атлантычным і Ціхім акіянамі. Салёнасць 30—32‰. Скорасць дрэйфу лёду і пастаянных цячэнняў 2—4 км за суткі. Панаванне арктычных паветраных масаў, арктычнага клімату, наяўнасць шматгадовай мерзлаты абумовілі існаванне ландшафтаў ледзяных пустыняў, хмызняковай тундры (карлікавая бяроза, вярба, багун) і арктычных пустыняў зоны на прымітыўных арктычных глебах. Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясец, паўн. алень, аўцабык; з птушак — белая сава, тундравая курапатка, рагаты жаваранак, «птушыныя кірмашы» (гагі, гусі, казаркі, тундравы лебедзь). У водах Арктыкі 70 відаў фітапланктону і каля 80 розных формаў зоапланктону. У морах — маржы і цюлені. Прамысловыя рыбы: селядзец, траска, пікша, марскі акунь і інш.
У 1937 у раёне полюса была арганізавана першая сав. дрэйфуючая ст. «Паўночны полюс» пад кіраўніцтвам І.Дз.Папаніна. Вялікая роля ў асваенні Арктыкі належыць Паўн. марскому шляху. У сучасным міжнар. праве замацаваны падзел Арктыкі на 5 сектараў у адпаведнасці з паўн. граніцамі Расіі, ЗША (Аляска), Канады, Даніі (Грэнландыя) і Нарвегіі, бакавыя межы — мерыдыяны, вяршыня — Паўн. полюс. Усе землі і астравы ў межах кожнага сектара ўваходзяць у склад тэр. прылеглых дзяржаў.
Літ.:
Арикайнен Л.И. Сквозь льды Арктики. М., 1982;
Яго ж. Во льдах Североамериканской Арктики. Л., 1989.
В.Ю.Панасюк.
Да арт.Арктыка. Арктычны ландшафт.Да арт.Арктыка. Белая сава.Да арт.Арктыка. Статак маржоў у Чукоцкім моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМУНДЗІРАВА́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,
форменнае адзенне ваеннаслужачага, адметнае колерам, канструкцыяй (кроем), знакамі адрознення і інш.
Элементы абмундзіравання вайсковага вядомыя са стараж. часоў (Егіпет, Асірыя, Персія, Грэцыя), больш выразнымі сталі ў арміі Стараж. Рыма. Упершыню аднолькавае абмундзіраванне вайсковае па відах і родах войскаў уведзена ў Францыі ў 17 ст. На Беларусі абмундзіраванне вайсковае пачало набываць адметнасць з часоў сярэднявечча і пазней. Напр., у 2-й пал. 18 ст. шараговы першай гвардыі ВКЛ насіў чырв. мундзір з сінімі вылогамі (адваротамі) і суконнымі пагонамі. Бікорн (галаўны ўбор) упрыгожваў пампон жоўтага колеру. На штанах сіняга колеру — адмысловая аздоба, характэрная толькі для палка пешай гвардыі. Бамбардзір (камандзір гарматнага разліку) у корпусе артылерыі ВКЛ, напр., меў мундзір з чорным каўняром, адваротамі і манжэтамі, зялёныя суконныя штаны з чорнымі лампасамі, на касцы змяшчалася латунная эмблема ў выглядзе палаючай гранаты, выява якой была таксама на торбе для нашэння набояў (боезапасаў). Шараговы коннай гвардыі ВКЛ меў чырв. мундзір без лацканаў і белыя ласіны (штаны са скуры лася, якія шчыльна аблягалі ногі) з батфортамі, насіў парык. Верхні край бікорна быў абшыты галуном. Абмундзіраванне вайсковае з цягам часу мянялася.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь нац. форма абмундзіравання вайсковага распрацавана і зацверджана ў 1993. У яго ўваходзяць: верхняе адзенне (паліто і куртка зімовыя, плашч-паліто, кіцель, куртка, штаны, кашуля і інш.), галаўныя ўборы (шапка-вушанка, фуражка, пілотка), бялізна, абутак, амуніцыя. Парадак выкарыстання абмундзіравання вайсковага вызначаецца правіламі нашэння вайск. формы адзення, якая падзяляецца на парадную, парадна-выхадную, паўсядзённую, палявую і рабочую, а кожная з іх — на летнюю і зімовую. Права нашэння абмундзіравання вайсковага маюць ваеннаслужачыя ўзбр. сіл, ваен.-навуч. устаноў, а таксама тыя катэгорыі ваеннаслужачых, за якімі пасля звальнення ў запас ці адстаўку захавана такое права.
У.П.Рудэнка, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. I. Адзенне воінаў 11—14 ст.: 1—2 — воіны Старажытнай Русі (11—12 ст.); 3 — літоўскі воін 14 ст.; 4—7 — военачальнікі Вялікага княства Літоўскага. II. Ваяводскія і павятовыя мундзіры беларускай шляхты (1780): 1 — Смаленскае ваяв.; 2 — Гарадзенскі пав.; 3 — Ашмянскі пав.; 4 — Віленскае ваяв.; 5 — Наваградскае ваяв.; 6 — Аршанскі пав.; 7 — Полацкае ваяв.; 8 — Берасцейскае ваяв. III. Адзенне войска Вялікага княства Літоўскага (1776—94): 1 — генерал-маёр; 2 — афіцэр 3-га палка пярэдняй стражы; 3 — ротмістр янычарскай харугвы Булавы вялікай; 4 — шараговы пешай гвардыі; 5 — шараговы коннай гвардыі; б — бамбардзір корпуса артылерыі; 7 — інжынер ваеннага корпуса інжынераў.Да арт.Абмундзіраванне вайсковае. Форма адзення ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Для генералаў: 1 — летняя парадна-выхадная, 2 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 3 — летняя штодзённая (авіяцыі), 4 — зімовая штодзённая, 5 — летняя штодзённая (з кашуляй), 6 — летняя палявая; для афіцэраў і прапаршчыкаў: 7 — летняя парадна-выхадная, 8 — летняя штодзённая (акрамя авіяцыі), 9 — летняя штодзённая (авіяцыі), 10 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 11 — зімовая штодзённая (з фуражкай), 12 — летняя штодзённая (з плашч-паліто), 13 — летняя штодзённая (з кашуляй), 14 — летняя палявая, 15 — зімовая палявая; для салдат, сяржантаў і курсантаў ваенных вучылішчаў: 16 — летняя парадна-выхадная, 17 — летняя палявая, 18 — зімовая палявая; для салдат і сяржантаў паветрана-дэсантных войскаў: 19 — летняя палявая; для ваеннаслужачых жанчын: 20 — летняя штодзённая (з курткай і пілоткай), 21 — летняя палявая.