ДАВЫ́ДАЎ (Дзяніс Васілевіч) (27.7.1784, Масква — 4.5.1839),
герой вайны 1812, ваен. пісьменнік і паэт, ген.-лейт. (1831). З 1801 на ваен. службе ў кавалерыі (з 1804 у гусарах). У час вайны 1812 камандаваў атрадам гусараў і казакоў, паспяхова дзейнічаў у тыле ворага. Удзельнік замежных паходаў 1813—14. З 1823 у адстаўцы. У 1826—1827 зноў служыў на Каўказе. Удзельнічаў у падаўленні паўстання 1830—31, у т. л. ў Беларусі. Аўтар ваен.-гіст. прац: «Дзённік партызанскіх дзеянняў 1812» (1860), «Вопыт тэорыі партызанскіх дзеянняў» (1821) і інш. Як паэт выступаў з 1803. Стварыў жанр «гусарскай лірыкі» (зб. «Вершы», 1832).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ УТВАРЭ́ННІ СССР 1922,
дзяржаўны акт, які юрыдычна аформіў аб’яднанне 4 сав.сацыяліст. рэспублік (РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР) у дзяржаву — Саюз Сав.Сацыяліст. Рэспублік. Зацверджаны 30.12.1922 (разам з Дэкларацыяй аб утварэнні СССР) на I з’ездзе Саветаў СССР; пазней уключаны ў Канстытуцыю СССР 1924. Прадугледжваў адзінае саюзнае грамадзянства для ўсіх грамадзян сав. рэспублік, стварэнне саюзных органаў улады (ЦВК, 10 наркаматаў, Вярх. суда, Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення і інш.), права свабоднага выхаду з Саюза кожнай з рэспублік. Перастаў дзейнічаць у снежні 1991 у сувязі з абвяшчэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД; гл.Белавежскія пагадненні 1991). 10.12.1991 Вярх. СаветБеларусі прыняў пастанову аб дэнансацыі дагавора 1922 у адносінах да Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВІКО́ВЫЯ (Lycoperdales),
парадак грыбоў-гастэраміцэтаў. Каля 270 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 20 відаў з родаў галавач, дажджавік, зорачнік, міцэнаструм, лангерманія, порхаўка. Глебавыя сапратрофы. Растуць на лугах, пашах, у лясах. Некат. ядомыя ў маладым узросце. У Д. пладовыя целы ўнутры жоўтыя і бурыя ў адрозненне ад неядомых псеўдадажджавікоў, у якіх з узростам яны робяцца чорнымі або фіялетавымі.
Пладовыя целы наземныя, сядзячыя або з ножкай, шара-, груша-, зоркападобныя і інш. Перыдый (абалонка) 1—4-слаёвы, пераважна мяккі з 1 ці некалькімі адтулінамі ў стадыі спеласці, з узростам разрываецца. Глеба (мякаць) мяккая, з камер і пласцін трамы, потым парашкападобная, з капіліцыем (ніткі для разрыхлення спор). Споры шарападобныя, сеткаватыя або шыпаватыя, цёмныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКТЫЛАЛО́ГІЯ (ад дактыла... + ...логія),
спосаб зносін глухіх людзей з дапамогай ручной азбукі. Шырока выкарыстоўваецца ў першапачатковы перыяд абучэння глухіх дзяцей (у дзіцячым садку і школе) як вядучы сродак фарміравання мовы і зносін, таксама адзіны сродак зносін сярод слепаглуханямых. У ручной азбуцы столькі ж знакаў, колькі літар у алфавіце. Паводле абрысу многія дактыльныя знакі нагадваюць літары і звычайна паказваюцца пальцамі адной рукі. Той, хто гаворыць, мяняе фігуры з пальцаў, а той, хто ўспрымае, складае з іх словы. Мовы з рознымі алфавітамі маюць кожная сваю дактылалагічную сістэму. На Беларусі пашырана рус. Д. Законам Рэспублікі Беларусь аб сац. ахове інвалідаў (1991) мова жэстаў прызнаецца ў якасці сродку міжасобасных зносін, навучання і прадастаўлення паслуг перакладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬВА,
мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў колішняй в. Дальва (Лагойскі р-н), якіх ням.-фаш. захопнікі сагналі ў хату аднаго з жыхароў вёскі В.Кухаронка і спалілі. Створаны ў 1973 (скульпт. У.Церабун, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974). Размешчаны на адкрытай паляне сярод лесу. Каля дарогі камень-валун, на якім высечаны надпіс: «Да 19 чэрвеня 1944 г. тут была в. Дальва. За 10 дзён да вызвалення гітлераўцы жывымі спалілі яе жыхароў». Кампазіцыйным цэнтрам комплексу з’яўляецца пастаўлены на месцы спаленай хаты помнік: фігура маці і хлопчыка на фоне 3 сімвалічных абгарэлых бэлек. Каля помніка бетон ная сцяна з пералікам 44 прозвішчаў тых, хто загінуў. Побач у памяць аб ахвярах пасаджаны 44 бярозкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАВІ́К,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека ў белай вопратцы, з сівой барадой і доўгімі валасамі, які жыў у хаце (пад ці за печчу) або ў сенцах, каморы, клеці. Паводле павер’яў у кожнай хаце (сям’і) быў свой Д. (увасабляў памерлага гаспадара), які нібыта ахоўваў дом, клапаціўся пра гаспадарку, назіраў за сямейным побытам і інш. Прымхлівыя людзі імкнуліся задобрыць Д.: у памінальныя і святочныя дні яго клікалі да стала, «частавалі» лепшымі стравамі, прасілі, каб не рабіў шкоды. Рэліг. значэнне вобраз Д. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст. Знайшоў адлюстраванне ў бел. фальклоры (пераважна ў былічках).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАНЕ́ЎСКІ (Даманоўскі) Фабіян, бел. мысліцель-гуманіст і паэт эпохі Адраджэння і барока. Ідэолаг нонадарантызму (рэліг.-філас. рух у Беларусі 2-й пал. 16 ст.). Крытыкаваў Біблію, лічыў Хрыста не Богам, а простым чалавекам, адмаўляў неўміручасць душы, існаванне замагільнага свету. У 1589 разам з С.Будным у палеміцы з езуітамі даказваў, што душа чалавека пасля смерці гіне разам з целам. Аўтар верша на польскай мове «Эпіграма на герб Лясот», надрукаванага ў кнізе С.Буднага «Пра свецкую ўладу» (1583). У творы выказаў думку, што ўсякая ўлада павінна быць разумнай, кіравацца маральнымі дабрачыннасцямі.
Літ.:
Подокшин С.А. Скорина и Будный: Очерк филос. взглядов. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТА́ЦЫЯ (ад лац. dotatio падарунак, ахвяраванне),
дзяржаўная дапамога арг-цыям і прадпрыемствам, а таксама грамадзянам для пакрыцця расходаў або на інш. мэты; сродкі, якія выдаюцца ніжэйстаячаму бюджэту са сродкаў вышэйстаячага. Адрозніваюць Д. прадпрыемствам, сабекошт прадукцыі якіх перавышае выручку ад яе рэалізацыі, грамадзянам, жыццёвы ўзровень якіх не адпавядае элементарным патрэбам, і бюджэтную. Ва ўмовах Беларусі Д. прадпрыемствам шырока выкарыстоўвалася ў аднаўленчы перыяд, у гады індустрыялізацыі, пасля Вял.Айч. вайны для развіцця нар. гаспадаркі. У сучасны перыяд развіццё гасп.-разліковых адносін дало магчымасць адмовіцца ад сістэмы Д. у большасці галін нар. гаспадаркі. Яна захавалася толькі ў сельскай гаспадарцы, некаторых галінах перапрацоўчай і здабыўной прам-сці, на планава-стратных прадпрыемствах, у асобных арг-цыях невытворчай сферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ФНІІ, вадзяныя блохі (Daphnia),
род прэснаводных беспазваночных падатр. галінаставусых ракападобных. 26 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. Жывуць у вадаёмах або ў зарасніках сажалак, азёр. На Беларусі 4 віды, найб. трапляюцца Д. звычайная (D. pulex) і Д. даўгахвостая (D. longispina).
Цела (даўж. 0,7—6 мм) укрыта празрыстай акругленай двухстворкавай ракавінай. На галаве шчыток з дзюбкай і фасетачнае вока, у некат. і наўпліяльнае вочка Вусікі (антэны) — органы пачуцця і перамяшчэння. Грудзі з 4—6 сегментаў, кожны з парай ног. Раздзельнаполыя. Летнія пакаленні — самкі, якія размнажаюцца без апладнення (партэнагенез). Увосень з’яўляюцца самцы, адбываецца апладненне. Жывяцца бактэрыямі, аднаклетачнымі водарасцямі, дэтрытам. Д. штучна гадуюць на корм рыбам у рыбных гаспадарках і акварыумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХ (ням. Dach праз польск. dach),
канструкцыйная сістэма перакрыцця і пакрыцця верхняй ч. пабудовы. Д. традыц. жылых і гасп. сялянскіх пабудоў называюць страхой. На Беларусі са старажытнасці вядомы Д. каркаснай і вянковай канструкцыі. Сярод тыпаў каркасных Д. найб. дасканалы кроквенны, з паяўленнем якога свабодныя ад нагрузкі шчыты набылі значэнне важных элементаў арх. дэкору. Акрамя 2-схільных і пірамідальных формаў з 16 ст. пачалі пашырацца вальмавыя (з залобкамі, прычолкамі, дымнікамі) і 3-схільныя, а з 17 ст. — ламаныя, ярусныя, мансардавыя Д. Для класіцыстычных пабудоў характэрны Д. невысокія, з франтонамі. Найб. пашыраны матэрыял пакрыцця — дранка, гонта, чарапіца, бляха, шыфер. У сучасным індустр. буд-ве часцей выкарыстоўваюць плоскі Д., сумешчаны з жалезабетоннымі панэлямі перакрыцця.