РА́ФІЯ (Raphia),

род кветкавых раслін сям. пальмаў. Каля 30 відаў. Пашыраны ў трапічнай Афрыцы, на Мадагаскары (1 від) і ў Паўд. Амерыцы (1 від). Трапляюцца на балотах, забалочаных глебах, затапляльных нізінах.

Аднаствольныя ці са шматлікімі стваламі пальмы выш. 9—12 м. Лісце перыстае, даўж. 15—20 м. Суквецці буйныя (дыяметрам 4—5 м), галінастыя, з песцікавымі і тычынкавымі кветкамі. Плады з валакністай абалонкай. Пасля плоданашэння расліна адмірае (монакарпічныя расліны). Лісце і чаранкі маюць трывалае валакно (піясава), з якога вырабляюць шчоткі і плеценыя вырабы. Лісце — дахавы матэрыял. З соку гатуюць пальмавае віно і гарэлку, плады спажываюць у ежу, з іх атрымліваюць алей.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТАРЫ-КЛУБ (Rotary Club),

Ротары інтэрнэшанал, інтэрнацыянальная грамадская арг-цыя прадстаўнікоў дзелавога свету і інтэлігенцыі. Засн. ў 1905 у г. Чыкага (ЗША) амер. адвакатам П.​П.​Харысам. Дзейнічае ў 150 краінах, уключае каля 26 500 клубаў, аб’ядноўвае больш за 1 млн. членаў (2000). Новыя члены Р.-к. выбіраюцца паводле прынцыпу: адзін прадстаўнік ад кожнага віду бізнесу ці прафесіі. Афіц. дэвіз Р.-к. — «Служэнне грамадству вышэй за асабістыя інтарэсы». Асн. кірункі дзейнасці: фін. і арганізац. падтрымка гуманіт., сац. і мед. праграм, выдзяленне міжнар. стыпендый і грантаў для рэалізацыі міжнар. практычных праектаў. Р.-к. дзейнічае ў Мінску з 1992 (зарэгістраваны ў 1994).

т. 13, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБРУ́К, Рубруквіс (Rubrouck, Roebroeck, Ruysbroeck, Rubruquis) Вілем (паміж 1215 і 1220—1293), фламандскі падарожнік, манах. У 1253—55 узначальваў дыпламат. місію, накіраваную франц. каралём Людовікам IX у Манголію. З Францыі цераз Палесціну, Канстанцінопаль, Крым, данскія стэпы, нізоўе р. Волга, каля Аральскага м. і воз. Балхаш місія прыбыла ў г. Каракарум у 1254. Зваротны шлях прайшоў уздоўж зах. ўзбярэжжа Каспійскага м., цераз Армянскае нагор’е і Усх. Таўр. У справаздачы Р. пра падарожжа шмат каштоўных звестак па гісторыі, этнаграфіі і геаграфіі гэтых тэрыторый, адзначана, што Каспійскае м. на самай справе з’яўляецца возерам. Гэта было самае значнае да М.​Пола падарожжа еўрапейца ў Цэнтр. Азію.

т. 13, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУСА́ЛКА»

(«Nixe»),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва вакол воз. Чырвонае на тэр. Жыткавіцкага, Капаткевіцкага, Любанскага, Петрыкаўскага, Старобінскага р-наў (на мяжы Мінскай і Палескай абл.) 24.2—1.3.1943 у Вял. Айч. вайну; працяг карнай аперацыі «Горнунг». Праводзілася сіламі вышэйшых нач. СС і паліцыі Расіі «Цэнтр» і «Поўдзень», таксама прыцягнуты каля 20 ахоўных батальёнаў, авіяцыя, дапаможныя сілы паліцыі, падраздзяленні вермахта. Не дасягнуўшы мэты па разгроме партызан, карнікі вывезлі ў Германію больш за 1 тыс. жыхароў, спалілі вёскі, у т. л. Даманавічы (загубілі 267 чал.), Пісаравічы (220 чал.), Пузічы (770 чал.) Старобінскага, Людзвіноў (125 чал.) Петрыкаўскага р-наў.

У.​С.​Пасэ.

т. 13, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́О-ГРА́НДЭ (Rio Grande),

Рыо-Брава-дэль-Нортэ (Río Bravo dei Norte), рака ў ЗША і Мексіцы (на працягу каля 2 тыс. км утварае мяжу паміж імі). Даўж. 2870 км, пл. басейна 570 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Сан-Хуан (сістэма Скалістых гор), цячэ пераважна па засушлівых плато, месцамі ў вузкіх каньёнах, упадае ў Мексіканскі заліў. Буйны прыток Пекас (злева). Сцёк амаль поўнасцю разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады ў сярэднім цячэнні 570 м³/с, у вусці 15—20 м³/с. Буйныя вадасховішчы Элефант-Б’ют і Фалькон. Суднаходная на асобных участках. На Р.-Г. — гарады Альбукерке, Эль-Паса, Ларэда (ЗША), Сьюдад-Хуарэс, Нуэва-Ларэда (Мексіка).

т. 13, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗА́ АБАСІ́, Рызае Абасі (каля 1575, г. Кашан, Іран — 1635),

іранскі мініяцюрыст, вядучы прадстаўнік ісфаханскай школы мініяцюры пры Абасе 1. Працягваў традыцыі Мухамедзі, аднаго з буйнейшых мініяцюрыстаў Тэбрыза. Узначальваў прыдворную школу мастацтваў у Ісфахане. Рабіў жанравыя сцэнкі і партрэты, часам ілюстрацыі. Эвалюцыяніраваў ад паэт.-спакойных кампазіцый, у якіх сілуэты фігур акрэслены плаўнай замкнёнай лініяй, што ізалюе вобраз, да напоўненых глыбокім ўнутр. напружаннем работ, у якіх зменлівая, перарывістая лінія выяўляе пластыку фігур і іх сувязь з навакольным асяроддзем. Сярод твораў: «Дзяўчына ў футравай шапцы» (1602—03), «Партрэт старога» (1614), «Ландшафт з трыма паляўнічымі», «Пара закаханых», «Юнак з баранам» і інш. Іл. гл. да арт. Ісфаханская школа мініяцюры.

т. 13, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЕТЭ́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Туркменіі, на ПдУ Каракумаў. Створаны ў 1928 для аховы прыроднага комплексу пустыні Каракумы. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 34,6 тыс. га. Замацаваныя бугрыстыя (з зараснікамі белага і чорнага саксаулаў) і барханна-градавыя пяскі. У фауне пераважаюць вялікая пясчанка, тушканчыкі, суслікі, джэйран, заяц-пясчанік; у арнітафауне 196 відаў птушак, у т. л. беркут, пугач пустынны, сыч дамавы, каршун чорны, сойка саксаульная, дзяцел белакрылы; 23 віды паўзуноў, у т. л. шэры варан, геконы, чарапахі, эфа пясчаная, страла-змяя; каля 1 тыс. відаў насякомых і павукападобных, у т. л. скарпіён, фаланга, тарантул, жукі-скарабеі, жужалі. Многія расліны і жывёлы — рэдкія і эндэмічныя віды.

т. 14, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВАНА́Р,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на З ад г. Браслаў. Пл. 0,75 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 5,1 км. Пл. вадазбору 49,2 км². Катлавіна падпруднага тыпу, падзяляецца на зах. і ўсх. катлавіны. Схілы выш. 5—10 м, стромкія, параслі хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, моцна парэзаныя, утвараюць 5 заліваў. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей — сапрапелістае, каля ўсх. берага пясчаная водмель. З астравы агульнай пл. 0,8 га. Паўд.-зах. ч. возера і залівы зарастаюць. Упадаюць 2 ручаі, выток у воз. Бужа.

т. 14, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЙДА,

горад на Пд Лівана. Адм. ц. мухафазы Паўд. Ліван. Вядомы з 4-га тыс. да н.э.; адзін з найстараж. фінікійскіх гарадоў-дзяржаў. Да 16 ст. наз. Сідон. Каля 300 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Порт на Міжземным м., канцавы пункт нафтаправода з Саудаўскай Аравіі, вузел аўтадарог. Прам-сць нафтаперапр. і харчовая. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, аліўкі, вінаград, збожжавыя). Рыбалоўства. Археал. музей. Арх. помнікі: руіны фінікійскага храма і некропаля (10—5 ст. да н.э.); руіны замка св. Людовіка (12 ст.) і замка крыжаносцаў (13 ст.); вял. мячэць, караван-сарай (16—18 ст.). У горадзе і наваколлі — лагеры палесцінскіх бежанцаў.

т. 14, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́КАЎШЧЫНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Валожынскім р-не Мінскай вобл., каля в. Сакаўшчына. Створана ў 1937 на р. Бярэзіна (бас. р. Нёман) для энергет. мэт (Сакаўшчынская ГЭС, цяпер не працуе), у 1955 адноўлена. Пл. 1,3 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 730 м, найб. глыб. 3,1 м, аб’ём вады 1,5 млн. м³. Берагі нізкія, пясчаныя, замацаваныя расліннасцю, у вярхоўі забалочаныя. У рэльефе ложа вылучаюцца 2 участкі: верхні — мелкаводны і ніжні — прыплацінны з глыб. больш за 1 м; на затопленым рэчышчы Бярэзіны глыб. больш за 2 м. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады нязначная. Моцна зарастае. Гняздуюцца лебедзі. У вярхоўі вадасховішча вучэбная геагр. станцыя БДУ «Зах. Бярэзіна».

т. 14, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)