справа́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
Разм. Імкнучыся пазбавіцца ад каго‑н., адправіць куды‑н., выправадзіць. Каб не мучыць доўга брата ў кутку пад палацямі, Параска стараецца хутчэй справадзіць сябровак з хаты або сама бяжыць з імі на двор. Якімовіч. // Збыць што‑н.; пазбавіцца ад чаго‑н. І вось, зашыўшыся на печы, Ён [Алесь] разважае недарэчы: Як тут зрабіць і што парадзіць? Куды б «закон» яму справадзіць? Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спусто́шаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спустошыць.
2. у знач. прым. Зруйнаваны, разбураны. Назаўтра Мікола блукаў па спустошаным і спаленым горадзе, шукаў знаёмых. Якімовіч. // Неўрадлівы (пра глебу). Поле панскае аралі, Секлі [беднякі] тоўстыя камлі І без хлеба паміралі На спустошанай зямлі. Грахоўскі. // перан. Які страціў маральныя сілы, здольнасць да актыўнага, творчага жыцця. Нейкі асаблівы, востры напал ва ўзрушанасці Варановіча працяў і .. [Тодара], ён разам адчуў сябе перад Варановічам бездапаможпым, спустошаным. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сусе́дні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца паблізу, побач, размешчаны па суседству. [Валя] саскочыла, азірнулася ў бакі і шмыгнула пад састаў, што стаяў на суседнім пуці... Мележ. Дзяцел нехаця ўзняўся з бярозы і пераляцеў на суседнюю. Даніленка. У суседнім пакоі стаялі па-святочнаму прыбраныя сталы, ярка гарэлі лямпы. С. Александровіч.
2. Які жыве па суседству з кім‑н. Аднойчы гуляў пан у карты і выйграў у суседняга пана маёнтак. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уво́лю, прысл.
1. Колькі хочацца, удосталь. Нагнуўся Андрэй і напіўся ўволю крынічнай вады. Якімовіч. У цырку Вараны быў у жанглёра... Уволю еў аўса, не знаў на працы зморы. Корбан. Насмяяўшыся ўволю, студэнты .. павалілі ў актавую залу. Карпюк.
2. Многа, у поўным дастатку. Людзі шчыты пастаўлялі на полі, каб затрымаць вас [снягі], Мець вільгаці ўволю. Лужанін. // у знач. вык. Многа, даволі. У хаце дастатак завёўся: хлеба і грошай уволю. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што, пра каго-што і з дадан. сказам.
Аднавіць у памяці, прыпомніць. Жанчына раптам успомніла ўчарашні дзень, і сэрца яе па-ўчарашняму заныла болем. Брыль. Міхась пачаў успамінаць, што ён чытаў пра партызан грамадзянскай вайны. Успомніў і пра дзеда Талаша. Якімовіч. Зося прыпамінала і ніяк не магла ўспомніць, дзе яна чула гэтае прозвішча. Хомчанка.
•••
Успомніш маё слова — збудзецца тое, аб чым гаворыцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утвары́цца, утворыцца; зак.
1. Атрымацца ў выніку чаго‑н., з’явіцца. На дарогах утварыліся снежныя завалы. Новікаў. Шафу мы крыху адсунулі ад сцяны, і за ёю ўтварыўся невялічкі куточак. Кавалёў. // Арганізавацца. Утварылася новае спартыўнае таварыства. □ Утварылася сусветная сацыялістычная сістэма — дзецішча міжнароднага пралетарыяту, яго галоўная заваёва, яго гордасць і надзея. «Звязда».
2. Узнікнуць у сувязі з чым‑н. На нейкі час у хаце ўтварыўся пэўны непарадак. Нечарговы выпадковы сход разгаманіўся вельмі актыўна. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шась, выкл.
Разм.
1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння шуму падзення чаго‑н. сыпкага, сухога. Шась, шась, шась... Шорхае жоўты пясок, сыплецца і сыплецца зверху, як дождж. Пташнікаў.
2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шаснуць. Мальвіна грукнула дзвярыма Ды бураю ў камору шась! Колас. І раптам — шась! — аднекуль з вышыні сыплецца снежны пыл. Краўчанка. Фурман шась нажом па пастронках, сеў на прысцяжнога каня і пагнаўся за хлопцам. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыла́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога выконваецца якая‑н. праца, работа. Прылады працы. Прылады вытворчасці. □ Калгаснікі складалі на павозкі розныя прылады, запрагалі коней і раз’язджаліся ў розныя бакі: адны ехалі араць папары, другія вазіць лес для новага кароўніка, трэція — на сенажаці. Якімовіч. Звычайны, груба завостраны аловак, крэслячы праект брамы, набыў у .. руцэ [маёра] значэнне актыўнай прылады стварэння. Брыль.
2. Спецыяльнае прыстасаванне, механізм, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння, вылічэння, кіравання і пад.); прыбор. Вымяральная прылада. Аптычная прылада. □ Шпаркасць .. прабегу [часу] нельга змераць самымі далікатнымі прыладамі. Крапіва.
3. часцей мн. (прыла́ды, ‑лад). Камплект, набор прадметаў для выканання аднаго працэсу, аднаго напрамку работ. Рыбалоўныя прылады. Спартыўныя прылады. Сельскагаспадарчыя прылады. Пісьмовыя прылады. □ Пальцы .. [Алесевых] рук.. перабіралі алоўкі, цыркулі і ўсякія іншыя дробныя каморніцкія прылады на стале. Чорны. Стары закашляўся: нешта раптам вельмі сціснула яго горла. Потым дастаў з кішэні свае курэцкія прылады: капшук з тытунём, люльку і крэсіва. Якімовіч. Дзяўчына падышла да маленькага століка, на якім стаялі прылады дзявочага туалету. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
збо́ку, прысл.
1. З краю, не ў сярэдзіне, не ў цэнтры. Збоку ад дарогі. □ Недзе далёка збоку, на левым краі, за ракою засакатаў кулямёт. Краўчанка. У цэнтры сядзіць суддзя — высокі мужчына з дабрадушным тварам. Паабапал яго — два народныя засядацелі. А збоку за сталом — сакратарка. Дадзіёмаў. // Побач, поплеч. Разам з маці, Галейша Ганнай, выйшлі і сталі моўчкі збоку Жэня, Міця і Соня. Пальчэўскі.
2. З месца, аддаленага ад каго‑, чаго‑н. Хлопцы не раз бачылі трактары на полі. Але там яны глядзелі на іх збоку. Якімовіч. Збоку ўсё было падобна на вялікі цыганскі табар. Лынькоў. // перан. З пазіцыі старонняга, незацікаўленага чалавека. Так, збоку, новымі вачамі глядзела [Галя] сёння і на свой цэх, на людзей, з якімі працуе ўжо некалькі год. Арабей. — Канечне, — кажа [Мурашова], — збоку ўсё вельмі лёгка здаецца. Скрыган.
3. у знач прыназ. з Р. Побач з кім‑, чым‑н., паблізу каго‑, чаго‑н. Дзед моўчкі смокча сваю самаробную арэхавую люльку на ўслоне збоку стала. Якімовіч.
•••
Збоку прыпёку — пра каго‑, што‑н. зусім непатрэбнае, лішняе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́скачыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Скочыўшы, пакінуць якое‑н. месца, з’явіцца адкуль‑н., дзе‑н. Выскачыць з акна. □ Да левага берага Дзвіны прычаліла лодка. З яе выскачыў рослы, шырокі ў плячах мужчына. Грахоўскі. Вепр дзіка рохкнуў, выскачыў з рова і ўпаў на снег. Колас.
2. Нечакана выпасці, вылецець. Нітка выскачыла з іголкі. □ Накрыўка ў бойцы выскачыла і ўся смятана вылілася. Якімовіч.
3. Разм. Таропка, хутка выбегчы, выехаць; вылецець. Чалавек паспешна схваціў пад паху шапку.., і выскачыў за дзверы. Чорны. Раптам за мостам застракатала, і з-за павароту шашы выскачылі матацыклісты. Шамякін.
4. перан. Разм. Недарэчна ўмяшацца ў якую‑н. справу. Выскачыць са сваёй прапановай.
5. перан. Нечакана ўзнікнуць; вырасці. На правай плоскасці [самалёта] выскачылі языкі полымя. Алешка. Дзе-нідзе ўжо выскачыла першая зялёная траўка. Якімовіч.
•••
Выскачыць замуж — паспешна, неабдумана або вельмі рана пайсці замуж.
Выскачыць (вылецець) кулём (куляю) — імкліва выбегчы, выехаць.
Выскачыць з галавы (з памяці) — тое, што і вылецець з галавы (з памяці) (гл. вылецець).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)