род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў стэпавай, паўпустыннай зонах і ў гарах Паўн. паўшар’я. Трапляюцца па берагах рэк і азёр, уздоўж дарог, на пустках, як пустазелле ў пасевах.
Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамастойныя. Лісце чаргаванае, трайчастае, з буйнымі прылісткамі. Кветкі звычайна жоўтыя, у верхавінкавых гронках. Плод — струк. Найб. пашыраны Т. ланцэтны (T. lanceolata) — злоснае пустазелле, ядавітая (асабліва лісце і насенне), лек. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНЦЫ́НУЛА (Uncinula),
род сумчатых грыбоў сям. мучністарасяных. Каля 60 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Афрыцы. На Беларусі 3 віды У.: вярбовая (М. salicis), кляновая (U. aceris), Цюланава (U. tulasnei). Аблігатныя паразіты асіны, вярбы, клёну, таполі, ясеню. Выклікаюць мучністую расу.
Міцэлій з гаўсторыямі, паверхневы, павуціністы, плевачны або лямцавы. Развіваецца пераважна на лісці, радзей на парастках і пладах. Пладовыя целы (клейстатэцыі) шарападобныя, маюць прыдаткі. Сумкі шматлікія, яйцападобныя, з 2—8 эліпсоіднымі спорамі. У цыкле развіцця адзначана канідыяльная стадыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТЫЛЯ́ГА (Ustilago),
род галаўнёвых грыбоў сям. ўстылягавых. Больш за 350 відаў. Пашыраны ў раёнах вырошчвання злакаў, на якіх яны паразітуюць. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя У.: аўсовы (U. avenae), прасяны (U. panicimiliacei), пшанічны (U. tritici), ячменны (U. hordei) і інш.
Міцэлій шматклетачны, з гаўсторыямі. Тэліяспоры развіваюцца звычайна ў завязях, часам у тычынках і вегетатыўных органах раслін-гаспадароў у выглядзе чорнай, цёмнааліўкавай, фіялетавай або жоўтай масы. Прарастаюць базідыямі, на якіх утвараюцца базідыяспоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРЗІ́ЦЫЯ (Forsythia),
род кустоў сям. маслінавых. 7 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі, 1 від — у Еўропе. На Беларусі ў культуры найб. вядомыя Ф.: еўрапейская (F. europaea), паніклая (F. suspensa), сярэдняя (F. × intermedia), яйцападобная, або авальная (F. ovata).
Лістападныя кусты з галінастай кронай, выш. 2—3 м. Лісце супраціўнае, чаранковае, суцэльнае, часам трайчастае. Кветкі ярка-жоўтыя, адзіночныя або па 2—3 у пазушных суквеццях, распускаюцца да паяўлення лісця. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІТАФТО́РА (Phytophthora),
род ааміцэтавых грыбоў сям. пітыевых. Каля 70 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 6 відаў. Найб. вядомыя Ф.: інфестанс (Ph. infestans), бэзавая (Ph. syringae), какторум (Ph. cactorum), сунічная (Ph. fragariae), эрытрасептыка (Ph. erythroseptica). Паразіты, узбуджальнікі фітафтарозус.-г. і дзікарослых раслін.
Міцэлій аднаклетачны, разгалінаваны, развіваецца ў тканках раслін-гаспадароў. Канідыяносцы буйныя, простыя або слаба разгалінаваныя, утвараюць шчыльны бураваты ці белаваты налёт. Канідыі шарападобныя, маюць двухжгуцікавыя зааспоры, якія распаўсюджваюцца з вадой. Ааспоры шарападобныя, светла-бурыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́КСІЯ (Fuchsia),
род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Культывуюць як дэкар. аранжарэйныя і пакаёвыя расліны (больш за 2 тыс. сартоў). На Беларусі пераважна ў пакоях вырошчваецца Ф. гібрыдная (F. hybrida).
Невял. дрэвы або кусты. Лісце авальнае, супраціўнае або ў кальчаках, радзей чаргаванае. Кветкі паніклыя, на доўгіх кветаножках, у чырв. ці пурпурных тонах, сабраныя ў гронкі ў пазухах лісця. Плод — ягада, у некат. відаў ядомая. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАМА́РБІЯ (Hammarbya),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 1 від Х. балотная (H. paludosa). Пашырана на ўмерана халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца на тарфяных балотах, у забалочаных лясах і поймах рэк.
Шматгадовая травяністая расліна з тонкім карэнішчам, на якім штогод утвараецца клубень. Сцябло выш. 6—20 см, каля асновы яйцападобна патоўшчанае, з 2 (3—4) падоўжанымі, таўставатымі лісцікамі ў ніжняй частцы. Кветкі дробныя. жаўтавата-зялёныя, у гронках. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАНДРЫ́ЛА (Chondrilla),
род кветкавых раслін сям. складанакветных (астравых). Каля 30 відаў. Пашыраны ў стэпавых і пустынных раёнах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 від — Х. сітападобная, або звычайная (Ch. juncea). Трапляецца ў хваёвых лясах, далінах рэк, уздоўж дарог.
Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 50—125 см са стрыжнёвым коранем. Сцёблы растапырана-галінастыя. Прыкаранёвае лісце ў разетцы, чаранковае. выемчата-перыста-надрэзанае, сцябловае — лінейнае. Кветкавыя кошыкі сабраны ў сціснута-мяцёлчатае суквецце. Плод — сямянка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫНКЛІ́ДЫУМ (Cinclidium),
род брыевых імхоў сям. мніевых. 6 відаў. Пашыраны ў арктычных і субарктычных шыротах і высакагор’ях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — Ц. стыгійскі (C. stygium), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на багнавых балотах, па берагах азёр.
Шматгадовыя балотныя імхі. Утвараюць цёмна-зялёныя або часцей чырванавата-бурыя ці чарнаватыя, густалямцавыя дзярнінкі. Сцёблы прамастойныя, простыя, рыхла аблісцелыя. Лісце, сабранае ў невял. разетку на верхавінцы генератыўнага сцябла, суцэльнакрайняе, ад акруглага да шырокалопасцевага. Каробачка павіслая, шарападобная, эліпсоідная. Каўпачок клабукападобны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭЦЭ́,
цэ-цэ (Glossina), род насякомых сям. сапраўдных мух атр. двухкрылых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў вільготных мясцовасцях, пераважна ў лясах трапічнай і субтрапічнай Афрыкі.
Найб. вядомыя G. palpalis, G. morsitans, G. brevipalpis — пераносчыкі трыпанасом — узбуджальнікаў соннай хваробы чалавека і жывёлы; G. morsitans i G. tachinoides — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб свойскай жывёлы.
Даўж. 9—14 мм. Характэрны доўгія і шырокія сківічныя шчупальцы і доўгі колючы хабаток. Жывародныя. Кормяцца кроўю чалавека і пазваночных жывёл.