АЗАКЕРЫ́Т (ад грэч. ozo пахну + keros воск),

горны воск, мінерал, прыродны нафтавы бітум; сумесь цвёрдых насычаных вуглевадародаў. Колер ад светла-жоўтага да амаль чорнага. Кансістэнцыя ад мяккай, пластычнай да цвёрдай. Цв. 1. Шчыльн. 0,85—1 г/см³, tпл. 50—85 °C.

Азакерыт — парафіністы асадак, які выпадае з нафты пры яе ахаладжэнні ў выніку падняцця на паверхню па трэшчынах. Залягае ў жылах, пластах. Выкарыстоўваецца ў радыё-, электратэхніцы, парфумернай і лакафарбавай прам-сці, медыцыне (гл. Азакерыталячэнне).

Азакерыт.

т. 1, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,

найпрасцейшая арганічная ненасычаная кіслата, CH2=CH-COOH. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tкіп 140,9 °C, шчыльн. 1,05·10​3 кг/м³, змешваецца з вадой, спіртамі, эфірамі. Аказвае каразійнае дзеянне, лёгка палімерызуецца (для працяглага захоўвання карыстаюцца інгібітарамі). Солі і эфіры акрылавай кіслаты наз. акрылатамі.

Атрымліваюць акісленнем прапілену: CH2=CH-CH3 + O2 → CH2=CH-COOH. Выкарыстоўваюць у вытв-сці іонаабменных смолаў, каўчукоў, эфіраў (гл. Поліакрылаты). Акрылавую кіслату і яе солі дабаўляюць у друкарскія фарбы, пасты і інш.

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

аднаасноўная ненасычаная карбонавая кіслата, CH3(CH2)7CH = CH(CH2)7COOH. Мал. м. 282. Бясколерная вязкая вадкасць, (tкіп 232 °C (15 мм рт. сл.), шчыльн. 0,89·10​3кг/м³, нерастваральная ў вадзе, раствараецца ў арган. растваральніках. Уваходзіць у састаў алеяў і жывёльных тлушчаў, у аліўкавым алеі 70—85%. Эфіры алеінавай кіслаты выкарыстоўваюцца ў вытв-сці алейных фарбаў, касметычных прэпаратаў, флатарэагентаў, пластыфікатараў, тэкстыльна-дапаможных рэчываў. Этылавы эфір алеінавай кіслаты (лінетол) — лек. сродак для зніжэння халестэрыну. Здольная выклікаць экзэму.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІНАПЛА́СТЫ,

пластмасы на аснове амінаальдэгідных смол. Вырабляюцца ў выглядзе прэс-парашкоў, слаістых пластыкаў ці сітаватых матэрыялаў. Прэс-парашкі маюць у якасці напаўняльнікаў драўнінную і кварцавую муку, каалін; слаістыя пластыкі — ніткі, жгуты, тканыя і нятканыя палотны, азбест, паперу. Не маюць паху, стойкія да дзеяння слабых кіслот і шчолачаў, ацэтону, спірту, цепла-, святло- і водаўстойлівыя, дыэлектрыкі. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці электратэхн. вырабаў (карпусы прылад, ізаляцыйныя матэрыялы), пластыкаў для мэблі і інтэр’ераў, драўнінна-стружкавых пліт, цепла- і гукаізаляцыйных матэрыялаў.

т. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАРТЫ́Т (ад грэч. anorthos косы),

мінерал групы палявых шпатаў, Са[Al2Si2O8], крайні член ізаморфнага рада плагіяклазаў. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі сустракаюцца рэдка; звычайна зерні і зярністыя агрэгаты. Колер белы, шэры, зеленаваты. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 6—6,5; крохкі. Шчыльн. каля 2,8 г/см³. Пераважна магматычнага паходжання. Анартыт — пародаўтваральны мінерал горных парод асн. саставу (габра, базальты і інш.), якія трапляюцца на Беларусі ў адкладах дакембрыю. Знойдзены ў некаторых метэарытах. Выкарыстоўваецца ў керамічнай прам-сці.

Анартыт.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМАДАБА́Д, Ахмедабад,

горад у Індыі, на р. Сабарматы, штат Гуджарат. Засн. ў 1411. 4775,7 тыс. ж. (1992, з прыгарадамі). Адзін з найважнейшых прамысл. і гандл.-фін. цэнтраў Зах. Індыі. Трансп. вузел. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. прам-сці (баваўняныя пража і тканіны, шарсцяныя тканіны, штучны шоўк). Металаапр., маш.-буд., папяровая, хім., гарбарная, запалкавая, харч. прам-сць. Саматужная вытв-сць парчы, шоўку, ювелірных і лакавых вырабаў, мастацкае разьбярства. Арх. помнікі 15—17 ст. 3 ун-ты, у т. л. Гуджарацкі. Музей.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРО́БУС,

шырокафюзеляжны самалёт для перавозкі вял. колькасці пасажыраў на далёкія адлегласці. Адрозніваецца высокім узроўнем камфорту, а таксама магчымасцю спрошчаных аперацый з багажом (напр., пасажыр можа здаваць багаж або ўзяць яго з сабой і паставіць у спец. адведзеным месцы). Выкарыстанне аэробусаў павялічвае аб’ём пасаж. перавозак (напр., Іл-86 да 350 пасажыраў) пры змяншэнні колькасці рэйсаў і павышэнні бяспекі паветр. руху. Найб. вядомыя на міжнар. лініях аэробусы вытв-сці ЗША, зах.-герм. фірмаў («Боінг», А-310 і інш.).

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ДО́СЛЕДНА-МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1946 у г. Бабруйск як аўтарамонтная майстэрня. З 1960 з-д нестандартнага абсталявання для тэхн. абслугоўвання аўтамабіляў і па вытв-сці спецыялізаванага рухомага саставу для перавозкі грузаў. З 1967 мае сучасную назву. З 1972 у складзе вытв.-тэхн. аб’яднання «Аўтатранстэхніка». Асн. прадукцыя (1995): самазвальныя і бартавыя прычэпы і паўпрычэпы да аўтамабіляў грузападымальнасцю 5,5—12,5 т, абсталяванне гаражнае, для рамонту і абслугоўвання аўтамабіляў, выпускае таксама метал. кіёскі, гаражы і інш.

Ю.Я.Барсукоў.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАЎ (Валянцін Уладзіміравіч) (н. 24.6.1949, Мінск),

бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі. Д-р тэхн. н.(1991), праф. (1993). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1971), працуе ў ім (цяпер Бел. дзярж. ун-т інфарматыкі і радыёэлектронікі). Навук. працы па тэхналогіі танкаплёначных элементаў. Распрацаваў фізіка-хім. асновы тэхналогіі шматслойных структур на базе пераходных металаў, іх сіліцыдаў і аксідаў для вытв-сці вырабаў цвердацельнай электронікі і мікраэлектронікі. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Тв.:

Пленочные токопроводящие системы СБИС. Мн., 1989 (разам з А.П.Дастанкам, В.В.Шаталавым).

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РДЫШАЎ (Іван Іларыёнавіч) (н. 14.7.1912, с. Рускія Нарвашы Янцікаўскага р-на, Чувашыя),

бел. хімік. Чл.-кар. АН Беларусі (1959), д-р хім. н. (1953), праф. (1955). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1936). З 1954 у Бел. лесатэхн. ін-це, у 1964—79 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. даследаванні па хіміі тэрпеноідаў, метадах іх аналізу, распрацоўцы тэхналогій вытв-сці практычна важных лесахім. прадуктаў.

Тв.:

Синтетические продукты из канифоли и скипидара. Мн., 1964 (у сааўт.).

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)