БЕ́ЗДНАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1861,
выступленне сялян Казанскай губ. Расіі ў адказ на сялянскую рэформу 1861.
Пачалося ў в. Бездна Спаскага пав. пад кіраўніцтвам селяніна А.Пятрова (А.П.Сідарава), які абвясціў сялянам, што ўся зямля належыць ім і што яны не павінны больш працаваць на паноў. Хваляванні ахапілі больш як 75 вёсак. Каля 10 тыс. чалавек адмовіліся адбываць паншчыну, выконваць распараджэнні адміністрацыі, забіралі панскае збожжа. 12 крас. ў Бездну прыбыў карны атрад і пачаў страляць у натоўп сялян. Было забіта і паранена больш за 350 чал., многія арыштаваны, пакараны розгамі. Пятрова расстралялі. Расправа над удзельнікамі Безднаўскага выступлення выклікала пратэст дэмакр. колаў у Расіі і за мяжою.
т. 2, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАМІРЗЯ́Н (Рубен Сяргеевіч) (20.12.1911, Тбілісі — 26.10.1991),
рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1983). Засл. дз. маст. Расіі (1969) і Грузіі (1972). Праф. (1975). Скончыў Ленінградскі тэатр. ін-т імя А.М.Астроўскага (1953). З 1966 гал. рэжысёр Ленінградскага драм. т-ра імя В.Ф.Камісаржэўскай. Сярод пастановак драм. трылогія «Смерць Іаана Грознага», «Цар Фёдар Іванавіч», «Цар Барыс» А.К.Талстога (Дзярж. прэмія СССР 1984). У Бел. т-ры імя Я.Купалы паставіў спектаклі «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Г.Лордкіпанідзе (1965) і «...Забыць Герастрата!» Р.Горына (1974), якія вылучаліся цікавай рэжысёрскай задумай, яркай формай і выдатнымі акцёрскімі работамі.
т. 1, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 27.8.1930, Масква),
рускі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва імя А.Луначарскага (1952). Акцёр, з 1970 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя М.Ярмолавай. З 1985 гал. рэжысёр Малога т-ра Расіі. Выкладае ў Рас. акадэміі тэатр. мастацтва, праф. з 1978. Сярод роляў: Аляксей («У добры час» В.Розава), Васількоў («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Галубкоў («Бег» М.Булгакава) і інш. Паставіў спектаклі: «Мінулым летам у Чулімску» і «Паляванне на качак» А.Вампілава, «Грошы для Марыі» паводле В.Распуціна, «Бераг» паводле Ю.Бондарава і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя К.Станіслаўскага 1980.
т. 1, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДКУП,
перадача дзяржавай прыватным асобам (адкупшчыкам) правоў на збор дзярж. прыбыткаў.
Існаваў пераважна ў дакапіталіст. фармацыях, калі не было развітога дзярж.-фін. апарату. Дзяржава, напр., аддавала на водкуп вытворчасць і рэалізацыю солі, алкагольных напіткаў, тытуню, збор мытнай пошліны, падаткаў з насельніцтва і інш. Быў пашыраны ў Францыі, Італіі, Іспаніі. У Расіі існаваў вінны водкуп і мытны водкуп. Адкупшчыкамі былі купцы, пасадскія людзі, іншаземцы. На Беларусі быў пашыраны вінны водкуп у гарадах. Парадак водкупу вызначала гарадское кіраўніцтва. З умацаваннем і цэнтралізацыяй дзярж. улады (18 ст.) водкуп змяніўся сістэмай акцызу (у Расіі з 1863), а ў асобных краінах (ЗША, Турцыя, Італія) захаваўся да пач. 20 ст.
т. 4, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́СМАН (Васіль Семёнавіч) (12.12.1905, г. Бярдзічаў, Украіна — 14.9.1964),
расійскі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1929). Першая аповесць пра жыццё шахцёраў Данбаса «Глюкаўф» (1934). Аўтар гіст.-рэв. рамана «Сцяпан Кальчугін» (ч. 1—4, 1937—40), аповесці «Народ бессмяротны» (1942) і рамана «За праведную справу» (1952), прысвечаных подзвігу народа ў Вял. Айч. вайне. Выйшлі зб. апавяданняў «Шчасце» (1935), «Жыццё» (1943), «Дабро вам!» (1967) і інш; пісаў нарысы, публіцыстыку (кн. «Сталінірад», 1943). Аповесць «Усё цячэ» (1955—63, выд. 1970, у Расіі — 1989) пра трагічныя старонкі гісторыі краіны 1930—50-х г. Раман «Жыццё і лёс» выдадзены ў Расіі ў 1988.
Літ.:
Бочаров А.Г. Василий Гроссман: Жизнь, творчество, судьба. М., 1990.
т. 5, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРО́ВЫЯ ЛЮ́ДЗІ,
1) у Стараж. Русі пры дварах баяр, вял. і ўдзельных князёў ваен. слугі і выканаўчая адміністрацыя (цівуны, ключнікі, дзесяцкія, акольнічыя і інш.).
2) У Расіі з канца 17 ст. да 1861 катэгорыя прыгоннага насельніцтва без зямлі, становішча якога было блізкім да рабства. Жылі ў панскіх дварах, займаліся абслугоўваннем іх сем’яў, выкарыстоўваліся на с.-г. работах, вотчынных прадпрыемствах. Шырока практыкаваліся гандаль Д.л., абмен, дарэнні, заклад. У 1857 Д.л. ў Расіі складалі 6,8% ад колькасці прыгонных, у Беларусі — 3,4%. У час падрыхтоўкі адмены прыгоннага права колькасць Д.л. у Беларусі пабольшала за кошт пераводу цяглых сялян у дваровыя. Паводле рэформы 1861 Д.л. атрымалі асабістую свабоду без зямельнага надзелу.
т. 6, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВА (Маргарыта Сяргееўна) (н. 7.5.1948, Масква),
руская артыстка балета. Нар. арт. Расіі (1980). Нар. арт. СССР (1986). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1967), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1988). У 1967—87 салістка Маскоўскага муз. т-ра імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. Сярод партый: Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Папялушка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана), Флёр дэ Ліс («Эсмеральда» Ц.Пуні), Медора («Карсар» А.Адана), Сванільда («Капелія» Л.Дэліба). Яе творчасці ўласцівы віртуознае валоданне тэхнікай класічнага танца, элевацыя, драм. выразнасць. Лаўрэат міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (1972, Балгарыя) і Маскве (1973). Прэмія імя Г.Паўлавай (Парыж, 1968). Дзярж. прэмія Расіі 1980.
т. 6, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕНКУ́Р ((Caulaincourt) Арман Агюстэн Луі маркіз дэ) (9.12.1773, Каленкур каля г. Сен-Кантэн, Францыя — 19.2.1827),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Дывізійны генерал (1805), герцаг Вічэнцкі (1808). У арміі з часоў Франц. рэвалюцыі 1789—99. У 1801 і 1807—11 франц. пасол у Расіі; выступаў за развіццё франц.-рас. саюзных адносін, намагаўся адгаварыць Напалеона I ад вайны супраць Расіі. У час вайны 1812 суправаджаў Напалеона. У ліст. 1813 — крас. 1814 міністр замежных спраў Францыі; 10.4.1814 падпісаў у г. Фантэнбло дагавор пра адрачэнне Напалеона ад прастола. У час «ста дзён» (1815) зноў міністр замежных спраў. Аўтар мемуараў (ёсць звесткі пра Напалеона і вайну 1812).
т. 7, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСО́ВІЧ (Пётр Самсонавіч) (28.9.1862, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 26.8.1915),
расійскі аграхімік, глебазнавец і фізіёлаг раслін. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). У 1891—94 у Маскоўскім ун-це, з 1902 праф. Пецярбургскага ляснога ін-та. У 1897 арганізаваў с.-г. хім. лабараторыю для вывучэння аграхім. уласцівасцей глеб Расіі. Даказаў, што свабодны азот бабовыя расліны засвойваюць толькі праз карані, на якіх ёсць спец. клубеньчыкі (1889—91); вызначыў растваральную ролю фізіялагічна кіслых аміячных угнаенняў, якія ўносяцца разам з фасфарытам. Першым у Расіі даследаваў кругаварот серы і хлору ў прыродзе (1913).
Тв.:
Краткий курс общего почвоведения. 2 изд. Пг., 1916.
т. 8, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЁНАЧКІН (Вячаслаў Міхайлавіч) (н. 20.6.1927, Масква),
расійскі кінарэжысёр-мультыплікатар, мастак. Засл. дз. маст. Расіі (1976). Нар. арт. Расіі (1987). Скончыў курсы мастакоў пры кінастудыі «Саюзмультфільм» (1947). Як мастак удзельнічаў у пастаноўцы больш за 80 фільмаў. З 1962 рэжысёр. Паставіў маляваныя фільмы «Мы такія майстры», «Сляды на асфальце», «Жаба-вандроўніца» (паводле У.М.Гаршына; усе 1960-я г.), «Песня пра юнага барабаншчыка» (1972), «Хто атрымае прыз?» (1980), «Ён папаўся» (1981), «Ён папаўся, які кусаўся» (1990), «Папаліся ўсе» (1998), паліт. фільм-плакат «Прарокі і ўрокі» (1967) і інш. Стварае серыял папулярных мультфільмаў «Ну, пачакай!», насычаны трукамі, музыкай, камед. сітуацыямі (вып. 1—18, 1969—96). Дзярж. прэмія СССР 1988.
т. 8, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)