ПІ́ХТА (Abies),

род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў гарах, радзей на раўнінах Паўн. паўшар’я, некат. віды — у трапічным поясе (горы Мексікі і Гватэмалы). Расце разам з елкай і інш. дрэвамі ці ўтварае чыстыя дрэвастоі (піхтарнікі), адна з асн. парод цемнахвойнай тайгі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрапейскі рэліктавы від — П. белая або еўрапейская (A. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Ізалявана трапляецца ў Белавежскай пушчы.

Аднадомныя вечназялёныя дрэвы выш. 50—100 м, дыяметр ствала да 2 м з густой конусападобнай кронай. Жывуць да 200, некат. да 500—700 гадоў. Кара ўсіх відаў мае смалу. Ігліца шматгадовая, плоская, лінейная, мяккая, з 2 белаватымі палоскамі вусцейкаў на ніжнім баку. Жаночыя шышкі (зялёныя або чырванаватыя) і мужчынскія каласкі размешчаны на канцы леташніх парасткаў у верхняй ч. кроны. Спелыя шышкі цыліндрычныя, прамастойныя, фіялетавыя або карычневыя. Выспяваюць у 1-ы год і рассыпаюцца. Семя з крыльцам. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы і дробных вырабаў. З кары паўночнаамерыканскай П. бальзамічнай (A. balsamea) атрымліваюць канадскі бальзам, з найб. пашыранай П. сібірскай (A. sibirica) — піхтавы бальзам, з ігліцы і маладых галінак — піхтавы алей. Лек., тэхн., дэкар. расліны.

А.​Дз.​Антанюк.

Піхта сібірская: 1 — агульны выгляд; 2 — галінка з жаночай шышкай; 3 — галінка з мужчынскімі каласкамі; 4 — спелая шышка.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІЯ́НІЯ,

самая вял. сукупнасць астравоў (каля 10 тыс.) у цэнтр. і паўд.-зах. ч. Ціхага ак. паміж Аўстраліяй, Малайскім архіпелагам на З і шырокімі акіянскімі прасторамі на Пн, У і Пд. Размешчана паміж субтрапічнымі шыротамі Паўн. паўшар’я і ўмеранымі Паўднёвага. Пл. 1,26 млн. км². Нас. 10,3 млн. чал. (1987). Найбольшыя а-вы Новая Гвінея, Паўночны і Паўднёвы (2 апошнія ўваходзяць у склад Новай Зеландыі) займаюць у сукупнасці каля 80% тэр. Акіяніі. Пры падзеле сушы на часткі свету Акіянію звычайна аб’ядноўваюць з Аўстраліяй; часам вылучаюць як асобную частку свету. У Акіяніі размешчаны дзяржавы (1993): Вануату, Зах. Самоа, Кірыбаці, Мікранезія, Маршалавы Астравы, Науру, Новая Зеландыя, Палау, Папуа — Новая Гвінея, Саламонавы Астравы, Тонга, Тувалу, Фіджы, ч. Інданезіі. Гавайскія а-вы — штат ЗША. Многія а-вы — уладанні Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Чылі.

Паводле прыродных умоў і насельніцтва Акіянію падзяляюць на Меланезію, Мікранезію, Палінезію і Новую Зеландыю. Ёсць астравы мацерыковага паходжання (Новая Гвінея, Новая Каледонія, Фіджы), гарыстыя вулканічныя (Бугенвіль, Гаваі і інш.) і нізінныя каралавыя (Маршалавы, Науру і інш.) а-вы. Найб. выш. — 5029 м (г. Джая ў Новай Гвінеі). Гарыстыя а-вы Акіяніі размешчаны ў межах астраўных дугаў геасінклінальнай вобласці зах. ускраіны дна Ціхага ак. У цэнтр. ч. Ціхага ак.найвыш. вулканы, якія ўтвараюць некаторыя з Гавайскіх а-воў (у т. л. Маўна-Кеа і Маўна-Лоа, больш за 4000 м); актыўны вулканізм і ў Новай Зеландыі. Радовішчы нікелю і жалеза (Новая Каледонія), фасфатаў (Науру), нафты (Новая Гвінея), золата (Папуа — Новая Гвінея, Фіджы), вугалю (Новая Зеландыя), медзі (Бугенвіль, Новая Каледонія), жал. руды (Новая Гвінея) і інш. Клімат акіянскі, вільготны, пераважна субэкватарыяльны і экватарыяльны, на Пд субтрапічны і ўмераны. У экватарыяльным поясе сярэднямесячная т-ра на працягу года 26—28 °C, на крайнім Пд ад 16 °C (люты) да 5 °C (жнівень). Ападкаў за год ад 1000 мм на У да 3000—4000 мм і больш на З (асабліва шмат на наветраных схілах гарыстых а-воў, напр., на Гавайскіх а-вах месцамі да 14000 мм). У цэнтр. Акіяніі і на З частыя тайфуны. У гарах Новай Гвінеі і на в-ве Паўднёвы Новай Зеландыі ледавікі. Рэкі кароткія, мнагаводныя, пераважна на буйных а-вах. Глебы чырваназёмы і латэрыты, у раёнах сезонных дажджоў — чырвона-бурыя саваннаў, у вільготных раёнах — балотныя і забалочаныя. На наветраных схілах гарыстых а-воў пераважаюць вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, на падветраных — ксерафітныя лясы, хмызняковыя фармацыі. Трапляецца расліннасць тыпу саваннаў. На нізінных каралавых а-вах — зараснікі хмызняку, участкі лясоў, гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва і інш. Асн. культурныя расліны — сагавыя і какосавыя пальмы, манга, цукр. трыснёг і інш. Фауна Акіяніі — аўстралійскія (яхідна, сумчатыя) і азіяцкія (дзік) віды; мала млекакормячых, мноства насякомых; каля 650 відаў птушак; шмат эндэмікаў.

Да арт. Акіянія. Паўднёвы востраў. Новая Зеландыя.
Да арт. Акіянія. Вёска ў Папуа—Новай Гвінеі.

т. 1, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТА́ЛІ (ад грэч. krystallos першапачаткова лёд, потым горны хрусталь, празрысты камень),

цвёрдыя целы, якія маюць натуральную форму правільнага мнагагранніка, часцінкі якога (атамы, іоны, малекулы) размешчаны паводле закону прасторавых рашотак (гл. Крышталічная рашотка). Упарадкаваная будова К. абумоўлівае іх спецыфічныя ўласцівасці — аднароднасць, здольнасць самааграньвацца, мінім. ўнутр. энергію і скрытую цеплыню плаўлення. Характэрныя ўласцівасці К. — анізатропнасць і сіметрыя (гл. Анізатрапія, Сіметрыя крышталёў). Спецыфічныя асаблівасці К. выяўляюцца ў іх механічных (спайнасць, цвёрдасць і інш.), аптычных (падвойнае праменепераламленне, плеяхраізм і інш.), электрычных (піра- і п’езаэлектрычнасць), цеплавых і інш. фіз. уласцівасцях. Пры вывучэнні К. выкарыстоўваецца комплекс метадаў даследаванняў, у т. л. рэнтгенаструктурны і крышталеаптычны аналіз.

К. ўтвараюцца адвольна ці на «зародках» з вадкіх (растворы і расплавы), газападобных (шляхам узгонкі) і цвёрдых (у час перакрышталізацыі) рэчываў пры пэўных т-рах, ціску і хім. саставе. Правільныя мнагаграннікі ўтвараюцца ў час росту К., калі яны не сутыкаюцца з інш. цвёрдымі целамі і растуць павольна. Грані К. супадаюць з плоскімі сеткамі, рэбры — з радамі прасторавых рашотак, уздоўж якіх вузлы рашоткі размешчаны найб. густа. К. аднаго і таго ж рэчыва і будовы могуць мець розную велічыню і форму, але вуглы паміж адпаведнымі гранямі і рэбрамі ў іх пастаянныя (закон пастаянства вуглоў). Пры хуткім росце ў вязкім асяроддзі ўтвараюцца недаразвітыя формы (дэндрыты, сфераліты, крышт. агрэгаты), з якіх складзена большасць цвёрдых цел. Вывучэнне скорасці росту К., які абумоўлівае іх вонкавы выгляд (габітус), дае звесткі пра іх паходжанне (генезіс). Сярод К. адрозніваюць простыя формы (складзены з аднолькавых граней, звязаных элементамі сіметрыі) і камбінацыі (сукупнасць дзвюх ці некалькіх простых форм). У прыродзе вядома 47 простых форм і каля 1500 камбінацый. Усе К. — сіметрычныя целы. Сукупнасць элементаў сіметрыі ўтварае від сіметрыі, а ў прасторавых рашотках — прасторавую групу сіметрыі. У К. адрозніваюць 32 віды сіметрыі, аб’яднаныя ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій), якія ўключаюць у сябе 230 прасторавых груп.

Крышт. рэчывы пашыраны ў прыродзе. Зямная кара на 95% складаецца з К. Крышталічныя ўсе металы і сплавы, большасць буд. матэрыялаў, многія харч. прадукты, лякарствы, некаторыя ч. арганізмаў, штучныя матэрыялы. Крышт. рэчывы ўжываюцца практычна ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі. Адзіночныя К. выкарыстоўваюцца для апрацоўкі цвёрдых матэрыялаў (алмаз), у лазернай тэхніцы (рубін), на выраб лінзаў і палярызатараў для аптычных прылад (ісландскі шпат, флюарыт, кварц), гадзіннікавых камянёў (рубін), п’езапласцінак (кварц), у радыёэлектроніцы, тэлеф. сувязі, гідралакацыі, ювелірнай справе і інш.

Літ.:

Попов Г.М., Шафрановский И.И. Кристаллография. 5 изд. М., 1972;

Шаскольская М.П. Кристаллография. 2 изд. М., 1984;

гл. таксама пры арт. Крышталяграфія.

А.​С.​Махнач.

Крышталі: а — простыя формы (1 — куб, 2 — актаэдр, 3 — ромбададэкаэдр, 4 — тэтраганальная дыпіраміда, 5 — трыганальны трапецоэдр, 6 — рамбічны тэтраэдр); б — камбінацыі простых форм (7 — пінакоіды і рамбічныя прызмы, 8 — гексаганальная прызма, рамбоэдр, дытрыганальны скаленоэдр, 9 — ромбададэкаэдр, тэтрагонтрыактаэдр, 10 — куб, тэатраэдр, ромбададэкаэдр, 11 — куб, актаэдр, трыгонтрыактаэдры).

т. 8, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ СПА́СА-ЕФРАСІ́ННЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р, Полацкі Спаскі манастыр,

помнік архітэктуры 12 — пач. 20 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. Знаходзіцца на ўскраіне горада, на правым беразе р. Палата. Засн. ў пач. 12 ст. князёўнай Ефрасінняй Полацкай як абарончы фарпост Полацка (з Пн), за 2 км ад горада, у в. Сяльцо, на месцы, дзе знаходзілася драўляная царква Спаса. У 1579 кароль Рэчы Паспалітай Стафан Баторый заняў Полацк і заснаваў у манастыры сваю рэзідэнцыю, потым перадаў яе езуітам. У 1656 паводле загаду рас. цара Аляксея Міхайлавіча манастыр пераасвячоны і вернуты праваслаўным. З 1667 зноў належаў езуітам, пасля 1820 перайшоў да піяраў. З 1832 вернуты праваслаўным, з 1841 жаночы манастыр. У 1844 пры манастыры адкрыта 3-класнае жан. вучылішча, сіроцкі прытулак, багадзельня. Найб. росквіту манастыр дасягнуў у канцы 19 ст. пры ігуменні Яўгенні (Гаваровіч). У 1910 сюды з Кіева перавезены мошчы св. Ефрасінні Полацкай. У пач. 20 ст. ў манастыры былі мураваныя храмы, якія ўтваралі невял. плошчу пры ўваходзе, а таксама каля 20 драўляных і мураваных жылых і гасп. пабудоў, сад, агарод. У1928 манастыр закрыты. У Вял. Айч. вайну на тэр. манастырскага комплексу быў лагер сав. ваеннапалонных, многія пабудовы разбураны. З 1943 манастыр пачаў дзейнічаць. У 1960 зноў закрыты (насельніцы пераведзены ў Жыровіцкі Успенскі манастыр). З 1989 манастыр аднавіў сваю дзейнасць. У ансамбль уваходзяць: цэрквы Спаса-Праабражэнская і Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая), Крыжаўзвіжанскі сабор, жылы дом, брама-званіца з жылым манастырскім корпусам, падмуркі храма-пахавальні. У 1998—2000 узведзены манастырскі жылы корпус, гасп. пабудовы, майстэрні. Спаса-Праабражэнская царква — помнік архітэктуры Полацкай школы дойлідства. Размешчана ў цэнтры манастырскага комплексу. Пабудавана паміж 1152—61 дойлідам Іаанам на заказ Ефрасінні Полацкай як саборны храм. З пераходам манастыра да езуітаў царква была ператворана ў касцёл. У 1833 часткова перабудавана (арх. А.​Порта). Мураваны 3-нефавы 6-стаўповы крыжова-купальны храм (8 χ 12). Цэнтр. неф з У завершаны паўкруглай масіўнай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. Паўд. і паўн. фасады расчлянёны пілястрамі з паўкалонамі, якія рытмічна падзяляюць паверхню на 3 вузкія і 2 шырокія прасценкі (чаргуюцца), прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі на 2 узроўнях (ніжнія ў 1,5 раза большыя за верхнія, з т.зв. броўкамі з 4 радоў плінфы). Напачатку царква мела пазакамарнае пакрыццё асн. аб’ёму і больш нізкага нартэкса. Барабан купала ўзвышаўся над скляпеннямі асн. аб’ёму і апіраўся на квадратны ў плане пастамент, на гранях якога былі какошнікі. Закамары і какошнікі мелі кілепадобнае завяршэнне, што стварала ярусную кампазіцыю верху. У 19 ст. пазакамарнае пакрыццё заменена 3-схільным дахам. Уваход на хоры — у паўн. частцы зах. сцяны. Па баках хораў 2 маленькія келлі, адна з іх, паводле падання, прызначалася для Ефрасінні Полацкай. Інтэр’ер аздоблены фрэскамі 12 ст. — унікальнымі творамі стараж.-рус. манум. мастацтва. Даследаванні паверхні сцен, скляпенняў і слупоў даюць падставу меркаваць, што ўвесь храм багата ўпрыгожаны фрэскамі, якія закрыты напластаваннямі тынку і алейнай размалёўкай 5 832—35 і 1840. Расчыстка сценапісу праводзілася ў 1937, 1938, 1940, 1950, 1972. Адкрыта 8 фрагментаў фрэсак 12 ст. Тры з іх знаходзяцца ў алтарнай частцы: на лапатках паўд. і паўн. сцен выявы невядомых святых ва ўвесь рост з кнігамі ў руках, на паўд. сцяне побач з бакавым праёмам выява святога, што моліцца на фоне высокай вежы. 5 фрагментаў у цэнтр. частцы: на паўд. сцяне 2 з выявамі святых манашак; на паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. слупах франтальныя выявы святых ва ўвесь рост са скруткамі ў руках; на паўн.-зах. слупе, які падтрымлівае хоры, выява невядомай маладой святой. У апошнія гады пазнейшыя алейныя размалёўкі пачалі ападаць. Адкрылася шмат новых фрагментаў і сюжэтных кампазіцый у цэнтр. (10 выяў) і бакавых апсідах, цэнтр. частцы, у келлі Ефрасінні Полацкай. Фрэскі вылучаюцца выразнасцю індывід. характарыстык, натхнёнасцю, эмацыянальнасцю, суровай экспрэсіяй. Выявы святых пададзены ў класічных прапорцыях: з прадаўгаватымі тварамі, вял. міндалепадобнымі вачыма, цёмнымі вачніцамі, сціснутымі, але прыгожымі і жывымі вуснамі. Стараж. фрэскамі таксама была размалявана вонкавая паўд. сцяна (не захавалася). У 1161 Лазар Богша для царквы зрабіў Крыж Ефрасінні Полацкай. Крыжаўзвіжанскі сабор размешчаны з левага (паўн.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. Узведзены ў 1893—97 з цэглы (паводле праекта У.​Ф.​Коршыкава) у руска-візант. стылі. З пач. 1990-х г. вядзецца расчыстка і кансервацыя размалёвак (мастак-рэстаўратар І.​В.​Ракіцкі). Уяўляе сабой крыжова-купальны 3-нефавы храм, 4-слуповы, 5-купальны, з 3 прытворамі і паўцыркульнай апсідай. Цэнтр. шлемападобны купал на высокім светлавым 12-гранным барабане. Па вуглах ад яго 8-гранныя вежы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. У дэкар. аздабленні фасадаў выкарыстаны закамары, арачныя ўваходныя парталы, паўкалонкі, круглыя медальёны. У 1990 праведзена рэстаўрацыя сабора.

Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) царква размешчана з правага (паўд.) боку ад Спаса-Праабражэнскай царквы. У 1847 1-павярховы жылы дом быў прыстасаваны пад царкву, у 1849 перабудаваны. Уяўляе сабой прамавугольны ў плане аб’ём з 5-граннай апсідай (з У), 4-гранным прыдзелам (з Пд) і прытворам (з 3). Накрыта 2-схільным дахам, у цэнтры якога невял. купал з галоўкай на драўляным 8-гранным барабане. Уваход у выглядзе арачнага партала з шырокай лесвіцай, сцены дэкарыраваны рустам, аконныя праёмы паўцыркульныя з ліштвамі. У 1989 царква адрэстаўрыравана. Жылы корпус размешчаны на ПдУ ад Спаса-Праабражэнскай царквы (каля храма-пахавальні). Пабудаваны ў пач 18 ст. з цэглы як жылы, пазней — летняя рэзідэнцыя генерала езуіцкага ордэна. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак з уваходам з усх. боку. Сцены прарэзаны невял. аконнымі праёмамі з ліштвамі, вуглы дэкарыраваны руставанымі лапаткамі і ўмацаваны (з боку яра) 2 масіўнымі контрфорсамі. Брама-званіца і манастырскі корпус размешчаны пры ўваходзе на тэр. манастыра з боку вул. Фрунзе. Брама-званіца, узведзеная ў 1882 з цэглы, уяўляла сабой 1-арачны пралёт, перакрыты цыліндрычным скляпеннем і завершаны вежай-званіцай (не захавалася; у 1992 адноўлена). Да яго з 2 бакоў далучаліся 1-павярховыя флігелі. Да левага флігеля ў 1902 прыбудаваны 3-павярховы (1-ы паверх цокальны) мураваны жылы манастырскі корпус. Фундаменты храма-пахавальні размешчаны за 100 м на ПнУ ад Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. Існаваў у 1-й пал. 12—1-й пал. 17 ст. Уваходзіў у ансамбль манастыра. Быў пабудаваны ў традыцыях Полацкай школы дойлідства. Паводле археал. даследаванняў 1947, 1961—62, 1964, 1976 храм быў 3-нефавы, 4-стаўповы, крыжова-купальны (шыр. 14,85 м, даўж. без апсіды 17,2 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размешчаны ў тоўшчы ўсх. сцяны). З паўд., зах. і паўн. бакоў абнесены галерэяй (шыр. 4,1 м), якая пераходзіла ў невял. капліцы з самаст. апсідамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхніцы муроўкі са «схаваным радам». Фасады аформлены лапаткамі ступеньчатага профілю. Унутры храм быў багата аздоблены. Знойдзена шмат кавалкаў тынкоўкі з фрэскавай размалёўкай: з арнаментам, выявамі святых і анёлаў. Узорыстая мазаічная падлога была выкладзена з керамічных паліваных плітак рознай формы; малюнкі выкладаліся са смальты ў форме квадратаў, трохвугольнікаў і палосак. Выяўлены таксама рэшткі мужчынскіх пахаванняў ў цагляных камерах. Храм быў пахавальняй полацкіх епіскапаў. Захаваліся падмуркі і часткова ніжнія ч. сцен. Комплекс манастыра ўваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. З 1997 у манастыры знаходзіцца адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкай (маст. М.​Кузьміч). У 2000 у гонар 2000-годдзя Раства Хрыстова і 100-годдзя смерці ігуменні Яўгенні (Гаваровіч) у саборы ўстаноўлена памятная дошка (аўтары: А.​Інькова, Г.​Лаўрэцкі, А.​Царык).

Літ.:

Монастырь у церкви Спаса: Полоцкий Спасо-Ефросиниевский монастырь с древности до наших дней: Фотоальбом. Мн., 2000.

Г.​А.​Лаўрэцкі, Т.​І.​Чарняўская, В.​В.​Церашчатава.

Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Спаса-Праабражэнская царква.
Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Храмы (злева направа): Крыжаўзвіжанскі сабор, Спаса-Праабражэнская, Свята-Ефрасіннеўская трапезная (цёплая) цэрквы.

т. 12, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРЦЯЛІ́ШКІ,

вёска ў Гродзенскім р-не. Цэнтр сельсавета і с.-г. калект. прадпрыемства «Прагрэс». За 13 км на У ад г. Гродна, 8 км да чыг. ст. Аульс. 3108 ж., 1042 двары (1996). Торфабрыкетны з-д «Верцялішкі». Школы сярэдняя і мастацтваў, 2 б-кі, Дом культуры, басейн, стаматалагічная паліклініка, цэнтр дыягностыкі захворванняў, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Мемарыяльны комплекс на брацкай магіле сав. воінаў.

Адзін з буйнейшых на Беларусі добраўпарадкаваных аграрна-прамысл. пасёлкаў. Забудоўваецца паводле генплана 1967 (БелНДІдзіпрасельбуд; карэкціроўка 1980, арх. В.​Емяльянаў, Г.​Заборскі і інш.). Арх.-планіровачную структуру вызначаюць вул. Маладзёжная (уздоўж шашы Гродна—Астрына) і Юбілейная (ідзе ў зону індывідуальных жылых дамоў). Цэнтр кампазіцыі — прамавугольная ў плане плошча, забудаваная 1-, 2-, 3-павярховымі дамамі, дзе размешчаны грамадска-адм. і культ.-гандл. ўстановы. У цэнтры — дэкар. вадаём з фантанам. Ансамбль завяршае 4-павярховы жылы дом. Усе грамадскія і жылыя (2-павярховыя 4- і 8-кватэрныя, 1—2-кватэрныя ў 2 узроўнях, 4—5-павярховыя) будынкі пастаўлены па эксперым. і палепшаных тыпавых праектах. Пры добраўпарадкаванні шырока выкарыстаны малыя арх. формы, дэкар. дрэвы, газоны, кветнікі і інш. Вытв. зона — у паўн.-зах. ч. вёскі. За распрацоўку праекта і забудову вёскі прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1971. Паводле генплана 1988 (арх. Емяльянаў, Т.​Галіёта) прадугледжана развіццё Верцялішак з процілеглага боку аўтадарогі Гродна—Астрына.

Верцялішкі. Фрагмент забудовы цэнтра.

т. 4, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ АЗЁРЫ (Great Lakes),

група вял. азёр ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Уключае азёры: Верхняе возера, Гурон, Мічыган, Эры, Антарыо. Агульная пл. 245,2 тыс. км²; аб’ём вады 22,7 тыс. км³; самая вял. колькасць прэснай вады на Зямлі. Сцёк па р. Св. Лаўрэнція ў Атлантычны акіян.

Катлавіны Вялікіх азёр тэктанічнага (Верхняе возера і Гурон) і ледавіковага паходжання. Паўн. берагі часта скалістыя, абрывістыя, паўд.-ўсх. — пераважна нізкія, гліністыя і пясчаныя. Шмат астравоў. Вялікія азёры размешчаны прыступкамі, злучаны паміж сабой кароткімі парожыстымі мнагаводнымі рэкамі. Рака Ніягара, якая злучае азёры Эры і Антарыо, утварае Ніягарскі вадаспад. З воз. Антарыо выцякае р. Св. Лаўрэнція. Сярэднія т-ры вады на паверхні ў студз. ад 0 °C у паўд. частцы да -5 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 20 да 14 °C. Са снеж да сак. — красавіка прыбярэжныя воды Вялікіх азёр укрыты лёдам. Інтэнсіўнае суднаходства. Рыбалоўства. Звязаны суднаходнымі каналамі з р. Гудзон і сістэмай Місісіпі. Шлюзавыя каналы ўтварылі водны шлях для марскіх суднаў даўж. каля 3000 км (у абход парогаў на р. Сент-Мэрыс, канал Су-Сент-Мары і Ніягарскага вадаспада — канал Уэленд).

Да пач. 1970-х г. Вялікія азёры былі значна забруджаны прамысл. сцёкамі. У выніку правядзення спец. праграм адноўлены флора і фауна, палепшылася якасць вады. Гал. парты — Дулут, Мілуокі, Чыкага, Дэтройт, Таліда, Кліўленд, Эры, Буфала (ЗША), Тандэр-Бей, Су-Сент-Мары, Таронта (Канада).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 4, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎФРА́Т,

араб. Шат-эль-Фурат, рака ў Турцыі, Сірыі і Іраку, самая вял. ў Зах. Азіі. Даўж. (ад вытоку р. Мурат) 3065 км, ад сутокаў рэк Мурат і Курасу 2700 км, пл. басейна 673 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Армянскага нагор’я. У верхнім цячэнні праразае хрыбты Армянскага нагор’я Малацья і Эргані ў вузкай цясніне, потым цячэ ў глыбокай даліне па пустынным плато Джэзірэ, у ніжнім цячэнні — па Месапатамскай нізіне. Пасля зліцця з р. Тыгр утварае р. Шат-эль-Араб, якая ўпадае ў Персідскі заліў. Гал. прытокі: Тахма, Гёксу (справа), Беліх, Хабур (злева), упадаюць у Е. у верхнім і сярэднім цячэнні; у Іраку да Е. падыходзяць толькі сухія даліны — вадзі, якія запаўняюцца вадой пасля моцных дажджоў. Жыўленне снегава-дажджавое. Веснавое разводдзе і летняя межань. У ніжнім цячэнні рэчышча абвалавана ад разводдзяў. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Хіт (Ірак) 840 м³/с, у ніжнім цячэнні памяншаецца да 300—400 м³/с ад выпарэння і выкарыстання вады на арашэнне (уздоўж берагоў Е. на Месапатамскай нізіне — паласа аазісаў). Суднаходная да г. Хіт. На рацэ вадасховішча Кебан, Атацюрк (Турцыя), Эль-Асад (Сірыя). На Е. — гарады Бірэджык (Турцыя), Рака, Дэйрэз-Зор (Сірыя), Рамады, Эль-Фалуджа, Эль-Куфа, Эс-Самава, Эн-Насірыя (Ірак). Міжрэчча Е. і Тыгра — адзін са стараж. асяродкаў цывілізацыі, дзе знаходзіліся дзяржавы Асірыя, Вавілонія, Шумер; на беразе Е. быў размешчаны г. Вавілон.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗМАІ́Л,

горад на Украіне, раённы цэнтр Адэскай вобл. Размешчаны на левым беразе Кілійскага гірла (вусця) Дуная, за 80 км ад Чорнага м. 95 тыс. ж. (1993). Порт, даступны для марскіх суднаў. Чыг. станцыя. Прам-сць: харчасмакавая (кансервавая, рыбная, мясная і інш.), суднарамонтна-механічная, цэлюлозна-кардонная, буд. матэрыялаў і лёгкая. Пед. ін-т. Музей А.​В.​Суворава (у т. л. дыярама «Штурм крэпасці Ізмаіл»), карцінная галерэя. Арх. помнікі: мячэць 16 ст., Пакроўскі сабор (1831), цэрквы Раства (1823) і Нікольская (1833).

Вядомы са стараж. часоў. У 12 ст. на месцы І. была генуэзская крэпасць, пазней належала Малдаўскаму княству 3 16 ст. тур. крэпасць. У рус.-тур. вайну 1768—74 узяты рус. войскамі, з 1771 база рас. Дунайскай ваен. флатыліі. Паводле Кючук-Кайнарджыйскага мірнага дагавора 1774 вернуты Турцыі. У рус.-тур. вайну 1787—91 зноў узяты рус. войскамі на чале з А.​В.​Суворавым. Паводле Яскага дагавора 1791 вернуты Турцыі. Трэці раз І. узяты рус. войскамі ў час рус.-тур. вайны 1806—12 і паводле Бухарэсцкага дагавора 1812 застаўся за Расіяй. У выніку Крымскай вайны 1853—56 паводле Парыжскага дагавора 1856 І. разам з паўд ч. Бесарабіі адышоў да Турцыі. У час рус.-тур. вайны 1877—78 чацвёрты раз узяты рус. войскамі і паводле Сан-Стэфанскага мірнага дагавора 1878 перададзены Расіі. У 1918 акупіраваны Румыніяй, з 1940 у СССР. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-рум. войскамі (1941—44).

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПАПАДО́БНЫЯ (Cypriniformes),

атрад рыб падкласа прамянёвапёрых. 3 падатр.: харацынападобныя (Characoidei) з 16 сям., гімнотападобныя (Gymnotoidei) з 4 сям., карпавідныя (Cyprinoidei) з 7 сям. Каля 3 тыс. відаў. Харацынападобныя (напр., піраньі, прахілоды) — жыхары прэсных субтрапічных і трапічных вод Амерыкі і Афрыкі. Іх характэрная адзнака — тлушчавы плаўнік (як у ласасёвых). Многія віды падатр. разводзяць у акварыумах (капеіны, неоны). Гімнотападобныя жывуць у прэсных водах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У большасці прадстаўнікоў падатр. цела моцна выцягнутае, сціснутае з бакоў, звычайна адсутнічаюць спінны і хваставы (можа быць маленькі) плаўнікі. У многіх відаў ёсць эл. органы (электрычны вугор). Карпавідныя жывуць у прэсных вадаёмах Еўразіі, Афрыкі і Паўн. Амерыкі. Некат. віды выходзяць у мора. Характэрная іх рыса — зубы размешчаны на ніжніх глоткавых касцях шчэлепнага апарата. Плавальны пузыр з двума ці больш аддзеламі, злучаны з кішэчнікам. На Беларусі 19 родаў, 25 відаў. Некат. віды інтрадукаваныя (амуры, таўсталобікі). Жывуць у рэках, азёрах, сажалках. 66 відаў і падвідаў К. у Чырв. кнізе МСАП, 2 віды (вусач і рыбец) — у Чырв. кнізе Беларусі.

Даўж. ад 2 см да 1,7 м. Цела ўкрыта цыклоіднай луской або голае. Маюць вебераў апарат. Брушныя плаўнікі за груднымі. Нераст вясной і ў пач. лета. Кормяцца беспазваночнымі, воднай расліннасцю, дэтрытам, ёсць драпежнікі (жэрах). Сярод К. многа прамысл. рыб, з іх на Беларусі пашыраны гусцяра, лешч, лінь, плотка, сазан, карп, карась залаты, карась сярэбраны і інш. Аб’екты промыслу, спарт. лоўлі, сажалкавага і акварыумнага развядзення, акліматызацыі.

т. 8, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯВЫ́ МОЗГ,

цэнтральны орган кроваўтварэння, размешчаны ў губчатым рэчыве касцей і касцёвамазгавых поласцях пазваночных жывёл і чалавека. Выконвае таксама функцыі біял. аховы арганізма і косцеўтварэння. У чалавека К. м. паяўляецца на 2-м месяцы эмбрыянальнага развіцця ў закладцы ключыцы, на 3-м месяцы — у лапатках, рэбрах, грудзіне, пазванках і інш., на 5-м — функцыянуе як асн. кроваўтваральны орган. Маса К. м. ў дарослага чалавека да 3700 г (3,4—5,9% ад масы цела). Складаецца з рэтыкулярнай тканкі, крывятворных і тлушчавых клетак; забяспечаны нервамі і крывяноснымі сасудамі. Адрозніваюць чырвоны К. м. (захоўваецца ўсё жыццё, яму належыць гал. роля ў кроваўтварэнні, у чалавека складае каля 1,5% масы цела) і жоўты К. м. (пераважна ўдзельнічае ў тлушчавым абмене).

У касцях дзяцей да 7 гадоў пераважае чырвоны К. м. Ва ўзросце 18—20 гадоў у дыяфізах трубчастых касцей ён замяняецца жоўтым К. м. Спелыя клеткі крыві з К. м. праз сценку сінусоідных капіляраў паступаюць у крывяносную сістэму, няспелыя паяўляюцца пры парушэнні кроваўтварэння. К. м. выконвае ахоўную функцыю (рэтыкулярныя клеткі і клеткі эндатэлію сінусоідных капіляраў здольныя захопліваць іншародныя часцінкі з крыві і станавіцца макрафагамі). Функцыя косцеўтварэння праяўляецца пры загойванні пераломаў касцей. Даследаванне К. м. дае звесткі для дыягностыкі і лячэння хвароб крыві (асабліва лейкозаў), злаякасных утварэнняў, многіх паразітарных інфекцый, прамянёвай хваробы, злаякаснага малакроўя. З дапамогай клетак К. м., узятых ад донара, лечаць ад анеміі, прамянёвай хваробы, лейкозаў і інш.

Я.​П.​Іваноў.

т. 8, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)