ГЕРЫЯТРЫ́Я [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + iatreia лячэнне],
навука пра лячэнне людзей пажылога і старэчага ўзросту; клінічны раздзел геранталогіі. Распрацоўвае метады лячэння і прафілактыкі хвароб з мэтай захавання фізічнага і псіхічнага здароўя чалавека да глыбокай старасці. Вырашае праблемы ўзаемасувязі атэрасклерозу і ўзросту, механізма ўзнікнення т.зв. склератычнай артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукр. дыябету, механізмы ўзроставых змен апорна-рухальнага апарату, ролю ўзроставых змен у развіцці анкалагічных захворванняў. У розных галінах медыцыны ёсць свае навук. і практычныя праблемы, звязаныя з герыятрыяй. Герыятрычная фармакатэрапія вывучае асаблівасці ўздзеяння лек. сродкаў на стары арганізм. Даказана, што ў пажылым і старэчым узросце значна павышаецца небяспека неспрыяльнага ўздзеяння медыкаментаў. Таму важнае правіла ў герыятрыі — назначэнне строга індывід. паменшаных доз тых лякарстваў, адчувальнасць да якіх пры старэнні павышана (сардэчныя гліказіды, наркатычныя, гіпатэнзіўныя і нейраплегічныя рэчывы). Часцей рэкамендуюцца прэпараты агульнай стымуляцыі (вітаміны, мікраэлементы, біястымулятары), накіраваныя на падтрымку і нармалізацыю метабалічных працэсаў і функцый чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГІЕ́НА ПРА́ЦЫ,
галіна гігіены, якая вывучае ўплыў на арганізм чалавека працоўнай дзейнасці і вытв. асяроддзя і распрацоўвае гігіенічныя нарматывы і мерапрыемствы для забеспячэння спрыяльных умоў працы і прадухілення няшчасных выпадкаў і прафес. хвароб. Цесна звязана з эрганомікай і інжынернай псіхалогіяй. Тэарэт. асновай гігіены працы з’яўляецца фізіялогія працы. Асн. пытанні гігіены працы: рацыяналізацыя працоўных працэсаў, рэжымаў працы і адпачынку розных катэгорый работнікаў, вызначэнне аптымальных нагрузак; прадухіленне неспрыяльных уплываў на арганізм чалавека хім. рэчываў, фіз. фактараў (метэарал. умоў, іанізуючага апрамянення, шуму, вібрацыі, пылу і інш.) шляхам распрацоўкі сан. правіл і гігіенічных патрабаванняў да асобных відаў вытв-сці. Даследаванні ў галіне гігіены працы ствараюць навук. базу для практ. дзейнасці па аздараўленні ўмоў працы, забеспячэнні мед. абслугоўвання працоўных, экспертызы прафес. працаздольнасці, рэабілітацыі і інш. Практычная дзейнасць ажыццяўляецца ў форме санітарнага нагляду.
Літ.:
Руководство по гигиене труда. Т. 1. М., 1987;
Алексеев С.В., Усенко В.Р. Гигиена труда. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЕ́РТНЫЯ ГА́ЗЫ, высакародныя газы,
хімічныя элементы VIII групы перыяд. сістэмы: гелій He, неон Ne, аргон Ar, крыптон Kr, ксенон Xe, радон Rn. У прыродзе ўтвараюцца ў выніку ядз.працэсаў. Знаходзяцца ў нязначнай колькасці ў паветры (найб. аргону — 0,934%, найменш радону — 6 10−20% па аб’ёме), у прыродных газах і некат. мінералах.
Аднаатамныя газы без колеру і паху. Атамы маюць устойлівую вонкавую электронную абалонку (у He з 2, у астатніх з 8 электронаў), чым абумоўлена іх нізкая рэакцыйная здольнасць. І.г. (акрамя гелію) утвараюць з вадой і арган. растваральнікамі няўстойлівыя клатраты. Здольнасць да ўтварэння хім. злучэнняў павялічваецца ад аргону да ксенону, для якога вядомы ўсе асн. класы хім. злучэнняў. Атрымліваюць (акрамя He) з паветра як пабочны прадукт пры вытв-сці азоту і кіслароду. Выкарыстоўваюць у якасці інертнага асяроддзя ў металургіі, атамнай і ракетнай тэхніцы, у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў і інш., як напаўняльнікі ў электроніцы. электратэхніцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ПРЫКЛАДНО́Й О́ПТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1992 на базе Магілёўскага аддзялення Ін-та фізікі АН Беларусі (у 1970—78 Магілёўскі філіял Ін-та фізікі). У складзе Ін-та (1998) 5 лабараторый і 2 тэматычныя групы. Аспірантура з 1993 па оптыцы, лазернай фізіцы і дыферэнцыяльных ураўненнях.
Асн. кірункі навук даследаванняў: інтэгральная і валаконная оптыка; фіз. асновы аптычнай апрацоўкі інфармацыі; тэхнал., мед. і экалагічнае прыладабудаванне. Распрацаваны: тэорыя аптычных хваляводаў і тэхналогія іх вырабу (Дзярж. прэмія Беларусі 1984); тэхналогія вырабу валаконных святлаводаў для аптычных ліній сувязі; тэорыя і метады аналізу працэсаў фарміравання і апрацоўкі інфармацыі ў відарысаўтваральных сістэмах з улікам энергет., палярызацыйных і кагерэнтных уласцівасцей аптычнага выпрамянення; стат. тэорыя пераносу аптычнага выпрамянення і адлюстравання праз рассейвальныя асяроддзі з адвольнай статыстыкай; асновы канструктыўнай тэорыі істотна нелінейных дыферэнцыяльных сістэм. У ін-це працаваў акад.Нац.АН Беларусі А.М.Ганчарэнка; працуе чл.-кар. У.П.Радзько (дырэктар з 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛЕ́КТ ШТУ́ЧНЫ,
раздзел інфарматыкі, які вывучае метады, спосабы і прыёмы мадэліравання і ўзнаўлення з дапамогай ЭВМ разумовай дзейнасці чалавека, звязанай з рашэннем розных задач. Асн. дастасаванні адносяцца да робататэхнікі і стварэння метадаў, сродкаў і тэхналогій праектавання камп’ютэрных сістэм спец. класа — інтэлектуальных сістэм (ІС).
Сфарміраваўся як навук. кірунак у пач. 1970-х г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграміравання, выліч. тэхнікі, стварэння баз ведаў, экспертных сістэм і інш.Асн. праблемы: мадэліраванне разважанняў, фарміраванне паняццяў, распазнаванне вобразаў (у т. л. зрокавых, гукавых), прагназаванне адаптацыі, вылічэнняў, творчасці і інш., а таксама рэалізацыя мадэлей гэтых працэсаў у ІС. Адрозненне ІС ад традыц. камп’ютэрных сістэм: магчымасць навучацца новым відам дзейнасці — знаходзіць рашэнне задачы без папярэдне зададзенага алгарытму, напр., карыстальнік дае патрэбнае заданне, а праграму для яго выканання ІС будуе сама.
Літ.:
Искусственный интеллект: Справ. Кн. 1—3. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КІБЕРНЕ́ТЫКА»,
навукова-даследчае аб’яднанне Нац.АН Беларусі. Утворана 27.6.1996 на базе Інстытута тэхнічнай кібернетыкі і яго навукова-інж. цэнтраў з мэтаю правядзення фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне кібернетыкі, інфарматыкі, аўтаматызацыі і прыкладной матэматыкі. У склад «К.» ўваходзяць: Ін-ттэхн. кібернетыкі; навукова-інж. прадпрыемства «Інфармацыйныя тэхналогіі» (асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка, стварэнне, развіццё і эксплуатацыя навукова-інфарм. камп’ютэрнай сеткі ў Рэспубліцы Беларусь); навукова-інж. прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы» (асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка і ўкараненне геаінфарм. сістэм, комплексаў і тэхналогій апрацоўкі спадарожнікавай інфармацыі, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, аўтаматызаваных картаграфічных сістэм і комплексаў); інж. прадпрыемства «Навуковае прыборабудаванне» (асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка, выраб, укараненне і тыражаванне праграмна-тэхн. комплексаў для аўтаматызацыі тэхнал.працэсаў у розных галінах нар. гаспадаркі Рэспублікі Беларусь); навукова-інж. прадпрыемства «Сістэмы аўтаматызацыі» (асн. кірункі дзейнасці: стварэнне камп’ютэрных тэхналогій праектавання і вытв-сці новых вырабаў і аўтаматызаваных рабочых месцаў; камп’ютэрнае мадэляванне ў інтэлектуальных і вытв. сферах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕнавакольнага асяроддзя,
забруджванне навакольнага асяроддзя адносна інертнымі ў фіз.-хім. адносінах агентамі, якія аказваюць на яго пераважна мех. ўздзеянне. Найб. закранае зямную паверхню, глебу і водныя аб’екты. Адрозніваюць М.з. прыроднае (напр., выкліканае селевым патокам, паводкай) і антрапагеннае (выкліканае дзейнасцю чалавека), асн. крыніцы якога — вытв. і бытавыя адходы (адвальныя пароды, шлакі, пыл, рэшткі драўніны, пластмасы, буд. смецце, адходы с.-г. і харч. вытв-сці, упаковачныя матэрыялы і інш.). Павялічваецца пераважна за кошт пашырэння адкрытай распрацоўкі карысных выкапняў, уцягвання ў эксплуатацыю бедных асн. рэчывамі парод, росту гарадоў і аб’ёмаў вытв-сці. Парушае натуральныя ўмовы існавання многіх арганізмаў, перашкаджае суднаходству, пагаршае эстэт. і рэкрэацыйныя вартасці асяроддзя, спрыяе развіццю другасных працэсаў яго фіз., хім. і біял. (у т. л.мікрабіял.) забруджвання (гл. адпаведныя арт.). Вылучаюць таксама забруджванне космасу — вывад у каляземную і найбліжэйшую касм. прастору аб’ектаў з выпадковымі арбітамі, якія перашкаджаюць функцыянаванню наземных устройстваў (пераважна радыётэхн. і астранамічных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАШЭ́ВІЧ (Ілья Рыгоравіч) (2.3.1905, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 18.11.1993),
бел. фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па фізіцы плазмы. Праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў БДУ (1927) і Маскоўскі ун-т (1930). У 1930—41 і з 1945 у БДУ (з 1937 і 1945 заг. кафедры), адначасова ў 1932—37 і 1946—69 у Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі (у 1946—67 заг. лабараторыі). Навук. працы па цвердацельнай электроніцы, фізіцы і тэхніцы плазмы. Даследаваў механізм электронных працэсаў у кантактах металаў з паўправаднікамі і газаразраднай плазмай, выявіў частотную інверсію выпрамлення пераменных токаў высокай частаты кропкавым кантактам паўправаднік-метал. Стварыў (з І.А.Бакутам) т.зв. міграцыйную тэорыю эл. эрозіі.
Тв.:
Частотная залежнасць уніпалярнай правадзімасці кантактаў // Весці АНБССР. 1948. № 6;
Об особенностях электрической эрозии пористых электродов (разам з І.А.Бакутам, М.К.Міцкевічам) // Сб. науч. тр. Физико-техн. ин-та АНБССР. 1956. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТРА́ГІН (Леў Сямёнавіч) (3.9.1908, Масква — 3.5.1988),
савецкі матэматык. Акад.АНСССР (1958; чл.-кар. 1939), Герой Сац. Працы (1969). У 14 гадоў аслеп. Скончыў Маскоўскі ун-т (1929). З 1930 у Маскоўскім ун-це (з 1935 праф.), адначасова з 1934 у Матэм. ін-це імя У.А.Сцяклова АНСССР (з 1939 заг. аддзела). Навук. працы па тапалогіі, тэорыі неперарыўных груп, дыферэнцыяльных ураўн., тэорыі кіравання. Адкрыў агульны закон дваістасці, пабудаваў тэорыю характараў неперарыўных камутатыўных груп. Стварыў тэорыю аптымальных працэсаў, у аснове якой ляжыць прынцып максімуму П. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1975. Міжнар. прэмія імя М.І.Лабачэўскага АНСССР 1966.
Тв.:
Обыкновенные дифференциальные уравнения. 5 изд. М., 1982;
Математическая теория оптимальных процессов. 4 изд. М., 1983 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНО́СУ З’Я́ВЫ, кінетычныя працэсы,
нераўнаважныя працэсы, у выніку якіх у фіз. сістэме адбываецца прасторавы перанос эл. зараду, масы, імпульсу, энергіі ці інш.фіз. велічыні. Тэарэт. аснова вывучэння П.з. — кінетыка фізічная. Найб. агульны падыход да апісання П.з. грунтуецца на тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў.
Прычынай П.з. можа служыць аб’ёмная неаднароднасць шчыльнасці, т-ры, сярэдняй скорасці руху часціц сістэмы, уздзеянне знешняга эл. поля і інш. Ва ўсіх выпадках перанос адбываецца ў напрамку, адваротным градыенту адпаведнай велічыні. Да П.з. адносяць электраправоднасць (перанос эл. зараду пад уздзеяннем знешняга эл. поля), дыфузію (перанос рэчыва, у т. л. кампанентаў сумесі, пры наяўнасці ў сістэме градыента яго канцэнтрацыі), цеплаправоднасць (перанос цеплыні ў выніку градыента т-ры), вязкае цячэнне (перанос імпульсу, звязаны з градыентам сярэдняй масавай скорасці; гл.Вязкасць), а таксама тэрмадыфузію, гальванамагнітныя з’явы і тэрмамагнітныя з’явы, якія наз. перакрыжаванымі працэсамі (градыент адной фіз. велічыні выклікае перанос другой фіз. велічыні).