ПЕТРАЛО́ГІЯ (ад грэч. petros камень + ...логія),

навука, якая вывучае горныя пароды, іх мінералагічны і хім. саставы, структуры і тэкстуры, умовы залягання, заканамернасці пашырэння, паходжання і пераўтварэння ў зямной кары і на паверхні. Займаецца таксама пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод. Паводле тыпу парод адрозніваюць П._ магматычных, метамарфічных, асадкавых (літалогія), метасаматычных горных парод, метэарытаў, тэхн. каменю. Паводле характару ўласцівасцей горных парод і метадаў іх вывучэння П. падзяляецца на петраграфію, петрахімію, петрафізіку, петратэктоніку і П. эксперыментальную, тэхнічную, касмічную. Звязана з мінералогіяй, крышталяграфіяй, геахіміяй, тэктонікай і інш.

Даследаванні праводзяцца крышталеаптычнымі і рэнтгенаскапічнымі метадамі, спектральным, рэнтгенаўскім мікрааналітычным, хім. і ізатопным аналізамі, фотаэлектроннай спектраскапіяй, фіз. і матэм. метадамі. Паводле петралагічных даных вывучаецца эвалюцыя зямной кары, устаноўлена неабарачальнасць магматычных працэсаў і іх зменлівасць у прасторы і часе. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца пры геал. карціраванні, пошуках карысных выкапняў і інш.

На Беларусі петралагічныя даследаванні вядуцца па вывучэнні горных парод у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі, у арганізацыях ВА «Белгеалогія» (у т. л. ў Бел. геолагаразведачным НДІ), у Цэнтр. лабараторыі.

Літ.:

Рухин Л.Б. Основы литологии. 3 изд. Л., 1961;

Петрография. Ч. 1—3. М., 1976—86;

Мейсон Р. Петрология метаморфических пород: Пер. с англ. М., 1981;

Пап А.М. Кристаллический фундамент Белоруссии М., 1977.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РЫ ГО́ДА,

перыяды года (вясна, лета, восень, зіма), змена і паслядоўнасць якіх абумоўлены рухам Зямлі вакол Сонца і нахілам яе восі да плоскасці арбіты (пад вуглом 66°33′). Нахіл восі і пастаянства яе напрамку ў прасторы прыводзяць да таго, што ў адзін перыяд года Сонца асвятляе больш Паўн. паўшар’е, у другі — Паўд. паўшар’е і адбываецца змена П.г. Астранамічны пачатак П.г. ў Паўн. паўшар’і супадае з момантамі праходжання Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (20 або 21 сак.), пункт летняга сонцастаяння (21 або 22 чэрв.), пункт асенняга раўнадзенства (23 вер.) і пункт зімовага сонцастаяння (21 або 22 снеж.). З-за эліптычнасці зямной арбіты і нераўнамернасці руху Зямлі вакол Сонца П.г. маюць неаднолькавую працягласць. У Паўн. паўшар’і астр. працягласць вясны 92,8 сут.; лета 93,6; восені 89,8; зімы 89 сут. П.г. ў прыродзе могуць не супадаць з каляндарнымі, што залежыць ад перамяшчэння паветр. мас атмасферы. Таму побач з астр. вылучаюцца феналагічныя сезоны, якія не маюць цвёрдых каляндарных межаў і вызначаюцца ўмовамі надвор’я, рознымі феналагічнымі з’явамі. На Беларусі (56—51° паўн. ш.) вясна пачынаецца ў канцы сак. і цягнецца да сярэдзіны мая, лета канчаецца ў сярэдзіне вер., зіма пачынаецца ў сярэдзіне лістапада.

Да арт. Поры года. Рух зямлі па арбіце і асветленасць яе паверхні сонечнымі прамянямі ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Мацей (10.11.1749—2.9.1800),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кампазітар, драматург. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. У 1786—90 падкаморы ВКЛ, з 1790 кашталян віленскі; пасол на сойм 1780. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Як драматург дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўлена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Р., музыка Я.Ц.Голанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі пад назвай «Добры пан — бацька сваіх падданых». У ёй апаэтызаваны людзі з народа, даводзілася неабходнасць аблегчыць долю сялян, паказана, што цяжкая сял. праца — аснова ўсеагульнага дабрабыту. У 1786 да імянін К.С. Радзівіла Пане Каханку ў Альбе пад Нясвіжам пастаўлена опера «Войт альбанскага сялення» (лібрэта і музыка Р.), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі. З інш. яго муз. твораў: дывертысмент, саната, серэнада, 6 паланэзаў. Пісаў вершы. У творчасці Р. сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамант. тэндэнцыямі.

Тв.:

Бел. пер. — Агатка, або Прыезд пана // Тэатр. Беларусь. 1993. № 4.

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;

Яе ж. Нясьвіжскі маэстра // Мастацтва. 1994. № 3;

Яе ж. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // Там жа. 1995. № 9.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУХ у філасофіі,

змены ў прыродзе і грамадстве. Вызначаецца адзінствам зменлівасці і ўстойлівасці, неперарыўнасці і перарыўнасці, абсалютнага і адноснага. Цесна звязаны з катэгорыямі часу, прасторы і энергіі. Вылучаюць Р., у працэсе якога сувязі аб’екта з асяроддзем ускладняюцца і дыферэнцыруюцца (прагрэс), і Р., у працэсе якога ўнутр. і знешняя структуры аб’екта спрошчваюцца (рэгрэс). У гісторыі філасофіі акрэсліліся альтэрнатыўныя трактоўкі Р.: як універсальнай характарыстыкі асновы быцця (Арыстоцель), спосабу існавання матэрыі (Дж.​Толанд, Д.​Дзідро, П.​Гольбах, Ф.​Энгельс), якаснай змены, што рэалізуецца ў працэсе вырашэння супярэчнасцей (Г.​Лейбніц, Г.​Гегель). Адрозніваюць асн. формы Р.: механічны, фіз., хім., біял. (гл. Рух у біялогіі) і сацыяльны. Механічны рух (у т. л. адносны рух, паступальны рух, вярчальны рух, ваганні) вывучае механіка. Геам. ўласцівасці Р. цел без уліку іх масы і сіл, што на іх дзейнічаюць, вывучае кінематыка (гл. Рух у геаметрыі). Р. цел пад дзеяннем прыкладзеных сіл вывучае дынаміка. Законы Р. розных відаў матэрыі (у т. л. ўзаемадзеянні элементарных часціц, працэсы ўнутры ядра атамнага і атама, распаўсюджванне і ўзаемадзеянні палёў фізічных і інш.) вывучае фізіка. Ператварэнні рэчываў, змены іх саставу і будовы (у т. л. рэакцыі хімічныя) вывучае хімія і г.д. Філас. прынцып нестваральнасці і незнікальнасці Р. атрымлівае пацвярджэнне ў захавання законах.

т. 13, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛЬСКІ Рычард Баляслававіч (н. 3.4.1946, г. Ліда Гродзенскай вобл.),

бел. тэатразнавец, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1991), праф. (1999). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі (з 1988 заг. аддзела), адначасова з 1997 рэктар Бел. АМ. Даследуе праблемы рэжысуры, акцёрскай творчасці, сцэнічнай героікі, рус. тэатр. культуры на Беларусі. Аўтар кніг «Пазначана часам: Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры» (1984), «Стварэнне лёсу: Гістарычная і героіка-рэвалюцыйная тэма ў тэатрах Беларусі 70—80-х гг.» (1987), «На скрыжаванні: Тэатр у працэсах станаўлення і развіцця гістарычнай і нацыянальнай свядомасці беларусаў» (1999), «Рэха мінулага: Тэатразнаўчыя эцюды аб беларускай культуры XX ст.» (2000); раздзелаў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 2—3, 1985—87); п’ес (з Ю.​Сохарам) «Разбег» (1974), «Выкупленне» (1976), «Не толькі пра каханне» (паст. 1978); радыёп’есы «Лёс, які мы выбіраем» (паст. 1986); сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Марыя» (1975); «Праз усё жыццё» (1978, пра Е.​Міровіча), «Уладзіслаў Галубок» (1982); «Жыццё кліча» (1984, пра У.​Крыловіча), «Антракт» (1992, пра М.​Яроменку; з В.​Навуменкам).

Тв.:

На сцене — бессмертие подвига. Мн., 1982;

Грядущим в наследство: Тема Великой Отеч. войны в бел. театре 80-х гг. Мн., 1986;

Тэатр у прасторы часу: Мастацтвазнаўчыя арт., рэц., творчыя партрэты. Мн., 1998.

Т.​Я.​Гаробчанка.

Р.Б.Смольскі.

т. 15, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К (ЯРР), атамны ракетны рухавік,

рэактыўны рухавік, які працуе на ядзерным паліве. Сіла цягі ствараецца выкідам рабочага цела, якое награецца за кошт цяпла, што вылучаецца ў ядзерным рэактары ў выніку рэакцыі дзялення цяжкіх атамаў або радыеактыўнага распаду. Можа працаваць у атмасферы і беспаветранай прасторы, выкарыстоўваецца ў касманаўтыцы і ваен. тэхніцы.

У адрозненне ад хімічнага ракетнага рухавіка ў ЯРР крыніца энергіі (ядз. паліва) і рабочае цела раздзелены паміж сабой. Мае вельмі малую вагу паліва і не патрабуе запасу акісляльніку на борце ракеты. У ЯРР можна атрымаць імпульс, які значна перавышае імпульс хім. ракетнага рухавіка. У залежнасці ад тыпу ядз. паліва адрозніваюць ЯРР з цвердафазнай і газафазнай актыўнай зонай ядз. рэактара.

В.​Ц.​Казазян.

Прынцыповая схема ядзернага ракетнага рухавіка: 1 — бак з вадкім вадародам; 2 — помпа; 3 — турбіна; 4 — цяпловылучальныя элементы; 5 — выпуск газаў з турбіны; 6 — сапло; 7 — стрыжні кіравання; 8 — ахоўны экран.
Схема рухальнай устаноўкі з ядзерным ракетным рухавіком: 1 — бак з рабочым целам; 2 — помпа; 3 — блокі кіравання магутнасцю рэактара; 4 — датчык тэмпературы газу на выхадзе з рэактара; 5 — орган кіравання рэактарам; 6 — калектар адбору газу на прывод турбіны; 7 — ядзерны рэактар; 8 — сапло; 9 — блок кіравання цягай; 10 — рэгулятар частаты вярчэння турбіны; 11 — газавая турбіна.

т. 18, кн. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разлі́ць, разалью́, разалье́ш, разалье́; разальём, разальяце́, разалью́ць і разлію́, разліе́ш, разліе́; разліём, разліяце́, разлію́ць; разліў, -ліла́; -ло́; разлі; -літы; зак., што.

1. Выліць часткова або поўнасцю; расплюхаць.

Р. малако.

2. Пераліць якую-н. вадкасць з адной пасудзіны ў некалькі іншых.

Р. віно ў шклянкі.

3. безас. Прымусіць выйсці з берагоў.

Рэчку разліло вельмі шырока.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Распаўсюдзіць ва ўсе бакі, па ўсёй прасторы чаго-н., у межах чаго-н.

Сонца разліло святло па зямлі.

◊

Вадой не разліць (не разальеш) каго — пра неразлучных сяброў.

|| незак. разліва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. разлі́ў, -ліву, м. (да 2 знач.), разлі́ўка, -і, ДМ -ліўцы, ж. (да 2 знач.), разліва́нне, -я, н. і разліццё, -я́, н. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

крок, -у, мн. -і, -аў, м.

1. Рух нагой пры хадзьбе, бегу, а таксама адлегласць ад нагі да нагі пры такім руху.

Дзіця зрабіла першыя крокі.

Ступіць на к. уперад.

2. толькі мн. Гукі, што ўтвараюцца пры хадзьбе.

У калідоры чуліся гулкія крокі.

3. звычайна адз. Тэмп руху пры хадзьбе.

Прыбаўце кроку!

Шпаркім крокам.

4. перан. Дзеянне, учынак.

Рашучы к.

Няправільны к.

5. перан. Этап у развіцці чаго-н.

К. у развіцці навукі.

Новы к. у асваенні касмічнай прасторы.

◊

Адзін крок — зусім блізка.

За два (тры і пад.) крокі — вельмі блізка.

Кроку не ступіць без каго-, чаго-н. — не абысціся без чыёй-н. дапамогі.

На кожным кроку — усюды. Не даваць кроку ступіць — не даваць самастойна дзейнічаць.

Першы крок — самы пачатковы перыяд якіх-н. дзеянняў або дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

przestrzeń

przestrze|ń

ж.

1. прастора;

~ń międzyplanetarna — міжпланетная прастора;

~ń życiowa — жыццёвая прастора;

~ń powietrzna — паветраная прастора;

2. адлегласць; прамежак;

na ~ni pięciu lat разм. цягам (за) 5 гадоў; на працягу 5 гадоў;

lęk ~ni мед. агарафобія, боязь прасторы

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦЬ,

сукупнасць працэсаў стварэння, трансфармацыі, паглынання і праходжання энергіі праз эколага-біял. сістэмы розных узроўняў — ад асобных арганізмаў да біягеацэнозу. Характарызуе ўласцівасць асобных папуляцый або згуртавання (біяцэнозу) у цэлым аднаўляць сваю біямасу або ўтвараць арган. рэчывы ў форме тых ці інш. арганізмаў. У больш вузкім сэнсе біялагічная прадукцыйнасць — павелічэнне рэсурсаў эканамічна каштоўных арганізмаў (жывёл, раслін), іх масы, колькасці на адзінку плошчы за адзінку часу.

Мерай біялагічнай прадукцыйнасці з’яўляецца велічыня прадукцыі (біямасы), якая ствараецца за адзінку часу на адзінку прасторы. Асабліва важна ўстанаўленне біялагічнай прадукцыйнасці біяцэнозаў на ўсіх трафічных узроўнях, а таксама карыснай часткі прадукцыі. Матэрыяльна-энергет. аснову біялагічнай прадукцыйнасці складае першасная прадукцыя. Яна вызначаецца як скорасць, з якой прамянёвая (сонечная) энергія засвойваецца прадуцэнтамі (пераважна зялёнымі раслінамі) у працэсе фотасінтэзу або хемасінтэзу і назапашваецца ў форме арган. рэчываў, што потым могуць выкарыстоўвацца ў якасці ежы. Штогадовая першасная прадукцыя раслін складае 170∙10​9 т сухой масы і мае каля 300—500∙10​21 Дж энергіі. Найб. частку гэтай колькасці (74∙10​9 т) даюць лясы, асабліва трапічнай зоны. Прадукцыя жывёл (другасная) складае каля 3934∙10​6 т штогод. Другасная біялагічная прадукцыйнасць знаходзіцца ў поўнай залежнасці ад першаснай. На павелічэнне біялагічнай прадукцыйнасці аграбія- і біягеацэнозаў арыентаваны меліярацыйныя, гасп., біятэхн. і прыродаахоўныя мерапрыемствы. Вывучэнне біялагічнай прадукцыйнасці прыродных сістэм — аснова рацыянальнага выкарыстання, аховы і забеспячэння аднаўлення біял. рэсурсаў Зямлі.

т. 3, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)