ДРЭ́ЗДЭНСКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,

адна з буйнейшых у свеце калекцый жывапісу. Уваходзіць у склад Дрэздэнскіх маст. збораў. Засн. ў 1560 г. у г. Дрэздэн як палацавы збор саксонскіх курфюрстаў. Пашырана ў 1722, з пабудовай у 1847—56 спец. будынка (арх. Г.​Земпер, М.​Генель; разбураны пры бамбардзіроўцы Дрэздэна ў лют. 1945, адноўлены да 1956), які ўвайшоў у палацавы ансамбль Цвінгер, адкрыта для публікі. У 1945 значная частка збораў Д.к.г. вывезена ў СССР і пасля рэстаўрацыі вернута ў 1955 у Дрэздэн. Асн. частка Д.к.г. — Галерэя старых майстроў (карціны Я. ван Эйка, Джарджоне, Рафаэля, Тыцыяна, А.​Дзюрэра, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта, Н.​Пусэна і інш.). Галерэя новых майстроў (размешчана ў палацава-паркавым ансамблі Дрэздэн) захоўвае творы еўрап. маст. школ 19—20 ст.

Літ.:

Зейдевитц Р., Зейдевитц М. Дрезденская галерея: [Сокр. пер. с нем.]. М., 1965;

Alpatow M. Die Dresdner Galerie: Alte Meister. Dresden, 1966.

т. 6, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЬКА,

абломкі горных парод дыяметрам ад 1 да 10 см, абкатаныя і адшліфаваныя цякучай вадой рэк, азёрнымі ці марскімі хвалямі, ледавікамі і іх водамі. Форма (шарападобная, падоўжаная, пласціністая і інш.) залежыць ад рэчыўнага саставу, будовы парод, умоў пераносу і намнажэння. Марская галька звычайна мае больш плоскую форму, чым рачная. Па велічыні гальку падзяляюць на дробную (1—2,5 см), сярэднюю (2,5—5 см) і буйную (5—10 см). У будаўніцтве зерні ад 0,5 см да 7 см адносяць да жвіру. Пашырана ў сучасных і стараж. асадкавых тоўшчах (гл. Галечнік). На Беларусі галька вельмі разнастайная ў антрапагенавых ледавіковых адкладах і алювіі. Трапляецца ў слаях грубаабломкавага матэрыялу рыфею і венду, дэвонскай, кам.-вуг., пермскай, трыясавай, юрскай, мелавой, палеагенавай і неагенавай сістэм. Намнажэнні галькі ўтвараюць радовішчы. Гальку выкарыстоўваюць у якасці напаўняльнікаў бетону, у дарожным буд-ве і пры пабудове фільтрацыйных установак.

В.​П.​Кісель.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МРА,

старажытнарускі нар. струнны шчыпковы муз. інструмент. Найб. пашырана ў 16—17 ст. Мела грыф, авальны корпус. Як сольны і ансамблевы інструмент выкарыстоўвалася скамарохамі, якія стварылі сям’ю Д. (домрышка, Д., Д. басістая). У 2-й пал. 18 ст. паступова знікла. У сучасным выглядзе рэканструявана В.Андрэевым (1896). Мае паўсферычны корпус. кароткую шыйку з грыфам, на якім прарэзаны метал. лады, галоўку з калкамі, 3 метал. струны. Гук здабываецца плектрам. На аснове гэтай Д. ў 1896—98 С.​Налімаў стварыў сям’ю аркестравых Д., якая стала асновай Велікарускага аркестра імя Андрэева. У 1908 Р.​Любімаў і С.​Бураў стварылі струнную Д. Абедзве разнавіднасці выкарыстоўваюцца ў аркестрах рус. нар. інструментаў. На Беларусі прафес. і самадз. музіцыраванне на Д. (сольнае, ансамблевае, аркестравае) развіваецца пераважна ў гар. асяроддзі. Секстэт Д. працаваў на Бел. тэлебачанні і радыё. Класы Д. ёсць у муз. навуч. установах Беларусі.

Домра, рэканструяваная С.​І.​Налімавым.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАНІ́ЦЬБА ЦЯРЭ́ШКІ»,

традыцыйнае гульнявое прадстаўленне «вяселля для ўсіх», прымеркаванае да Каляд. Паводле характару адпавядае карнавалізавана-гульнявым звычаям (з абрадавым травесці), уласцівым культуры многіх еўрап. народаў. Пашырана на Бел. Паазер’і. Адлюстроўвае настрой калядных святкаванняў як «крывых вечароў» (з амбівалентнасцю дзеянняў «шыварат-навыварат»). Уключае некалькі этапаў: выбар са старэйшых удзельнікаў «бацькі» і «маці», якія потым «дабіраюць» і «жэняць» пары, «прыпяваюць» іх адзін да аднаго («Ай, роўная парачка — ім гарэлкі чарачка») і «скручваюць» у танцы (часцей «Лявоніха»); пачарговае «пералоўліванне» «маладых», агульнае застолле з песнямі і танцамі. Скразным элементам, які цэментуе ўсю гульню, з’яўляюцца рытуальныя «цярэшкінскія песні» з адметнай тыповай рытмаформулай. Разнастайныя тэксты «Ж.Ц.» амбівалентна пераафарбоўваюць драматызм сапраўднага вяселля ў гумарыстычным (часам гратэскавым) плане («Дзед бабу — чабок на дно, а мне, дзед, і тут ладно»). Умоўнасць «несапраўднага» гульнявога вяселля адзначана і ў «цярэшкінскіх песнях» («Мне з табой не век векаваць — адну ночаньку пагуляць»).

Літ.:

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 6, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́ЛЬВАННЕ ў карбюратарных рухавіках,

узгаранне гаручай сумесі ў цыліндрах у адпаведнасці з парадкам і рэжымам работы рухавіка. Адбываецца з дапамогай запальных свечак, паміж электродамі якіх пад уздзеяннем высокага напружання праскаквае эл. іскра. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.

З. ад эл. іскры дастаткова надзейнае, момант успышкі лёгка рэгулюецца. Для стварэння высокага напружання выкарыстоўваюць акумулятарныя батарэі разам з індукцыйнай шпуляй (найб. пашырана) або магнета. Батарэйнае З. забяспечвае надзейны пуск рухавіка, аднак абмяжоўвае яго быстраходнасць. Для павышэння эканамічнасці рухавіка павялічваюць ступень сціскання і абядняюць гаручую сумесь, што патрабуе павелічэння зазору паміж электродамі запальнай свечкі і, адпаведна, магутнасці іскравага разраду і суправаджаецца павышаным зносам кантактаў. Найб. дасканалыя кантактава-транзістарныя, бескантактава-транзістарныя і электронныя сістэмы З. забяспечваюць большую эканамічнасць, поўнае згаранне паліва і меншую таксічнасць выхлапных газаў.

А.​С.​Рукцяшэль.

Сістэма запальвання аўтамабіля: 1 — шпуля запальвання; 2 — першасная абмотка; 3 — другасная абмотка; 4 — размеркавальнік; 5 — перарывальнік; 6 — бегунок; 7 — свечка запальвання.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАТЭ́КА (ад грэч. hypothēkē залог, заклад),

від залогу нерухомай маёмасці (землі, прадпрыемствы, пабудовы і інш. аб’екты, звязаныя з зямлёй) з мэтай атрымання грашовай пазыкі (крэдыту). Выкарыстанне І. забяспечвае выкананне абавязацельстваў, звязаных з перадачай даўжніком-залогадавальнікам крэдытору-залогатрымальніку нерухомай маёмасці. Пры невыкананні даўжніком свайго абавязацельства крэдытор мае права задаволіць свае патрабаванні за кошт маёмасці даўжніка. Залогадавальнік павінен быць уласнікам маёмасці, якая закладваецца. Выкарыстанне І. немагчыма пры адсутнасці права ўласнасці на зямлю, права ўладання, распараджэння і карыстання ёю. У краінах з развітой рыначнай эканомікай І. вельмі пашырана ў сельскай гаспадарцы, выкарыстоўваецца фіз. і юрыд. асобамі. І. прадугледжвае неабходнасць пагашэння крэдытаў, вяртанне запазычанасці. Уладальнік, аддаючы сваю нерухомасць пад залог, фактычна з’яўляецца не яе ўласнікам, а арандатарам. Нявыплата па крэдыце пазычальнікам у тэрмін запазычанасці (несвоечасовае вяртанне крэдыту) цягне за сабой страту закладзенай маёмасці, перадачу яе інш. ўласніку або вяртанне выдадзенага крэдыту з выручаных ад яго продажу сродкаў.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАРАТУ́РА (італьян. coloratura літар. ўпрыгожванне ад лац. coloro фарбую, афарбоўваю),

хуткія, тэхнічна складаныя віртуозныя пасажы і мелізмы ў вак. партыі. Сустракаецца ў розных відах вак. музыкі. Найб. пашырана ў італьян. оперы 17—19 ст., асабліва ў арыях. Валоданне К. было абавязковае для спевакоў-кастратаў, высокіх жаночых галасоў, лірычных тэнараў, басоў-буф. Часта спевакі імправізавалі шматлікія К. ў дадатак да прадугледжаных кампазітарам, што ператварала К. ў самамэту і яна страчвала маст. значэнне. Як глыбока апраўданы і асэнсаваны маст. прыём К. ёсць у творах В.​А.​Моцарта, А.​Скарлаці, Дж.​Расіні, Л.​Дэліба, Дж.​Вердзі, М.​Глінкі, М.​Рымскага-Корсакава, у 20 ст. — А.​Берга і інш. Тэхніка К. ўласціва творчасці бел. спявачак Л.​Аляксеевай, Н.​Гайды, М.​Гулегінай, Н.​Гусельнікавай, Л.​Златавай, Л.​Колас, Д.​Кроз, Т.​Кучынскай, Г.​Лукомскай, Л.​Лют, Т.​Ніжнікавай, Т.​Пастунінай, А.​Шведавай, К.​Ясінскай і інш.

т. 7, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛМЫ́ЦКАЯ МО́ВА адна з мангольскіх моў. Пашырана на тэр. Калмыкіі, часткова ў Астраханскай, Растоўскай абласцях, у Стаўрапольскім краі, а таксама ў Кіргізіі (раён воз. Ісык-Куль). Вылучаюцца 2 дыялекты: дэрбецкі і таргуцкі. Для фанетыкі характэрны кароткія і доўгія галосныя, сінгарманізм. Назоўнікі маюць катэгорыі ліку і склону, катэгорыя роду адсутнічае. Прыметнікі дапасуюцца да назоўнікаў. Дзеясловы захоўваюць катэгорыі трывання, стану, ладу, часу, асобы, ліку. У лексіцы значная колькасць запазычанняў з санскрыту, тыбецкай, кіт., араб., перс. і цюрк. моў, а таксама з рускай. У 1648—1924 калмыкі карысталіся зая-кандзіцкім пісьменствам (гл. Мангольскае пісьмо), на якім існуе багатая л-ра. У 1924 быў уведзены алфавіт на аснове рус. графікі, у 1931—38 ужываўся латынізаваны алфавіт, з 1938 пісьменства на аснове рус. графікі.

Літ.:

Павлов Д.А. Современный калмыцкий язык: Фонетика и графика. Элиста, 1968;

Грамматика калмыцкого языка: Фонетика и морфология. Элиста, 1983;

Бардаев Э.Ч. Современный калмыцкий язык: Лексикология Элиста, 1985.

т. 7, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНТА́КТАВАЯ ЗВА́РКА,

зварка, пры якой дэталі злучаюць награваннем месца кантакту эл. токам і адначасовым сцісканнем (асаджваннем); адзін з найб. прадукцыйных спосабаў зваркі. Бывае кропкавая, стыкавая, шыўная (ролікавая) і рэльефная; зварка аплаўленнем (месца злучэння награваюць да аплаўлення), супраціўленнем (да пластычнага стану) і кандэнсатарная (з выкарыстаннем імпульсаў ад батарэі кандэнсатараў).

Найб. пашырана кропкавая К.з., пры якой асобнымі кропкамі-кружкамі злучаюць ліставыя канструкцыі ў нахлёст. Пры стыкавой зварцы дэталі злучаюць па ўсёй плошчы сутыкнення (дрот, арматура, трубы, рэйкі і інш.). Пры шыўнай К.з. (робяць ролікамі-электродамі) кожная зварная кропка перакрывае папярэднюю і ўтварае зварное шво; пры рэльефнай месца зварных кропак вызначаецца загадзя створанымі выступамі. Для К.з. выкарыстоўваюць машыны (устаноўкі) з канструктыўна аб’яднанымі зварачным трансфарматарам (пераўтваральнікам) і мех. прыстасаваннем для сціскання дэталей.

Схемы кантактавай зваркі: а — стыкавой; б — кропкавай; в — шыўнай (ролікавай); 1 — дэталі, якія зварваюцца; 2 — электроды; 3 — зварачны трансфарматар; P — сіла, што сціскае дэталі.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАІ́МСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў (кыпчакска-агузская група). Пашырана пераважна на Украіне (Крым і зах. вобласці), у Літве і Польшчы. Мае 3 дыялекты: крымскі, тракайскі, галіцка-луцкі. Крымскі дыялект у значнай ступені асіміляваны з крымска-тат. мовай. Склад галосных гукаў адрозніваецца па дыялектах; у тракайскім і крымскім дыялектах 8 галосных: «а», «ы», «о», «у», «э», «и», «ӧ», «ӱ» ; у галіцкім дыялекце 6 галосных («ӧ», «ӱ» замяняюць «э», «и», напр., кӧз//кэз — вока); шыпячыя «ш», «ч» замяняюцца на свісцячыя «с», «ц». У сінтаксісе моцны ўплыў слав. моў; у лексіцы шмат славянскіх, у т. л. ў тракайскім дыялекце — бел. запазычанняў. Першыя рукапісныя пераклады Бібліі (14 ст.). Адзіная літ. мова не сфарміравалася, паколькі большасць караімаў выкарыстоўвала стараж.-яўр. пісьмо, а пазней лац. і кірылічны алфавіты. Друкаваныя выданні з 19 ст.

Літ.:

Мусаев К.М. Краткий грамматический очерк караимского языка. М., 1977.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)