БО́КАЎ (Віктар Фёдаравіч) (н. 19.9.1914, в. Язвіцы Загорскага р-на Маскоўскай вобл.),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1938). Аўтар зб-каў вершаў «Застругі» (1958), «Вецер у далонях» (1962), «Лета-мята» (1966), «Аляўціна» (1968), «Калі віднела...» (1972), «У трох кроках ад салаўя» (1977), «Ельнічакбярэзнічак» (1981), кнігі празаічных мініяцюр «Над ракой Істэрмай: Запіскі паэта» (1960), цыкла «Паэзіі сто першая вярста» (1987). Рус. прырода, каханне, жыццё вёскі і рабочага прыгарада — асн. тэмы яго лірыкі, у якой вельмі адчувальныя фалькл. матывы. Некаторыя вершы паэта сталі папулярнымі ў свой час песнямі («Арэнбургская пуховая хустка», «На пабыўку едзе», «На Мамаевым кургане»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РХЕРТ ((Borchert) Вольфганг) (20.5.1921, г. Гамбург, Германія — 20.11.1947),
нямецкі пісьменнік. У 1941—45 на фронце (за антыфаш. погляды арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю, замененага штрафным батальёнам). Друкаваўся з 1938. Аўтар зб. вершаў «Ліхтары, ноч і зоркі» (1946), драмы «На вуліцы перад дзвярыма» (1947). Кнігі «Дзьмухавец», «У гэты аўторак» (абедзве 1947) склалі апавяданні з выразна акрэсленым сюжэтам, мастацка-публіцыст. дэкларацыі ад імя «пакалення тых, хто вярнуўся», вершы ў прозе і эсэ. У літ. творах — уплыў І.Гёльдэрліна і Р.М.Рыльке, элементы экспрэсіянізму і «плыні свядомасці»: двухпланавасць фабулы і вобраза, спалучэнне рэальнага з умоўным. Паклаў пачатак т.зв. «л-ры руінаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ЎЗЕМНІЕК (Brīvzemnieks; сапр.Трэйланд) Фрыціс
(1.11.1846, воласць Ракайжы, Латвія — 15.9.1907),
латышскі фалькларыст, публіцыст, паэт. Доўга жыў у Маскве. У 1870-я г. па заданні Рускага т-ва антрапалогіі і этнаграфіі правёў экспедыцыю ў Латвію і склаў першыя на рус. мове навук.зб-кілат.нар. песень («Зборнік антрапалагічных і этнаграфічных матэрыялаў», 1873), прыказак і прымавак («Матэрыялы па этнаграфіі латышскага племя», 1881), казак і паданняў («Латышскія казкі. Зб. матэрыялаў па этнаграфіі», 1887), а таксама першы на лат. мове зборнік казак («Нашы народныя казкі», 1887). Пісаў вершы. Перакладаў на лат. мову творы рус. пісьменнікаў, Ф.Шылера. Аўтар кнігі пра М.Ламаносава (1874).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНІК (Сцяпан Іванавіч) (3.4.1908, с. Пасыцэлы Балцкага р-на Адэскай вобл. — 11.1.1982),
украінскі паэт-гумарыст і сатырык. Скончыў Адэскі пед.ін-т (1934). Друкаваўся з 1926. Аўтар кн. вершаў «Нашы знаёмыя» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), зб-каў гумарыст. вершаў і фельетонаў «Ходзіць Перац па агародзе» (1952), «Які Сава — такая і слава» (1955), «Здаравенькі былі!» (1958), «П’яныя ваўкі» (1962), «Дазасядаўся!..» (1968) і інш., біягр. апавяданняў («З кнігі жыцця», 1964), успамінаў пра дзеячаў л-ры і мастацтва. Пераклаў на ўкр. мову творы У.Корбана (у зб. «Тона попелу», 1964).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАБО́РЫ, духаборцы,
сектанцкая плынь, адзін з кірункаў духоўных хрысціян. Узнікла ў Расіі ў 2-й пал. 18 ст. Назва паходзіць ад «барацьбіты за дух і ісціну». Асновы вучэння Д. выкладзены ў псалмах «Жывотнай кнігі», дзе трактуецца галоўнае для іх паняцце: Бог — усюдыісны дух. Д. не прызнавалі таінствы, абрады (акрамя шлюбу), святароў, манаства, адмаўлялі свецкую і духоўную ўладу, выступалі супраць дзяржавы і Рус.правасл. царквы. За непадпарадкаванне ўладам і адмаўленне ад воінскай службы праследаваліся царскім урадам, неаднаразова зведвалі дэпартацыі. У канцы 19 ст. частка Д. перасялілася ў Канаду. Невял. групамі жывуць на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, у Растоўскай, Тамбоўскай, Арэнбургскай абл. Расіі, на Д. Усходзе, Украіне і ў Сярэдняй Азіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДЗЕ́ВІЦКІ ЛІТАРАТУ́РНА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1965 на грамадскіх пачатках пры сярэдняй школе ў в. Гудзевічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., з 1990 — дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 729 м², больш за 12 тыс. экспанатаў (1997). У экспазіцыі этнагр. помнік краю — сял. хата 18 ст. з прадметамі сял. побыту 17—19 ст. Сярод экспанатаў вырабы з косці і каменю часоў неаліту, кераміка сярэднявечча, вырабы мясц. кавалёў 18—20 ст., калекцыя падвойных дываноў, кафля 17—20 ст., вырабы з лёну, саломкі, дрэва, калекцыя нар. адзення, рукапісы і кнігі з аўтографамі вядомых бел. пісьменнікаў, дзеячаў медыцыны, мастакоў, артыстаў, кампазітараў, творы жывапісу, графікі і скульптуры.
А.М.Белакоз.
Гудзевіцкі краязнаўчы музей. Сялянская хата 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛЕ́НКА (Міхась) (Міхаіл Пятровіч: н. 28.10.1922, в. Ястрабка Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед.ін-т (1952). Настаўнічаў. У 1953—82 у рэдакцыі «Гомельскай праўды». Друкуецца з 1940. Большасць апавяданняў прысвяціў падзеям вайны, жыццю вёскі і школы, працы настаўнікаў. Героі яго твораў — людзі высакародныя, верныя свайму дому, зямлі, непрымірымыя да праяў несумленнасці і фальшу (аповесці «Наш дом», 1971, «Апанаска Лугавы», 1972, і інш.). Для дзяцей выдаў кнігі «Вернасць слову» (1956), «Зачараваны гарлачык» (1961), «На вуліцы Сонечнай» (1963), «Ключы бабулі Зімы» (1986). Піша вершы, нарысы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРАКО́ЎСКІ (Валяр’ян Дзмітрыевіч) (10.9 1904, Мінск — 18.8.1979),
бел. графік. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Ленінградзе (1929). Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, плакаце. У 1929—31 маст. рэдактар Белдзяржвыда. З 1931 у Ленінградзе. Аформіў кнігі «Сымон-музыка» Я.Коласа і «Два» А.Вольнага (1925), «Выбраныя апавяданні» (1926) і «У глыбі Палесся» (1927) Я.Коласа, «У віры жыцця» М.Зарэцкага, зборы твораў Я.Купалы (т. 2, 2-е выд.) і Ц.Гартнага (т. 2; усе 1929), «Яўген Анегін» А.Пушкіна (1937), «Выбранае» Ю.Тынянава (1941), «Байкі» І.Крылова (1944), «Лірыка» А.Пракоф’ева (1956), зб. «Нашы казкі» (1965) і інш. Творы Д. вызначаюцца высокай тэхнікай выканання, арыгінальнасцю кампазіцыйнай будовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛ, Голь (Goll) Іван
[сапр.Ланг (Lang) Ісаак; 29.3.1891, г. Сен-Дзье, Францыя — 14.3.1950],
нямецкі і французскі пісьменнік. Першы зб. вершаў «Панамскі канал» (1912) стаў буйной з’явай ням. экспрэсіянізму. З 1914 у Швейцарыі, дзе выдаў кнігі супраць вайны («Інтэрнацыянальныя элегіі», 1915, «Пекла», 1919, і інш.). З 1919 жыў у Францыі, стаў прыхільнікам сюррэалізму. Яго «звышдрамы», напісаныя ў гратэскна-футурыстычнай манеры («Мафусаіл, або Вечны буржуа», 1922, і інш.) прадугадалі сучасны тэатр абсурду. Аўтар трылогіі «Песні пра каханне» (1925—27, разам з жонкай К.Гол), цыкла вершаў на ням. і франц. мовах «Песня пра Іаана Беззямельнага» (1934—44). У 1939—47 жыў у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства канца 18 ст. Пабудавана ў гіст. раёне Гомеля на беразе р. Сож. Раней тут быў храм старавераў пад назвай Спасаў. Пасля на яго месцы пабудавана драўляная Ільінская царква, у 1794 перабудавана. Побач з ёй існаваў мужчынскі і жан. скіт старавераў. У 1850 скіт і царква закрыты; абразы і рэдкія кнігі перададзены ў Гомельскую Петрапаўлаўскую царкву. З 1852 царква зноў дзейнічае, у 1853 пры ёй засн. аднаверскі прыход. Будынак царквы складаецца з трох зрубаў, пастаўленых адзін за адным па падоўжнай восі. Зрубы нефа і бабінца прамавугольныя ў плане, алтарнай апсіды — 5-гранны. Над бабінцам надбудавана шмат’ярусная вежа-званіца (васьмярык на чацверыку).