жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае ваенныя сцэны і баявыя дзеянні. Яму ўласцівае імкненне паказаць найб. важныя ці характэрныя моманты бітваў, перадаць іх пафас, героіку, часам раскрыць і гіст. сэнс ваен. падзей. Батальныя сцэны могуць быць пабудаваны на гіст., дакументальна пацверджаных фактах, што збліжае батальны жанр з гістарычным жанрам, і на фалькл. матэрыяле (легенды, паданні, прытчы і гэтак далей). Батальны жанр уключае таксама паказ паўсядзённага жыцця арміі і флоту (у паходах, казармах, лагерах), што набліжае яго да бытавога жанру. Значная роля ў батальным жанры адводзіцца пейзажу. У працэсе развіцця ў станковых формах жывапісу і графікі батальны жанр наблізіўся да алегорыі, прытчы, набыў акцэнтаваны філас. падтэкст. Ён значна змяніўся, захаваўшы першапачатковую паэтыку і стылістыку ў панараме і дыяраме.
Батальныя сюжэты вядомыя з глыбокай старажытнасці: сцэны перамог над ворагам, алегарычныя і сімвалічныя вобразы ў рэльефах, размалёўках і дробнай пластыцы Стараж. Егіпта, Двухрэчча, Ірана; у расфарбоўцы вазаў, скульпт. кампазіцыях франтонаў храмаў, кампазіцыях рэльефаў і жывапісе Стараж. Грэцыі; у эліністычным мастацтве (рэльефы Пергамскага алтара); рэльефах і карцінах з адлюстраваннем бітваў і трыумфаў Стараж. Рыма; у мастацтве скіфаў, стараж. цывілізацый Амерыкі. У сярэднявеччы батальна-гіст. сюжэты пашыраны ў еўрап. і ўсх. кніжнай мініяцюры, у абразах (найб. выразна пасля 15 ст.), дэкар.-прыкладным мастацтве, рэльефах Кітая і Камбоджы, інд. размалёўках, японскім жывапісе. У эпоху Адраджэння мемар. кампазіцыі ў гонар ваен. перамог стваралі Джота, Паала Учэла, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Тыцыян, Я.Тынтарэта. У 17 ст. значную ролю ў станаўленні батальнага жанру адыгралі творы Д.Веласкеса, П.П.Рубенса, графіка Ж.Кало. У гэты час сфарміраваліся асн. тыпы кампазіцыйнай будовы твораў батальнага жанру: умоўна-алегарычная кампазіцыя з выявай палкаводца на фоне бітвы (Ш.Лебрэн, Францыя), невял. батальная карціна з эфектнай дакументальна-хранікальнай выявай кавалерыйскага бою ці эпізодамі ваен. побыту (С.Роза, Італія; Ф.Ваўэрман, Галандыя), сцэны марскіх баёў (В. Ван дэ Велдэ, Галандыя). У 18 ст. батальны жанр пашыраны ў мастацтве Францыі (А.Вато), Расіі (І.Нікіцін, А.Зубаў, Р.Угрумаў), Амерыкі (Б.Уэст, Дж.С.Коплі, Дж.Трамбал). У 19 ст. ў батальным жанры працавалі А.Гро, Т.Шарле, А.Рафэ, А.Вернэ (Францыя), А.Адам (Германія), Ф.Гоя (Іспанія), П.Міхалоўскі, Я.Матэйка, А.Арлоўскі (Польшча), Г.Ваперс (Бельгія), М.Алеш, Я.Чэрмак (Чэхія), В.Машкоў, Б.Вілевальдэ, А.Кацэбу (Расія). З канца 19 ст. ў батальным жанры ўсё большая ўвага аддаецца адлюстраванню складаных псіхал. і філас. праблем: творы А.Менцэля (Германія), Дж.Фаторы (Італія), У.Хомера (ЗША), М.Герымскага (Польшча), М.Грыгарэску (Румынія), Я.Вешына (Балгарыя), Э.Дэтая, А.Нёвіля (Францыя), І.Айвазоўскага, А.Багалюбава, В.Паленава, В.Верашчагіна, А.Кіўшэнкі, В.Сурыкава (Расія). У 20 ст., насычаным войнамі і рэвалюцыямі, карэнныя змены адбываюцца і ў батальным жанры: пашыраюцца яго межы і тэматычны дыяпазон, узмацняецца гісторыка-філас. падтэкст. У батальным жанры працуюць О.Дзікс і К.Кольвіц (Германія), Ф.Мазерэль (Бельгія), М.Грамер і Т.Стэйнлен (Францыя), Ф.Ходлер (Швейцарыя), Л.Бабіч, І.Мештравіч (Харватыя), Н.Петравіч (Сербія), Ф.Брэнгвін (Англія), О.Какошка (Аўстрыя), Р.Гутуза (Італія), Марукі Іры, Марукі Тасіка (Японія), К.Пятроў-Водкін, М.Грэкаў, А.Дайнека, А.Бубнаў (Расія).
У бел. мастацтве батальныя кампазіцыі вядомыя ў творах дробнай пластыкі (пач. 12 ст.), мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу (15 ст.), абразках (15—16 ст.), стылізаваных выявах бел. воінаў на кафлі 16 ст., гравюрах Ф.Скарыны, М.Цюнта (16 ст.), Л.Хршчановіча, Г.Келера, В.Хондыуса, ілюстрацыях М.Вашчанкі (17 ст.), манум. жывапісе 17—18 ст. У жывапісе найб. ранні з вядомых твораў батальнага жанру — «Бітва пад Оршай» (каля 1515), блізкі па стылістыцы да твораў еўрап. Адраджэння (дакладнасць у паказе адзення, панарамы бітвы, тыпажу). У 17 ст. серыю малюнкаў і карцін на тэмы ваен. паходаў кн. Я.Радзівіла стварыў А. ван Вестэрфельд. Батальныя сцэны адлюстраваны на шпалерах Карэліцкай мануфактуры (18 ст.). У 19 ст. батальныя кампазіцыі ў жывапісе стваралі В.Ваньковіч, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі, В.Дмахоўскі, у графіцы — М.Кулеша, К.Кукевіч, Я.Дамель, Э.Андрыёлі, Ю.Фалат, А.Гротгер. У жывапісе, графіцы і скульптуры 1-й трэці 20 ст. да батальнага жанру звярталіся В.Волкаў, Я.Зайцаў, П.Гаўрыленка, М.Манасзон, І.Гембіцкі, А.Жораў. Вобразы і падзеі нац. гісторыі адлюстраваны ў творах М.Філіповіча, П.Сергіевіча. Героіка-рамантычны апавядальны характар уласцівы кампазіцыям у жывапісе, графіцы і скульптуры 1940 — пач. 1960-х г. (творы І.Ахрэмчыка, Г.Бржазоўскага, М.Гуціева, І.Давідовіча, Я.Зайцава, С.Раманава, У.Сухаверхава, У.Хрусталёва, Я.Ціхановіча, А.Шыбнёва; скульптуры З.Азгура, А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава). Пошукі новых стылістычных рашэнняў у 1970-я г. вылучаюць творы батальнага жанру М.Савіцкага, В.Грамыкі, Г.Вашчанкі, А.Анікейчыка. У 1980-я г. — пач. 1990-х г. у батальным жанры павялічваецца колькасць сімволіка-алегарычных элементаў, прытчавых вобразаў (жывапіс Б.Аракчэева, Ф.Бараноўскага, І.Белановіча, М.Глушко, А.Марачкіна, У.Мінейкі, П.Свентахоўскага, І.Стасевіча, І.Ціханава, Г.Ціхановіча, М.Якуніна; графіка Л.Асецкага, У.Басалыгі, С.Геруса, А.Дзямарына, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, А.Паслядовіч, М.Селешчука; скульптурныя кампазіцыі А.Бацвінёнка, А.Заспіцкага, А.Курачкіна, В.Палійчука; манум. жывапіс Л.Асядоўскага, У.Крываблоцкага, Савіцкага).
Літ.:
Садовень В.В. Русские художники-баталисты XVIII—XIX веков. М., 1955;
Бродский В. Советская батальная живопись. М.; Л., 1950;
Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;
Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Батальны жанр. Б.Аракчэеў. Гродзенскія гусары. Атака ў Клясціцах. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́РМАНТАЎ (Міхаіл Юр’евіч) (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус.рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш.Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.Рахманінава, «Тры пальмы» А.Спендыярава) і рамансавай (А.Даргамыжскі, М.Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).
Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.Міцкевіча (гал. чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял.Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.Колас, А.Зарыцкі, А.Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.Зуёнак, П.Макаль, Я.Міклашэўскі (Я.Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.Броўка, М.Танк, Я.Брыль, С.Грахоўскі і інш.
Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.К.Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл.драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл.драм.т-р (1955).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1986;
Соч.Т. 1—2. М., 1988—90;
Избр. соч. М., 1994;
Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.
Літ.:
М.Ю.Лермонтов в русской критике. М., 1985;
Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,
абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.
У 1810-я г.франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.
Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх.ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.
У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус.зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс.чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс.чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс.чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс.чал.) — П.К.Эсена каля Рыгі, П.І.Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.Ф.Эртэля каля Мазыра.
21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл.Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл.Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.
Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.
У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл.Полацкія бітвы 1812). Ваен.дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.Рэнье (гл.Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл.Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.Віктора і П.Ф.Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл.Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.Касінскага.
Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.
Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс.чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс.чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.
Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс.чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.
Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс.чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс.чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.І.Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.
Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).
Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн.руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.
У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.
Літ.:
Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;
Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;
Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г.М., 1992.
В.В.Антонаў.
Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.І.Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1939—45,
самая вялікая і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва. У яе была ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва Зямлі, ваен.дзеянні ішлі на тэр. 40 дзяржаў, а таксама на марскіх і акіянскіх прасторах. Пачалася ў выніку абвастрэння барацьбы паміж буйнейшымі дзяржавамі за перадзел зон уплыву, што склаліся пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Вырашальную ролю ў развязванні вайны адыграла Германія, правячыя колы якой імкнуліся ліквідаваць Версальска-Вашынгтонскую сістэму дагавораў (1919—22). З устанаўленнем у 1933 фаш. дыктатуры палітыка Германіі грунтавалася на ідэалогіі нацызму. У 1936 Германія заключыла дагавор з Японіяй, вядомы пад назвай «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога потым далучыліся Італія, Іспанія і інш. краіны; у 1939—40 ён ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл.Берлінскі пакт 1940). Блоку агрэсіўных краін процістаяла кааліцыя Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і іх саюзнікаў. Правячыя колы зах. дзяржаў, спрабуючы адвесці пагрозу ад сваіх краін, спачатку імкнуліся не да таго, каб стрымаць фаш. агрэсараў, а каб накіраваць іх удар на інш. дзяржавы, потым на СССР. Такая палітыка паскарала рост ваенна-прамысл. патэнцыялу дзяржаў фаш. блоку. Японія ў пач. 1930-х г. акупіравала значную ч. Кітая, Італія ў 1935 — Эфіопію, у 1939 — Албанію, Германія ў 1938 — Аўстрыю (гл.Аншлюс). У 1936—39 здзейснена герм.-італьянская інтэрвенцыя ў Іспаніі. Кульмінацыяй патуральніцкай палітыкі зах. дзяржаў у адносінах да фаш. агрэсараў стала Мюнхенскае пагадненне 1938 аб расчляненні Чэхаславакіі: 1.10.1938 Германія акупіравала Судэцкую вобл., у 1939 — усю краіну.
Каб прадухіліць агрэсію на У, СССР заключыў з Германіяй 23.8.1939 дагавор аб ненападзе, а 28.9.1939 — дагавор «Аб дружбе і граніцы». Сав. Саюз імкнуўся выйграць час для ўмацавання сваёй абараназдольнасці.
Да 1.9.1939 нацысцкая Германія мела ўзбр. сілы ў 4,6 млн.чал., 4093 баявыя самалёты, 3195 танкаў, 107 караблёў, у т. л. 57 падводных лодак. Аснову стратэгічнай канцэпцыі вермахта складаў «бліцкрыг» («маланкавая вайна»), Вайна пачалася нападам 1.9.1939 гітлераўскай Германіі на Польшчу. 3.9.1939 вайну Германіі аб’явілі Вялікабрытанія і Францыя. У склад іх кааліцыі ўвайшлі і брыт. дамініёны і калоніі (Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Паўд.-Афр. Саюз, Канада і інш.). На працягу 9 месяцаў усе гэтыя краіны вялі т.зв.«дзіўную вайну» — практычна нічога не рабілі. Гэта дазволіла Германіі за некалькі тыдняў разграміць Польшчу, паступова акупіраваць Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 17.9.1939 СССР увёў свае войскі на тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, якія былі ў складзе Польшчы. Зах. Беларусь аб’ядналася з БССР, Зах. Украіна — з УССР. 10.5.1940 ням.-фаш. войскі пачалі наступленне на Францыю. Абышоўшы «лінію Мажыно» з Пн, прарваўшы абарону ў раёне Седана, 20 мая гітлераўцы выйшлі да Ла-Манша. Бельгійская армія, брыт. экспедыц. сілы і частка франц. арміі былі адрэзаны ў Фландрыі. 28 мая капітулявала бельгійская армія. Англійскім і частцы франц. і белы. войск, блакіраваным у раёне Дзюнкерка, удалося эвакуіравацца ў Вялікабрытанію (гл.Дзюнкеркская аперацыя 1940). У пач.чэрв. 1940, прарваўшы фронт, гітлераўцы вымусілі франц. армію капітуляваць (гл.Французская кампанія 1940). 14 чэрв. без бою заняты Парыж. 22 чэрв. Францыя падпісала акт аб капітуляцыі. 10.6.1940 Італія аб’явіла вайну Францыі і Вялікабрытаніі. Італьян. войскі ў жн. захапілі Брыт. Самалі, частку тэр. Кеніі і Судана, у сярэдзіне вер. ўварваліся ў Егіпет, але ў снеж. 1940 разбіты англ. войскамі. Пачатае ў кастр. 1940 наступленне італьянцаў з Албаніі на Грэцыю грэч. армія адбіла. У студз.—маі 1941 брыт. войскі пры падтрымцы паўстаўшага насельніцтва і партызан выгналі італьянцаў з Брыг. Самалі, Кеніі, Судана, Эфіопіі, Італьян. Самалі, Эрытрэі. Італьян. флот на Міжземным моры панёс вялікія страты. У пач. 1941 у Паўн. Афрыку на дапамогу італьян. войскам прыбыў герм. Афрыканскі корпус ген. Э.Ромеля. У крас. 1941 італьян.-ням. войскі дасягнулі лівійска-егіпецкай граніцы. У той жа час яп. войскі пачалі акупацыю новых раёнаў Кітая, захапілі паўн.ч.франц. Індакітая. Пасля паражэння Францыі Вялікабрытанія апынулася адзін на адзін з Германіяй. Дапамагчы англічанам усё больш схіляўся ўрад ЗША Вясной 1941 ЗША увялі свае войскі ў Грэнландыю, летам — у Ісландыю. У жн. 1940 герм. авіяцыя пачала масіраваную бамбардзіроўку Вялікабрытаніі (гл.Бітва за Англію 1940—41).
Летам 1940 да СССР былі далучаны Прыбалт. дзяржавы, на іх тэр. створана магутная групоўка Чырв. Арміі, якая магла наносіць прамыя ўдары па Германіі з мора і паветра. 28.6.1940 Чырв. Армія ўвайшла ў Бесарабію і Паўн. Букавіну, з тэр. якіх сав. авіяцыя магла пагражаць нафтапромыслам Румыніі — гал. пастаўшчыка нафты Германіі. У адказ у вер. 1940 Германія ўвяла свае войскі ў Румынію. Паміж Германіяй і СССР пачаўся перыяд адкрытага дыпламат. проціборства за ўплыў на Балканах. Ужо ў крас. 1941 Германія цалкам панавала ў гэтым рэгіёне, вясной 1941 яна акупіравала Балгарыю, Грэцыю, частку Югаславіі. Да Берлінскага пакта далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, у 1941 — Балгарыя і Фінляндыя. Сав. Саюзу ўдалося дасягнуць буйной паліт. перамогі на Усходзе: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце, што значна знізіла верагоднасць вайны на 2 фронты.
22.6.1941 нацысцкая Германія напала на СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45, якая стала найважнейшай часткай Д.с.в. Настаў якасна новы этап вайны, які прывёў да кансалідацыі ўсіх антыгітлераўскіх сіл. 12.7.1941 заключана пагадненне паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб сумесных дзеяннях, 2 жн. — паміж СССР і ЗША аб ваенна-эканам. супрацоўніцтве і аказанні матэрыяльнай падтрымкі СССР. 14.8.1941 ЗША і Вялікабрытанія абнародавалі Атлантычную хартыю, да якой 24 вер. далучыўся СССР. Каб папярэдзіць стварэнне фаш.ваен. баз на Б.Усходзе, англ. і сав. войскі ў жн.—вер. 1941 увайшлі ў Іран. Сумесныя ваенна-паліт.дзеянні сталі пачаткам стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Супраць СССР Германія кінула свае асн. сілы: 83% сухапутных сіл вермахта, у т. л. 86% танк. дывізій і 100% матарызаваных, 4 з 5 паветраных флатоў. Сав.-герм. фронт стаў асноўным.
Гітлераўскія войскі за 3 тыдні прасунуліся на 350—600 км, захапілі Прыбалтыку, Малдавію, Беларусь, значную частку Украіны і РСФСР. Аднак Германіі не ўдалося дасягнуць стратэгічнай мэты «Барбароса плана». У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі ў час Маскоўскай бітвы 1941—42 пацярпеў крах міф пра непераможны вермахт, значна актывізаваўся партызанскі рух на акупіраванай тэр.СССР і Рух Супраціўлення; Германія вымушана была перайсці да тактыкі працяглай вайны.
7.12.1941 Японія нападам на амер.ваен. базу Пёрл-Харбар у Ціхім акіяне развязала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША, Вялікабрытанія і шэраг іншых краін аб’явілі вайну Японіі. 1.1.1942 падпісана Дэкларацыя прадстаўнікамі 26 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, якая абавязвала іх выкарыстоўваць ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць краін фаш. блока. 26.5.1942 СССР і Вялікабрытанія падпісалі дагавор аб саюзе супраць Германіі і яе сатэлітаў. 11.6.1942 СССР і ЗША заключылі пагадненне аб прынцыпах узаемадапамогі ў вядзенні вайны.
Летам 1942 ням. войскі пачалі новае наступленне на сав.-герм. фронце. 17.7.1942 пачалася Сталінградская бітва 1942—43 — адна з пераломных у вайне. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне сав. войск пад Сталінградам, якое скончылася акружэннем і разгромам 330-тыс. групоўкі войск праціўніка. Захапіўшы ініцыятыву, Чырв. Армія нанесла гітлераўцам шэраг паражэнняў зімой і вясной 1943. Англ. войскі ў гэты час бамбілі гарады Германіі, вялі баі ў Паўн. Афрыцы. Японія панавала на моры, акупіравала Бірму, Малаю, Філіпіны, а-вы Інданезіі і інш., стварыла пагрозу Аўстраліі. Нарошчванне сіл ЗША у Ціхім акіяне з 1-й пал. 1942 прывяло да змены суадносін сіл на карысць саюзнікаў. Пасля шэрагу паражэнняў у Каралавым моры і каля в-ва Мідуэй (1942) яп. флот перайшоў да абароны. Пасля падзей у Эль-Аламейнскай аперацыі ЗША і Вялікабрытанія ў сярэдзіне ліст. 1942 занялі тэр. Марока, Алжыра, уступілі ў Туніс; вясной 1943 дамагліся капітуляцыі італа-герм. войск на п-ве Бон. 10.7.1943 амер. і англ. войскі высадзіліся на в-ве Сіцылія, у пач. верасня — на Апенінскім п-ве. 25 ліп.фаш. ўрад Мусаліні быў скінуты. Новы італьян. ўрад 3.9.1943 падпісаў перамір’е з ЗША і Вялікабрытаніяй, у кастр. аб’явіў вайну Германіі. Пачаўся распад фаш. блока. На працягу 1943 амер. войскі высадзіліся ў Новай Гвінеі, захапілі Алеуцкія а-вы, нанеслі шэраг паражэнняў яп.ВМФ.
Разгром ням.-фаш. войск у Курскай бітве 1943 прымусіў фаш. Германію перайсці да стратэгічнай абароны, на ўсіх франтах змянілася ваенна-паліт. становішча. Колькасць дзяржаў, што аб’явілі вайну Германіі, з чэрв. 1941 да снеж. 1943 павялічылася з 5 да 36. У 1944 сав. войскі ліквідавалі блакаду Ленінграда, вызвалілі Правабярэжную Украіну, Крымскі п-аў, увайшлі ў Румынію. У выніку Беларускай аперацыі 1944 была вызвалена ўся тэр. Беларусі, значная частка Літвы, Латвіі, пачалося вызваленне Польшчы. 23.8.1944 у выніку паўстання ў Румыніі быў скінуты ваенна-фаш. рэжым Антанеску; новы ўрад аб’явіў вайну Германіі. Тое ж адбылося і ў Балгарыі. 29.8.1944 пачалося Славацкае нац. паўстанне. Сав. войскі вялі баі за вызваленне Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі, паўн.-ўсх. раёнаў Нарвегіі (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45, Вісла-Одэрская аперацыя 1945). 6.6.1944 англа-амер. і канадскія войскі высадзіліся ў Нармандыі, 15 жн.амер.-французскія — у Паўд. Францыі, быў адкрыты другі фронт. 19.8.1944 пачалося Парыжскае паўстанне, да прыходу саюзнікаў франц. сталіца была ўжо ў руках патрыётаў. У пач. 1945 пачалося магутнае наступленне сав. войск па ўсім фронце ад Карпат да Балтыйскага мора, а армій саюзнікаў — у Італіі і Германі Для каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і пасляваен. ўпарадкавання свету адбылася Крымская канферэнцыя 1945. У 2-й пал. красавіка — пач. мая саюзнікі дайшлі да Эльбы, уступілі ў Чэхаславакію, Аўстрыю. 16 крас. пачалася Берлінская аперацыя 1945. 25 крас.сав. войскі ў раёне Торгаў на р. Эльба аб’ядналіся з часцямі 1-й амер. арміі. 6—11.5.1945 сав. войскі разграмілі апошнюю ням. групоўку і завяршылі вызваленне Чэхаславакіі. У поўнач 8 мая ў Карлсхорце (прадмесце Берліна) прадстаўнікі герм.вярх. галоўнакамандавання падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. У маі 1945 з усёй кааліцыі дзяржаў, якія развязалі Д.с.в., барацьбу працягвала толькі Японія. Разам з еўрап. праблемамі на Патсдамскай канферэнцыі 1945 была ўдзелена вял. ўвага лёсу Японіі. 8.8.1945 СССР аб’явіў вайну Японіі, 10 жн. тое ж зрабіла Манголія. Сав.-мангольскія войскі разграмілі квантунскую армію і вызвалілі паўн.-ўсх. частку Кітая, Паўн. Карэю, 6 і 9 жн. ЗША упершыню выкарысталі новую зброю, скінуўшы 2 атамныя бомбы на гарады Хірасіма і Нагасакі. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Д.с.в. скончылася.
Подзвігам людзей, сярод якіх было шмат беларусаў, у Д.с.в. быў іх удзел у падп. барацьбе супраць фашызму ў канцлагерах Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Майданак і інш. У Маўтгаўзене пасля гераічнай гібелі ген.-лейт. Дз.М.Карбышава падп. барацьбу ўзначаліў ураджэнец Чавусаў палк. Л.Я.Маневіч. У канцлагерах у Рэгенсбургу, Нойаўбінгу, Вурдэне, Асвенціме і інш. актыўную барацьбу вялі ген. П.Д.Цумараў і інш. патрыёты. Найбольш моцным і арганізаваным быў удзел сав. патрыётаў, у т. л. беларусаў, у франц. Супраціўленні. Д.с.в. была самай разбуральнай і кровапралітнай у свеце. У ёй загінула каля 62 млн.чал. Найбольшую колькасць ахвяр панёс Сав. Саюз — 27 млн.чал., у т. л. больш за 2,5 млн. — жыхары Беларусі. За вял. ўклад у перамогу над фаш. Германіяй БССР была запрошана на канферэнцыю ў Сан-Францыска (25.4.1945) для выпрацоўкі і падпісання (26.6.1945) Статута ААН і тым самым быць у ліку першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН.
Разгром фашызму карэнным чынам змяніў расстаноўку сіл у свеце. Перамога, атрыманая пры вырашальнай ролі СССР, прывяла да стварэння сусв. сістэмы сацыялізму, якая паўстагоддзя рабіла глабальны ўплыў на развіццё пасляваен. свету. Эканам. і ваенна-паліт. цэнтр краін Захаду перамясціўся з Еўропы ў ЗША. Перамога над фашызмам выклікала рост нац. самасвядомасці народаў, спрыяла распаду каланіяльнай сістэмы.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 1—12. М., 1973—82;
Документы и материалы кануна второй мировой войны, 1937—1939. Т. 1—2. М., 1981;
Годкризиса, 1938—1939: Док. и материалы. Т. 1—2. М., 1990;
Черчилль У. Вторая мировая война: Сокр. пер. с англ.Кн. 1—3. М., 1991;
Ог Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.
У.І.Гуленка.
Да арт.Другая сусветная вайна 1939-45. Салдаты вермахта ўзломліваюць польскую дзяржаўную граніцу (1.9.1939).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Салдаты Войска Польскага праходзяць па вызваленай Варшаве (1945).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Жыхары Сафіі вітаюць часці Чырвонай Арміі (верасень 1944).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі (8.5.1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЖА́РЫЯ, Аджарская Аўтаномная Рэспубліка,
у складзе Грузіі. Пл. 3 тыс.км². Нас. 385 тыс.чал. (1987), гарадскога 16%; грузіны (аджарцы), рускія, армяне і інш. Сталіца — г.Батумі. Найб. гарады: Кабулеты, Хула, Шуахеві, Ачхамуры.
Прырода. Аджарыя размешчана ў паўд.-зах.ч. Закаўказзя, на З абмываецца Чорным м. Большая ч.тэр. занята горнымі хрыбтамі і адгор’ямі М.Каўказа. З ПдЗ на ПнУ Аджарыю перасякае Месхецкі (Аджара-Імерэцінскі) хрыбет, яго адгор’і — Чаквінскі хрыбет і Кабулецкія горы; на У Арсіянскі хрыбет; на Пд па граніцы з Турцыяй Шаўшэцкі хрыбет. Карысныя выкапні: медзь, поліметалічныя руды, вогнетрывалыя гліны. Гідрарэсурсы. Крыніцы лячэбных мінер. водаў. Клімат прыморскай нізіны вільготны субтрапічны, у гарах — ад умерана цёплага да халоднага. Сярэдняя т-растудз. ў прыморскай паласе ад 4 °C да 6 °C, у гарах ад 2 °C да -2 °C; ліп. адпаведна 20—23 °C і 22—16 °C. Гадавая колькасць ападкаў на ўзбярэжжы і схілах 2500—2800 мм, ва ўнутраных раёнах 1000—1400 мм. Сярэдняя працягласць безмарознага перыяду ў прыморскай паласе 300 дзён; самы цёплы раён Закаўказзя. Рака Чарох (ніжняе цячэнне) з прытокам Аджарысцкалі — гал. водныя артэрыі, апошняя са значнымі гідраэнергарэсурсамі. На нізінах пашыраны алювіяльныя, часткова забалочаныя глебы, на перадгор’ях — чырваназёмы, па схілах гор — бурыя лясныя і горна-лугавыя. Больш як палавіна тэр. пад лясамі. Да выш. 600 м пераважаюць шыракалістыя лясы (каштан, дуб, граб, бук) з вечназялёным падлескам з ліян, лаўравішні, пантыйскага рададэндрана (па цяснінах самшыт), да 1500 м — мяшаныя лясы (пераважае бук), якія змяняюцца на хвойныя (хвоя, елка), вышэй за 1800 м — зараснікі хмызняку, яшчэ вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Прыморскія нізіны і перадгор’і асвоены пад субтрапічныя і тэхн. культуры. У горных лясах разнастайны жывёльны свет: казуля, дзік, шакал, барсук, куніца. Кінтрышскі запаведнік і Батумскі бат. сад.
Гісторыя. Першыя звесткі пра Аджарыю адносяцца да 6—4 ст. да н.э., калі яна ўваходзіла ў Калхідскае царства, потым Іберыю; у 4 ст. ў складзе груз.дзярж. аб’яднання — Лазіка. У 6 ст. Аджарыя — арэна барацьбы паміж Візантыяй і Іранам. З канца 10 ст. — частка груз.феад. дзяржавы, кіравалася эрыставамі (царскімі правіцелямі правінцый). У 11—13 ст. перажыла нашэсці сельджукаў і манголаў. У 2-й пал. 16 ст. захоплена Турцыяй, супраць прыгнёту якой насельніцтва паўставала ў 1680, 1685, 1697, 1744, 1819, 1856. У выніку рус.-тур. вайны 1877—78 Аджарыя далучана да Рас. імперыі, увайшла ў склад Кутаіскай губ. З канца 1880-х г. тут развіваецца прам-сць, праз тэр. Аджарыі ў 1897—1907 пракладзены нафтаправод Баку—Батум. У 1-ю сусв. вайну на тэр. Аджарыі ішлі ваен.дзеянні. Пасля Лют. рэв. 1917 знаходзілася пад уладай Асобага закаўказскага камітэта, з ліст. 1917 — Закаўказскага камісарыята. У крас. 1918 Батум, частку Гурыі і інш. раёны Аджарыі захапілі туркі, у снеж. 1918 — ліп. 1920 акупіравана англ. войскамі. У ліп. 1920 да ўлады ў Аджарыі прыйшлі меншавікі. 11.3.1921 Батум зноў акупіравалі тур. войскі. 18 сак. з дапамогай Чырв. Арміі ўстаноўлена сав. ўлада. 16 ліп. створана Адж. АССР у складзе Груз. ССР. 12.3.1922 Аджарыя як састаўная ч. Грузіі ўвайшла ў Закаўказскую федэрацыю. 25.10.1937 на 12-м Усеаджарскім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя Адж. АССР. Пасля абвяшчэння Грузіяй у 1991 дзярж. незалежнасці Аджарыя захавала статус аўт. рэспублікі ў яе складзе.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. (Батумі), машынабуд. (эл.-тэхн. вырабы, абсталяванне для харч. прам-сці, суднабудаванне), харчасмакавая (чайная, вінаробная, кансервавая і інш.). Ёсць хім.-фармацэўтычная, лёгкая, дрэваапр.прам-сць, працуе Аджарысцкальская ГЭС. Аджарыя — самая развітая ч. Грузіі ў галіне субтрапічнай гаспадаркі. Асноўныя с.-г. культуры — чай і цытрусавыя, культывуюцца тунг, хурма, мушмула, лаўр, эўкаліпт, бамбук. Пасевы збожжавых (кукуруза, ячмень, авёс, рыс), бульбы, тытуню, агародніны. Па схілах гор — вінаграднікі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу. У гарах — авечка- і козагадоўля. Шаўкаводства, пчалярства. Вял. роля належыць марскому транспарту. Гал. порт — Батумі. Чыг. Баку—Батумі, шаша Батумі—Новарасійск, нафтаправод Баку—Батумі. Прыморскія курорты: Батумі, Кабулеты, Цыхісдзіры, Зялёны Мыс, Махінджауры.
Культура. У 1990 у Аджарыі 154 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (12,2 тыс. дзяцей), 408 агульнаадук. школ (67 тыс. вучняў), 5 ПТВ (2,7 тыс. навучэнцаў), 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 3 тыс. навучэнцаў). ВНУ: Батумскі ун-т і філіял Груз.тэхн. ун-та (усяго каля 3 тыс. студэнтаў). 353 б-кі, Дзярж. музей Аджарыі, Дзярж. музей рэвалюцыі. Навук. даследаванні вядуцца ў філіялах НДІ фітапаталогіі (Кабулеты), Ін-та чаю і субтрапічных культур (Чакві), Груз.НДІхарч. прам-сці, Дзярж.НДІ лакафарбавай прам-сці (усе ў Батумі), Батумскім бат. садзе і інш.
Рэсп. радыё вядзе перадачы на груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.
На тэр. Аджарыі захаваліся помнікі дагіст. перыяду: менгіры, «квакацэбі» (каменныя чалавечыя фігуры), рэшткі калхідскіх паселішчаў (3—2-га тыс. да н.э.), гарадзішча ў Кабулеты (4—3 ст. да н.э.). Арх. помнікі сярэднявечча: крэпасці Ганіясцыхе, Тамарысцыхе, Барцхана, масты Сапуткрэты, Дандальскі, храм Схалта. Сучаснае нар. мастацтва: разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, вышыўка. У 1939 заснаваны Адж.аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1962 — Адж.аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.
У нар. песнятворчасці Аджарыі пераважаюць натуральныя лады, характэрны фігурацыйны тып мелодыкі, часам віртуознага плана, з шырокім выкарыстаннем сінкоп. Пашыраны мужчынскія харавыя спевы а капэла і жаночыя сольныя спевы з інстр. суправаджэннем. Сярод інструментаў: духавыя — чыбоні, саламуры; струнна-шчыпковыя — чангуры, саз, пандуры; струнна-смычковыя — чыянуры, кеманча; ударныя — даўлі (долі), а таксама гармонік т.зв.ўсх. строю. Муз. адукацыя ў Аджарыі з 1890-х г. (муз. гурткі і прыватныя муз. класы ў Батумі). Нар. песні збіралі і запісвалі К.Пацхверашвілі, Ш.Мшвелідзе, Дз.Аракішвілі і інш. Працуюць (1988): сімф. аркестр Аджарыі, камерны хор, філармонія, Ансамбль песні і танца Аджарыі, муз. вучылішча (Батумі), муз. школы і інш.
У Аджарыі з 1880-х г. існавалі груз.драм. гурткі. У 1912 акцёр і драматург Ш.Дадыяні стварыў у Батумі прафес.т-р «Вандроўная трупа», які з 1921 наз.Дзярж.т-р Аджарыі імя І.Чаўчавадзе. Пастаноўкі: «Выгнаннік» Важа Пшавелы, «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» і «Атэла» У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАІ́ЦІ (Haïti),
Рэспубліка Гаіці (République d’Haïti), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае зах. частку в-ва Гаіці і суседнія дробныя астравы. На У мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай. Аддзелена ад Кубы Наветраным пралівам, ад Ямайкі — прал. Ямайка. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,9 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Порт-о-Прэнс. Дзярж. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).
Прырода. Большая частка паверхні — чаргаванне горных масіваў (хр. Паўночны, Мато, Сель, От, Мантань-Нуар) выш. да 2680 м (г. Ла-Сель) з міжгорнымі далінамі і ўпадзінамі (Паўн. раўніна, даліна р. Артыбаніт, Цэнтр. плато, упадзіна Кюль-дэ-Сак). Ёсць радовішчы баксітаў, меднай руды. Клімат трапічны пасатны. Т-ра паветра ад 23—25 °C у студз. да 29 °C у ліп. Ападкаў 1000—2000 мм за год, у закрытых горных далінах каля 500 мм; вільготны сезон (май—верасень). Бываюць ураганы. Рэкі кароткія, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Пад вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі засталося 4% тэрыторыі.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — гаіцяне, нашчадкі рабоў, вывезены з Афрыкі ў 16—18 ст. Паводле расавага складу негры (95%) і мулаты (5%). Большасць вернікаў — католікі, шырока распаўсюджаны афра-хрысціянскі культ ваду́. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 248 чал. на 1 км². Значная частка яго сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, асабліва на Пд і ПнУ, у міжгорных далінах. Гар. насельніцтва 30%. Найб. горад Порт-о-Прэнс — 753 тыс.ж., затым Кап-Аіцьен 92 тыс.ж., Ганаіў — 63 тыс.ж. (1992). У сельскай гаспадарцы занята 66% насельніцтва, у абслуговых галінах — 25%, у прам-сці — 9%.
Гаспадарка. Гаіці — самая бедная краіна Лац. Амерыкі, уваходзіць у лік 7 найменш развітых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 450 дол. ЗША. У эканоміцы пераважае замежны капітал. Для сельскай гаспадаркі характэрны шматлікія карлікавыя сял. гаспадаркі і буйныя плантацыі таварных культур. Апрацоўваецца каля 33% плошчы краіны, пад лугамі і пашай — каля 20%. Вырошчваюцца экспартныя культуры: кава (займае 11% апрацаваных зямель), сізаль, какава, цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, эфіраалейныя культуры; харчовыя: кукуруза, рыс, бананы, маніёк, проса. Жывёлагадоўля пераважна ў гарах. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, аслоў і мулаў. Лоўля рыбы, крабаў, крэветак, амараў. Прам-сць развіта слаба. Некалькі невялікіх ЦЭС працуюць на імпартным паліве. Горназдабыўная прам-сць: здабыча баксітаў і гліназёмны з-д (каля г. Мірагаан), невял. здабыча меднай руды і цэментнай сыравіны. Параўнальна развіта тэкст.прам-сць. Ёсць асобныя прадпрыемствы гарбарна-абутковай, харчасмакавай прам-сці, цукр.з-д, сізалевыя ф-кі, цэментны з-д, фармацэўтычныя прадпрыемствы, саматужныя майстэрні. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў сталіцы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Ёсць 4000 км аўтадарог, 950 км з іх асфальтаваныя. Гал. марскі порт і міжнар. аэрапорт Порт-о-Прэнс. Гаіці экспартуе вырабы тэкст. прам-сці, каву, інш.с.-г. прадукты; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал.гандл. партнёр ЗША (каля 84% экспарту і 65% імпарту). Імпарт перавышае экспарт у 2 разы. Краіна выкарыстоўвае дапамогу развітых краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — гурд.
Гісторыя. В-аў Гаіці адкрыты Х.Калумбам у 1492, названы ім Эспаньёлай. Спачатку каланізаваны іспанцамі, якія амаль поўнасцю знішчылі карэннае насельніцтва — індзейцаў-аравакаў. З пач. 16 ст. пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі для работы на плантацыях. У 17 ст. ў зах.ч. Пасяліліся франц. піраты, з 1697 гэта ч. вострава афіцыйна адышла да Францыі і атрымала назву Сан-Дамінга. Тут развівалася вытв-сць цукру, кавы, какава, бавоўны. Гаіці лічылася самай багатай франц. калоніяй. Разам з тым негры-рабы (90% насельніцтва) жорстка эксплуатаваліся і жылі ў галечы, моцна былі абмежаваны правы свабодных мулатаў. У канцы 18 ст. пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—99 пачаўся бурны ўздым нац.-вызв. руху. Паўстанне рабоў у 1791 перарасло ў вайну за незалежнасць. На чале паўстанцаў стаяў Ф.Д.Тусэн-Луверцюр, які нанёс паражэнне англ. і ісп. войскам, адмяніў рабства, у 1801 абвешчаны пажыццёвым кіраўніком усяго вострава, уключаючы і яго ўсх. частку. Пасля яго паланення французамі барацьбу ўзначаліў ген. Ж.Ж.Дэсалін. 1.1.1804 ён абвясціў незалежнасць калоніі, аднавіўшы старую індзейскую назву — Гаіці. Значная ч. зямель плантатараў была перададзена б. рабам. На працягу ўсяго 19 ст. ў краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі мулацкіх і негрыцянскіх вярхоў, частымі былі змовы і дзярж. перавароты. У 1844 усх.ч. в-ва Гаіці (Санта-Дамінга) аддзялілася, утварыўшы Дамініканскую Рэспубліку. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Гаіці ўзмацніўся прыток замежнага капіталу. У 1915—34 Гаіці акупіравана ЗША, стала фактычна іх пратэктаратам. У 1957 у выніку выбараў, якія праходзілі ў абставінах дэстабілізацыі, прэзідэнтам стаў Ф.Дзювалье, які ў 1964 абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў жорсткі рэжым тэрору і гвалту. Пасля смерці Ф.Дзювалье ў 1971 пост прэзідэнта перайшоў да яго сына Жан Клода, які прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Задушэнне апазіцыі, расправы і пакаранні, дзеянні тайнай паліцыі выклікалі шырокі пратэст у свеце, што прывяло да ізаляцыі краіны, скарачэння замежных інвестыцый, спынення турызму. Рэзка пагоршылася эканам. становішча Гаіці, у сярэдзіне 1980-х г. па краіне пракацілася хваля пратэсту, узначаленая каталіцкім духавенствам. У час нар. паўстання ў лют. 1986 Ж.К.Дзювалье ўцёк з краіны. У 1987 прынята новая канстытуцыя Гаіці, а ў 1990 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам стаў левы паліт. дзеяч святар Ж.Б.Арыстыд. Рэформы, якія ён стаў праводзіць, выклікалі незадаволенасць ваен. алігархіі. 30.9.1991 прэзідэнт быў скінуты і высланы з краіны. Арг-цыяАмер. дзяржаў (ААД) і ААН асудзілі пераварот і запатрабавалі вярнуць да ўлады законна выбранага прэзідэнта. Супраць ваен. рэжыму былі ўведзены міжнар. санкцыі. У кастр. 1994 Арыстыд вярнуўся на Гаіці. У пач. 1996 яго змяніў на пасадзе прэзідэнта паплечнік, б. прэм’ер-міністр Р.Прэваль. Гаіці — чл.ААН з 1945, чл. ААД, Лац.-амер.эканам. супольнасці. Найб.паліт. партыі — Нац. фронт за дэмакратыю і перамены, Рух за аднаўленне дэмакратыі і інш. Вядучыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя дэмакр. адзінства, Прафс. цэнтр працоўных Гаіці.
1. Ідучы насустрач, па дарозе спаткаць каго‑н. Сустрэў я неяк Сеньку на вуліцы, спыніў яго.Краўчанка.Дзяцей сустрэну — дружным хорам Вітаюць ветліва мяне.Лойка.Часам пройдзе стары [Цыпрук] вярсту-другую і жывой душы не сустрэне.Бядуля.Кіламетры за два ад дому .. [Сцяпан] сустрэў Дубіцкага Антося.Чарнышэвіч.// Убачыць, спаткаць што‑н. (што трапляецца на шляху). Ці параконны плуг сустрэну — На сэрца сум наводзіць ён: Не дачакацца мне на змену Сталёвых трактарных калон.Крапіва.На шчасце наша, ча шляху сустрэлі статак хвой.Астрэйка.// Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., спаткаць чый‑н. погляд. [Маша] ўзняла вочы і сустрэла позірк Максіма.Шамякін.І не чакаў Федзя сустрэць, як калісьці ў вучнёўскую пару, адкрыты позірк Любы.Грамовіч.// Знайсці, убачыць, выявіць вывучаючы што‑н. Упамінанні аб многіх вершах Пестрака можна сустрэць у водгуках рэдакцый розных часопісаў.Хромчанка.У творах ранняга пісьменніка нярэдка можна сустрэць дыялектызмы, словы вузкага мясцовага значэння.Кудраўцаў.// Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Сустрэла добрага чалавека, пакахала, пажаніліся.«Звязда».[Чырвонаармеец:] — Не заўсёды сустрэнеце такога камандзіра, як наш.Ляўданскі.//перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Сустрэць падтрымку. □ Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка.Шамякін.Цяжкая, суровая доля нам выпала... Мы цвёрда сустрэлі каварны ўдар!Глебка.
2. Выйсці спаткаць, прывітаць каго‑н.; прывітаць, прыняць каго‑н. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і Мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе?.. Сустрэне яго хто-небудзь, ці не сустрэне?Колас.Лясовіч прасіў, каб хто-небудзь з МТС сустрэў яго на вузлавой станцыі за сто кіламетраў ад Лашыч.Хадкевіч./уперан.ужыв.Дзіцячы пісклівы плач сустрэў яго [Коршака].Мурашка.Сустрэлі [Андрэя з сям’ёю] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком.Пестрак.// Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, падыход і пад. чаго‑н. Сустрэлі Толю ў Міхасёвай сям’і як роднага.Якімовіч.Ветліва сустрэў пастаноўку «Паўлінкі» маскоўскі глядач.Ярош.Клас сустрэў Святлану Мікалаеўну напружанай цішынёй.Шахавец./уперан.ужыв.Льваў сустрэў дэлегатаў яркім сонечным днём.Васілевіч.
3. Дачакацца пачатку, надыходу, з’яўлення чаго‑н. Я ішоў і сустрэў Новы дзень, што ўваходзіў у горад.Танк.Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі ўсходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым.Панчанка.Так радасна сустрэць Дзень Першамая — Працы і вясны.Астрэйка.
4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Пайшоў на фронт, загінуў сын — Сустрэў суровы лёс.Непачаловіч.Цяпер .. [Чыгунок] грае, з усмешкай глядзіць на дзяўчынку, якой больш пашанцавала, якую шчасце сустрэла на самым пачатку жыцця.Брыль.
•••
Сустрэць у штыкі — аднесціся крайне варожа, з непрыязнасцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і уздымуся, уздымешся, уздымецца; пр. узняўся, ‑нялася, ‑лося; заг. узніміся і уздыміся; зак.
1. Узысці, заняць больш высокае месца. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені.Колас.Вось толькі міну вунь той рэдзенькі бярозавы пералесак і затым узнімуся па горку.Васілевіч.Леанід Аляксеевіч і дзядзька Алесь узняліся на сцэну, дзе стаяў доўгі стол, пакрыты чырвоным сукном.Якімовіч./ Пра дарогу, сцежку і пад. Дарога ўзнялася на насып.//перан. Падняцца па службовай лесвіцы. Ад простага палкавога агітатара [Грынвальд Муха] ўзняўся да камісара палка.Машара.З нашай радні найвышэй усіх узнялася цётка Куліна.Навуменка.
2.(1і2ас.неўжыв.). Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. [Верыны] прыгожыя аксамітныя броўкі ўзняліся ў ціхім здзіўленні.Зарэцкі.Вядро ўзбунтавала люстраную роўнядзь, напоўнілася і ўзнялося над кладкай у маленькай, моцнай дзявочай руцэ.Брыль.Нарэшце патушылі святло, і заслона паволі ўзнялася ўгору.Арабей./ Пра сцяг, парус і пад. Раптам над людзьмі ўзняўся чырвоны сцяг.Чорны.// Перайсці ў вертыкальнае становішча. Частка рук адразу ўзнялася, за імі яшчэ адна за другой паднімаліся.Галавач.// Натапырыцца, стаць тарчма (пра вушы, поўсць і пад.). Вунь і поўсць на .. карку [сабакі] ўзнялася дыбам, — відаць, ад злосці.Даніленка.
3. Узвысіцца над чым‑н. І непрыступнаю сцяной Карпацкія ўзняліся скалы.Танк.Наперадзе ўзняўся выразна і строга Агромністы мост у жалезнай красе.Панчанка.//перан. Пераўзысці каго‑н. у якіх‑н. адносінах, стаць вышэй чаго‑н. У некаторых людзей ёсць пэўная мяжа, далей якой, нягледзячы на вопыт і перажытае, яны ўжо ніяк не могуць узняцца.Карпюк.Пры ацэнцы «Узвышша» сучаснаму даследчыку трэба ўзняцца перш за ўсё над тымі групавымі спрэчкамі, у якіх было шмат наноснага, суб’ектывісцкага, выказанага ў запале.Лойка.
4.(1і2ас.неўжыв.). З’явіцца над гарызонтам, узысці (пра месяц, воблака і пад.). Узняўся месяц і выслаў залацістую дарожку ад небасхілу да самага берага.Дуброўскі.Вячэрняя зара ўжо ахапіла захад і ўзняліся воблакі, што віселі над гарызонтам.Чарнышэвіч.// Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). Туман узняўся ад ракі.Астрэйка.Пад дах узняліся клубы барвовага дыму.Карпаў.Зноў паплыла нізкая барвова-дымчатая хмара, апала долу. Ад зямлі ўзнялася пара.Пташнікаў.
5. Устаць, змяніць ляжалае або сядзячае становішча па стаячае. [Шура] сігануў туды [у маліннік], але зачапіўся за корань і паляцеў потырч у гразь. Хуценька ўзняўся, ступіў зноў і праваліўся па пояс.Ставер.[Андрэй:] — Паспрабаваў узняцца, але так кальнула ў назе, што ледзь не страціў прытомнасць.Лынькоў.Лакіна неспакойна ўзнялася, потым зноў села.Асіпенка.// Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Каб толькі не праспаць ды ўзняцца разам з сонейкам...Савіцкі.Мы ўзняліся рана, На сяло пайшлі.Бядуля.//перан.Разм. Паправіцца пасля хваробы. Зянон неўзабаве пачаў папраўляцца. А далей-болей ён і зусім ачуняў, узняўся на ногі.М. Ткачоў.
6. Скрануцца з месца з якой‑н. мэтай. Усе [пасажыры] ўзняліся са сваіх месцаў, хапіліся за клумкі .. і кінуліся к выйсцю на перон.Гартны.Акінуўшы нас — двух журналістаў — жвавым позіркам, .. [Іван Сяргеевіч] лёгка ўзняўся з пня і, крыху накульгваючы, накіраваўся ў лесагадавальнік.Мяжэвіч.З правага фланга чырвонаармейцы ўзняліся ў атаку.Кухараў.// Узляцець. Качкі чародкамі ўзняліся ў паветра.Ракітны.Узняўся ў неба гідрасамалёт, А вадалаз на дно спусціўся смела.Корбан.З-пад хвалі вынырнуў шчупак І носам ткнуў у мячык так, Што мяч у неба ўзняўся свечкай.А. Александровіч.// Падняцца ўверх, узвіцца (пра пыл, снег і пад.). Белае воблака снежнага пылу ўзнялося між дрэў.Паўлаў.Пачуўся пляск, узняўся цэлы сноп пырскаў.Колас.За спінай, ля тэатра, над якім узняўся слуп полымя, чуліся крыкі, страляніна, аўтамабільныя гудкі.Мікуліч.//перан.; нашто. Пачаць актыўныя дзеянні, барацьбу за што‑н., супроць чаго‑н. Ужо ў пачатку паэтычнай дзейнасці Купала стварыў велічны вобраз беларускага народа, які ўзняўся на барацьбу за сваё нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне.Ярош.Савецкі Саюз, магутная, вялікая Краіна Саветаў, узняўся на айчынную вайну.Новікаў.У паэме [«Вайна за мір» А. Дудара] пададзена панарама вялікага будаўніцтва, на якое ўзняўся ўвесь савецкі народ.Звонак.
7.(1і2ас.неўжыв.). Узнікнуць, пачаць праяўляцца ў дзеянні. Узнялася паніка: Узнялася страляніна. □ Па шашы, у кірунку на Антонаў луг, за возерам узняўся вялікі рух.Броўка.Троху-патроху ўзнялася жвавая гамонка, якая нарэшце перайшла ў тлумпы гармідар.Зарэцкі.Узняўся страшэнны вецер, загрукатаў гром.Ляўданскі.Апаўночы ўзняўся ў маёнтку пажар.Дубоўка./ Пра пачуцці, думкі. З самай глыбіні ягонай [Турковай] душы ўзняўся пратэст.Быкаў.
8. Павялічыцца ў росце; дасягнуць якога‑н. узроўню. Дзікаю травою ўсё тут зарасла, кусты ўзняліся ростам вышэй чалавека.Сташэўскі.За ноч сыраежкі, лісіцы Узняліся, нібы на дражджах.Калачынскі.Каламутная вада ўзнялася ў берагах, забурліла вольна, заліла прырэчныя нізіны.Хадкевіч.// З’явіцца, быць пабудаваным. Свядомасцю імкнешся ўбачыць карту радзімы — новыя гарады, якія ўзняліся на пустэчы, індустрыяльныя гіганты.Купала.З цяжкіх гранітных пліт узняўся маўзалей.Танк.// Уздуцца, успучыцца. Зашыпела .. [твань], узнялася частымі бурбалкамі.Сяркоў.//перан. Вырасці, стаць дарослым. А ўзняўся [Іванка], падрос — стаў парабкаваць у панскіх дварах.Дуброўскі.
9.(1і2ас.неўжыв.). Стаць больш высокім; павялічыцца, павысіцца. Узняліся цэны. □ К вечару ў Галіны ўзнялася тэмпература.Рамановіч.//перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Узнялася паспяховасць. Узнялася дысцыпліна. □ Майстэрства формы [рамана] не ўзнялося пакуль да той ідэальнасці, якую некалі сфармуляваў Чарнышэўскі.Юрэвіч.// Загучаць выразней, мацней, павысіцца (пра голас). Голас яго [сакратара] пацвярдзеў, узняўся, набыў інтанацыі, якія найбольш выразна Заносяць думкі да слухача.Хадкевіч.//перан. Стаць больш бадзёрым, палепшыцца (пра настрой, дух і пад.). Настрой у Лявона ўзняўся, і расхацелася ісці дамоў.Чарнышэвіч.
10.(1і2ас.неўжыв.). Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. заняпалае, запушчанае, разбуранае). Узнялася гаспадарка. □ З руін і папялішчаў ўзняліся гарады і сёлы роднай Беларусі.Пятніцкі.
11.перан. Раззлавацца, страціць раўнавагу. — Ірады вы, як вас толькі зямля носіць, — узнялася цётка Ганна.Дубоўка.
•••
Узняцца на ногі — тое, што і падняцца на ногі (гл. падняцца).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АХО́ВА ПРЫРО́ДЫ,
сістэма міжнар., дзярж., рэгіянальных і лакальных (мясцовых) гасп.-адм., тэхнал., паліт., юрыд. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, прыроды Зямлі і навакольнай касм. прасторы ў інтарэсах сучаснага і будучага іх выкарыстання чалавецтвам; глабальная праблема сучаснасці, што патрабуе сумесных намаганняў усіх дзяржаў і людзей па яе вырашэнні. Мае важнае гіст. і сац. значэнне, накіраванае на ўсталяванне сістэмы рацыянальнага прыродакарыстання; комплексная міжгаліновая дысцыпліна. Яе састаўныя часткі: ахова атмасферы, ахова водаў, ахова генафонду, ахова глебаў, ахова жывёл, ахова зямель, ахова лясоў, ахова нетраў, ахова раслін і інш. кампанентаў навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў. Уключае папераджальныя мерапрыемствы і актыўныя дзеянні грамадства па падтрыманні аптымальных узаемаадносін паміж дзейнасцю чалавека і навакольным прыродным асяроддзем, прадухілення шкоднага ўплыву гасп. дзейнасці на прыроду і здароўе чалавека, падтрыманне прадукцыйнасці прыроды і прыродных умоў, неабходных для забеспячэння паўнацэннага існавання чалавецтва. Асн. задачы: узгадненне развіцця навук.-тэхн. прагрэсу і нар. гаспадаркі з мерапрыемствамі па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, аздараўленне жыццёвага асяроддзя чалавека, захаванне біял. і ўсёй прыроднай разнастайнасці, рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы ўзаемадзеяння грамадства і прыроды, узгадненне адзіных для ўсіх краін знешнепаліт. прынцыпаў аховы планетарнага асяроддзя і інш. У адпаведнасці з гэтым створаны Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП, 1948), распрацавана «Сусветная стратэгія аховы прыроды» (1978, 1992), сфарміраваўся шэраг міжнар. грамадскіх арг-цый і рухаў за ахову прыроды («Грынпіс», рух і партыі «зялёных» і інш.). Рашэннем ААН штогод адзначаецца Міжнар. дзень аховы навакольнага асяроддзя (5 чэрвеня).
Ахова прыроды прадугледжвае сістэму практычных мерапрыемстваў: прыродазнаўча-навук. (вывучэнне і навук. абгрунтаванне асн. кірункаў аховы прыроды, экалагічная экспертыза праектаў), матэрыяльна-тэхн. (матэрыяльнае забеспячэнне прыродаахоўных мерапрыемстваў, укараненне дасягненняў навукі і тэхнікі, удасканаленне тэхнал. працэсаў; стварэнне безадходных і малаадходных тэхналогій), эканамічных (забеспячэнне эканам. эфектыўнасці экалагічных мер), вытворчых (гасп. рэалізацыя праектаў аховы прыроды), сан.-гігіенічных (папераджальныя аздараўленчыя меры), ідэалаг. (выхаванне экалагічнага светапогляду), прававых (распрацоўка і экалагізацыя заканадаўства), арганізацыйных (наладжванне дзейнасці органаў кіравання прыродакарыстаннем, прыродаахоўнага кантролю) і інш.
На Беларусі пад дзярж. аховай знаходзяцца ўсе прыродныя багацці незалежна ад ступені іх пераўтворанасці пад уплывам прыродных і штучных фактараў: зямля, воды, глебы, нетры, лясы, тыповыя ландшафты, рэдкія і каштоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, курортныя і памятныя мясціны, раслінны і жывёльны свет, паветра і інш. Асаблівасці аховы прыроды на Беларусі звязаны з вял. маштабамі гідратэхн.-меліярац. работ, лесаахоўных мерапрыемстваў, празмерным развіццём хім., перапрацоўчай і інш. галін прам-сці з вял. уплывам на прыроднае асяроддзе, шырокім выкарыстаннем у сельскай гаспадарцы мінер. угнаенняў і ядахімікатаў, радыеактыўным забруджваннем тэрыторыі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы і інш. У сувязі з гэтым ажыццяўляюцца шырокамаштабныя работы па ўдасканаленні прыродаахоўнага заканадаўства, меліярацыі зямель і рэкультывацыі ландшафтаў, аднаўленні лясоў, ачыстцы сцёкавых водаў, распрацоўцы і ўкараненні зваротных і паўторных сістэм водакарыстання, газаачышчальных і пылаўлоўных збудаванняў, ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, уключэнні малапрадукцыйных зямель і няўдобіц у с.-г.вытв-сць, навук. абгрунтаванні аховы і выкарыстання розных тыпаў зямель, распрацоўцы спец. рэсурса- і прыродаахоўных інж. збудаванняў і проціэразійных сістэм земляробства, кантролі за выкарыстаннем хім. рэчываў, вядзецца азеляненне населеных месцаў, развіваецца сетка асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў, распрацоўваюцца комплексныя і рэгіянальныя схемы аховы прыроды, адпаведныя яе палажэнні ўключаюцца ў праекты леса- і землеўпарадкавання, горадабудаўніцтва, бяруцца пад ахову радовішчы лек.мінер. водаў і тарфянікі, унікальныя прыродныя аб’екты абвешчаны помнікамі прыроды, ахоўваецца шэраг відаў каштоўных, рэдкіх і рэліктавых жывёл і раслін (гл.Ахоўныя жывёлы, Ахоўныя расліны), вядзецца Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь (выд. ў 1981 і 1993); прыродна-кліматычныя фактары шырока выкарыстоўваюцца для ўмацавання здароўя чалавека (турызм, зоны адпачынку, санаторыі, курорты і інш.). Як член ААН Беларусь удзельнічае ў ажыццяўленні Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), праграмы «Чалавек і біясфера» (ЧІБ), у агульнаеўрапейскай нарадзе па супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Заканадаўчыя, выканаўчыя і кантрольныя функцыі ў галіне аховы прыроды выконваюць Камісія Вярхоўнага Савета па пытаннях экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Дзяржэканамплан, мін-вы прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной гаспадаркі, аховы здароўя, па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і інш.Навук. асновай аховы жывой прыроды з’яўляецца экалогія, прыкладнымі пытаннямі займаецца інжынерная экалогія. Важная састаўная частка прыродаахоўнай дзейнасці — залучэнне да аховы прыроды грамадскасці. Дзейнічаюць Беларускае таварыства аховы прыроды і шэраг інш. грамадскіх арг-цый і фарміраванняў прыродаахоўнага профілю, Рэсп. экалагічны цэнтр навучэнцаў. Работу па ўзнаўленні колькасці дзікіх прамысл. жывёл і барацьбу з браканьерствам вядзе Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Прапагандай аховы прыроды займаюцца т-ва «Веды», нар. ун-ты, клубы аматараў прыроды, радыё і тэлебачанне. Развіваецца прыродаахоўная і экалагічная адукацыя. У большасці вышэйшых і сярэдніх навуч. устаноў уведзены курсы аховы прыроды. Спецыялістаў па ахове прыроды рыхтуюць БДУ і Бел.тэхнал.ун-т. Пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя створаны Бел.н.-д. цэнтр «Экалогія». Навук. даследаванні па ахове прыроды каардынуе Навук. савет па праблемах біясферы і Экалагічная камісія АН Беларусі. Кантроль за станам навакольнага асяроддзя ажыццяўляюць станцыя фонавага маніторынгу (Бярэзінскі біясферны запаведнік), пункт кантролю трансгранічнага пераносу паветра (г. Высокае Брэсцкай вобл.), Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр дыстанцыйнай дыягностыкі прыроднага асяроддзя «Экамір» і інш. Выдаецца экалагічны бюлетэнь «Стан прыроднага асяроддзя Беларусі», час. «Родная прырода», газеты «Экологический вестник», «Беларуская лясная газета», «Экология Минска» і інш.
На Беларусі ахова прыроды — канстытуцыйны абавязак кожнага чалавека і ўсяго грамадства. Заканадаўчай асновай аховы прыроды з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, законы «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» (1993), «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1995), «Аб ахове атмасфернага паветра» (1982), «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» (1982), «Аб ахове здароўя» (1970); кодэксы Беларусі: водны (1972), лясны (1979), аб нетрах (1976), аб зямлі (1990) і інш. палажэнні прыродаахоўнага заканадаўства, якія ўстанаўліваюць забаронныя, папераджальныя, рэгулятыўныя, аднаўленчыя і інш. абавязкі дзярж. і грамадскіх арг-цый, гаспадарак і грамадзян. Па асобных пытаннях аховы прыроды прыняты спец. пастановы і нарматыўныя акты, вызначана адм. і крымін. адказнасць за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства.
Літ.:
Лукашев В.К., Лукашев К.И. Научные основы охраны окружающей среды. Мн., 1980;
Марцинкевич Г.И. Использование природных ресурсов и охрана природы. Мн., 1977;
Основы природопользования. Мн., 1980;
Охрана природы: Природные ресурсы Белоруссии и их рациональное использование. 2 изд. Мн., 1972;
Развитие производительных сил и охрана природы. Мн., 1981;
Реймерс Н.Ф., Штильмарк Ф.Р. Особо охраняемые природные территории. М., 1978;
Реймерс Н.Ф., Яблоков А.В. Словарь терминов и понятий, связанных с охраной живой природы. М., 1982;
Справочник по охране природы. М., 1980;
Рамад Ф. Основы прикладной экологии: Воздействие человека на биосферу: Пер. с фр.Л., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
хто, каго, каму, каго, кім, аб кім, займ.
1.пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб жывых істотах і стане каго‑н. — Хто пытае? — пачуўся густы бас незнаёмага.Колас.— Пачакай, — раптам перарваў.. [гаспадар] сам сябе, — ты [Мішурын] кім быў да вайны?Чорны./ У рытарычных пытальных сказах. Праца вяла з пальцамі вечную барацьбу: а ну, хто каго?.Бядуля./ У рытарычных пытаннях і воклічах, у якіх маецца на мэце адмоўны адказ. Прыпасы ў кожнага, вядома, у іх [паляўнічых] былі, Бо хто ж, падумайце вы самі, Палюе з голымі рукамі?Корбан.
2. Ужываецца ў значэнні вылучальных або ўказальных займеннікаў: «каторы», «той». Вада ў Сожы выцвіла, памялела і так аддалілася ад берага, што рэдка хто з хлапчукоў даставаў яе каменьчыкам.Ракітны.Не страшна смерць Свабоду хто бараніць, Будуе хто Нязнаны новы свет.Чарот.
3.неазначальны. Разм. Хто-небудзь, хтосьці. Каб толькі хто ведаў, як не хочацца разлучацца з сябрамі!Шыловіч.
4.адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. [Туміловіч:] Я павінен ведаць, хто з нас на правільнай дарозе і каму ў каго вучыцца трэба.Крапіва./ Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Дырэктар:] — Хто цягне — на таго і кладуць.Шамякін.
5.адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы (пераважна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадноснага слова «той»). Той, хто праўды шукае, — У нас знойдзе яе, А хто вецер пасее, — Той буру пажне!Танк.— Хто харч носіць, той есці не просіць, кажуць людзі, і гэта святая праўда, хлопча, — заўважыў Роўда.Машара.У гутарку ўступіла дзяўчына.. У надышоўшым змроку не відаць было, ні хто яна, ні якая з твару.Мурашка.
6.адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы; па значэнню адпавядае слову «каторы». Камандзір роты быў адным з тых, хто разам з Тураўцом ствараў брыгаду.Мележ.Слава палкім байцам, хто за волю Радзімы загінуў.Хведаровіч.
7.адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт.Гроднеў.
8. Ужываецца ў размеркавальным значэнні пры супастаўленні членаў сказа і сказаў у значэнні: «адно..., другое». Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі.Брыль.Хто ў прэферанс захоплена гуляе, Хто забаўляецца ў вясёлае лато.А. Александровіч.
•••
Мала хто — нямногія.
Хто б ні быў — няважна хто, любы, усякі.
Хто дзе — у розных месцах.
Хто каго — аб барацьбе да поўнай перамогі аднаго з процілеглых бакоў.
Хто куды — у розныя бакі. Дождж лінуў нібы з вядра. Рамонтнікі кінуліся хто куды — шукаць сховішча.Навуменка.
Хто папала — пра няпэўнасць, выпадковасць каго‑н.; абы-хто, хто прыйдзецца.
Хто ў боб, хто ў гарох — пра нязладжаныя, хаатычныя дзеянні.
Хто ў лес, хто па дровы — не гуртам, уразброд, не дружна.
Хто што — адзін адно, другі другое.
Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — ніхто не ведае, невядома. Сена бераглі: хто яго ведае, якая там будзе зіма — раптам доўгая, тады кармоў не хопіць.Асіпенка.
Хто як — адзін так, другія інакш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)