Геало́гія ’геалогія’ (БРС). Рус. геоло́гия, укр. геоло́гія. Паводле Фасмера (1, 402), запазычанне з польск. geologia або лац. geologia (< грэч.). Шанскі (1, Г, 54) мяркуе, што рус. геоло́гия < ням. Geologie (а гэта — утварэнне на базе грэч. элементаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АФО́Н (Athōs), Аян-Орас (грэч. Святая гара),

манастырскі комплекс у Грэцыі, на п-ве Халкідыкі. Склаўся ў 10—11 ст. на месцы стараж.-грэч. калоніі. Засн. ў 962 грэкам Афанасіем (лаўра). У наступныя стагоддзі — буйны цэнтр правасл. царквы. З 1430 да 1913 анклаў у Турцыі, потым у складзе Грэцыі. Уключае 20 манастыроў, размешчаных у скалах. У цэнтры Афона — манастыр Прататон (засн. ў 10 ст.) з базілікай (фрэскі М.​Панселіна, 14 ст.). Манастырам характэрныя купальныя трыконхавыя цэрквы з вял. прытворам, часам упрыгожаныя фрэскамі і мазаікамі (неаднаразова перабудоўваліся і абнаўляліся): Лаўра (962—963), Моні-Івірон (980), Філатэос (12 ст.), Аяс-Паўлас (11—14 ст.). У комплекс уваходзяць таксама манастыры сербскі Хіландар, рус. св. Панцеляймона (абодва 12 ст.), балг. Заграфа (11—13 ст.) і інш. У манастырах багатыя калекцыі візант. рукапісаў, абразоў, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Літ.:

Chreston P. Athos: History, monuments, life. Thessaloniki, 1970.

Да арт. Афон. Комплекс манастыроў.
Да арт. Афон. Абраз з манастыра Заграфа.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІНО́ПАЛЬ (грэч. Konstantinupolis, лац. Constantinopolis), Царград,

сталіца Рымскай (330—395) і Візантыйскай (395—1453, акрамя 1204—61) імперый. Засн. ў 324—330 рым. імператарам Канстанцінам I (адсюль назва) на месцы стараж.-грэч. калоніі Візантый. Развіццю горада спрыяла зручнае геагр. размяшчэнне (на перакрыжаванні гандл. шляхоў з Зах. Азіі ў Егіпет і з Міжземнага м. ў Чорнае). Яго неаднаразова асаджвалі авары (626), арабы (673—677, 717—718), балгары (814), усх. славяне (напр., Алег). Да канца 11 ст. дамінуючы гандл.-рамесніцкі і культ. цэнтр Візантыі. У 1204 захоплены і разрабаваны крыжаносцамі, якія зрабілі горад сталіцай створанай імі (1204) Лацінскай імперыі. У 1261 адваяваны візантыйцамі пры падтрымцы генуэзцаў. Найбуйнейшы (больш за 100 тыс. жыхароў) і найбагацейшы горад сярэдневяковай Еўропы. Яго лічылі сваёй рэліг. і культ. сталіцай паўд. і ўсх. славяне (называлі Царград). У 1453 захоплены і разрабаваны туркамі-асманамі, перайменаваны ў Стамбул (сталіца Турцыі да 1923; назва «К.» ужывалася ў еўрап. і інш. краінах да 1920-х г.).

т. 7, с. 595

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎРЭР (Maurer) Георг Людвіг фон (2.11.1790, Эрпальцгайм, каля г. Дзюркгайм, Германія — 9.5.1872),

нямецкі дзярж. дзеяч, гісторык, стваральнік абшчыннай тэорыі. З 1826 праф. права ў Мюнхенскім ун-це. Займаў вышэйшыя пасады ў суд. ведамстве Баварыі. У 1832—34 адзін з рэгентаў пры грэч. каралю Атоне I Баварскім, рэарганізаваў там судовую сістэму, зрабіў грэч. царкву незалежнай ад візант. патрыярха. Ў 1847 фактычна старшыня баварскага ўрада (міністр замежных спраў і юстыцыі). Быў прыхільнікам канстытуцыйнай манархіі, якая, на яго думку, павінна засноўвацца на абшчынных прынцыпах. Даследаваў гісторыю маркі ў Германіі; лічыў яе рэшткамі першапач. агр. камунізму, характэрнага для стараж. германцаў. Аўтар 12-томнай серыі прац, прысвечаных развіццю сац.-эканам. ладу Германіі ў сярэднявеччы, у т. л. «Гісторыі стану марак у Германіі» (1856), «Гісторыі панскіх двароў, сялянскіх двароў і стану сядзіб у Германіі» (т. 1—4, 1862—63), «Гісторыі стану вёскі ў Германіі» (т. 1—2, 1865—66).

Літ.:

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988.

т. 10, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСЕ́НІЯ (грэч. Messenia),

гістарычная вобласць у Стараж. Грэцыі на ПдЗ п-ва Пелапанес. У старажытнасці яе насялялі лелегі. Паводле Гамера, тэр. М. складала аснову магутнага царства стараж. грэч. цара Нестара са сталіцай у г. Пілас. У 12 і 9 ст. да н.э. пацярпела ад нашэсця дарыйцаў, якія паступова асімілявалі мясц. насельніцтва. У выніку паражэння ў Месенскіх войнах у 8—7 ст. да н.э. пад уладай Спарты. Незалежнасць адноўлена ў 369 да н.э. пасля перамогі Эпамінонда над Спартай. М. са сталіцай у г. Месіна супрацьстаяла спартанскаму ўплыву ў Пелапанесе. У 3 ст. да н.э. далучылася да Ахейскага саюза, у 146 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Ахая.

Літ.:

Колобова К.М. Древняя Спарта (X—VI вв. до н.э.). Л., 1957;

Блаватская Т.В. Ахейская Греция во втором тысячелетии до н.э. М., 1966;

Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;

Павсаний. Описание Эллады: Пер. с греч. Т. 1—2. Спб., 1994.

У.​Я.​Новікаў.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІЦЫЯ́НА (Poliziano; сапр. Амбраджыні; Ambrogini) Анджэла

(14.7.1454, г. Мантэпульчана, Італія — 29.9.1494),

італьянскі паэт; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў гуманіст. л-ры італьян. і еўрап. Адраджэння. Вывучаў у Фларэнцыі стараж. мовы, л-ру і філасофію. З 1480 праф. Фларэнційскага ун-та. Пісаў на італьян., лац. і стараж.-грэч. мовах. Літ. дзейнасць пачаў з перакладу на лац. мову 2—5-й песень «Іліяды» Гамера (1470—74) і эпіграм на грэч. мове (1471). Найб. значныя яго творы — паэма «Стансы на турнір» (1475—78) і вершаваная драма «Паданне пра Арфея» (паст. 1480), у якой расчараванні паэта ў мажлівасцях паэзіі і пэўны скептыцызм у адносінах да чалавека як гарманічнай істоты. Аўтар гіст. «Запісак пра змову Пацы» (1478), лекцый-уводзін для вывучэння ант. паэтаў «Лясы» (1482—86), шматлікіх од, элегій, эпіграм і каментарыяў на лац. мове. У светапоглядзе П. адлюстраваўся пераломны момант італьян. Адраджэння, якое ў яго творах атрымала найб. яскравую літ. форму.

Тв.:

Рус. пер. — Сказание об Орфее. М.; Л., 1933.

С.​В.​Логіш.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПІ́РУС (лац. papyrus ад грэч. papuros),

пісчы матэрыял, які ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі вырабляўся з травяністай расліны папірусу, а таксама рукапісы на гэтым матэрыяле. Упершыню вынайдзены ў Стараж. Егіпце ў пач. 3-га тыс. да н.э. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. шырока распаўсюдзіўся ў іншых краінах Міжземнамор’я. Для прыгатавання пісчага матэрыялу стрыжань сцябла расліны разразалі на падоўжныя палосы, шчыльна ўкладвалі на гладкую дошку, склейвалі, клалі пад прэс і высушвалі на сонцы — атрымлівалі доўгую трывалую старонку. Старонкі склейвалі і скручвалі ў скруткі. У Егіпце П. карысталіся да 9 ст. н.э. Дакументы папскай канцылярыі пісаліся на П. яшчэ ў 11 ст., з 8 ст. яго пачала замяняць папера (слова паходзіць ад «П.»), якая пранікла ў Еўропу з Кітая праз Багдад. Захаваліся егіп., грэч., лац., копцкія, арабскія і інш. П. — каштоўная крыніца для вывучэння гасп., культ. і паліт. жыцця Стараж. Егіпта і антычнага свету. Тэксты П. вывучае папіралогія.

Літ.:

Коростовцев М.А. Введение в египетскую филологию. М., 1963. С. 19—27.

Папірус.

т. 12, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЯРЫ́К (грэч. Paterikon ад patēr бацька),

агульная назва зборнікаў дыдактычных навел пра жыццё і аскетычныя подзвігі хрысціянскіх манахаў і пустэльнікаў, а таксама збораў іх павучальных выказванняў. Блізкія да літ. традыцыі жыцій святых, але ў адрозненне ад іх абмяжоўваліся найб. займальнымі і дыдактычнымі эпізодамі біяграфіі падзвіжніка. Падзяляюцца на жыццяпісы падзвіжнікаў (Егіпецкі, Рымскі, Сінайскі П.), пераважна апавяд. характару, і іх выказванні і павучанні (Алфавітны, Іерусалімскі, Скіцкі П.), пераважна павучальна-афарыстычнага характару. На слав. глебе складзены вялікі Зводны П. (14 ст.) і Афонскі П. Грэч. П. перакладзены паўд. славянамі на стараслав. мову і з 11—12 ст. перайшлі ў стараж.-рус. л-ру. На Русі П. атрымалі шырокае развіццё і паўплывалі на шэраг літ. помнікаў (напр., «Жыціе Феадосія Пячэрскага»), Шматлікія навелы П. ўвайшлі ў склад «Пралога», «Міней-Чэцій», «Сінодыкаў». На ўзор перакладных на Русі створана шмат мясц. П., з якіх найб. выдатны «Кіева-Пячэрскі пацярык». Навелы П. маюць пэўнае гіст.-літ. значэнне, адыгралі станоўчую ролю ў развіцці апавяд. прозы ўсх. славян.

Публ.: Синайский патерик: [Текст и палеогр. описание]. М., 1967.

т. 12, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЯ́НА-ГРЭ́КА-ЛАЦІ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ,

адна з першых агульнаадук. вышэйшых навуч. устаноў у Расіі. Засн. ў Маскве ў 1687 па ініцыятыве Сімяона Полацкага, наз. Эліна-грэч. акадэміяй або Славяна-грэка-лац. вучылішчам. Размяшчалася ў Заіканаспаскім манастыры. Першыя кіраўнікі і выкладчыкі — грэкі-манахі, д-ры Падуанскага ун-та браты Іаанікій і Сафроній Ліхуды. Рыхтавала святароў, перакладчыкаў, рэдактараў кніг, выкладчыкаў. У межах акадэміі ажыццяўляліся рэцэнзаванне духоўных кніг, выпраўленне слав. перакладу Бібліі, барацьба з ератыкамі і вераадступнікамі. У 17 ст. выкладаліся слав., грэч. і лац. мовы, «сем вольных мастацтваў» і багаслоўе. З 18 ст. курс навучання пашырыўся (ням. і франц. мовы, медыцына, фізіка). У 1701 акадэмія перайменавана ў Славяна-лацінскую, у 1775 — у С.-г.-л.а. У 1814 пераўтворана ў Маскоўскую духоўную акадэмію і пераведзена ў Троіца-Сергіеву лаўру. У акадэміі вучыліся многія вядомыя дзеячы рус. культуры 17—18 ст., у т. л. М.​В.​Ламаносаў, А.​Дз.​Кантэмір, В.​К.​Традзьякоўскі, першы рус. д-р медыцыны П.​В.​Поснікаў і інш.

т. 14, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНТАКРА́ТЫЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + kratos улада],

прынцып кіравання, пры якім улада належыць старэйшым. Тэрмін герантакратыі ўведзены ў этнаграфіі ў пач. 20 ст. і выкарыстоўваецца для аналізу структур улады на ранніх формах грамадскага ладу, пазней у класавым грамадстве. У пераносным сэнсе герантакратыя сімвалізуе адсталасць, кансерватызм, застойнасць мыслення і бяздзейнасць.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)