САВЕ́ЦКА-ГЕРМА́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ,

пагадненні і дагаворы, заключаныя ў 20 ст. паміж СССР (да канца 1922 РСФСР) і Германіяй [у 1949—90 асобна з Герм. Дэмакр. Рэспублікай (ГДР) і ФРГ]. Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918 (гл. Брэсцкі мір 1918). Часовае пагадненне 1921 аб гандл.-эканам. адносінах, падпісана 6 мая ў Берліне на няпэўны тэрмін. Прадугледжвала стварэнне гандл. прадстаўніцтва РСФСР у Германіі, аднаўленне двухбаковых консульскіх адносін, паштовых, тэлегр. і радыётэлегр. зносін, гандл. сувязей і інш. Заключэнне пагаднення азначала прызнанне РСФСР Германіяй дэ-факта. Скасавана дагаворам 1925. Дагавор 1922 (гл. Рапальскі дагавор 1922). Дагавор 1925, падпісаны 12 кастр. ў Маскве. Складаўся з агульнай часткі і асобных пагадненняў (Аб пасяленні і агульнаправавой абароне, Эканамічнага, Чыгуначнага, Аб мараплаванні, Аб падатках, Аб гандл. трацейскіх судах, Аб ахове прамысл. уласнасці). У развіццё дагавора заключаны пратакол 21.12.1928. Дагавор 1926 аб ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 24 крас. ў Берліне на 5 гадоў. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж СССР і Германіяй застаецца Рапальскі дагавор 1922. Прадугледжваў, што ў выпадку нападу на адзін з дагаворных бакоў трэцяй краіны або групы трэціх дзяржаў другі бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго ўзбр. канфлікту. Пратаколам ад 24.6.1931 дагавор працягнуты на няпэўны тэрмін. Фармальна ён дзейнічаў да нападу нацысцкай Германіі на СССР (22.6.1941). Дагавор 1939 аб ненападзе (гл. Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Дагавор 1939 аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй, падпісаны 28 вер. ў Маскве наркомам замежных спраў СССР В.​М.​Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі І.​Рыбентропам. Прадугледжваў «аднаўленне міру і парадку» на тэр. «былой Польскай дзяржавы» і ажыццяўленне тут «неабходнага дзярж. пераўладкавання» (на З ад вызначанай мяжы яно праводзілася Германіяй, на У — Сав. Саюзам); «пераўладкаванне» разглядалася як «надзейны фундамент для далейшага развіцця сяброўскіх адносін» паміж народамі СССР і Германіі. Вызначыў сав.-герм. граніцу па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Сакрэтным пратаколам да дагавора ў сферу інтарэсаў СССР уключалася Літва, а Германія атрымлівала ч. Польшчы (Люблінскае і ч. Варшаўскага ваяв.). 2-м сакрэтным пратаколам бакі абавязваліся не дапускаць на сваіх тэр. варожай польскай агітацыі. Даверны пратакол да дагавора, пагадненні і дагаворы ад 16.11.1939, 10.6.1940, 31.8.1940 і 10.1.1941 рэгулявалі памежныя адносіны (у т. л. прававыя), узаемныя перасяленні немцаў з СССР і беларусаў, літоўцаў, украінцаў з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы). Дагавор, як і папярэдні пакт аб ненападзе ад 23.8.1939, быў палітычна памылковым, супярэчным нормам міжнар. права. Гэта і юрыд. несапраўднасць абодвух дагавораў канстатаваў 11 з’езд нар. дэпутатаў СССР (пастанова ад 24.12.1989). Дагавор 1955 аб адносінах паміж СССР і ГДР, падпісаны 20 вер. ў Маскве на няпэўны тэрмін. Абумовіў, што сав. войскі, часова размешчаныя на тэр. ГДР са згоды яе ўрада, не ўмешваюцца ва ўнутр. справы і грамадска-паліт. жыццё краіны. Дагавор 1957 аб гандлі і мараплаванні (падпісаны 27 вер. ў Берліне на няпэўны тэрмін), Пагадненне 1958 па агульных пытаннях гандлю і мараплавання (падпісана 25 крас. ў Боне), Пагадненне 1973 аб развіцці эканам., прамысл. і тэхнічнага супрацоўніцтва (падпісана 19 мая ў Боне на 10 гадоў), Пагадненне 1978 аб развіцці і паглыбленні доўгатэрміновага супрацоўніцтва СССР і ФРГ у галіне эканомікі і прамысловасці (падпісана 6 мая ў Боне на 25 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні эканам. супрацоўніцтва СССР з ГДР (першы дагавор) і ФРГ (астатнія пагадненні). Дагавор 1964 аб дружбе, узаемнай дапамозе і супрацоўніцтве (падпісаны 12 чэрв. ў Маскве на 20 гадоў), Дагавор 1975 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе (падпісаны 7 кастр. ў Маскве на 25 гадоў), Пагадненне 1978 аб культурным і навуковым супрацоўніцтве (падпісана 12 мая ў Берліне на 10 гадоў), Дагавор 1970 (Маскоўскі дагавор; падпісаны 12 жн. ў Маскве), Пагадненне 1973 аб культурным супрацоўніцтве (падпісана 19 мая ў Боне на 5 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні знешнепаліт. і гуманіт супрацоўніцтва СССР з ГДР (першыя 2 дагаворы і пагадненне) і ФРГ (дагавор 1970 і пагадненне 1973).

Літ.:

Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг.). Мн., 1979;

Павлов Я.С. Советско-германские договоры 1939—1941 гг : трагедия тайных сделок. Мн., 1996.

У.​Е.​Снапкоўскі (дагавор ад 28.9.1939), У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫЛЕ́РЫЯ (франц. artillerie),

1) род войскаў, прызначаны для абслугоўвання і баявога выкарыстання артыл. ўзбраення. Ва ўсіх арміях свету выконвае баявыя задачы ў інтарэсах інш. родаў войскаў.

У сучасных сухапутных войсках падзяляецца на артылерыю вайсковую (палявую) — армейскую, карпусную, палкавую і да т.п. і рэзерву Гал. камандавання, на наземную (бывае пушачная, гаўбічная, рэактыўная, процітанкавая, горная і мінамёты) і зенітную. Залежна ад спосабу арганізацыі ўзаемадзеяння з інш. родамі войскаў адрозніваюць артылерыю прыдадзеную (на час выканання баявой задачы перадаецца ў распараджэнне камандзіра злучэння, часці) і артылерыю падтрымкі (застаецца ў падначаленні ст. артыл. камандзіра, але выконвае агнявыя задачы, пастаўленыя агульнавайск. камандзірам). Артылерыя ў ВПС — авіяц. пушкі на самалётах і верталётах. У ВМФ падзяляецца на карабельную (у т. л. зенітную) і берагавую.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь артылерыя складаецца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў уласнаствольных артыл. сістэм, процітанкавых кіроўных ракет, а таксама падраздзяленняў артыл. разведкі і спец. падраздзяленняў, што ўваходзяць у склад артыл. злучэнняў і часцей. Артыл. злучэнні і часці, што не належаць да вайсковай артылерыі, з’яўляюцца рэзервам Гал. камандавання і прызначаны для ўзмацнення дзеянняў агульнавайск. падраздзяленняў, а таксама для стварэння артыл. рэзерваў.

2) Від зброі або сукупнасць прадметаў артыл. ўзбраення, уключаючы сродкі наземнай і паветр. разведкі, сувязі, назірання, кіравання агнём, цягі, транспарту і інш. 3) Навука, якая вывучае асновы будовы матэрыяльнай часткі агнястрэльнай зброі, яе ўласцівасці і спосабы выкарыстання ў баі. Асн. раздзелы: унутраная і знешняя балістыка, асновы будовы матэрыяльнай часткі боепрыпасаў, выбуховыя сродкі і порахі, тэхналогія артыл. вытв-сці, тактыка, тэорыя стральбы, гісторыя артылерыі.

Самы ранні этап развіцця артылерыі — сценабітная і кідальная зброя краін Стараж. Усходу (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), Грэцыі і Рыму. З вынаходствам пораху ўзнікла агнястрэльная зброя: у Кітаі ў 11 ст., у Еўропе першыя ўзоры яе з’явіліся ў Італіі, Францыі. Германіі, Англіі, на Беларусі — у 14 ст. Войскі ВКЛ упершыню сутыкнуліся з новай зброяй у 1341, калі ў час аблогі крыжацкага замка Баербург «вогненнай стралой» быў забіты вял. князь Гедзімін. У 1382 войскі ВКЛ ужо мелі ўласныя бамбарды, пры дапамозе якіх штурмавалі ордэнскі замак Георгенбург. Першыя гарматы рабілі з дрэва (Кітай, Галандыя), потым з жалеза ў выглядзе каванай метал. трубы, якая мацавалася да масіўнай драўлянай калодкі. Ядры напачатку былі драўляныя і каменныя, пазней алавяныя і бронзавыя. У 14 ст. з’явіліся гарматы з бронзы (на Беларусі іх выраблялі майстэрні ў Полацку, Віцебску, Навагрудку і інш.). У 1384 кідальныя балісты, зробленыя на Беларусі, выкарыстоўваліся супраць войскаў Лівонскага ордэна. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — майстэрня па вытв-сці куль і ядраў Бараньская кульня. У 16—17 ст. гарматы ставілі на колы, у іх з’явіўся перадок з зараднай скрыняй. Ядры былі жалезныя, чыгунныя і нават шкляныя. Напачатку артылерыю на Беларусі абслугоўвалі наёмныя пушкары з Германіі, Чэхіі, Галандыі (у іх вучыліся бел. майстры), з сярэдзіны 16 ст. абыходзіліся без іх. Вядомы імёны майстроў Сцяпана і Пятра з Нясвіжа (канец 16 — пач. 17 ст.), К.​Ганусава з Быхава (2-я пал. 16 ст.) і інш. У 1-й пал. 17 ст. выпушчаны падручнікі па артыл. справе на лац. і польскай мовах: італьянца Андрэя дэль’-Аква, іспанца Дыега Уфана, ураджэнца Беларусі К.Семяновіча. У 18 ст. артыл. гарматы выраблялі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі выраб гармат спынены, эпізадычна для асобных магнатаў рабіліся невял. гарматы-салютоўкі. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін пачаўся пераход да наразной артылерыі. У пач. 20 ст. артылерысты ўпершыню вялі стральбу з закрытых агнявых пазіцый, быў створаны і выкарыстаны мінамёт (1904—05). У перыяд 1-й сусв. вайны з’явілася артылерыя суправаджэння, зенітная, процітанкавая, былі ўдасканалены мінамёты. 2-я сусв. вайна выклікала ўсебаковае развіццё зенітнай, процітанкавай, рэактыўнай і самаходнай артылерыі, выкарыстоўвалася артылерыя вялікай і асаблівай магутнасці. Узніклі новыя формы баявых дзеянняў артылерыі, павялічылася яе шчыльнасць на ўчастках прарыву (да 200—300 гармат на 1 км фронту). Вопыт баявога выкарыстання артылерыі даў багаты матэрыял для развіцця артыл. навукі. Удасканаленне артылерыі працягваецца.

Літ.:

Передельский Г.Е., Токмаков А.И., Хорошилов Г.Т. Артиллерия в бою и операции. М., 1980;

Отечественная артиллерия, 600 лет. М., 1986;

Nowak T. Polska technika wojenna XVI — XVIII w. Warszawa, 1970.

М.​Р.​Плахотны, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Артылерыя. Ручная кідальная зброя даагнястрэльнай эпохі: 1, 2 — нервабалістычныя баявыя гарматы; 3, 4 — барабалістычныя гарматы (а — гіганцкіх памераў, б — з процівагай); 5 — акрабаліста (таксабаліста).
Да арт. Артылерыя. Гарматы 11 — пач. 20 ст.: 1 — старажытная кітайская драўляная гармата 11 ст.; 2 — марціра 14 ст.; 3 — доўгая французская серпанціна 15 ст.; 4 — гафуніца 1542; 5 — трохфунтовая палявая пушка 1700; 6 — бронзавая марціра Чохава 1606; 7 — «сакрэтная гаўбіца» Шувалава 1754; 8 — руская шасцідзюймовая аблогавая гармата 1877; 9 — 122-мм палявая скарастрэльная гаўбіца ўзору 1910; 10 — 76-мм зенітная пушка ўзору 1915.
Да арт. Артылерыя. I. Гарматы 16 — 17 ст. з Нясвіжскага замка: 1, 2, 3 — з фігурнымі аздабленнямі, 4 — з серыі Германа Мольтфельда. II. Гарматы корпуса артылерыі ВКЛ канца 18 ст.: 1 — адна—трохфунтовая палявая гармата, зробленая на аўстрыйскі ўзор, 2 — двух—васьміфунтовая гаўбіца, зробленая на ўзор французскай гаўбіцы сістэмы Грыбаваля (лафет паказаны ў разрэзе). III. Адна з гармат польска-беларуска-літоўскіх паўстанцаў 1863 — 64 (паводле Баляслава Галэцкага).
Да арт. Артылерыя. Гарматы перыяду 1-й і 2-й сусветных войнаў: 1 — 155-мм палявая пушка (Францыя); 2 — 76-мм палявая скарастрэльная пушка ўзору 1902 (Расія); 3 — 210-мм аблогавая гаўбіца Крупа (Германія); 4 — 305-мм марціра (Аўстрыя); 5 — 105-мм гаўбіца (ЗША); 6 — шасціствольны мінамёт (Германія); 7 — 105-мм лёгкая гаўбіца (Германія); 8 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-13 (СССР); 9 — 76-мм самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-76 (СССР).
Да арт. Артылерыя. Сучасная артылерыя: 1 — 139,7-мм пушка МК-3 (Вялікабрытанія); 2 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-24 (Расія); 3 — 90-мм самарушная процітанкавая пушка (ФРГ); 4 — устаноўка рэактыўных кіроўных процітанкавых снарадаў 55-II (Францыя); 5 — 122-мм самаходная гаўбіца (Расія); 6 — 203-мм самаходная гаўбіца M 1101 E2 (ЗША); 7 — 105-мм горная гаўбіца ўзору 1956 (Італія); 8 — 122-мм гаўбіца Д-30 (Беларусь).

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУЛЬПТУ́РА (лац. sculptura ад sculpo выразаю, высякаю),

від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць фізічна-матэрыяльны, прадметны аб’ём і трохвымерную форму, размешчаную ў рэальнай прасторы. Вырабляецца з дрэва, каменю, гіпсу, косці, гліны, металу, пластмасы і інш. матэрыялаў. Найб. пашыраны аб’ект выявы — чалавек, радзей жывёлы (анімалістычны жанр), прырода (пейзаж), нацюрморт. У 20 ст. ўзнікла і распаўсюдзілася абстрактная С., для стварэння якой часта выкарыстоўваюць нетрадыц. матэрыялы (дрот, надзіманыя фігуры і інш.; гл. таксама Кінетычнае мастацтва). Гал. выразныя сродкі С. — пастаноўка фігуры ў прасторы, перадача яе руху, позы, жэста, святлоценявая мадэліроўка, якая ўзмацняе рэльефнасць формы, фактура лепкі або апрацоўка матэрыялу, архітэктанічная арганізацыя аб’ёму, зрокавы эфект яго масы, вагавых суадносін, выбар прапорцый. Аб’ёмная С. будуецца ў рэальнай прасторы па законах гармоніі, рытму, раўнавагі, узаемадзеяння з навакольным арх. ці прыродным асяроддзем і на аснове анатамічных або структурных асаблівасцей мадэлі. Асн. разнавіднасці С.: круглая С., што свабодна размяшчаецца ў прасторы (статуя, група, торс, бюст, статуэтка і інш.) і рэльефная, у якой аб’ёмныя выявы размяшчаюцца на плоскасці (барэльеф, гарэльеф, контррэльеф, паглыблены рэльеф). У залежнасці ад прызначэння С. падзяляецца на станковую (гл. Станковае мастацтва), манументальную скульптуру, манументальна-дэкаратыўную скульптуру, скульптуру малых форм, надмагільную пластыку (гл. Надмагілле), медальернае мастацтва, гліптыку і інш. Тэхналогія яе стварэння ўключае лепку, разьбу, апрацоўку цвёрдых матэрыялаў, фармоўку, адліўку, чаканку, зварку і інш.

Раннія формы і віды С. існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У неаліце С. (круглая, звычайна выявы невял. памераў) рэзалі з мяккіх парод каменю, косці, дрэва; схематычныя рэльефы выконвалі на каменных пласцінах і сценах пячор. Часта скульптурнымі выявамі ўпрыгожвалі прадметы побыту, прылады працы і палявання; іх выкарыстоўвалі і ў якасці амулетаў. У рабаўладальніцкі перыяд С. выкрышталізавалася ў асобны від дзейнасці са спецыфічнымі задачамі (гл. ў арт. Егіпет Старажытны, Шумер, Акад, Вавілонія, Асірыя, Скіфы). Развітыя віды С. (гіганцкія выявы людзей і жывёл, рэльеф, партрэт) вядомы ў народаў Стараж. Усходу і Амерыкі. Адзін з найвыш. этапаў гісторыі С. — антычнае мастацтва (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет, Праксіцель, Скопас) з характэрнымі для яго ідэалам гарманічна развітога чалавека-грамадзяніна, з дасканалым уключэннем С. ў арх. ансамблі. Культавая С. сярэдневякоўя ў Еўропе і Азіі аб’ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. У 2-й пал. 13 — пач 14 ст. пачалі складвацца рысы Адраджэння (Н.​Пізана і інш.). Увасабленне ідэалаў гуманізму Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Якопа дэла Кверча, А.​Верок’ё, Мікеланджэла (Італія), К.​Слютэра (Бургундыя), Ж.​Гужона, Ж.​Пілона (Францыя), М.​Пахера (Аўстрыя), А.​Крафта, Ф.​Штоса, Т.​Рыменшнайдэра (Германія). Цікавасць да вырашэння дэкар. задач вылучае С. маньерызму (Б.​Чэліні, Італія, і інш). С. барока вызначаецца дынамічнымі формамі, імкненнем да ўрачыстасці і пышнасці: Л.​Берніні (Італія), А Шлютэр (Германія), П.​Пюжэ (Францыя).

Рысы барока і класіцызму развівалі Ф.​Жырардон, А.​Куазевокс (Францыя) і інш. У перыяд класіцызму побач з гіст., міфалагічнай і алегарычнымі тэмамі (А.​Канова ў Італіі, Б.​Торвальдсен у Даніі) вял. значэнне набыў партрэт (Ж.​Б.​Пігаль, Э.​М.​Фальканэ, Ж.​А.​Гудон у Францыі). Пошукі новых выразных сродкаў, эмац. напружанасць уласцівы С. эпохі рамантызму (П.​Ж.​Давід д’Анжэ, А.​Л.​Бары, Ф.​Руд у Францыі). У С. Расіі ў 18 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковых рэліг. форм да свецкага мастацтва (Б.​К.​Растрэлі і інш). Пазней рас. С. развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў. Сярод прадстаўнікоў рус. акад. школы С. Ф.​Шубін, М.​Казлоўскі, Ф.​Шчадрын, І.​Мартас, В.​Дэмут-Маліноўскі, С.​Піменаў і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў рас. і зах.-еўрап. С. класіцызму пераходзіць у салоннае мастацтва, якому проціпастаўляецца рэаліст. кірунак (гл. Рэалізм, Ж.​Далу ў Францыі, К.​Менье ў Бельгіі і інш.). У канцы 19—пач. 20 ст. ў перыяд стылю мадэрн С. ствараецца як адзінае цэлае з інтэр’ерам, фасадам; складваюцца імпрэсіянізм (А.​Радэн, Францыя), сімвалізм. Сярод найбуйнейшых скульптараў пач. 20 ст. А.​Бурдэль, А.​Маёль, Ш.​Дэсп’ё (Францыя), Э.​Барлах (Германія), І.​Мештравіч (Харватыя), К.​Брынкушы (Румынія). Розныя кірункі рас. С. ўвасоблены ў творах П.​Трубяцкога, С.​Канёнкава, А.​Мацвеева, М.​Андрэева і інш. Пластычная выразнасць форм набывае асн значэнне ў С. М.​Роса (Італія), А.​Джакамеці (Швейцарыя), Г.​Кольбе (Германія). Мадэрнісцкі эксперыменталізм 20 ст. прывёў да выкарыстання ў С. нетрадыц матэрыялаў. У рэчышчы мадэрнізму працавалі Г.​Арп, А.​Архіпенка, Н.​Габа, А.​Колдэр, А.​Пеўзнер, П.​Пікасо. Сярод найбуйнейшых скульптараў 20 ст. Г.​Мур (Вялікабрытанія), І.​Ногучы (ЗША), К.​Дунікоўскі (Польшча), Ф.​Крэмер, О.​Шлемер (Германія), Дж.​Манцу (Італія), В.​В.​Аалтанен (Фінляндыя), С.​Лебедзева, В.​Мухіна, І.​Шадр, Л.​Шэрвуд, Я.​Вучэціч, М.​Анікушкін, А.​Кібальнікаў, Э.​Неізвесны, О.​Цадкін (Расія), Ю.​Мікенас, Г.​Якубоніс (Літва).

На тэр. Беларусі найб. раннія помнікі С. адносяцца да эпохі неаліту (гл. Асавецкія творы першабытнага мастацтва, Багушэвіцкая статуэтка, Шклоўскі ідал). У помніках С. часоў Кіеўскай Русі адметны ўплыў візант. мастацтва: каменныя разныя абразкі «Канстанцін і Алена» з Полацка, «Хрыстос Эмануіл» з Пінска (абодва 12 ст.), «Мікола і Стафан» і двухбаковы абраз «Пётр. Маці Божая» з Мінска (13 ст.), касцяны двухрадны абраз з Турава (15—16 ст.), абразок «Маці Божая Жыровіцкая» з яшмы (1470) і інш. У канцы 14—15 ст. у С. ўзмацніўся ўплыў зах.-еўрап. мастацтва. Цесная ўзаемасувязь з архітэктурай і яе маст. стылямі характэрна для культавай каменнай і драўлянай С. (гл. Скульптура драўляная). Традыцыі Адраджэння паўплывалі на мемарыяльную пластыку 16—17 ст.: надмагіллі М.​К.​Радзівіла ў Нясвіжскім касцёле езуітаў (17 ст.), сям’і П.​Сапегі (пасля 1599 — пасля 1635). Своеасаблівасцю, высокім маст. узроўнем вызначаецца С. бел. барока: «Св. Себасцьян», «Св. Рох» з Навагрудка (пач. 17 ст.), С. алтароў Гродзенскага касцёла езуітаў (1736), Пінскага касцёла францысканцаў (18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. майстроў працавала ў Рус. дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы (гл. Беларуская рэзь); вядомы паліхромныя маёлікавыя рэльефныя выявы апосталаў, выкананыя С.​Палубесам. У 17—18 ст. узнікла свецкая С. (бюсты магнатаў, гіст. дзеячаў). З 2-й пал. 18 ст. С. набыла рысы ракако. Вобразы, створаныя ў гэты перыяд, захоўваюць манументальнасць, глыбіню і ўнутр. значнасць. Побач з дрэвам пашыраны С. са стука: канфесіянал і алтар са С. у касцёле бернардзінак у Слоніме (1751—64, лепшчык Я.​Хедэль) і інш. У С. канца 18 ст. прыкметны ўплыў класіцызму; яны вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў: «Маці Божая» з в. Ганута Вілейскага р-на, стукавы дэкор у Свяцкім палацы (Гродзенскі р-н; мастакі Т.​Манькоўскі, А.​Смуглевіч), Верхнім замку ў Гродне, касцёле Ганны ў в. Мосар Глыбоцкага р-на і інш. Рысы позняга класіцызму ўласцівы творам К.​Ельскага, А.​Скірмунт, А.​Ромера. У творчасці мастакоў канца 19 — пач. 20 ст. прыкметны рысы мадэрнізму: Я.​Тышынскі, Я.​Багушэўскі, К.​Змігродскі, А.​Краснапольскі, В.​Бубноўскі. Рэалістычнасцю вызначаюцца партрэты сучаснікаў, выкананыя В.​Смакоўскім, Р.​Слізнем, керамічныя работы анімалістычнага жанру М.​Міхалапа, творы К.​Каганца, Я.​Драздовіча. У 19 ст. пашыраны таксама палацава-паркавая, прыдарожная культавая і мемарыяльная С. (надмагіллі К.​Радзівіл у Нясвіжскім касцёле езуітаў, 1825; А.​Тызенгаўза ў Гродзенскім касцёле езуітаў, скульптар Т.​Дыкас, 1887, і інш.). Пасля 1917 скульптары стваралі помнікі дзеячам рэв. руху. У 1920-х г. развіваўся пераважна станковы партрэт (творы А.​Бразера, А.​Грубэ). Пэўную ролю ў падрыхтоўцы кадраў адыграла скульптурнае аддзяленне Віцебскага маст. тэхнікума, выпускнікі якога ў пач. 1930-х г. удзельнічалі ў афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Рэспублікі Беларусь. У 1953 адкрыўся маст. ф-т у Бел. тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел. АМ). У станковай С. ствараліся партрэты дзярж. дзеячаў, дзеячаў мастацтва і культуры, у 1940—50-я г. — Герояў Сав. Саюза (З.​Азгур, А.​Бембель, Грубэ). У манум. С. вылучаюцца шматфігурныя рэльефы для Манумента Перамогі ў Мінску (Азгур, Бембель, А.​Глебаў, С.​Селіханаў). У 1960—70-я г. ставіліся помнікі партызанам, падпольшчыкам і воінам Сав. Арміі: патрыётам Асінторфа (Г.​Мурамцаў), воінам і партызанам у калгасе «Бальшавік» Чэрвеньскага р-на (А.​Анікейчык, Б.​Івонцьеў); рэльефы на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, у комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (Бембель, А.​Кібальнікаў), Хатынь (Селіханаў), Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна (А.​Заспіцкі, І.​Міско, М.​Рыжанкоў). У 1970—2000 ствараліся помнікі і мемарыяльныя дошкі, мемарыяльныя знакі, партрэты вядучым дзеячам бел. культуры, навукі і мастацтва (Азгур, Анікейчык, Э.​Астаф’еў, С.​Вакар, С.​Гарбунова, Глебаў, І.​Голубеў, Л.​Гумілеўскі, М.​Інькоў, Міско, М.​Якавенка, В.​Янушкевіч і інш). Развіваецца садова-паркавая скульптура (С.​Гумілеўскі, Л.​Давідзенка, У.​Жбанаў, М.​Канцавой, У.​Слабодчыкаў). Пошукамі сучасных форм выяўлення, канцэптуальным падыходам да вырашэння ідэі, метафарычнасцю маст. мовы вылучаюцца творы І.​Засімовіча, Т.​Сакаловай, К.​Селіханава, Слабодчыкава, А.​Фінскага; выразнасцю і пластычнай завершанасцю — творы А.​Арцімовіча, М.​Байрачнага, А.​Бачкарова, Г.​Буралкіна, А.​Дранца, Канцавога, П.​Лука, В.​Мурашова, А.​Шатэрніка і інш. С. часта з’яўляецца састаўной часткай інсталяцый, маст. праектаў (С.​Войчанка, У.​Цэслер і інш.).

Літ.:

Кацар М.С. Скульптура Савецкай Беларусі. Мн., 1957;

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;

Елатомиева И.М. Монументальная летопись эпохи. Мн., 1969;

Яе ж. Очерки по истории белорусской советской станковой скульптуры. Мн., 1974;

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982;

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;

Высоцкая Н.Ф. Скульптура и резьба Беларуси XII—XVIII вв.: Каталог. Мн., 1998;

Либман М.Я. О скульптуре. М., 1962;

Шмидт И.М. Беседы о скульптуре. М., 1963;

Валериус С.С. Прогрессивная скульптура XX в.: Пробл. и тенденции. М., 1973;

Bazin G. The history of world sculpture. London, 1970.

А.​К.​Лявонава, Э.​А.​Петэрсон.

Да арт. Скульптура. Фараон Мікерын з жонкай. Егіпет. Каля 2,5 тыс. г. да н.э.
Да арт. Скульптура. Мікеланджэла. Хлопчык, які скурчыўся. Паміж 1520—34.
Да арт. Скульптура. Г.​Мур. Фігура ляжыць. 1935.
Да арт. Скульптура. Венера Таўрычаская. Рымская копія. 3 ст. да н.э.
Да арт. Скульптура. Венера Вілендорфская. Аўстрыя. 30—25 тыс. г. да н.э.
Да арт. Скульптура. А.​Глебаў. Ф.​Скарына. 1954.
Да арт. Скульптура. А.​Анікейчык. Г.​Ахматава. 1982.
Да арт. Скульптура. А.​Шатэрнік. Мікола Гусоўскі. 1984.
Да арт. Скульптура. А.​Бачкароў. Феафан Грэк. 1988.
Да арт. Скульптура. А.​Фінскі. Адчуванне палёту. 1997.
Да арт. Скульптура. А.​Бембель. Барэльеф у Доме ўрада ў Мінску.

т. 14, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й,

рэлігійна-грамадскія аб’яднанні вернікаў-беларусаў у краінах Еўропы і Амерыкі. Узніклі ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. Беларускае праваслаўнае аб’яднанне існавала з 5.5.1946 да канца 1940-х г. Створана ў г. Рэгенсбург (Германія) на з’ездзе правасл. беларусаў. Кіраўніцтва: М.​Лапіцкі, І.​Касяк, Т.​Шыбут, М.​Сяднёў, Н.​Арсеннева, з вер. 1947 архіепіскап Філафей, ініцыятар далучэння замежнай Бел. правасл. царквы да Рускай замежнай царквы. Выдавала час. «Звіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946—47). Аб’яднанне праваслаўных беларусаў у ЗША. Засн. ў крас. 1950. Ініцыіравала з’езд правасл. беларусаў у Саўт-Рыверы 25.11.1950, на якім створаны Бел. грэка-правасл. царк. к-т у Амерыцы. Жыровіцкае праваслаўнае брацтва. Засн. ў 1948 у Германіі, выдавала час. «Сіла веры» (1948—65). Беларуска-амерыканскае каталіцкае таварыства. Засн. ў маі 1950 у Нью-Йорку. Кіраўнікі С.​Грынкевіч, В.​Пануцэвіч, А.​Попка, Б.​Даніловіч. Спрабавала стварыць у Нью-Йорку бел. каталіцкую парафію. Беларускае акадэмічнае каталіцкае аб’яднанне «Рунь» імя св. Аўгусціна. Створана ў кастр. 1949 у г. Лувен (Бельгія) на з’ездзе бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі і Францыі. Пазней адкрыты аддзелы ў Італіі і ЗША. Удзельнічалі Ч.​Сіповіч, Л.​Гарошка, А.​Адамовіч, М.​Навумовіч, Ф.​Бартуль, А.​Надсон і інш. У 1950 увайшло ў міжнар. каталіцкую арг-цыю «Pax Romana», якая аб’ядноўвае нац. акадэмічныя і студэнцкія каталіцкія суполкі ўсяго свету. Дзейнасць аб’яднання па бел. эмігранцкім друку прасочваецца да канца 1960-х г. Беларускае евангельска-баптысцкае брацтва ў ЗША і Канадзе. Першы з’езд адбыўся ў 1973, друк. орган — бюлетэнь «Веснік Беларускага евангельска-баптысцкага брацтва» (выдаўцы Д.​Ясько і У.​Панцэвіч). Беларуская старакаталіцкая артадаксальная субажня. Існавала ў 1960-я г. ў Германіі, Бразіліі і Аргенціне, з 1960-х г. у ЗША і Канадзе. Кіраўнікі У.​Рыжы-Рыскі, В.​Матэйчык, Л.​Галубовіч.

Літ.:

Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес;

Мн., 1994;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993.

Л.​У.​Языковіч.

Да арт. Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой. Памятны Крыж Тысячагоддзя хрысціянства на Беларусі ў г. Мідленд (Канада).

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАМС ((Brahms) Іаганес) (7.5.1883 7.5.1833, г. Гамбург, Германія — 3.4.1897),

нямецкі кампазітар, піяніст, дырыжор. Музыцы навучаўся ў бацькі. З 1862 у Вене, выступаў як піяніст, пазней і як харавы дырыжор у Пеўчай капэле і Т-ве сяброў музыкі. З сярэдзіны 1870-х г. прысвяціў сябе пераважна творчай дзейнасці, выступаў як дырыжор і піяніст з выкананнем уласных твораў. Яго муз. спадчына ахоплівае многія жанры (за выключэннем оперы). 4 сімфоніі Брамса, асабліва апошняя (1885), у ліку вяршынь сімфанізму 2-й пал. 19 ст. Цыклічную кампазіцыю сімфоніі ён разумеў як інстр. драму, часткі якой аб’яднаны пэўнай ідэяй. Да сімфоній па маст. значнасці прымыкаюць і яго інстр. канцэрты, трактаваныя як сімфоніі з саліруючымі інструментамі (самыя вядомыя скрыпічны, 1878, і 2-і фп., 1881, канцэрты). З вак.-аркестравых твораў найб. значны «Нямецкі рэквіем» (1868) з эпічным размахам і пранікнёнай лірыкай. У вакальнай музыцы важнае месца займаюць апрацоўкі нар. песень (каля 100). Лепшым камерна-інстр. творам уласцівы героіка-эпічныя рысы і адначасова суб’ектыўна-лірычная накіраванасць (фп. трыо, фп. квінтэт, санаты для скрыпкі і віяланчэлі з фп. і інш.). Фартэпіянныя творы вылучаюцца кантрапунктычна развітой фактурай, тонкай матыўнай распрацоўкай. У фп. вальсах і «Венгерскіх танцах» выявілася захапленне Брамса венг. фальклорам. Сярод інш. твораў: «Песня лёсу» і «Трыумфальная песня» (1871), кантата «Рынальда» (1868), «Рапсодыя» (1869, усе для хору з арк.); 2 серэнады, «Варыяцыі на тэму І.​Гайдна», «Акадэмічная» і «Трагічная» уверцюры (1881, усе для арк.); канцэрты для фп., скрыпкі і віяланчэлі (1887); камерна-інстр. ансамблі — санаты для скрыпкі і фп., віяланчэлі і фп., клавесіна і фп., 3 фп. трыо, 3 стр. квартэты, 2 стр. квінтэты, фп. квінтэт; санаты, варыяцыі, балады, фантазіі, рапсодыі і інш. для фп.; для аргана — 11 харальных прэлюдый і інш.; каля 60 мяшаных хароў; для голасу з фп. — 60 вак. квартэтаў, 20 дуэтаў, каля 200 рамансаў і песень і інш.

Тв.:

Briefwechsel. Bd. 1—16. Berlin, 1908—22.

Літ.:

Гейрингер К. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1965;

Грасбергер Ф. Иоганнес Брамс: Пер. с нем. М., 1980;

Царева Е. Иоганнес Брамс. М., 1986.

Р.​М.​Аладава.

І.Брамс.

т. 3, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАГРА́ДАРСТВА,

1) галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем вінаграду. Забяспечвае насельніцтва свежым і сушаным вінаградам (разынкамі, кішмішам, карынкай), а вінаробную (гл. Вінаробства) і кансервавую прам-сць сыравінай. Вінаградарства мае 4 вытв. кірункі: сталовае вінаградарства — вытв-сць свежага вінаграду для мясц. спажывання, вывазу і захоўвання; вінаградарства як сыравінная база вытв-сці сушанага вінаграду — вырошчванне кішмішна-разынкавых сартоў; вінаградарства як сыравінная база вінаробнай прамысловасці (выкарыстоўвае каля 80% усяго вінаграду) і кансервавай прамысловасці. Адрозніваюць вінаградарства ўкрыўное і неўкрыўное, арашальнае і неарашальнае, або багарнае, коранеўласнае і прышчэпленае на марозаўстойлівых і філаксераўстойлівых прышчэпах.

Вінаградарства з’явілася ў старажытнасці ў краінах Міжземнамор’я, Б. Усходу, Сярэдняй Азіі. Сусв. вытв-сць вінаграду складае штогод 57—60 млн. т. Больш як палову яго атрымліваюць у Італіі, Францыі, ЗША, Іспаніі, Турцыі. Далей ідуць Аргенціна, Іран, ПАР, Грэцыя, Румынія, Партугалія, Германія, Расія, Чылі, Аўстралія, Азербайджан, Бразілія, Малдова. Прамысл. вінаградарства развіта паміж 34—52° паўн. ш. і 20—40° паўд. ш. У Еўропе паўн. мяжа вырошчвання прамысл. вінаграду праходзіць праз Парыж, Льеж, Дзюсельдорф, Камянец-Падольскі, Саратаў. Прысядзібнае аматарскае вінаградарства пашыраецца далей на поўнач.

На Беларусі вінаград вядомы з 16 ст. Аматарскае вінаградарства адзначана ў большасці раёнаў, невял. вытворчае — у Пінскім, Столінскім, Хойніцкім і Мінскім. Найб. спрыяльныя для яго развіцця паўд. раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей (акрамя раёнаў, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС). Доследныя работы па селекцыі вінаграду на Беларусі праводзяцца ў Бел. НДІ пладаводства (в. Самахвалавічы Мінскага р-на). Беларусь атрымлівае вінаград пераважна з Малдовы. Прамысл. вінаградарства характарызуецца інтэнсіўнасцю, патрабуе вял. капіталаўкладанняў і значных затрат працы. У ім выкарыстоўваецца механізацыя многіх працаёмкіх работ: тэрасавання, плантажу, пасадкі, рыхлення міжрадкоўяў, унясення ўгнаенняў, укрывання і адкрывання кустоў, устаноўкі шпалераў, барацьбы са шкоднікамі і хваробамі і інш.

2) Навука аб біял. асаблівасцях вінаграду і спосабах яго вырошчвання; раздзел раслінаводства. Складаецца з агульнага вінаградарства (вывучае пытанні біялогіі, экалогіі і агратэхнікі вінаграду); прыватнага (распрацоўвае агратэхніку вінаграду ў розных глебава-клімат. умовах, для розных вытв. кірункаў, а таксама пры вырошчванні вінаграду ў цяпліцах); ампелаграфіі — навукі аб сартах і відах вінаграду; селекцыі вінаграду — навукі пра вывядзенне новых сартоў.

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІ́МІЯ (ад геа... + хімія),

навука аб хім. саставе Зямлі, пашырэнні, размеркаванні і міграцыі хім. элементаў і іх ізатопаў у геасферах; частка касмахіміі. Даследуе колькасць і размеркаванне хім. элементаў і іх ізатопаў у мінералах, горных пародах, рудах, прыродных водах і газах, жывых арганізмах, зямной кары, мантыі і Зямлі цалкам, касм. аб’ектах, а таксама геахімічныя працэсы.

Падзяляецца на агульную геахімію, бія-, гідра-, газа- (атма-), літа-, радыегеахімію, геахімію ландшафтаў, глеб, магматычных, асадкавых, гідратэрмальных, гіперагенных працэсаў, асобных хім. элементаў, ізатопаў, арганічную, рэгіянальную, аналітычную, геахімію тэхнагенезу і інш. Цесна звязана з мінералогіяй, крышталяхіміяй, петралогіяй, геалогіяй карысных выкапняў, тэктонікай, геафізікай і інш. Геахім. даследаванні шырока выкарыстоўваюцца пры пошуках карысных выкапняў, рашэнні практычных задач сельскай гаспадаркі і рацыянальнага прыродакарыстання, у медыцыне, ахове навакольнага асяроддзя. Звесткі пра хім. склад прыродных аб’ектаў назапашваліся да канца 19 ст. дзякуючы працам Л.​Элі дэ Бамона (Францыя), Г.​Бішафа (Германія), Р.​Бойля (Вялікабрытанія), І.​Я.​Берцэліуса (Швецыя) і інш. Ролю геахім. працэсаў у геалогіі падкрэслівалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.​І.​Мендзялееў, В.​М.​Севяргін, А.​Гумбальт. Тэрмін «геахімія» ўвёў у 1838 ням. вучоны К.​Ф.​Шонбайн. У 1889 амер. вучоны Ф.​Кларк вылічыў сярэднія колькасці элементаў у зямной кары, якія атрымалі назву кларкі. Як навука геахімія аформілася ў 1-й пал. 20 ст. Яе заснавальнікі: У.І.Вярнадскі, В.М.Гольдшміт, А.Я.Ферсман. Вял. ўклад у развіццё геахіміі зрабілі А.​П.​Вінаградаў, А.​А.​Саўкаў, В.​У.​Кавальскі (Расія), К.​Ранкама, Т.​Сахама (Японія) і інш.

На Беларусі геахім. даследаванні арганізаваны ў 1953 К.​І.​Лукашовым у БДУ, з 1957 у АН Беларусі. Сучасныя цэнтры даследаванняў — Ін-т геал. навук Нац. АН (К.І. і В.​К.​Лукашовы, У.​А.​Кузняцоў, В.​М.​Шчарбіна, А.С. і А.​А.​Махначы, Г.​В.​Багамолаў, А.​В.​Кудзельскі, А.​М.​Пап, І.​В.​Найдзянкоў), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (Т.​Н.​Кулакоўская, С.​Н.​Іваноў), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (В.​Б.​Кадацкі і інш.), БДУ (І.​С.​Лупіновіч, Я.​П.​Пятраеў) і інш. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінер.-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У.​А.​Кузняцоў.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАЛО́ГІЯ (ад гідра... + геалогія),

навука аб падземных водах, іх саставе, уласцівасцях, фарміраванні, пашырэнні, руху, узаемадзеянні з горнымі пародамі і паверхневымі водамі. Распрацоўвае метады вызначэння гідрагеал. параметраў ваданосных гарызонтаў, пошуку і разведкі радовішчаў падземных вод, ажыццяўляе ацэнку запасаў і рэсурсаў падземных вод рэгіёнаў, краіны, вывучае рэжым і баланс падземных вод, даследуе гідраўлічную сувязь паверхневых і падземных вод, водаабмен паміж ваданоснымі гарызонтамі і комплексамі, прагназуе змены гідралагічных умоў тэрыторыі пад уздзеяннем меліярацыі, водазабораў падземных вод і інш.

Першыя звесткі аб паходжанні і ўласцівасцях прыродных вод адносяцца да 1-га тыс. да н. э. (Стараж. Грэцыя — Фалес, Арыстоцель, Стараж. Рым — Лукрэцый). У эпоху Адраджэння і пазней у Зах. Еўропе падземныя воды вывучалі Г.​Агрыкала, Б.​Палісі, Н.​Стэна і інш.; у Расіі — М.​В.​Ламаносаў, В.​М.​Севяргін. Да сярэдзіны 19 ст. вучэнне аб падземных водах было часткай геалогіі. Як самаст. навука гідрагеалогія сфарміравалася ў канцы 19 ст. У развіццё гідрагеалогіі значны ўклад зрабілі А.​Дарсі, Ж.​Дзюпюі, А.​Шэзі (Францыя), Э.​Прынц, К.​Кайльгак, Г.​Гёфер (Германія), А.​Хазен, Ч.​Сліхтэр, О.​Мейнцэр (ЗША), А.​П.​Карпінскі, С.​М.​Нікіцін, І.​В.​Мушкетаў (Расія) і інш.

На Беларусі комплексныя гідрагеал. даследаванні арганізаваны ў 1928 (у бас. р. Свіслач), у выніку якіх выяўлены крыніцы водазабеспячэння г. Мінск. У 1929—35 дзейнічаў Ін-т геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР, з 1935 сектар гідрагеалогіі і інж. геалогіі ў Ін-це геал. навук АН. У 1938 на базе свідравіны, якая ўскрыла мінер. воды ў Бабруйску, пабудавана першая на Беларусі водалячэбніца. Пасля Вял. Айч. вайны складзены кадастр падземных вод, дробнамаштабныя гідрагеал. карты Беларусі, вывучаны хімізм і асн. элементы балансу падземных вод. З 1958 вядзецца сярэднемаштабная геолага-гідрагеал., з 1970 гідрагеал. здымка. Рэжым, т-ру і хім. састаў падземных вод і расолаў, умовы іх фарміравання, прынцыпы аховы і рацыянальнага выкарыстання даследуюцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (Г.​В.​Багамолаў, М.​Ф.​Казлоў, А.​В.​Кудзельскі), у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (А.​П.​Лаўроў, С.​П.​Гудак), Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыі, БДУ, Гомельскім дзярж. ун-це і інш.

А.​В.​Кудзельскі.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для сан. ачысткі населеных пунктаў, рамонту і ўтрымання гар. дарог і будынкаў, догляду за зялёнымі насаджэннямі.

Для збору і вывазу цвёрдых быт. адходаў (ЦБА) прызначаны машыны на шасі аўтамабіляў і трактароў: збіральныя з бакавой або тарцовай загрузкай (абсталёўваюцца захопамі-маніпулятарамі для падняцця і выгрузкі кантэйнераў у герметычны кузаў, дзе ЦБА ушчыльняюцца спец. плітой ці ротарам); транспартныя, закрытыя кузавы якіх маюць люкі для загрузкі ЦБА у пунктах перагрузкі або сарціроўкі. Для ачысткі калодзежаў ліўневай каналізацыі выкарыстоўваюць глеясосныя машыны з герметычнай цыстэрнай, помпавай устаноўкай і шлангам для забору глею; для прачысткі труб гар. каналізацыі — машыны гідрадынамічнай ачысткі (складаюцца з цыстэрны з вадой, помпавай устаноўкі, напорных шлангаў з насадкамі для прамыўкі). Рамонт гар. дарог (ямачны рамонт, ускрыццё асфальтабетоннага пакрыцця, укладка асфальту або брусчаткі) робіцца машынамі на шасі аўтамабіляў або трактароў з выкарыстаннем спец. абсталявання для рэзкі асфальту або грунту, прыгатавання і размеркавання пакрыццяў (бітумных масцік), укладкі і прыкочвання асфальту ці брусчаткі (гл. Дарожныя машыны). Для ўтрымання дарог у летні перыяд выкарыстоўваюць машыны паліва-мыечныя (маюць цыстэрну для вады і прыстасаванні для яе распылення) і падмятальна-ўборачныя (маюць шчотачнае абсталяванне, мех. або вакуумны вузел загрузкі пылу і смецця ў герметычную цыстэрну і прыстасаванне пылаўлоўлівання), у зімовы перыяд — снегаўборачныя машыны, універсальныя пагрузчыкі, пескараскідальнікі (абсталяваны бункерам для пясчана-саляной сумесі, механізмам раскідвання і плужна-шчотачным абсталяваннем), лёдасколвальнікі. Пры рамонце фасадаў будынкаў выкарыстоўваюць спец. вышкі і пад’ёмнікі, падвясныя люлькі, малагабарытныя ўстаноўкі для рамонту мяккіх дахаў і прыгатавання бітумных масцік непасрэдна на даху. Для догляду за газонамі і зялёнымі насаджэннямі выкарыстоўваюць газонакасілкі, апырсквальнікі, ямабуры, машыны для выдалення пнёў і здрабнення галінак і інш.

На Беларусі асн. распрацоўшчыкі К.м. — канструктарскія аддзелы НВА «Жылкамунтэхніка», вытворцы — Асіповіцкі з-д «Каммаш» і ВА «Белкамунмаш». Асобныя віды К.м. вырабляюць прамысл. прадпрыемствы (МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш», «Амкадор», «Белдартэхніка»), а таксама імпартуюцца з Расіі, Германіі, Францыі.

В.​А.​Бажэнаў, Л.​З.​Вакс.

Камунальныя машыны: 1 — смеццявоз з бакавой загрузкай (Асіповіцкі завод «Каммаш»); 2 — глеясосная машына (Германія); 3 — пескараскідальнік («Каммаш»); 4 — уборачная машына (Францыя); 5 — паліва-мыечная машына («Каммаш»); 6 — газонная касілка (Францыя).

т. 7, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́НХЕНСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1938 па Чэхаславакіі.

Заключана 29 вер., падпісана 30 вер. ў г. Мюнхен (Германія) на канферэнцыі кіраўнікоў урадаў фаш. Германіі (А.​Гітлер) і Італіі (Б.​Мусаліні), Вялікабрытаніі (Н.​Чэмберлен), Францыі (Э.​Даладзье). Было вынікам прэтэнзій Германіі на Судэцкую вобл. Чэхаславакіі (яе ўрад не быў запрошаны на канферэнцыю), населеную пераважна немцамі, і палітыкі «прымірэння» з Германіяй Вялікабрытаніі і Францыі перад 2-й сусв. вайной. Пасля аншлюсу Аўстрыі (сак. 1938) урад Гітлера пачаў рыхтаваць захоп Чэхаславакіі. Ён падштурхнуў сваіх прыхільнікаў генлейнаўцаў (судэтанямецкую партыю, лідэры К.​Генлейн і інш.) высунуць патрабаванні поўнай аўтаноміі Судэцкай вобл. і правядзення там плебісцыту па яе самавызначэнні. Гэта абвастрыла адносіны судэцкіх немцаў з урадам Чэхаславакіі (Судэцкі крызіс). У сярэдзіне мая пачалося перамяшчэнне герм. войск да мяжы з Чэхаславакіяй. Урад апошняй 20 мая абвясціў частковую мабілізацыю. Зах. саюзнікі Чэхаславакіі Вялікабрытанія і Францыя, імкнучыся ўрэгуляваць свае адносіны з Германіяй, настойвалі на прыняцці патрабаванняў генлейнаўцаў. Пасля некалькіх дыпламат. місій, у т. л. сустрэч Чэмберлена з Гітлерам 15 і 22 вер., і па просьбе Мусаліні Гітлер пагадзіўся абмеркаваць чэхаславацкае пытанне на канферэнцыі ў Мюнхене. Паводле М.п. Чэхаславакія пад націскам Вялікабрытаніі і Францыі на працягу 10 дзён (1—10 кастр.) мусіла перадаць Германіі Судэцкую вобл. з усімі наяўнымі там збудаваннямі (каля ¼ насельніцтва, амаль ⅕ тэрыторыі, палавіна цяжкай прам-сці, значныя ваен. ўмацаванні). М.п. наблізіла акупацыю герм. войскамі ўсёй Чэхаславакіі (сак. 1939) і развязванне 2-й сусв. вайны Германіяй. 30 вер. падпісана таксама англа-германская дэкларацыя 1938 аб ненападзенні. Пасля вайны Судэцкая вобл. вернута Чэхаславакіі. Канчаткова юрыд. нязначнасць М.п. замацавана паводле дагавора паміж Чэхаславакіяй і ФРГ ад 11.12.1973.

Літ.:

Документы по истории мюнхенского сговора, 1937—1939. М., 1979;

Мюнхен — преддверие войны: (Ист. очерки). М., 1988;

Борисов А.Ю. Мюнхенская трагедия: (Размышления спустя полвека). М., 1988;

Тейлор Т. На пути к Мюнхену: Пер. с англ. // От Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны. М., 1992;

Ширер У. Капитуляция в Мюнхене: Пер. с англ. // Там жа.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)