БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ (Міхаіл Дзмітрыевіч) (8.3.1870, Масква — 3.8.1956),
ваенны дзеяч, геадэзіст. Ген.-лейт.рус. арміі (1915), ген.-лейт.Чырв. Арміі (1944). Д-рваен. і тэхн.н. Брат У.Дз.Бонч-Бруевіча (іх радавы маёнтак Чонкі на Гомельшчыне). Скончыў Маскоўскі межавы ін-т (1891), Акадэмію Генштаба (1898), дзе з 1907 выкладаў тактыку. У 1-ю сусв. вайну ген.-кватэрмайстар 3-й арміі, у штабе Паўн.-Зах. фронту, нач. штаба 6-й арміі, армій Паўн. фронту. У Лют. рэвалюцыю 1917 нач. Пскоўскага гарнізона і чл. выканкома Пскоўскага Савета. У жн.—вер. 1917 галоўнакамандуючы войскамі Паўн. фронту, удзельнічаў у ліквідацыі карнілаўшчыны. З кастр. 1917 нач. Магілёўскага гарнізона, чл. выканкома Магілёўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 20.11.1917 СНК РСФСР прызначаны нач. штаба Вярх. галоўнакамандуючага. У лют. 1918 удзельнічаў у арганізацыі абароны Петраграда. З сак. 1918 ваен. кіраўнік Вышэйшага ваен. савета, з чэрв. 1919 нач.ваен.-палявога штаба Рэўваенсавета Рэспублікі. Адзін са стваральнікаў (1919) і кіраўнік Вышэйшага геад. ўпраўлення ВСНГ, стваральнік (1925) дзярж.тэхн. бюро «Аэрафотаздымка». З 1928 у распараджэнні РВССССР. Аўтар прац па ваен. гісторыі і тактыцы. Пад яго рэдакцыяй выдадзены даведнік «Геадэзія» (т. 1—9, 1939—49).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
баявыя дзеянні войскаў 3-га Укр. фронту (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) ва ўзаемадзеянні з Чарнаморскім флотам (адм. П.С.Акцябрскі) 26 сак. — 14 крас. з мэтай разгрому 6-й ням. і 3-й рум. армій групы армій «А» і вызвалення Адэсы ў Вял.Айч. вайну. Поспеху аперацыі садзейнічалі войскі 2-га Укр. фронту, якія ў канцы сак. фарсіравалі р. Прут і выйшлі на подступы да Ясаў, скаваўшы паўд. групоўку праціўніка. На левым крыле фронту ўдар у напрамку Мікалаева нанеслі 5-я ўдарная і 28-я арміі, 28 сак. горад быў вызвалены. Прарыў абароны на флангах і пагроза акружэння прымусілі праціўніка адыходзіць за р. Днестр. На левым крыле фронту часці 28-й арміі з дапамогай марскога дэсанта авалодалі Ачакавам і пачалі наступленне на Адэсу. 4 крас. 37-я армія і конна-механізаваная група ген. І.А.Пліева авалодалі чыг. вузлом Раздзельная. 9 крас.сав. войскі ўварваліся ў паўн. кварталы Адэсы і начным штурмам да раніцы 10 крас. вызвалілі горад. Войскі 3-га Укр. фронту 12 крас. вызвалілі Ціраспаль, 14 крас. авалодалі плацдармам на зах. беразе р. Днестр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЖНЕЎ (Леанід Ільіч) (19.12.1906, г. Днепрадзяржынск, Украіна — 10.11.1982),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1961), 4 разы Герой Сав. Саюза (1966, 1976, 1978, 1981). Маршал Сав. Саюза (1976). Скончыў Днепрадзяржынскі металургічны ін-т (1935). Працаваў інжынерам, сакратаром Днепрапятроўскага абкома КП(б)У. У Вял.Айч. вайну ў паліторганах Паўд. і 4-га Укр. франтоў. З 1946 на кіруючых пасадах у Запарожскім, Днепрапятроўскім абкомах КП(б)У, ЦК КП Малдавіі, Гал. палітупраўленні Сав. Арміі і ВМФ, ЦК КП Казахстана. З 1956 сакратар ЦККПСС. У 1960—64 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. З 1964 1-ы сакратар (з 1966 Ген. сакратар) ЦККПСС, адначасова з чэрв. 1977 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР і Старшыня Савета абароныСССР. У гады знаходжання Брэжнева на вышэйшых кіруючых пасадах пачалася палітыка разрадкі, СССР удзельнічаў у т.зв. хельсінскім працэсе, былі заключаны сав.-амер. пагадненні па абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў. Разам з тым у краіне нарасталі негатыўныя працэсы ў эканоміцы, сац. і духоўнай сферах жыцця. Пры Брэжнева былі ўведзены сав. войскі ў Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979), узмацнілася паліт. цэнзура, праследаванне іншадумства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАПАМО́ЖНАЯ ШКО́ЛА,
спецыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова для разумова адсталых дзяцей, задача якой — максімальная карэкцыя парушэнняў іх псіхічнага і фіз. развіцця ў працэсе вучобы, выхавання, а таксама заняткаў па выпраўленні дэфектаў развіцця і лячэбна-аздараўленчай работы. Прызначана забяспечыць адаптацыю і інтэграцыю дзяцей у грамадстве за кошт прафесійна-прац. падрыхтоўкі і інтэграванага навучання ў адпаведнасці з узроставымі і індывід. асаблівасцямі іх разумовага і фіз. развіцця. Першыя Д.ш. ўзніклі ў Германіі і Францыі ў 1-й пал. 19 ст. У Беларусі адкрыты ў 1918—20 (у Віцебску, Магілёве, Мінску). Асн. тып Д.ш. — школы-інтэрнаты. Частка дзяцей вучыцца ў звычайных школах (інтэграванае навучанне), некат. атрымліваюць карэкцыйную дапамогу на дэфекталагічных пунктах і ў дыягностыка-рэабілітацыйных цэнтрах. Навучанне вядзецца па спец. вучэбных планах, праграмах і падручніках. Напаўняльнасць класаў каля 12 чал. Большасць выпускнікоў Д.ш. уключаюцца ў вытв. працу. Дзеці з цяжкай формай разумовай адсталасці знаходзяцца ва ўстановах Мін-васац.абароны (дамы-інтэрнаты псіханеўралагічнага профілю). Пед. кадры для Д.ш. са спец. сярэдняй адукацыяй рыхтуюць Салігорскае пед. вучылішча і Магілёўскі пед. каледж, з вышэйшай — Бел.пед.ун-т. Навукова-даследчую работу ў гэтым кірунку вядзе Нац.ін-т адукацыі. У 1996/97 навуч.г. ў Беларусі 49 Д.ш.
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1964, 1974). Чл.КПСС (з 1927), яе ЦК (з 1939) і Палітбюро (Прэзідыума) ЦК (1948—52, 1960—80). Скончыў Ленінградскі тэкст.ін-т (1935). У 1939—40 нарком тэкст. прам-сці; у 1940—53, 1953—56, 1957—60 нам. старшыні СНК (СМ) СССР, адначасова ў Вял.Айч. вайну ў 1941—42 нам. старшыні Савета па эвакуацыі, у 1942 упаўнаважаны Дзярж.к-таабароны ў Ленінградзе; у 1943—46 старшыня СНК РСФСР; у 1948 міністр фінансаў, у 1949—53 лёгкай, у 1953 лёгкай і харч. прам-сці, у 1953—54 тавараў нар. спажывання СССР. У 1956—57 1-ы нам. старшыні Дзяржэканамкамісіі, з 1957 1-ы нам. старшыні, у 1959—60 старшыня Дзяржплана СССР. З 1960 1-ы нам. старшыні, у 1964—80 старшыня СМСССР. Адзін з ініцыятараў эканам. рэформы 1965 у СССР (увядзенне гасп. разліку і інш.). У 1970-я г. садзейнічаў працэсу разрадкі міжнар. напружанасці (падпісанне Маскоўскага дагавора з ФРГ, 1970; скліканне Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, 1973).
Тв.:
К великой цели: Избр. речи и статьи. Т. 1-2. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПІ́ЦКІ (Мікалай) (26.1.1907, в. Грэлікі Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 8.8.1976),
бел. рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1935). Скончыў Віленскую правасл. духоўную семінарыю (1930), багаслоўскі ф-т Варшаўскага ун-та (1934). У 1935 абараніў магістэрскую працу «Праваслаўе ў Вялікім княстве Літоўскім з часоў панавання Уладзіслава Ягайлы» (выд. 1978). З 1934 святар у Ашмянах, з 1935 у в. Сцяфанпаль Міёрскага р-на. З 1942 у Мінску, працаваў у мітрапаліцкай управе, настаяцель Свята-Казанскай (Чыгуначнай) царквы. Удзельнік царк. сабору (30.8—2.9.1942), які абвясціў Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву. Супрацоўнічаў з ням.-фаш. захопнікамі, прыводзіў да прысягі батальёны Беларускай краёвай абароны, удзельнік Другога Усебеларускага Кангрэса 1944. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. З 1950 у ЗША, служыў настаяцелем бел. храма св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер. У 1951—76 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Ініцыятар стварэння і фактычны кіраўнік (1970—76) Беларускай праваслаўнай царквы Паўночнай Амерыкі ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата.
Тв.:
Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (фрагмент) // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Літ.:
Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;
Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью-Ёрк;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮЙШУ́НЬ, Порт-Артур,
горад, порт і ваенна-марская база на ПнУ Кітая, у заліве Бахайвань Жоўтага м., у прав. Ляанін. Каля 1 млн.ж. (1997). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарогі. Цэнтр суднабудавання і суднарамонту. Могілкі рас. воінаў, якія загінулі ў час абароны Порт-Артура 1904—05 і сав. воінаў, што загінулі пры вызваленні Паўн.-Усх. Кітая ад японцаў у 1945.
Да 1880-х г. невял. рыбацкае паселішча са зручным для стаянкі караблёў рэйдам. З 1890-х г.кіт.ваен. крэпасць. У ходзе яп.-кіт. вайны 1894—95 узяты яп. войскамі, разам з Ляадунскім п-вам перададзены Японіі (крас. 1895). Пад націскам Расіі, Германіі і Францыі ў канцы 1895 вернуты Кітаю. Паводле канвенцыі 1898 Расія атрымала Л. у часовую арэнду ад Кітая. У канцы 19 — пач. 20 ст.рас. ваенна-марская база і г. Порт-Артур. У час рус.-яп. вайны 1904—05 горад гераічна абараняўся на працягу 329 дзён (гл.Порт-Артура абарона). У 1905—45 уладанне Японіі. 23.8.1945 вызвалены сав. войскамі (сумесная сав.-кіт. ваенна-марская база). У маі 1955 урад СССР вывеў з Л. свае войскі і перадаў збудаванні ў раёне базы ўраду Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НСТЭРСКАЯ КАМУ́НА,
панаванне ў 1534—35 пратэстантаў-анабаптыстаў у г.Мюнстэр (Вестфалія); уздым рэв. падзей у Германіі пасля паражэння Сялянскай вайны 1524—25. Пасля перамогі прыхільнікаў Рэфармацыі ў Мюнстэры (1533) і выгнання адтуль князя-епіскапа ў Мюнстэры сканцэнтраваліся анабаптысты і з інш. гарадоў Вестфаліі і Нідэрландаў. У лют. 1534 яны на чале з Янам Матысам і Іаанам Лейдэнскім атрымалі большасць у магістраце і фактычна захапілі ўладу ў горадзе. Мюнстэр яны абвясцілі «Новым Іерусалімам», г.зн. цэнтрам «Царства боскага», якое, паводле пропаведзі Яна Матыса, павінна быць усталявана на зямлі мячом «праведных». Ва ўмовах аблогі войскамі епіскапа анабаптысты правялі ў горадзе шэраг пераўтварэнняў (падпарадкаванне майстроў-рамеснікаў гар. абшчыне ў справе арганізацыі вытв-сці і выкананні заказаў, канфіскацыя золата, серабра і каштоўных рэчаў на агульную карысць, скасаванне грошай і ўвядзенне натуральнага абмену, улік прадуктаў спажывання, наладжванне агульных трапез і інш.). Пасля гібелі ў баі Яна Матыса (5.4.1534) І.Лейдэнскі распусціў магістрат і стварыў савет «12 апосталаў», а потым устанавіў асабістую дыктатуру тэакратычнага тыпу і быў абвешчаны царом Новага Сіёна (Мюнстэра) і будучым уладыкам усяго свету. Блакіраваная праціўнікам, М.к. пасля працяглай гераічнай абароны пала. Яе ўцалелыя дзеячы, у т. л. Іаан Лейдэнскі, пасля катаванняў пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́ АДБО́Р,
прыватная форма натуральнага адбору, якая выклікае значныя разыходжанні ў прыкметах самцоў і самак (палавы дымарфізм). Прапанаваў паняцце і выявіў значэнне П.а. ў эвалюцыі жывёл Ч.Дарвін (1859, 1871).
Прыкметы П.а. развіваюцца пад уплывам натуральнага адбору як сродак распазнавання разнаполых асобін свайго віду і прадухілення скрыжоўвання з асобінамі інш. віду. У выніку П.а. або пры яго ўдзеле ў многіх відаў жывёл (у т. л. ў чалавека) у працэсе эвалюцыі ўзніклі і развіліся другасныя палавыя прыкметы. Найб выяўлены ў палігамных жывёл, у якіх самцы актыўна змагаюцца за самку (напр., баі аленяў у час гону). П.а. уплывае на развіццё органаў абароны ў самцоў як зброі барацьбы за самку (іклы ў сланоў, рогі ў аленяў і інш.) і прыкмет, якія прывабліваюць і ўзбуджаюць асобін інш. полу (яркі колер і пах самцоў у многіх жывёл, такаванне, спеў у птушак). П а. як фактар філагенет. развіцця найб. характэрны для жывёл на вышэйшых этапах развіцця, пераважна птушак і млекакормячых, у сувязі з найб. складанай арганізацыяй нерв. сістэмы і яе сігнальнай дзейнасці, але адзначаецца і ў інш. групах жывёл (напр., многія насякомыя і інш. беспазваночныя). У раслін адсутнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСКАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,
агрэгат або збудаванне для размяшчэння, перадстартавай падрыхтоўкі, навядзення (прыцэльвання) і пуску ракет. Ваен. П.ў. — састаўная частка ракетнага комплексу, касм. — стартавага комплексу.
Асн. элементы П.у. — апорная аснова (платформа), станок, накіравальныя прыстасаванні і механізмы навядзення, праверачна-пускавая апаратура, тэхн. сістэмы падводу эл., пнеўматычных, паліўных і інш. камунікацый. П.ў. бываюць: нахіленага і верт. старту, наземныя (рухомыя і стацыянарныя), шахтавыя, марскія, авіяцыйныя і інш. Стацыянарныя размяшчаюцца ў незаглыбленых, паўзаглыбленых і шахтавых збудаваннях, уваходзяць у комплексы стратэгічныя, процісамалётнай, проціракетнай. процікасм. абароны і інш. Шахтавыя прызначаны для ўтрымання стратэгічных ракет, засцярогі іх ад ядз. зброі.
Наземныя размяшчаюцца на трансп. сродках высокай праходнасці, падзяляюцца на чыг. і палявыя, або грунтавыя (самаходныя, буксоўныя, вазімыя). Марскія размяшчаюцца на палубе або ў спец. адсеках (кантэйнерах) караблёў і падводных лодак; авіяц. — пад крылом і фюзеляжам самалётаў і верталётаў.
С.Б.Мілаванаў.
Пускавыя ўстаноўкі: а, б — нахіленага пуску і адкрытая рухомая вертыкальнага пуску (1 — аснова, 2 — станок, 3 — механізмы наводкі, 4 — накіравальная, 5 — пускавы стол); в — шахтавая для ракет «Мінітмен» (ЗША; 1 — апаратура кіравання і крыніцы электрасілкавання, 2 — люк, 3 — ахоўны дах з накрыўкай, 4 — агаловак, 5 — кампрэсарная, 6 — шахтавы ствол); г — мабільная для ракет Р-17 м «Эльбрус» (на шасі МАЗ-543А).