абцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., што.

1. Паправіць, прывесці ў парадак адзенне і пад., пацягнуўшы ўніз. [Жэнька] глянула з замілаваннем на сваю ляльку Ганульку, якая спала побач з ёю, абцягнула на ёй сукенку. Крапіва.

2. Туга нацягнуўшы, абшыць, абабіць што‑н. тканінай і пад. Абцягнуць скурай крэсла.

3. Апусціць, адцягнуць. Бялізна абцягнула вяроўку.

4. Абвесці што‑н. чым‑н.; абгарадзіць. Абцягнуць агарод дротам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абве́яць, ‑вее; зак., каго-што.

Абадзьмуць, абдаць паветранай плынню. Прыязджайце, як вецер Паўдзённым дыханнем калоссе абвее. Арочка. Ледзьве прыкметная плынь паветра з паплавоў абвеяла.. [Тамаша] лёгкім холадам. Чорны. // Абарваць, абтрэсці, асыпаць (пра лісце, пялёсткі і пад.). Ты, мой лісточак, Ты, мой зялёны, Ты мяне кідаць будзеш, Ветры павеюць, Цябе абвеюць, Я адна застануся. Глебка. // безас. Пакрыць, абсыпаць чым‑н. Падарожнага абвеяла снегам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кватарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Часова жыць у каго‑н., наймаючы кватэру, памяшканне. Нават у дзедавай хаце кватараваў начальнік чырвоных, камандзір батальёна, чым дужа ганарыўся дзед Талаш. Колас. Дзесяцігодку Веньямін канчаў у мястэчку, за дванаццаць вёрст ад роднай вёскі. Кватараваў у знаёмых настаўнікаў. Навуменка.

2. Размяшчацца, быць на пастоі (пра войска). Артылерыйскі полк, які кватараваў у нашым гарадку, застаўся верным стаўцы. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заікну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Гаворачы, раптоўна спыніцца, запнуцца на паўслове. — Але ж мы... — Вера заікнулася, не ведаючы, што сказаць далей. Асіпенка.

2. Зрабіць спробу загаварыць пра што‑н., намякнуць на што‑н. Кухта заікнуўся штосьці сказаць, але Рэйзе асек яго. Мележ. Калі вясной .. [Горбікаў] заікнуўся, што няма чым сеяць агарод, Гаўрыла Галаўнёў даў яму мяшок насеннай бульбы. Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замаскірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

Зрабіць непрыметнай сваю прысутнасць, схаваўшыся за што‑н., прыкрыўшыся чым‑н. [Віктар] замаскіраваўся ў густым вішняку ля плота і пачаў назіраць за поплавам. Федасеенка. У хмызняку, за гародамі, нашы танкі замаскіраваліся і ў змроку, перад світаннем, сышліся з фашысцкімі браневікамі і танкеткамі. Кухараў. // перан. Скрыць свае намеры, сутнасць. З шваграм-манцёрам пайшоў [шавец] па манцёрству, каб гэтым замаскіравацца, схавацца. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запэ́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго, у чым і са злучн. «што».

Пераканаць у правільнасці чаго‑н.; паручыцца за што‑н. — Дазвольце запэўніць вас, таварышы, што наша справа калектыўнай гаспадаркі ёсць справа жыццёвая, правільная, а таму ёй належыць будучыня. Колас. — Прывязу лыжы, прывязу абавязкова, — запэўніў бацька, беражліва апускаючы сына на падлогу. Хадкевіч. Дзядзька Карней запэўніў, што асеннімі пасадкамі займацца яшчэ не позна. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. у што, чым і без дап. Забрудзіць, вымазаць. Максім запэцкаў рукі і гімнасцёрку ў ліпучую смалу. Шамякін. Барада за гэтыя дні адрасла, і здаецца, што гэта .. [Раман] твар свой нечым запэцкаў. Чорны.

2. перан. Зняславіць, зганьбіць. Маёй душы нікому не запэцкаць. Панчанка. А я ганарлівы, што ў палкіх гадах Імкненні свае не запэцкаў. Лявонны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змяшча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да змясціцца.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знаходзіцца ў якім‑н. месцы (аб установе, арганізацыі і пад.). Майстэрня змяшчалася ў вялізным неатынкаваным доме. Асіпенка.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утрымлівацца ў чым‑н., уваходзіць у склад чаго‑н. У 100 літрах паветра змяшчаецца каля 21 літра кіслароду.

4. Зал. да змяшчаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брак, ‑у, м.

1. Недабраякасны тавар; прадметы вытворчасці, якія маюць тую ці іншую загану. [Лявон:] — Як жа так! Хіба можна Вырабляць сягоння брак? Корбан. // Загана, пашкоджанне, дэфект у чым‑н. Брак, нізкая якасць вырабаў, кім бы яны ні дапускаліся, заўсёды звязаны з непапраўнымі матэрыяльнымі і маральнымі выдаткамі. Машэраў. Адна з дэталей папярэдняй пліты была з бракам. Паслядовіч.

2. Разм. Нястача, адсутнасць, недахоп чаго‑н.

[Ням. Brack.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязла́ддзе, ‑я, н.

Разм. Адсутнасць або парушэнне ладу, парадку ў чым‑н.; беспарадак. Бязладдзе гукаў. □ Мітусіліся па цэху людзі, — кожны нешта рабіў, нешта некуды нёс. Няўжо ў гэтым бязладдзі і мітусні быў пэўны парадак, няўжо ўсё гэта нехта прадумаў і спланаваў, нехта гэтым кіруе?.. Краўчанка. Тут [ля штаба] было сёння бязладдзе, якое гаварыла, што людзі сюды вярнуліся нядаўна і вельмі стомленыя. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)