АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,

1 у металургіі, тэрмахімічны працэс спякання дробназярністых ці пылападобных матэрыялаў руднай шыхты ў вял. кавалкі (агламераты). Уключае падрыхтоўку шыхты, спяканне яе, апрацоўку гарачага пеку, ахаладжэнне да 100 °C і сартаванне. Шыхта складаецца з дробнай сырой руды і яе канцэнтрату, паліва (дробны кокс ці антрацыт), флюсу (здробненая вапна і вапняк). Агламерацыя адбываецца пры прадзіманні паветра цераз слой шыхты на каласніковых рашотках агламерацыйнай машыны і згаранні паліва (1500 °C); у выпадку сульфідных рудаў — пры акісленні (працякае з выдзяленнем цеплаты). Агламерат выкарыстоўваецца ў чорнай металургіі, у каляровай — для вытв-сці алюмінію, нікелю і свінцу.

2) У мікрабіялогіі, утварэнне мікраарганізмамі намнажэнняў у вадкасцях або тканках у выніку змены фіз. і хім. уласцівасцяў мікробных клетак (пад уздзеяннем імунных целаў і інш.).

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РА,

тэмпература, якая адлічваецца ад абсалютнага нуля. У тэрмадынаміцы вызначана ў вобласці дадатных т-р, дзе працягваецца на +∞. Вымяраецца ў кельвінах. Асн. рэперны пункт шкалы абсалютная тэмпература — т-ра трайнога пункта вады. Параметр стану сістэмы многіх часціц, якая знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (пры гэтым абсалютная тэмпература ўсіх яе макраскапічных падсістэм аднолькавая). Пры звычайных умовах у стане раўнавагі часціцы размеркаваны па энергіях так, што на высокіх узроўнях знаходзіцца менш часціц, чым на нізкіх (гл. Больцмана размеркаванне). Абсалютная тэмпература +∞ адпавядае раўнамернае размеркаванне часціц па ўсіх узроўнях энергіі, адмоўнай — т.зв. інверсная заселенасць узроўняў энергіі (на высокіх узроўнях больш часціц, чым на нізкіх). Таму лічаць, што з пунктам +∞ супадае пункт -∞, вышэй за якім знаходзіцца вобласць адмоўных т-р.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́ТАРСКАЕ КІНО́, кінааматарства,

від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана з пач. 1930-х г., у б. СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.

На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЦЫ́ДНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя рэчывы, здольныя звязваць і нейтралізаваць саляную к-ту, што знаходзіцца ў страўнікавым соку. Выкарыстоўваюцца пры гастрытах, язвавай хваробе з высокай кіслотнасцю. Антацыдныя сродкі могуць быць солі, вокіслы і гідравокіслы шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, якія ў залежнасці ад усмоктвання ў страўніку падзяляюцца на 2 групы. Рэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (натрыю гідракарбанат, калію і кальцыю карбанаты) знімаюць пякотку і боль, але пры ўзаемадзеянні з салянай к-той утвараюць вуглякіслы газ, што прыводзіць да расцягвання страўніка і адрыжкі. Нерэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (магнію вокіс і карбанат, алюмінію гідравокіс і фасфат) утвараюць з салянай к-той хларыды, якія нейтралізуюць павышаную кіслотнасць і садзейнічаюць утварэнню геляў у водным асяроддзі страўніка. Выкарыстоўваюцца камбінаваныя антацыдныя сродкі, што ўключаюць вяжучыя, спазмалітычныя, жаўцягонныя, слабіцельныя і анестэзоўныя сродкі (вікаір, вікалін, альмагель).

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГАРМО́НЫ (ад анты... + гармоны),

прыродныя ці штучна сінтэзаваныя рэчывы, здольныя замяшчаць і блакіраваць актыўнасць сапраўдных гармонаў у іх рэакцыях з рэцэптарамі жывых клетак. Структурна блізкія да адпаведных ім гармонаў і належаць да розных груп злучэнняў (пептыды, бялкі, стэроіды і інш.), але ў дачыненні да кожнага канкрэтнага гармону пераважае пэўны іх клас (напр., большасць антыгармонаў для антыандрагенаў з’яўляюцца стэроідамі, для бялковых гармонаў — бялкамі). Валодаюць высокай спецыфічнасцю: напр., антыэстрагены блакіруюць у матцы дзяленне толькі эстрагенаў і не змяняюць уплыў андрагенаў. Пры гэтым уласная гарманальная актыўнасць у антыгармонах адсутнічае або нязначная. Выкарыстоўваюцца ў эксперым. і клінічнай эндакрыналогіі для вывучэння функцый эндакрынных залоз у эмбрыягенезе, выключэння іх дзейнасці без хірург. выдалення адпаведнай залозы, блакіравання гарманальных эфектаў пры развіцці гарманальназалежных пухлін, паталагічных зменах палавых паводзін і інш.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬДО́ЗЕР (англ. bulldozer),

1) землярыйна-транспартная машына (трактар або цягач) з навясным абсталяваннем (адвалам), прызначаная для зразання, перасоўвання (да 200 м) і разраўноўвання грунту, іншых сыпкіх матэрыялаў. Бываюць: гусенічныя і пнеўмаколавыя; малагабарытныя, лёгкія, сярэднія, цяжкія і звышцяжкія; з паваротным (універсальным) і непаваротным адвалам; з гідраўлічным, канатна-блочным і эл.-мех. кіраваннем адвалам. Ёсць і камбінаваныя машыны — бульдозеры з рыхліцелямі. Выкарыстоўваюцца ў асноўным пры планіровачных і падрыхтоўчых работах, узвядзенні дарожных насыпаў і інш.; бульдозер на базе трактара «Беларусь» — пры добраўпарадкаванні тэрыторыі і доглядзе дарог.

2) Гарызантальны прэс (мех., часам гідраўлічны) для гнуцця ў штампах сартавога і паласавога пракату (у халодным ці гарачым стане). З дапамогай бульдозераў вырабляюць скобы, кранштэйны, гафрыраваныя палосы, кароткія профілі і інш.

Бульдозер на базе трактара «Беларусь».

т. 3, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІ́ЛАВА ЗАКО́Н,

вызначае залежнасць квантавага выхаду фоталюмінесцэнцыі ад даўжыні хвалі ўзбуджальнага святла. Адкрыты С.І.Вавілавым (1924), ляжыць у аснове тэорыі люмінесцэнцыі. Паводле Вавілава закона квантавы выхад фоталюмінесцэнцыі пастаянны ў шырокім інтэрвале даўжынь хваляў узбуджальнага святла і рэзка памяншаецца пры даўжынях хваляў, большых за тую, пры якой назіраецца максімум інтэнсіўнасці спектра люмінесцэнцыі.

Пастаянства квантавага выхаду абумоўлена квантавай прыродай святла, хуткім пераразмеркаваннем энергіі ва ўзбуджаным электронным стане па вагальных і інш. падузроўнях і перадачай энергіі навакольнаму асяроддзю. Вавілава закон выконваецца ў вадкіх і цвёрдых растворах; для складаных малекул у газавай фазе не мае месца, што тлумачыцца захаваннем лішку вагальнай энергіі, набытай у акце паглынання святла. Вавілава закон атрымаў тэарэт. тлумачэнне ў працах бел. вучоных Б.І.Сцяпанава і М.К.Барысевіча.

А.​М.​Рубінаў.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКЦЫНАПРАФІЛА́КТЫКА,

метад прафілактыкі інфекц. і паразітарных хвароб з дапамогай вакцын, якія выпрацоўваюць супрацьінфекц. імунітэт; мера папярэджання распаўсюджвання інфекц. хвароб.

Планавая абавязковая вакцынапрафілактыка прадугледжана супраць дыфтэрыі, слупняку, поліяміэліту, адру, коклюшу, туберкулёзу (у некат. краінах супраць краснухі і віруснага паратыту). Робяць яе ў вызначаныя тэрміны. Па эпідэміял. паказчыках праводзяць пры пагрозе ўзнікнення і пашырэння інфекц. захворвання на пэўнай тэрыторыі. Пры многіх хваробах (чума, халера, тулярэмія, бруцэлёз, лептаспірозы, сібірская язва, грып, гепатыт B, шаленства і інш.) робяцца вакцынапрафілактыкі планавыя і па эпідэміял. паказчыках. Імунітэт цягнецца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Каб яго падоўжыць, вакцыны ўводзяцца паўторна. Супрацьпаказанні: прыроджаныя і набытыя імунадэфіцыты, вострыя інфекц. і неінфекц. захворванні, абвастрэнні хранічных хвароб, злаякасныя пухліны, алергічныя і гематалагічныя хваробы, пашкоджанні печані, нырак, сардэчна-сасудзістай сістэмы.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 3, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СПА ў жывёл,

кантагіёзная вірусная хвароба. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус. Хваробу суправаджае ліхаманка і папулёзна-пустулёзныя высыпкі на скуры і слізістых абалонках. Хварэюць амаль усе віды млекакормячых і птушак. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і вірусаносьбіты (вірусы ў выдзяленнях з носа, сліне, воспавых скарынках). Інкубацыйны перыяд 4—12 сутак. Хвароба працякае ў абартыўнай (найбольш лёгкай), зліўнай і гемарагічнай (цяжкай) форме.

У авечак воспавыя пашкоджанні на скуры губ, носа, вакол вачэй, на канечнасцях, у кароў — на вымі і сасках, у свіней — па ўсім целе. У птушак бывае скурная (воспіны на грэбені, бародцы, завушніцах, аснове дзюбы) і дыфтэрычная (пашкоджанні ротавай і насавой поласцей) формы. Лятальнасць у авечак ад 2—3% пры дабраякасным да 100% пры злаякасным цячэнні хваробы, у парасят 40—80%, у птушкі 15—60%.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЗЛАВО́Е ПІСЬМО́, кіпу,

сістэма перадачы інфармацыі пры дапамозе вузлоў на шнурах рознай даўжыні і колеру, якія былі прымацаваны да інш. шнура ці палкі. Існавала ў шэрагу народаў Паўд. Амерыкі. Узнікла ў вобласці Цэнтр. Андаў і дасягнула росквіту ў эпоху інкаў (15—16 ст.). На думку некаторых вучоных, кіпу змяшчаюць складаныя гіст. і паэтычныя тэксты. Але большасць даследчыкаў лічыць, што яны не мелі іншага прызначэння, акрамя запісу самых простых даных уліковага характару. Падобны прынцып перадачы інфармацыі выкарыстоўваўся і пры стварэнні «пісьма» вампум (шнуры з нанізанымі ракавінкамі розных колераў), што было пашырана ў індзейцаў Паўн. Амерыкі. Вузлавое пісьмо існуе ў Паўд. Амерыцы і на яп. а-вах Рукю і ў наш час.

А.​А.​Кожынава.

Вузлавое пісьмо кіпу (уверсе) і вампум.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)