ЕЎРАПЕ́ЙСКАЕ КАСМІ́ЧНАЕ АГЕ́НЦТВА (European Space Agency; ЕКА),
міжнародная арганізацыя, якая аб’ядноўвае 13 дзяржаў Еўропы (Францыя, Германія, Італія, Бельгія, Вялікабрытанія і інш.). Створана ў 1975 з мэтаю развіцця даследаванняў касм. прасторы і выкарыстання на камерцыйнай аснове спадарожнікавых сродкаў для сувязі, тэлебачання, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, навігацыі. метэаралогіі і інш. Мае сетку станцый сачэння за палётамі касм. апаратаў з цэнтрам кіравання ў г. Дармштат (Германія). Краіны — члены Е.к.а. маюць свае касм. агенцтвы для вырашэння задач па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы ў нац. мэтах.
т. 6, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНІ́ВАЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ,
у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., за 3 км на ПдУ ад в. Занівачча. Паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровая парода шэрая, буравата-шэрая, месцамі слаба-гліністая, з праслоямі і лінзамі розназярністых пяскоў. Разведаныя запасы 6,2 млн. м³, перспектыўныя 28,9 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—18 м, ускрышы (супескі, пяскі, торф) 0,2—5 м. Пяскі і жвір прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.
А.П.Шчураў.
т. 6, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛВА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дружнянка (злучана ручаём з возерам), за 13 км на Пд ад г. Браслаў. Пл. 0,31 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 290 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 15,3 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, на Пд не выражаны, парослыя лесам і хмызняком, на Пн сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей — сапрапелі. Надводная расліннасць утварае паласу шыр. да 85 м. Злучана ручаём з воз. Шылава.
т. 7, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́Н VI Антонавіч
(23.8.1740, Пецярбург — 16.7.1764),
намінальны расійскі імператар [1740—41]. Праўнук Івана V, сын Ганны Леапольдаўны (пляменніца Ганны Іванаўны) і герцага Антона Ульрыха Браўншвейгскага. Наследнікам прастола прызначаны 16.10.1740. Пасля смерці Ганны Іванаўны рэгентам пры ім быў Э.Бірон, потым — маці. 25.11.1741 скінуты Лізаветай Пятроўнай, высланы разам з бацькамі, пасля пераведзены ў адзіночную турму, з 1756 — у Шлісельбургскую крэпасць. Забіты пры спробе В.Я.Міровіча вызваліць яго і абвясціць імператарам замест Кацярыны II. Было некалькі самазванцаў, якія выдавалі сябе за І. VI (апошні — у 1788).
т. 7, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКА́СА (італьян. incasso),
від банкаўскай аперацыі паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі (пакупнікамі) з акцэптнай формай разлікаў, калі аплата за фактычна адпушчаныя або адгружаныя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы (паслугі) робіцца пры згодзе пакупніка (заказчыка) па дакументах пастаўшчыка (падрадчыка). Пастаўшчык, які адгрузіў прадукцыю або аказаў паслугу, выпісвае на рахунак пакупніка (таваратранспартную накладную і г.д.), плацежнае патрабаванне і здае ў банк, які яго абслугоўвае, на І. Калі настае тэрмін аплаты, пазначаная ў плацежным патрабаванні сума спісваецца з разліковага рахунка пакупніка на рахунак пастаўшчыка.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́ГІН (Аляксей Савельевіч) (н. 15.10.1921, в. Чыстыя Лужы Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне хірургіі, фізіялогіі спорту і спарт. медыцыны. Д-р мед. н. (1970), праф. (1973). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1952). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це. З 1971 у Гомельскім ун-це (да 1985 заг. кафедры). Навук. працы па лячэнні спайкавай хваробы брушыны, рэабілітацыі спартсменаў, фізіял. заканамернасцях адаптацыі арганізма да розных умоў жыццядзейнасці.
Тв.:
Еюнопликации. Мн., 1976;
За здоровьем и долголетием. Мн., 1983.
т. 7, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБКО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ФАСФАРЫ́ТАЎ.
У Крычаўскім і Мсціслаўскім р-нах Магілёўскай вобл., за 15 км на Пн ад г. Крычаў, на З ад в. Лабковічы. Пластавы паклад звязаны з кварцава-глаўканітавымі пяскамі сенаманскага яруса (верхні мел). Фасфарыты прадстаўлены цёмна-шэрымі жаўлакамі, пясчана-жаўлачнымі пластамі і суцэльнай плітой. Папярэдне разведаныя запасы 18,6 млн. т, перспектыўныя — 227 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы да 3 м, ускрышы (пяскі, супескі, мергель, мел) 20—79 м. Фасфарыты прыдатныя на вытв-сць мінер. угнаенняў.
А.П.Шчураў.
т. 9, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКНО́,
возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Бярвенка, за 27 км на У ад Гродна. Пл. 0,45 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 340 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Схілы катлавіны выш. 5—8 м (на Пд да 2 м), параслі лесам, на З месцамі разараныя. Берагі на Пд нізкія, забалочаныя. Востраў пл. 0,3 га. Дно амаль поўнасцю выслана сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Злучана ручаём з воз. Можнева (на ПнУ), на Пд выцякае ручай Лакніца ў р. Бярвенка.
т. 9, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВІ́НСКІ ((Levinsky) Іозеф) (20.9.1835, Вена —27.2.1907),
аўстрыйскі акцёр. З 1855 працаваў у правінцыяльных т-рах, з 1858 — у «Бургтэатры» ў Вене. Сярод роляў: Франц, Вурм («Разбойнікі», «Каварства і каханне» Ф.Шылера), Яга, Рычард III, Палоній, Шэйлак («Атэла», «Рычард III», «Гамлет», «Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Мефістофель («Фауст» І.В.Гётэ), епіскап Нікалас («Барацьба за прастол» Г.Ібсена) і інш. У ролях цынічных ліхадзеяў, крывадушнікаў і разбойнікаў імкнуўся паказаць вытокі зла. Вял. значэнне надаваў знешняй і ўнутр. выразнасці, моўнай характарыстыцы вобраза, дакладнасці індывід. партрэтаў.
т. 9, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙФ Э́ЙРЫКСАН (Leif Eriksson; Leiv Eiriksson; каля 975 — каля 1020),
нарвежскі і ісландскі мараплавец эпохі вікінгаў. Сын Эйрыка Раўдзі. Каля 1000 у час падарожжа ў Грэнландыю збіўся з курсу з-за шторму і трапіў да ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі (верагодна, тэр. п-ва Новая Шатландыя або п-ва Лабрадор), якое ён назваў Вінланд, дайшоў пад ветразем да раёна сучаснага г. Бостан (ЗША). Яго адкрыццё Амерыкі да Х.Калумба не мела гіст. вынікаў.
Літ.:
Ингстад Х. По следам Лейва Счастливого: Пер. с норв. М., 1969.
т. 9, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)