ДРЭСІРО́ЎКА (ад франц. dresser выпраўляць, навучаць),

уздзеянне рознымі метадамі на жывёл для выпрацоўкі і замацавання ў іх пэўных умоўных рэфлексаў і навыкаў. Д. скарыстоўваюць пры падрыхтоўцы праграм у цырку, у службовай сабакагадоўлі. «Дзікая», ці болевая Д., калі жывёла выконвае практыкаванні пад страхам пакарання, панавала ў цырку да канца 19 ст. «Мяккая», гуманная Д. будуецца на прыёмах ласкавага абыходжання і заахвочвання ежай; яе заснавальнік — ням. дрэсіроўшчык К.​Гагенбек, у Расіі — У.​Л.​Дураў. Комплексная Д. спалучае абодва прынцыпы, распаўсюджана ў сучасным цырку.

Д. ў цырку як жанр мастацтва вядома са старажытнасці (Кітай, Індыя, Егіпет, Стараж. Грэцыя і Рым, Візантыя). Дрэсіраваных сабак, мядзведзяў і інш. жывёл паказвалі ў сярэднія вякі ў Еўропе. У 13—14 ст. асабліва была развіта Д. коней. На Беларусі з 1-й трэці 16 ст. ўпамінаюцца скамарохі, якія выступалі з дрэсіраванымі звярамі. У 1770-я г. вядомы павадыр мядзведзя Т.​Марачэўскі. Існавалі школы Д. мядзведзяў у наваколлях Гродна, Нясвіжа, Мінска і інш., найб. вядомая з іх т. зв. «Смаргонская акадэмія». Зберагліся выявы бел. дрэсіроўшчыкаў на вырабах 18 ст. Урэцкай і Налібоцкай гут, на франц. афішах, польск. і ням. гравюрах. У Мінскім і Гомельскім цырках паказваюць атракцыёны з удзелам дрэсіраваных жывёл.

т. 6, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЗЕНТЭРЫ́Я (ад дыз... + грэч. enteron кішка),

крываўка, эпідэмічная хвароба з групы кішачных. Узбуджальнік Д. ў чалавека — дызентэрыйныя бактэрыі (самы пашыраны від Флекснера і Зоне). Крыніца інфекцыі — хворыя на Д. і бактэрыяносьбіты. Пашырэнню Д. спрыяюць мухі, парушэнне асабістай гігіены і сан. стану ўстаноў водазабеспячэння і харч. прадпрыемстваў. З харч. прадуктамі і вадой бактэрыі трапляюць у страўнікава-кішачны тракт і выклікаюць спецыфічнае запаленне язваў на слізістай абалонцы тоўстага кішэчніка.

Інкубацыйны перыяд 2—3, часцей 3—7 дзён. Вострая Д. пачынаецца з павышэння т-ры (37—38 °C), агульнай млявасці, дрэннага апетыту, схваткападобнага болю ў ніжняй ч. жывата, вадкага (з крывёю і сліззю) і частага (5—10 разоў у суткі) надворку. У апошні час амаль у 80% хворых Д. бывае са слабымі клінічнымі прыкметамі. Цяжкая форма вострай Д.: высокая ліхаманка, ці гіпатэрмія, часты (30—40 разоў у суткі) надворак і інш. — трапляецца рэдка. Хранічная Д. перыядычна абвастраецца. Лячэнне: шпіталізацыя, лячэбнае харчаванне, антыбіётыкі, аральная дэгідратацыя салявымі растворамі.

Сярод с.-т. жывёл на Д. хварэюць ягняты і парасяты. Заражэнне адбываецца праз корм, пітную ваду і подсціл, забруджаныя выдзяленнямі хворых жывёл і бактэрыяносьбітаў.

П.​Л.​Новікаў.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЕРСІ́ЙНЫЯ СУАДНО́СІНЫ,

суадносіны паміж велічынямі, што характарызуюць рэакцыю (водгук) фіз. сістэмы на знешняе ўздзеянне. Д.с. не залежаць ад канкрэтнага механізму ўзаемадзеяння сістэмы са знешнім уздзеяннем і з’яўляюцца вынікам прычыннасці прынцыпу.

У оптыцы Д.с. звязваюць рэчаісную і ўяўную часткі дыэлектрычнай (магнітнай) пранікальнасці асяроддзя, у квантавай тэорыі поля — рэчаісныя і ўяўныя часткі амплітуд працэсаў узаемадзеяння паміж элементарнымі часціцамі. Д.с. ўпершыню атрыманы ў тэорыі дысперсіі святла (гл. Дысперсія хваль) галанд. фізікам Р.​Кронігам (1926) і англ. фізікам Х.​Крамерсам (1927; суадносіны Крамерса—Кроніга). Першыя доказы Д.с. для пі-мезон-нуклоннага рассеяння дадзены М.М.Багалюбавым (1956). На аснове Д.с. вырашаны многія прынцыповыя пытанні оптыкі, электрадынамікі, фізікі эл. і магн. з’яў, ядз. фізікі і фізікі элементарных часціц.

У Беларусі даследаванні па выкарыстанні Д.с. у фізіцы элементарных часціц праводзяцца з 1964 у Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ і Гомельскім ун-це.

Літ.:

Туров Е.А. Материальные уравнения электродинамики. М., 1983;

Нуссенцвейг Х.М. Причинность и дисперсионные соотношения: Пер. с англ. М., 1976;

Максименко Н.В., Мороз Л.Г. Феноменологическое описание поляризуемостей элементарных частиц в полевой теории // XI Междунар. школа молодых ученых по физике высоких энергий и релятивистской ядерной физике. Дубна, 1979.

Л.​Р.​Мороз.

т. 6, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПЛЕ́Й (ад англ. display паказваць, узнаўляць),

прылада для візуальнага адлюстравання алфавітна-лічбавай і графічнай інфармацыі ў дыялогавым рэжыме работы чалавека з ЭВМ. Адрозніваюць алфавітна-лічбавыя, вектарныя і растравыя Д.; чорна-белага і каляровага адлюстравання; малога, сярэдняга і высокага раздзялення. Д. уваходзіць у склад персанальнай ЭВМ або далучаецца да ЭВМ з дапамогай ліній сувязі.

Д. мае экран (электронна-прамянёвыя трубкі, вадкакрышталічны або інш), генератар сімвалаў і ліній, пульт кіравання з клавіятурай, запамінальнае прыстасаванне і блокі сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі, таксама можа мець сродкі адваротнай сувязі («мыш», светлавы аловак і інш.) для аператыўнай карэкцыі інфармацыі на экране. Алфавітна-лічбавы Д. адлюстроўвае інфармацыю з дапамогай зададзенага набору сімвалаў (на экране да 24 радкоў тэксту па 80 сімвалаў у радку). Вектарны Д. — спецыялізаваны Д. для адлюстравання графічнай інфармацыі ў выглядзе адрэзкаў ліній (вектараў). Найб. дасканалы растравы Д., адлюстроўвае інфармацыю ў выглядзе мазаікі святлівых пунктаў (элементаў відарысу), інфармацыя пра кожны элемент захоўваецца ў апорнай памяці Д., ад аб’ёму якой залежыць яго раздзяляльная здольнасць. Выкарыстоўваецца як выхадная прылада (тэрмінал) выліч. сістэм і сетак, а таксама ў аўтаматызаваных сістэмах праектавання, кіравання, інфармацыйна-пошукавых сістэмах, сістэмах перадачы даных і інш.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬФІ́НЫ,

млекакормячыя 2 сям.: рачных, або прэснаводных, Д. (Platanistidae) і дэльфінавых (Delphinidae) атр. кітападобных. 24 роды, 53 віды. Рачныя Д. пашыраны ў трапічных рэках Паўд. Амерыкі, уздоўж Атл. ўзбярэжжа ад Бразіліі да Цэнтр. Аргенціны, рэках Індыі і Кітая, дэльфінавыя — амаль ва ўсіх морах. Найб. вядомыя Д. з родаў афаліны, касаткі, белабочкі, марскія свінні і інш. У Чырв. кнізе МСАП 3 віды Д.: азёрны (Lipotes vexillifer), індскі (Platanista minor-P. indi), каліфарнійская марская свіння (Phocoena sinus).

Даўж. цела 1—10 м, маса да 8 т. У большасці ёсць спінны плаўнік, морда выцягнута ў «дзюбу», зубы шматлікія (больш за 70). Хваставы плаўнік гарызантальны, двухлопасцевы. Скура голая, рознага колеру. Д. добра арыентуюцца ў вадзе з дапамогай эхалакацыі і слыху (успрымаюць ваганні ад некалькіх дзесяткаў Гц да 200 кГц). Маюць складаную галасавую сігналізацыю і гукасігнальны (эхалакацыйны) орган, добра развіта ц. н. с.: галаўны мозг вялікі, шарападобны, вял. паўшар’і са шматлікімі звілінамі. Палавая спеласць у 3—5 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. Здольныя да гукапераймання. Аб’екты спец. даследаванняў. Лёгка дрэсіруюцца, утрымліваюцца ў акіянарыумах (дэльфінарыях), дзе могуць размнажацца. Некат. віды прамысловыя.

Дэльфіны: 1 — белабочка; 2 — белабокі; 3 — маршчыністазубы; 4 — ціхаакіянскі кароткагаловы; 5 — белакрылая марская свіння; 6 — грында.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

тайная рэв. арг-цыя, якая дзейнічала ў 1836—38 у Віленскай мед. акадэміі. Заснавальнік і арганізатар Ф.А.Савіч. Складалася са студэнтаў і дробнай шляхты. Уваходзілі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: беларусы, украінцы, палякі і інш. Мела статут «Прынцыпы дэмакратызму». У 1837 устанавіла сувязі з Ш.Канарскім, які ўзначальваў тайную арг-цыю «Садружнасць польскага народа», што дзейнічала на тэр. Беларусі, Літвы і Украіны. Д.т. пад назвай «Маладая Польшча» ўвайшло ў склад «Садружнасці» як яе радыкальнае крыло. Члены т-ва імкнуліся наладзіць сувязі з сялянамі, прапагандавалі сярод іх ідэі свабоды і роўнасці, выступалі за асвету народа, за права кожнага народа на нац. самастойнасць, адстойвалі ідэю рэв. саюзу братніх народаў у барацьбе супраць самадзяржаўя, лічылі сябе прадаўжальнікамі справы дзекабрыстаў. Найлепшай формай дзярж. кіравання абвяшчалі рэспубліку. Ідэалогія Д.т. адлюстроўвала працэс пераходу ад шляхецкай рэвалюцыйнасці да рэв. дэмакратызму. У чэрв. 1838 частка членаў Д.т. арыштавана. Савіч і яго памочнікі Я.​Загорскі і К.​Рабчынскі прыгавораны да ссылкі на Каўказ, астатнія аддадзены ў салдаты.

Літ.:

Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е г. XIX в. Мн., 1971;

Смирнов А.Ф. Революционные связи народов России и Польши, 30—60 гг. XIX в. М., 1962.

Н.​Н.​Махнач.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НЗА (ад ням. Hanse саюз, таварыства),

гандлёва-палітычны саюз купецтва многіх паўн.-еўрап. гарадоў у сярэдзіне 13—17 ст. Узнікла як антыпірацкі саюз купецтва 60 гарадоў Паўн. Германіі на чале з г. Любек (назва «Ганза» з 1358). Падзялялася на некалькі філіялаў: прускі на чале з Данцыгам (Гданьскам), рэйнскі — з Кёльнам і інш.; аб’ядноўвала каля 200 гарадоў. Найб. ролю адыгрывала вендская ганза на чале з Любекам, пазней Гамбургам, якая кантралявала гандаль у Паўн. Еўропе да пач. 16 ст. Ганза склікала сходы (ганзетагі) сваіх прадстаўнікоў, мела ўласны флот, абвяшчала вайну і мір, умешвалася ў справы балт. краін і вяла актыўную барацьбу за панаванне на Балт. і Паўн. морах. Мела калоніі, партовыя збудаванні, канторы, цэрквы ў многіх гарадах Еўропы (Амстэрдаме, Бруге, Лондане, Вісбю, Стакгольме, Бергене, Рызе, Ноўгарадзе і інш.), у т. л. на Беларусі (у Віцебску і Полацку). Паступова ганзейскае купецтва выцеснена са сваіх пазіцый англ., галандскімі і франц. купцамі. Апошні ганзетаг адбыўся ў Любеку ў 1669 з удзелам прадстаўнікоў толькі 6 гарадоў.

Літ.:

Рыбина Е.А. Иноземные дворы в Новгороде XII—XVII вв. М., 1986;

Никулина Т.С. Социально-политическая борьба в Ганзейском городе в XIV—XVI вв.: По материалам Любека. Куйбышев, 1988.

т. 5, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ШАК (Vicia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 150 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі 11 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя гарошкі: валасісты — V. hirsuta, вузкалісты — V. angustifolia, кашубскі — V. cassubica, мышыны — V. cracca, зараснікавы — V. dumetorum, гарохападобны — V. pisiformis, плотавы — V. sepium, лясны — V. sylvatica, танкалісты — V. tenuifolia, чатырохнасенны — V. tetrasperma і 4 інтрадукаваныя (гарошак буйнакветны — V. grandiflora, нарбонскі — V. narbonensis, панонскі — V. pannonica, пацеркападобны, або франц. сачавіца, — V. ervilla) віды. Дзікарослыя віды трапляюцца ў лясах, на лугах, у хмызняках, уздоўж дарог, на пустках, у населеных мясцінах і як пустазелле; інтрадукаваныя вырошчваюць ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі і на доследных дзялянках. Да культ. відаў гарошку адносіцца і віка. Да роду гарошку іншы раз адносяць боб.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны са слабым узыходным, ляжачым, зрэдку прамастойным галінастым сцяблом Лісце парнаперыстаскладанае, з прылісткамі, вусікамі ці шчацінкамі. Кветкі адзіночныя або па 2—3 у пазухах лісця ці ў гронкападобных суквеццях. Вяночак рознага колеру (найчасцей сіні, фіялетавы, блакітны, пурпурны, бэзавы). Плод — струк на ножцы, лінейны ці падоўжаны, шматнасенны. Каштоўныя кармавыя, зернефуражныя, лек. меданосныя і дэкар. расліны, некат. віды – пустазелле.

Гарошак плотавы.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУ́ЧЫЯ СЛА́НЦЫ,

карысны выкапень, асадкавыя карбанатна-гліністыя, крамяністыя або гліністыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці. Маюць 10—50% па масе арган. рэчыва (керагену), да 7—10% вадароду, 30—80% лятучых кампанентаў, бітумы. Гараць куродымным полымем са спецыфічным бітумінозным пахам. Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Асн. мінер. кампаненты гаручых сланцаў — кварц, кальцыт, гліністыя мінералы, таксама палявыя шпаты, пірыт і інш. Пры сухой перагонцы гаручыя сланцы атрымліваюць смалу (сланцавае масла) — крыніцу хім. прадуктаў, гаручыя газы і падсмольныя воды. Выхад смол 5—50%. Макс. цеплата згарання 14,6—16,7 МДж/кг. Выкарыстоўваюцца як паліва, для вытв-сці быт. газу, у хім. прам-сці (сінт. дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.). Агульныя патэнцыяльныя рэсурсы гаручых сланцаў у свеце ацэнены ў 450 трлн. т. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе ўтвараюць сланцавы басейн пл. каля 20 тыс. км² з прагнознымі рэсурсамі 8 млрд. т. Глыбіня залягання 50—600 м, магутнасць пласта 0,5—3 м. У межах басейна папярэдне разведана шахтавае поле Тураўскага радовішча. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай перапрацоўкі, у выніку якой можна атрымаць вадкае і газападобнае паліва.

У.​Я.​Бардон.

Гаручы сланец.

т. 5, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎСМАН (Міхаіл Антонавіч) (1817—89),

бел. гісторык, краязнавец, археолаг. Скончыў Мазырскую гімназію (1834). З 1841 працаваў у Мінскай дэпутацкай дваранскай зборні (у 1850—63 сакратар канцылярыі). Ў 1863 за ўдзел у рэв. арг-цыі высланы ў Вільню, потым у Валагодскую губ. У 1867 жыў у Варшаве, з 2-й пал. 1870-х г. — у Мінску. Калекцыяніраваў прадметы старажытнасці, археал. раскопак, побыту беларусаў, манеты, пячаткі, медалі. У адным са сваіх дамоў у Мінску арганізаваў хатні музей, дзе дэманстраваліся прадметы з праведзеных ім археал. экспедыцый у Навагрудку, Заслаўі, Уздзе, Мар’інай Горцы, Слуцку. Дапамагаў яму ў зборах бацька Я.​Лучыны — Люцыян Неслухоўскі. Арганізоўваў выстаўкі калекцыі. У «Минских губернских ведомостях» у 1877—78 апублікаваў шэраг гіст.-краязнаўчых нарысаў пра Заслаўе, Мар’іну Горку, Мір, Навагрудак, Слуцк, Узду і інш., у 1877 — «Гістарычны нарыс мястэчка Турава, былой сталіцы ўдзельнага Тураўскага княства». Галоўнай задачай Гаўсмана лічыў прыцягненне ўвагі навук. грамадскасці да вывучэння і захавання помнікаў старажытнасці. Аўтар рукапіснага нарыса «Гістарычны вопіс губернскага горада Мінска і губерні» (т.зв. рукапіс Гаўсманскі).

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Денисов В.Н. К истории одной неопубликованной книги // Книга в Белоруссии. Мн., 1988.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)